Дзве душы; Панская сучка; Вясна; Рускі; Вязьмо
Максім Гарэцкі, Міхась Зарэцкі
Выдавец: Юнацтва
Памер: 430с.
Мінск 1992
Увечары таго ж дня змораны, але ваяўніча настроены Пацяроб прьійшоў да Сымона Карызны і, нічога не гаворачы, урачыста-шырокім жэстам паклаў перад ім пратакол пра арганізацыю ў Сіўцы калектыўнае гаспадаркі, на якім стаялі подпісы большай палавіны сівецкіх гаспадароў.
Сымон Карызна, прагледзеўшы паперы, весела зірнуў на сціпла замамыленую Пацяробаву фізіяномію і з шчырым захапленем крыкнуў:
— I гатова ўжо, га? Пацяроб! Гатова?..
Пацяроб, учыніўшы на твары сваю жаласна-пагадлівую міну, далікатна махнуў рукой.
— Пфэ!..
I ў гэты надзвычай выразлівы гук уклаў ён увесь свой пераможна-саманадзейны настрой, сваю каменную ўпэўненасць у тым, што каб адно далі яму поўную волю, дык не то што Сівец, а ўся акруга ў яго пішчом бы палезла ў калгас.
Карызна дужа не распытваўся, якім спосабам дасягнуў Пацяроб такой бліскучай удачы, ён нават стараўся як найменш і думаць пра гэта. Ен быў шчасліва задаволены добрым вынікам, і ў гэтым задавальненні бясследна распускаліся цені сумненняў, што такі спрабавалі цішком улазіць у ягоную свядомасць.
Карызна трыумфаваў. Ен быў наіўна ўпэўнены, што гэтае дасягненне — вынік той новай цвёрдай і пэўнай лініі, якую ён павёў па Зеленюковым ад’ездзе. Ен меў поўнае права зларадавацца і кпіць у думках з сваіх праціўнікаў, якія за адсутнасцю Зеленюка 364
ўвасабляліся цяпер у рахманай і цярплівай асобе камсамольца Віктара.
— Я пакажу вам гэту зеленюкоўшчыну!
У яго ўжо быў ясны, канкрэтны план далейшай работы.
Заўтра ж, паводле пастановы агульнага сходу ячэйкі, распускае сівалапаўскі калгас, бо яго арганізацыя была дапушчана, як часовы захад, толькі да ўтварэння ў Сіўцы агульнага калектыву.
Ніводнага з тых баламутаў ён не дапусціць да кіраўніцтва ў новым калгасе. Досыць ужо, накіраваліся!
Каго ж толькі вызначыць за старшыню?
У Пацяроба ёсць ужо пэўная кандыдатура: Андрэй Шыбянкоў.
Напамінак пра Андрэя Шыбянкова троху зацямрае Карызнаў настрой, але гэта чыста асабістае, да справы неналежнае. Можа, нават і лепей будзе, як возьмецца ён за сталую сур’ёзную працу.
Менш будзе брынкаць на гэтай нялюбай гамзатай гітары.
Так, кандыдатура падходная.
— Ты з ім яшчэ не гаварыў пра гэта?
— He гаварыў, любачка... Як жа я, не ўзгодніўшы з табой, буду вырашаць такія праблемы. Ен мне памагаў троху — пайшоў цяпер, здаецца, туды, да Веры Міхайлаўны...
Карызна, сам таго не прымячаючы, пачынае раптам спяшацца.
— Я таксама меўся ісці туды. Пойдзем можа? Там і пагамонім...
— Пойдзем сабе...
Карызна ўпэўнены, што гэта ў яго выходзіць зусім проста, натуральна, што нікому і на думку не можа ўзысці, каб там у яго затачылася ўнутры нейкае дурное едкае пачуццё. А тым часам Пацяроб, адвярнуўшыся з далікатнасці ўбок, прыплюшчыў вока не толькі дамысна, а ў значнай меры і насмешліва.
...Стары дурней за маладога хлопца кахае...
Фактычна Карызна не меў ніякай падставы да зайздрасці, бо, апрача ігры на гітары, ён не бачыў з боку Андрэя Шыбянкова ніякіх асаблівых падходаў да Веры Засуліч. Але ў гэтых выпадках мова здаровае логікі бывае надта непраканалая, і Сымон Карызна, нягледзячы на ўсе довады розуму, ніяк не мог пазбыцца інстынктыўнага пачуцця апаскі, ці нават боязі.
якое абуджалі ў ім частыя візіты Андрэя Шыбянкова да Веры.
А Пацяроб, пэўна, глядзеў на ўсе гэтыя рэчы больш проста і вульгарна. Ды такі збоку яно і відней, а таму яго кплівае прыплюшчанае вока, магчыма, і мела сякую-такую слушнасць.
Яны абодва пайшлі да Веры Засуліч.
Вера сустрэла іх з шумнай радасцю, прычым зрабіла парыўчаты і вельмі мілы рух да Сымона Карызны, адначасна абмінуўшы з лёгкай сцеражлівасцю Пацяроба, бо той ужо памкнуўся быў да яе з страшэнна мілоснаю мінай на твары, якая не вешчавала нічога добрага.
— П’явачка!
Тым часам «п’явачка», кінуўшы на Андрэя Шыбянкова змоўна-вясёлы погляд, зашчабятала:
— А я ўжо ведаю ўсё, усё чысценька. Малайцы, хлопцы! Значыць, у нас у Сіўцы ўжо калгас... А мы яшчэ свой, бабскі хацелі былі рабіць... Смех адзін толькі!..
