Дзве душы; Панская сучка; Вясна; Рускі; Вязьмо
Максім Гарэцкі, Міхась Зарэцкі
Выдавец: Юнацтва
Памер: 430с.
Мінск 1992
Выглядае бокам, адной палавінай, як месяц з-за хмар, усмешлівы твар Тацяны — таксама далёка, унікліва, і толькі ўдаецца згледзець Марыне Паўлаўне, што ўсмешка ў яе халодная і безуважная, нібы застылая на марозе.
Нават дачка — родная дарагая дачушка! — і яна мігціць толькі здалёку — маленькая зусім, як гадоў дзесяць таму, недалужная і так непрыемна падобная да іншых дзяцей, нібы падмененая. Беднае, пакрыўджанае дзіця!..
Выблісквае раптам у нечаканай яснасці прыгожы твар з чыстымі, поўньімі слёз вачмі. Марына Паўлаўна напружана, жорстка ўзіраецца ў яго і з злосным здавальненнем бачыць, што слёз няма ўжо, яны сцяклі з вачэй бруднымі ручаямі, і забруджаны імі твар хваравіта крывіцца, робіцца непрыгожы, агідны.
О, як ненавідзіць яна гэтую мілую шчырую дзяўчыну, якую цяпер, вось у гэту хвіліну, мабыць, цалуе Карызна, захоплены яе светлым хараством і анёльскай бязвіннасцю!
Скаланутая бурным прылівам нянавісці, Марына Паўлаўна варочаецца да прытомнасці і, усвядоміўшы праўдзівы агідны сэнс свайго новага пачуцця, з усіх сіл стараецца здушыць яго ў сабе.
— Гэта — зайздрасць. Паскудная, дзікая зайздрасць. Яна ж добрая, яна не вінавата...
Але гэтыя ўгаворы падліваюць масла ў агонь — нянавісць разгараецца, ахапляе ўсю істоту, затуляе вочы чорным сляпучым дымам, у якім пачварна крывіцца, скача ненавісны твар, даючы хваравітую асалоду сваімі агіднымі мардаваннямі.
— Гэта — зайздрасць. Сорамна... Дзіка... Паганае, брыдкае пачуццё...
Нянавісць расце, шырэе, запаўняе ўсё нутро, выліваецца праз берагі і залівае пакой, усё, усё чыста, увесь свет. Побач з расшкуматаным вобразам Веры курчыцца ў недалужных грымасах твар Сымона Карызны — яна ненавідзіць яго не менш, як яе,— здрадніка, ашуканца, згубніка, яна іх абаіх рада б звесці са свету.
Марына Паўлаўна, апанаваная непераможным пачуццём, зрываецца з канапы і пачынае гарачкава кідацца па пакоі, не знаходзячы сабе месца. У яе з’яўляецца цёмная, невыразная, але страшэнна настойная думка пра помсту. Гэтая думка краем чапляецца за другую — за думку пра самагубства, пра традыцыйную помсту пакінутай жанчыны.
— Атруціць ім жыццё... Запляміць давеку іхняе звярынае сумленне.
I яна ўжо азіраецца па хаце, шукаючы якога спо-
сабу, каб зараз жа спраўдзіць свой вар’яцкі замер, кідаецца да стала, дзе часам ляжыць Карызнаў рэвальвер, і, натрапіўшы на фатаграфію дачкі, валіцца перад ёй на калені і агалашае пакой голасным прарэзлівым плачам.
Гэта быў у Марыны Паўлаўны першы выбух сапраўднае жаночае зайздрасці, які даў ёй больш душэўнай мукі, чымся ўсе яе доўгія ціхія цярпенні.
Гэта быў і апошні выбух.
I зноў — цягучая слабасць, шчымлівая журба, непазбыўная крыўда пакінутае ў жорсткай самоце істоты.
Хоць бы адзін чалавек! Хоць бы сказаць каму некалькі слоў, усяго некалькі слоў! Так жа хочацца выліць каму-небудзь свой нязлосны боль, паказаць яго каму-небудзь!
Яна сядае за стол, нервова хапае кавалак паперы, асадку і паспешна, хапаючыся піша ліст:
«Дарагая мая дачушка!
