Дзве душы; Панская сучка; Вясна; Рускі; Вязьмо
Максім Гарэцкі, Міхась Зарэцкі
Выдавец: Юнацтва
Памер: 430с.
Мінск 1992
— Пойдзем, Віця... Ну, пойдзем...
Віктар азірнуўся на бакі і рашуча сігануў у фортку, балазе, сёння няма ніякага пасяджэння, і ён блізка што зусім вольны.
Аўгінька, увайшоўшы ў хату, адразу села на лаўку і насупілася. Віктар памкнуўся абняць яе — дык яяа нездаволена адпіхнула яго і адвярнулася. Гэта было ўжо троху не так, як там, на дварэ, і Віктар здэтанаваўся. Ен падумаў быў, што яна жартуе, і сілком павярнуў яе да сябе, аж на вялікае сваё дзіва ўбачыў, што ў вачах у яе бліскаюць слёзы.
— Аўгінька! Ты на мяне злуешся, ці што?
Замест адказу Аўгінька, ледзь стрымліваючы слёзы, жорстка і суха загаварыла:
— Да цябе справы маю... Прынясі мне кніжак пачытаць... вось што... Я таксама пісьменная і не дурная якая...
Тут Віктар ужо проста асалапеў.
— Якіх табе кніжак, Аўгінька?
— Усіх... Пра ўсе гэтыя вашыя справы...
— Пра камсамол?
— I пра камсамол... А што ж...
Тут голас у Аўгінькі задрыжаў, і яна яшчэ больш адвярнулася, хаваючы слёзы. Віктар праз нейкі час ламаў галаву, шукаючы тлумачэння такому дзіўнаму яе паводжанню, але марна. Тады ён асцярожна крануў яе за плячо і папрасіў ціхім, поўным жалю і пяшчотнасці голасам:
— Аўгінька... Ты скажы проста, аб чым тут справа. За што ты крыўдзішся на мяне?..
Аўгінька крута абярнулася да яго і, ужо не хаваючы слёз, гаварыла ў злосным узрушэнні, якое штохвіліны гатова было сарвацца на горкую роспач:
— Я, можа, хачу так, як яны... Што я — не чалавек, ці што? Яны і ў нардом, і на сходы, і ўсюды, усюды... Дзіва, што яны разумныя... А з намі, як з дурніцамі якімі... 3 намі і пагаварыць няможна, нам толькі маніць ды ашукваць нас... А я не хочу так... Я не хочу!
Апошнія словы яе, поўныя капрызнага гневу, выбі-
ліся з плачу неспадзявана-цвёрдымі ноткамі, у якіх гучала зусім выразная пагроза ў адрас Віктара. Але зараз жа тон яе недалужна апаў, і яна заплакала ціха і пакорна — звычайнымі дзявочымі слязьмі, якія на неспрактыкаванага ды ячшэ такога шчырага хлопца, як Віктар, рабілі атрутнае ўражанне.
Збянтэжаны Віктар разумеў, што «яны» ў Аўгінькі — гэта Тацяна Шыбянкова і што «мы» страшэнна раззлаваліся за частыя сустрэчы і дружбу яго, Віктара, з прыгожай разумнай маладзіцаю. Але гэта толькі ўскладняла сітуацыю, і Віктар яшчэ больш не ведаў, што рабіць, чым суцешыць расплаканую Аўгіньку. He даўміўшыся ні да чога больш, ён раптам прапанаваў Аўгіньцы такім урачыстым тонам, нібы сапраўды гэта было немаведама якое шчасце:
— Я прынясу табе ўсе лісты ад Зеленюка, і мы разам перачытаем іх... Добра?
Аўгінька адным вокам, ды і то з-пад ілба зірнула на яго і, глыбока хліпнуўшы, перапытала:
— Што?
Тут Віктар ужо зусім спанталычыўся, бо і сам не ведаў, нашто ён уласна гэта прапанаваў.
— Бачыш, Аўгінька... Мы заўсёды іх з Тацянай чытаем... Яна мне — свае, а я ёй — свае...
Аўгінька слухала яго з строгім пахмурным чаканнем, нібыта не разумеючы, да чаго ён гэта вядзе.
— Там і пра цябе ёсць, Аўгінька... Я табе не казаў? Добра так напісана...
Аўгінька троху ўціхамірана прашаптала:
— Маніш...
— Да душы, не маню... Каб ты ведала, як ён прыгожа ўмее пісаць — ніякая табе кніжка таго не дакажа. Вось пабачыш...
