Дзве душы; Панская сучка; Вясна; Рускі; Вязьмо
Максім Гарэцкі, Міхась Зарэцкі
Выдавец: Юнацтва
Памер: 430с.
Мінск 1992
— Можа палавіну з тваіх калгаснікаў параскулачваць трэба, га? Ты, любачка, пра гэта, мусіць, не р,умаў? He было часу падумаць? Трэба было глядзець, як робіць Карызна з Пацяробам?..
I нястрыманы Пацяроб з кожным словам усё больш і больш удаваўся ў грубы адкрыта-дэмагагічны тон, аздоблены нязграбнымі, як сам ён, жартамі. А скончыў ён патэтычным заклікам да ячэйкі, каб яна не здавалася ні на якія шкадлівыя падходы выпадковых людзей (гэта азначала — Зеленюка) і захоўвала, як і дасюль, поўную згоду, дружнасць і аднадушнасць. Гэтыя словы, ёмка цэленыя ў мясцовы патрыятызм ячэйкі ды яшчэ насычаныя такім гарачым імкненнем да дружнай згоды, зрабілі належны ўплыў. Нават шмат хто з тых, каго абурала дзікая пацяробаўская дэмагогія, нібы забыліся ў гэтую хвіліну на яе і гатовы былі прыстаць на тое, каб сапраўды не ўзнімаць лішняга галасу. Ну, памьіліўся хлопец, даць вымову яму ці на від паставіць, ды і па тым.
Карызна чуў гэты настрой і ўжо загадзя трыумфаваў. Як скончьіў Пацяроб і, апетытна бразнуўшы аб бок наганам, сеў на сваё месца, Карызна (ён сам вёў гэты сход) рэзюмаваў:
— Такім чынам, таварышы, справа ідзе аб тое, ці станавіць нам сёння на парадак дня пытанне аб пераглядзе плана калектывізацыі, ці не. Я думаю, што патрабаванне Зеленюка, хоць яно і сапраўды, як ён кажа, не звязана з ягонаю справаю, але ўсё роўна не мае рацыі. Ды і часу на гэта пойдзе немаведама колькі, а сёння ўжо позна. На наступным сходзе будзе справаздача бюро, і тады сама па сабе ўсплыве напаверх і ўся гэтая справа. Адылі, каб не было непаразумення, я прагаласую...
Ен неўзаметку кінуў погляд на Зеленюка, каб пабачыць, якое ўражанне зрабіў на яго такі зварот справы, але выбраў на гэта не зусім удалы момант, бо адразу натыркнуўся на востра ўпятыя ў яго калючыя Зеленюковы вочы і мімаволі пачырванеў ад незразумелага замяшання.
Няўжо яму сорамна стала перад гэтым блазнюком? Няўжо ён прызнаўся перад ім у сваёй несправядлівасці?
Зелянюк усміхнуўся сваёй тонкай загадкавай усмешкай.
Невялічкая паўза, якую Карызна вымушаны быў зрабіць, сустрэўшыся раптам з Зеленюковым поглядам, перайначыла ўвесь ход падзей. Яго хвілінная, ледзь прыметная няўпэўненасць, як іскра кароткага замыкання, разрадзіла агульны памысны для яго
настрой, і, пакуль ён стараўся авалодаць сабой, каб пачаць галасаванне, яго перасцігнуў смелы, выразны голас камсамольца Віктара:
— Галасаванне тут не паможа... Прагаласаваць хіба, каб замазаць справу? Таварышы...
I ён, каб надаць больш вагі сваім словам, устаў з месца і нават ступіў два крокі налерад, як-ткі і належыць кожнаму сталаму прамоўцу.
— Ужо адно тое, што ўзнялася тут на сходзе спрэчка паміж таварышамі, і спрэчка досыць заўзятая, калі меркаваць па выступленню Пацяроба, гаворыць за тое, што ў ячэйцы не ўсё добра, што ў ёй ёсць нейкая нутраная хвароба, па меншай меры, нейкая недагаворанасць. Дык ці гэта рахуба, калі мы возьмем ды загонім яшчэ глыбей гэтую хваробу, не даўшы ёй рады? Што — позна? Часу мала? Смешна было б і казаць пра гэта. А калі мы і цэлую ноч праседзім, каб развязаць пільную справу? Ці такі час цяпер, каб на гэта зважаць? Я, таварышы, у працэсе камсамольскай работы штодня стыкаюся з усімі тымі справамі, аб якіх тут ідзе гамонка, і я павінен сказаць, што цалкам згодзен з усім тым, што казаў Зелянюк, і падтрымліваю ягоную прапазіцыю...