Я маўчала дасюль, не казала табе ні слова, бо не хацела цябе турбаваць, баялася, каб не зрабіць табе непрыемнасці. Але далей не магу цярпець, няма маіх сіл. Дачушка мая, дзіцятачка маё роднае! Нікога няма ў мяне, апроч цябе, нікогачка, ніводнага чалавека. Няма з кім падзяліцца горам сваім, сваім няшчасцем. Дык ведай, родная, што няма ў нас бацькі, здрадзіў ён нам, кінуў нас, знайшоў сабе другую сям’ю. Я ўжо пайду ад яго, бо нязмога мая больш так цягнуць. Я ўсё думала, што, можа, пройдзе гэта, мінецца, усё спадзявалася на лепшае. Аж не, не тое гэта, што я думала. Бачьіла я яе самую і гаварыла з ёй — ведаю, што не на жарт у іх завязалася. Дык чаго ж я буду мучыць сябе і ім свет завязваць? Хай жывуць, хай пацяшаюцца. А я знайду сабе нейкае месца. Каб не ты, маё дзетухна, дьік бы дала сабе рады іначай, але не хачу кідаць цябе сіратою. Бацькі няма, дык няхай будзе хоць матка — хай сабе і дрэнная, але ўсё ж матка. Дачушка мая родная, сонейка маё яснае! He злуйся ты на мяне, не праклінай сваю няшчасную матку за тое, што яна гэтак робіць, бо, каб сама ты бачыла, зразумела б, што іначай няможна. Я вось сяджу цяпер адна сярод начы, а ён там, у яе, і немаведама, калі адтуль прыйдзе. I так кожны дзень, кожную ноч. Ужо цеперся як не скажа мне добрага слова,
не паглядзіць ласкава на мяне. Дык хай ужо будзе што будзе, а далей так жыць — толькі мучыць і яго і сябе. Пайду, паспрабую жыць адна. Дык даруй мне, дзіцятачка, і не злуйся на мяне...»
На гэтым месцы Марына Паўлаўна сунялася і доўга думала аб нечым, а тады глыбока ўздыхнула і, узяўшы зноў пяро, прыпісала:
«...I на яго, дачушка, не злуйся. Ці ж гэта ён робіць з добрае волі? Азяліўся на старасці, хапіла за сэрца. I на яе таксама не злуйся. Гэта — Вера Засуліч, наша настаўніца. Яна казала, што ведае цябе, што вы ўлетку хадзілі разам у лес, і дужа цябе хваліла. Дык бывай, мая родная, і яшчэ раз даруй сваёй няшчаснай матцы».
Скончыўшы ліст, Марына Паўлаўна ўздыхнула ўжо зусім заспакоена, і патрымаўшы ліст у руцэ, уважна разглядзеўшы яго з усіх бакоў, яна падышла да камоды, дастала адтуль чарапашкавую шкатулачку, у якой складзены былі розныя яе — патрэбныя і непатрэбныя — паперкі, і, акуратненька склаўшы напісаны ліст, паклала яго ў шкатулачку, бо добра ведала, што паслаць яго ў яе ўсё-такі не хопіць сілы.
Потым ціха, спакойна хадзіла па хаце і, як даўней, з лёгкай турботнасцю чакала Карызну, нібы не пайшоў ён да свае каханкі, а забавіўся недзе на працы. Перайшла ў спальню, пачала рыхтаваць пасцелю. Карызну слала пасцель доўга, старанна і панура, як нябожчыку.
У тую ноч Карызна зусім не прыйшоў быў дахаты, і гэта была апошняя кропка ў канчатковай пастанове Марыны Паўлаўны.
...Кінуўшы мужа, Марына Паўлаўна як мага старалася ўнікаць з ім сустрэчы — яна чамусьці баялася з ім сустракацца. Але варункі жыцця і працы прымушалі іх часам сыходзіцца ў адным месцы — тады яны сцеражліва пазіралі адзін на аднаго і абое, нібы з маўклівае змовы, стараліся трымацца на магчыма далыпай адлегласці. Марыну Паўлаўну троху пацяшала гэта і нават развейвала рэшту яе смутных думак. Яна навучылася глядзець на Карызну, як здаўна, ад дзявоцкіх дзён, не глядзела — збоку, чужымі вачмі, а часам, седзячы дзе на сходзе і цішком пазіраючы на яго, рабіла нават сабе смешнае дзівачнае
запытанне: ці падабаецца ён ёй як мужчына? Адылі на гэтае запытанне пэўнага адказу не знаходзілася.
У Марыны Паўлаўньі асталіся былі грошы, якія даў ён на розныя гаспадарчыя патрэбы. У той жа дзень, як перайшла да Тацяны, яна паслала іх яму. Ен грошы зараз жа прыслаў назад і пры іх лаканічную пісульку:
«Калі ласка, Марына, не крыўдзі мяне».