Аўгінька схапіла яго за руку і рвучкім капрызным рухам пацягнула бліжэй да сябе, што было знакам поўнага, канчатковага прымірэння. Яшчэ напаследак хліпнуўшы раз, яна загаварыла аднатонна ласкавым і ўжо зусім спакойным голасам:
— Я папраўдзе, Віця, кажу... Што я — адно сяджу ў хаце ды смакчу гэту няшчасную кудзелю... Hi чалавека жывога не ўбачыш, не пагамоніш ні з кім... I ты не прыходзіш ніколі... А каб я хадзіла ўсюды ды аціралася так сярод людзей, дык мо яшчэ разумнейшая была б за яе за каторую... Во што...
Віктар нарэшце пачуў пад нагамі цвёрды дол і, з
законнай смеласцю абнімаючы Аўгіньку, выгаварыў ёй дзелавіта і строга:
— А я ж табе даўно гэта казаў, Аўгінька. Колькі разоў я гукаў цябе — пойдзем, Аўгінька, у нардом, пойдзем, Аўгінька, на сход ці яшчэ там куды... А ты што, пайшла хоць калі? Пайшла?
— А што б татка сказаў?!!
— Ну вось бачыш? Тут ужо і татка... А якія мае адносіны татка да палітычна-асветнай працы? Ніякіх... Вось сёння таткі няма, а ў Сіўцы жаночая сходка... Ну, гайда са мной?..
Аўгінька балесна ўздыхнула.
— Хату неяк кінуць адну, а то б да душы пайшла... Ды і малых нешта няма — гэта ж ужо цёмна зусім...
Тут пунктуальны камсамолец Віктар мусіў успомніць, што ён забег сюды толькі «пакуль збяруцца», і хоць ніхто там сёння і не думаў збірацца, а тут надзвычай цёпла блішчалі яму пасля слёз любыя Аўгіньчыны вочы, але ні за якія вочы не мог аддаць камсамолец Віктар свайго прэстыжу сталага чалавека і грамадскага працаўніка. Таму, сціснуўшы зубы, мусіў ён пераказаць сваю мімавольную і абсалютна нясвоечасовую ману:
— Ну, Аўгінька, мяне чакаюць там... Я прынясу табе заўтра кніжак, і мы аб усім пагамонім...
Праводзячы яго, Аўгінька нібы выпадкова зусім успомніла:
— Заўтра па абедзе татка зноў паедзе да дзядзькі...
I дамысны Віктар узяў гэта, вядомая рэч, пад увагу.
Выйшаўшы з хаты, ён горда ўзняў галаву і пасігаў у Сівец размашыстым, бадзёрым крокам чалавека, якому ў жыцці адкрываюцца бязмежна шырокія і квяцістыя перспектывы.
4
Скончыўшы раскулачванне ўсіх прызначаных да гэтае мэты сівецкіх гаспадароў, Пацяроб з шляхетнай сціпласцю і лагоднасцю далажыў Сымону Карызну:
— Раскудлычыў, Сымонка... Цяпер будзем у калгас запісваць...
Паглядзеўшы на яго жаласна-скрыўленую фізіяномію, можна было падумаць, што ён не толькі не
пышыцца сваімі баявымі ўдачамі, а, наадварот, цяжарыцца імі і гатоў велікадушна перакласці на гонар каго другога. Але гэтая знадворная сціпласць была толькі асаблівым выяўленнем яго бязмежнай амбіцыі, бо ў глыбіні душы ён перажываў цяпер часіны найяснейшага, якога даўно не знаў ён, трьіумфу.
Ен коратка, але надзвычай ясна выклаў Карызну свой геніяльны план правядзення запісу ў калгас, і Карызна цалкам з ім згадзіўся.
План быў просты і радыкальны.
Назаўтра зранку Пацяроб разам з дзядком Цівунчыкам і яшчэ некалькімі добраахвотнікамі пачаў з хаты ў хату абходзіць мястэчка. Што ён рабіў, зайшоўшы ў каторую хату, якія ўжываў метады агітацыі і прапаганды, гэта аставалася на яго шчырым пацяробаўскім сумленні, але выходзіў ён адусюль з гордым выглядам пераможцы і нядбайна кідаў свайму сакратару кароткую мнагазначную фразу:
— Станоў, Цівунчык, чарговы нумар...
У сёмай хаце не было дома гаспадара. У восьмай таксама. I тое самае ў дзевятай.
Пацяроб зразумеў, што гэта значыць. Нават не міргнуўшы вокам, ён перайшоў на другі канец мястэчка і зачаў ад першай хаты. Усё пайшло ў належным парадку.
А прыблізна ў сёмай хаце не было дома гаспадара.
Пацяроб выйшаў на вуліцу і нейкі час стаяў, глыбакадумна раскірэчыўшы ногі і абмяркоўваючы неспадзяваную сітуацыю. Па якой хвіліне ён размашыста стукнуў далонню ў лоб, што азначала ў перакладзе на старагрэцкую мову:
— Эўрыка!