Віктар — дармо, што малады,— а ўмеў сказаць з вялікім сэнсам, і кароценькая, але трапная прамова яго зрабіла ўражанне. Дружным хорам падтрымалі яго вясковыя камсамольцы, наракаючы на тое, што затрымка з калектывізацыяй Сіўца звязвае ім рукі ў іхняй працы па вёсках. Камсамольцаў падтрымалі вясковыя партыйцы, і троху-патроху ўвесь сход прыстаў на тое, што трэба канечна зараз і як найглыбей разабраць сівецкія справы, што пакідаць іх у гэткім стане, як цяпер,— злачынства супроць партыі.
Карызна чуў, як усё нутро ў яго гарыць у пякучым агні шалёнае злосці. Ен быў упэўнены, што ўсё гэта ён, Зелянюк, падстроіў, што ўжо загадзя было ў іх умоўлена — нездарма ж усміхаўся ён сваёй нялюбай самаўпэўненай усмешкай.
Дык жа ты гэтак? Ты яшчэ трапечашся? Ты яшчэ біцца лезеш? Думаеш, падгаварыў хлопцаў, навухрыў іх, дык ужо і твая сіла? Чакай жа, мой даражэнькі, не так яно будзе, як ты думаеш!..
Зларадасная ўпэўненасць у немінучым правале Зеленюка дае Карызну сілу стрымаць да пары сваё абурэнне, і толькі едкая ўсмешка, мімаволі расцяг-
ваючы вусны, троху здраджае яго. Ен зварочваецца да Зеленюка з адменнай далікатнасцю:
— Калі ласка! Слова даецца т. Зеленюку...
Але Зелянюк ад слова адмаўляецца, і ён гаворыць, што ўсе матэрыялы, датычныя сівалапаўскага калгаса, мае пры сабе Якуб Лакота, дык яму і лацвей гаварыць пра гэта.
— Слова мае т. Лакота.
I Карызна моўчкі сціскае зубы. Гэты Зелянюк хітрэйшы, чымся ён думаў. Ведае, што Якуба Лакоту ўсе шануюць, што ён мае ў ячэйцы бясспрэчны аўтарытэт, дык наўмысля выставіў яго на гэтую справу. Добра, пабачым, што будзе далей...
Якуб Лакота выйшаў да стала, бо трэба было дзе раскласці паперы, асцярожна — відаць, што балела,— адкашляўся і ціха ўсміхнуўся сваёй мілай, па-дзяцінаму нясмелай, нібы беспараднай усмешкай. На худых запалых шчоках у яго зацвіла ліхаманкавая чырвань, а вочы заблішчалі ясным чыстым агнём.
— Я перш-наперш павінен выказаць шчырае здзіўленне з таго, што ў нашай сівалапаўскай справе чамусьці вінавацяць аднаго Зеленюка, а пра мяне, напрыклад, не сказалі ніводнага слова. А я можа нават раней за яго згадзіўся на арганізацыю асобнага калгаса і таксама без ведама ячэйкі. Віна мая роўная з Зеленюковай, і я, як і ён, цалкам прызнаю яе і патрабую сабе гэткага самага, як і яму, пакарання... А цяпер пра самы наш калгас... Я раскажу пра тое, што ў нас ёсць, з чым мы ўзяліся за яго арганізацыю.
I ён спакойна, дзелавіта пералічыў, колькі ўжо запісалася на папярэднім запісе, колькі яшчэ напэўна запішацца, дакладна азначыў сацыяльны стан будучых калгаснікаў, прычым настойліва запытаў у Пацяроба, каго ён мае на ўвазе з іх раскулачыць, і ўвёў таго ў досыць прыкрае замяшанне. Апісаў яскравымі фарбамі, які быў настрой у сівапалаўцаў, калі паўстала пытанне пра асобны калгас, і як нядобра адбілася на гэтым настроі раптоўная затрымка. I ў заключэнні даў простыя, ясныя довады таго, што ўтварэнне сівалапаўскага калгаса зрушыць з месца ўсю справу калектывізацыі не толькі ў Сіўцы, а і ўва ўсім сельсавеце.
Карызна сачыў за сходам і бачыў, як Якубавы спакойныя разважныя словы клаліся на застылыя ў глыбокай увазе твары партыйцаў пробліскам новага яснага пераканання. Ен чуў, што вельмі цяжка, бадай немал -
чыма будзе разбіць гэтае перакананне, што яно паўстае супроць яго нязрушнай і непрабітнай сцяной, гатовае затуліць ненавіснага Зеленюка ад усіх яго ўдараў.