Прачытаўшы пісульку, Марына Паўлаўна ўсміхнулася прыблізна так, як усміхалася, калі яшчэ дзяўчынаю атрымлівала яго смешныя мілосныя запіскі. Грошы яна падзяліла на дзве роўныя часткі і адну пакінула сабе, а другую паслала дачцэ.
9
Бадай кожны дзень прыносіў Сымону Карызну ўсё новыя ды новыя прыкрасці. Вязьмо заціскалася. Разлука з Марынай Паўлаўнай дала зусім неспадзяваныя вынікі: уся сівецкая грамадскасць сурова асудзіла яго і, самае галоўнае, гэта сваё аднадушнае асуджэнне перанесла на ўсё яго жыццё, на ўсю яго працу, што глыбока адбілася на ягоным аўтарытэце сярод насельніцтва. Ен адчуваў гэта на кожным кроку — гэта відаць было і ў недаверліва-настарожанай маўклівасці сходаў пад час яго выступленняў, і ў нахабным бляску вачэй, і ў няўлоўных іранічна-зларадасных усмешках, якія ён адгадваў у сябе за спіной. Ен перш смяяўся з гэтага заядлага наступу мяшчанскай маралі, потым ён стаў яму дадзяваць і нарэшце даводзіць да шалёнае злосці.
Найгорш было тое, што гэты чыста асабісты, аднаго яго датычны факт адразу запісалі ў свой актыў варожыя элементьі мястэчка.
— Во, бачыце, як яны робяць?
I пад сцягам фальшывага езуіцкага спачування Марыне Паўлаўне яны спрытна мабілізоўвалі новых абаронцаў старых «чэсных» звычаяў, асабліва сярод жаночае часткі жыхарства.
Карызна ведаў гэта і яшчэ люцейшаю працінаўся злосцю. Гэтая злосць усё больш і больш брала агульны беспрадметны характар і адзначалася на ўсёй яго працы, накладаючы на яе пячатку хваравітай нервовасці.
I ў гэту пару прыйшоў нарэшце ліст ад бацькоў, якога чакаў Карызна з таемным, старанна хаваным нават ад самога сябе страхам. Толькі цяпер, атрымаўшы ліст, ён цалкам здаў сабе справу з таго, як цяжка давіў яго гэты немінучы, штохвіліны чаканы ліст, якую меў ён над ім нявідную бязлітасна-жорсткую ўладу.
У лісце пісалі бацькі, што іх раскулачылі, што адабралі ўсё чыста, не пакінуўшы нават з чаго жыць, і асцярожна, нясмела прасілі, каб прыслаў грошай.
Сымон Карызна, як і тады, падраў ліст на дробныя кавалачкі і, як тады, перажыў у самоце жудасныя хвіліны балючага мітушэння. Звярыны страх мяшаўся з шчымлівым жалем да бацькоў, з прагным жаданнем дапамагчы ім, вызваліць іх з бяды. Ен цяпер яшчэ больш, як тады, адчуваў сваю поўную віну ў іхніх жыццёвых ператрусках, і гэтае адчуванне віны даводзіла яго да страшэнных згрызот, да душэўнага самакатавання.
Пытанне аб дапамозе бацькам агарнула яго трывожным неўразуменнем.
Ці мае права ён дапамагчы ім цяпер, калі яны, фактычна, дзякуючы яму апынуліся ў такім беспарадным стане? Мо гэта будзе зварот да старых грахоў, працяг ранейшае лініі? Мо гэта будзе новая сувязь з той класай, супроць якой змагаецца яго партыя, якую яна ліквідуе?
Пэўна, што так. Гэта будзе здрада, не іначай.
Але як жа яно выходзіць? Ен даваў ім грошы, ён даваў ім парады, ён штурхнуў іх на гэты паскудны шлях кулацкага абжывання, а цяпер, ратуючы сваю скуру, адвернецца ад іх, кіне іх, старых, нядужых, на волю невядомага лёсу? А ці ж гэта таксама не будзе подлая, агідная здрада?..
Як пагадзіць гэтую дзікую супярэчнасць? Няўжо яму няма ўжо выйсця? Няўжо яму астаецца адно — ісці далей па лініі бруднага ашуканства, падманваць партыю, хаваць ад яе свае новыя злачынствы, як хаваў дасюль старыя грахі?
Ці, можа, лепей ашукаць бацькоў? Можна, напрыклад, ім напісаць, што яго пасылаюць на працу кудынебудзь у іншы раён Савецкага Саюза, што ён не ведае яшчэ свайго новага адраса і г. д. Абы пазбавіцца ад страшных гэтых лістоў, якія, безумоўна, будуць і