I павёў свой наступ інакшай тактыкай. Ен браў хаты не ў рад, адну па адной, а ўроскідзь, нечакана з’яўляючыся то ў тым, то ў другім канцы мястэчка. Гэта давала больш працы яго бясконца даўгім цыбатым нагам, але гарантавала, прынамсі, пяцьдзесят працэнтаў удачы.
Па мястэчку пайшоў дзівосны рух. Гаспадары пераходзілі з хаты ў хату, ад суседа да суседа, ад сваяка да сваяка, туляючыся, каб не трапіць на вострае вока страшнага калектывізатара.
Пацяроб быў настойны і неадступны, як цень. У адказ на хітрыя манеўры дамыснага жыхарства ён
тож пачаў ужываць стратэгічныя спосабы, якія б зрабілі гонар не абы-якому камандзіру. Ен пачаў практыкаваць тонкія дыверсіі: намеціўшы пункт атакі, дэманстрацыйна абмінаў яго, падаючыся зусім у іншы бок, а тады раптам варочаўся і, як каршун на высачаную згары ахвяру, кідаўся на няшчасную халупу. Потым ён завёў сістэму папярэдняй выведкі, скарыстаўшы на гэтую мэту пару спрытных, дэтэктыўна настроеных падшывальцаў, якія рэгулярна даносілі яму, у якой хаце былі сабраўшыяся гаспадары.
Так ваяваў адважны няўломны Пацяроб, і ўрачысты дзядок Цівунчык спраўна выстаўляў у сваім спіску трафеяў «чарговыя нумары».
Як праходзілі паўз недарэчную сядзібу старога Галілея, Пацяроб суняўся і скоса згары ўніз зірнуў на ўгрузлую ў снег халупку. Потым узняў адно вока і, як певень на воблака, паглядзеў на сціплы Галілееў ветрачок, які ў гэты час круціўся з пакорнай і цалкам дабрамыснай павольнасцю. Усміхнуўшыся троху пагардліва, а троху дабрадушна, Пацяроб збочыў на вузенькую, у адну ступню, Галілееву сцежку, прыемна адчуваючы свой годны хвалы дэмакратызм, які не грэбуе нават такімі нікчэмнымі, ні да чаго не прыдатнымі людзьмі, як Галілей.
Дзверы ў Галілеевай хацёнцы былі завалены з сярэдзіны. Пацяроб уладарна грукнуў у іх і праз хвіліну паўтарыў свой задзірыста-грозны сігнал, бо з хаты не чуваць было жаданага гуку. Тады Пацяроб паляпаў даўжэй і больш настойліва, але вынік быў той самы.
Гэта была відочная абраза яму, як прадстаўніку мясцовае ўлады, бо Галілей быў, ясная рэч, у двары — нават пачуўся быў з хаты стрымана-перасцерагальны брэх ягонага сабакі. Каб канчаткова ўпэўніцца ў зламыснай дэманстрацыі старога дзівака, Пацяроб сігануў у сумёт і, схіліўшы твар да маленькага і нізкага акенца, азірнуў усё нутро Галілеевай хацёнкі. Пышнае бязладдзе, якое панавала ў хацёнцы, затрымала на сабе ягоную ўвагу і распацешыла яго. Каб ён загадаў усяму свайму сельсавету знесці ў адну хату па каліву ўсякага, якое толькі ёсць на свеце, гломазду, дык бы не выйшла таго адменнага сметніка, які быў у Галілеевай хаце. Тут было ўсё, апрача самога гаспадара.
I Пацяроб усміхнуўся з велікадушнай паблажлівасцю. Ен ужо не злаваў на Галілея, хоць, можа, той
і схаваўшыся быў дзе-небудзь у прытульным куточку, бо што ты возьмеш з такога вар'ята? I каб сказаў яму хто-небудзь, што кожнае каліва з Галілеева сметніка мае сваё адмысловае прызначэнне, што ўсё гэта — матэрыял для яго новай, надзвычай важнай работы, ён бы плюнуў таму ў вочы і назваў бы яго таксама вар’ятам.
Так і застаўся стары Галілей некалектывізаваны.
А каб велічны Пацяроб у залішняй пагардлівасці не схіляўся да самага нізу і так невысокага Галілеева акна, ён можа б і заўважыў у верхнім куточку верхняе шыбы клок Галілеевае барадзёнкі і праніклівае Галілеева вока, якое праз увесь час нерухома глядзела на яго без страху, без трывогі і нават без здзіўлення — з адным незамутнёна-спакойным чаканнем.