I ў Карызны да злосці і нянавісці памалу далучалася няясная трывога, а следам за ёй ледзяным цурочкам тачыўся ўжо ў сэрца яго неразлучны спадарожнік апошніх дзён — грозны няўхільны страх. Ен разумеў, што Зеленюкова перамога — гэта моцны ўдар па ім, па ягоным аўтарытэце, што яна немінуча выкрые яго драбязговыя асабістыя інтарэсы ў гэтай справе або, што ані не лепей, пакажа поўнае яго неразуменне справы, яго тупое заперачэнне відочна правільнаму карыснаму мерапрыемству.
Адылі ён яшчэ не думаў здавацца. Галава яго ліхаманкава працавала над адшуканнем якога-небудзь новага спосабу, якога-небудзь новага ўдару з таго боку, адкуль яго ніяк не чакаюць. Ен ведаў ужо, што звычайнымі спрэчкамі, звычайнымі довадамі не ймеш, што ратаваць яго можа толькі спрытны, шпаркі ход, які б, зваліўшыся знячэўку на галовы яго супраціўнікаў, перавярнуў адразу ўсю справу дагары нагамі. I тут у яго з'явілася смелая, адчайная думка, якая зараз жа абярнулася ў цвёрды замер.
Ледзь дачакаўшыся, пакуль скончыць сваю прамову Лакота, Сымон Карызна ўстаў і заявіў дрыжачым ад узрушэння голасам, які адразу даў усім зразумець, што мова ідзе пра нешта надзвычай важнае, экстраардынарнае, чаго, можа, ніколі не чула яшчэ сівецкая партыйная ячэйка. Усе замерлі ў чаканні.
— Таварышы! Перш чым весці далейшае абмеркаванне гэтае справы, я, як сакратар ячэйкі, павінен зрабіць адну вельмі важную заяву. Сённяшні сход, а таксама і шмат іншых выпадкаў, з якімі мне давялося стыкнуцца за апошні час, пераканаў мяне, што ў нашай ячэйцы ёсць сакрэтная групоўка, якая злачыннымі метадамі фракцыйнай работы праводзіць сваю асобную лінію. На сённяшнім сходзе мы мелі арганізаванае выступленне гэтае групоўкі, накіраванае на тое, каб скампраметаваць бюро ячэйкі і яго лінію ў рабоце, а значыць, і лінію ўсяе ячэйкі, а таксама сарваць план калектывізацыі сельсавета, які ўхвалены ячэйкаю і ўзмоцненымі тэмпамі праводзіцца ў жыццё. На чале гэтае групоўкі стаіць Зелянюк. He трэба асаблівае пільнасці, каб заўважыць, што ўся сённяшняя атака вядзецца па загадзя абмеркаванаму
плану, выпрацаванаму на спецыяльным фракцыйным сходзе, на якім таксама размеркаваны паасобныя ролі. Як сакратар ячэйкі, я катэгарычна вымагаю Taro, каб зараз жа спыніць далейшы разгляд справы і даручыць бюро або спецыяльнай камісіі ў найпільнейшым парадку даследаваць пытанне аб фракцыйнай работе Зеленюка і іншых, каб ужыць адпаведныя арганізацыйныя захады.
Сенсацыяная заява Сымона Карызны зрабіла ўражанне раптоўнага аглушлівага выбуху. 3 хвіліну ўсе разгублена маўчалі, ашаломленыя неспадзеўкаю, ніхто не важыўся першы парушыць гэтае прыкрае цяжкое маўчанне. I калі раптам яго прарэзаў працяглы адумыслова-выразлівы свіст, амаль усе здрыгануліся і спалохана азірнуліся, шукаючы крыніцы дзікага, цалкам нестасоўнага да моманту гуку.
Гэта свіснуў, вядомая рэч, Пацяроб. I зараз жа, следам за свістам, грымнуў яго бесцырымонны голас, разарваўшы ў мэтлухі ўсю тую змрочную трывожную цішыню:
— Дык вось яно што? А-га-га-га!.. Галубочкі мае, родненькія... Дык вы ўжо фракцыі рабіць панаўчыліся? Як той, не тут кажучы, Троцкі? Я гляджу, што ўсё гэта ў іх як па нотах. Аж бачыш ты іх! Груповачкі, фракцыйкі... Ого-го-го!... Здорава, любачкі! Малайцы, красачкі! Даражэнькія мае!..
Ен быў страшэнна рад, гэты дзівак Пацяроб, і не мог схаваць свае нядобрае злоснае радасці. Ягоная радасць зрабіла на сход дрэннае ўражанне, і нават нехта нялішне далікатна суняў яго раз’юшаны лямант.