Андрэй Шыбянкоў, як зазвычай, сядзеў, фарсіста закінуўшы нагу за нагу, і брынкаў на вечнай сваёй гітары. Ен слухаў Верына шчабятанне з паблажлівай, як зазвычай, загадкавай усмешкай, якая мела дзіўную, нахабна-блізкую сувязь з узнятым настроем Веры Засуліч. Так, прынамсі, здалося Карызну.
Карызна адчуваў у гэту хвіліну да Андрэя вострую варожасць, якая яму не падабалася самому і ад якой усё-такі не мог ён ніяк пазбавіцца. Каб гвалтам сціснуць яе, прыдушыць, ён у наругу сабе звярнуўся да Андрэя ў адменна-прыязным тоне:
— Ну, браток Андрэй, прыйдзецца цябе запрэгчы. Мы вось з Пацяробам наважылі зрабіць цябе, ведаеш кім?
Ен зрабіў паўзу, каб пабачыць Андрэеву нецярплівасць, але той глядзеў на яго з гордай стрыманасцю, нібы гаварыў яму сваімі чорнымі ўедлівымі вачмі:
— Што б ні сказаў ты, браце мой, дык усё роўна мяне не здзівіш. He тое бачылі...
I Карызна скончыў мову сваю значна сушэй:
— Хочам цябе паставіць за старгшыню сівецкага калгаса.
Андрэй і вокам не міргнуў — па-ранейшаму стрымана ўсміхаўся і глядзеў на Карызну мала не з той самай паблажлівасцю, як на Веру. Нібы не яму гэтым
гонар рабілі, а, наадварот, чакалі ягонай ласкі згадзіцца на гэта.
Затое Карызнава прапазіцыя выклікала гарачае захапленне Веры Засуліч. Яна бліскучымі вачмі глядзела на Андрэя, пляскала ў ладкі і радасна, можа, нават троху празмеру радасна, шчабятала:
— Ого! Во хто будзе за старшыню... Старшыня... Старшыня... У, якое начальства...
Карызна раззлаваўся і перапыніў яе наўмысна-сухім, дзелавым працягам гутаркі:
— Гэта работа вельмі адказная. Калгас будзе вялікі — адзін на ўвесь Сівец і Сівалапы. Ты добра абдумай, абмяркуй гэтую справу, а заўтра пагутарым...
Андрэй стаў на момант сур’ёзны і дзелавіта адказаў:
— Добра, я падумаю...
Гэта гутарка сапсавала Карызну настрой. Ен злаваў на Андрэя, на Веру і нават на Пацяроба — за вульгарна-дамысную ўсмешку, якую той кідаў сяды-тады то на яго, то на Веру, то на Андрэя. Ен напінаў усе свае сілы, каб не збіцца з вясёлага прыяцельскага тону, і з гарачаю нецярплівасцю чакаў, калі нарэшце даўмяцца яны пайсці і дадуць яму магчымасць як мае быць пагаманіць з Верай. Ен не ўкладаў у гэтае «як мае быць» пакуль што ніякага пэўнага зместу, але чакаў ад гутаркі з Верай нейкага асаблівага задавальнення.
Вера прыцішэла і амаль не ўтыкалася ў гутарку. Яна раз-пораз узнімала на Карызну свае чыстыя, як крышталь, вочы і ўпарта глядзела на яго не то з маўклівым запытаннем, не то з цяжкай развагаю. Карызна чуў на сабе гэтыя погляды, і яны чамусьці яшчэ больш распалялі ягоную злосць, дадавалі да яе едкае пачуццё помсты.
Як Пацяроб з Андрэем нарэшце зладзіліся ісці, Карызна раптам адмяніў свой замер і замест таго, каб астацца пагутарыць «як мае быць», стаў, сціснуўшы зубы, развітвацца. Ен быў упэўнены, што яго раптоўны, ніякім чынам не прадуважаны іхнім любоўным рэгламентам адыход зробіць ёй такі самы боль, як і яму.
Вера пайшла, каб зашчапіць за імі дзверы. У цёмных сенцах яна знайшла Карызнаву руку і сціснула яе так, што, апрача пяшчотнасці, ён пачуў у гэтым поціску і ладную, зусім нечаканую ад яе сілу. Ен крык-
нуў хлопцам, што дагоніць, а сам астаўся, цалкам здаволены такім канчаткам.
Яна прывяла яго за руку назад, у свой пакой, там абшчапіла моцна за шыю і, зазірнуўшы ў твар яму бліскучымі ад слёз вачмі, запытала:
— За што злуешся?
Гэта выйшла ў яе так шчыра і так прыгожа, што ў яго ад злосці не асталося і следу. Глыбока расчулены, ён прытуліў яе да сябе і, пяшчотна гладзячы яе валасы, загаварыў у балючым узрушэнні:
— Ты не кахаеш мяне... Ты маніш мне... Можа і сабе маніш таксама... Ты стараешся бачыць ва мне не такога, якім я ёсць, ты не такога мяне кахаеш...
Ен зачаў быў гаварыць гэта проста, каб расчуліць яе, каб выклікаць яе на прызнанні, і раптам заўважыў, што сказаў нешта большае за таго, што меўся сказаць, нешта блізкае да страшнай немінучай праўды, якую ён інстынктыўна хаваў дасюль ад самога сябе.
Вера маўчала.
Спалоханы сваімі ўласнымі словамі, ён з сутаргавай парыўчатасцю сціскаў яе ў сваіх руках, нібы хто вырываў яе ад яго, і шаптаў гарачым бязладным шэптам:
— Што мне рабіць? Вяруська, родная мая... што мне рабіць? Я кахаю цябе бязмежна — я баюся... мне цяжка, надзвычайна цяжка... Ну, ці кахаеш ты?.. Ці кахаеш?..
Яна глядзела на яго з пякучым жалем, яна ледзь не плакала, бачачы яго балеснае мітушэнне. I ён быў невымоўна рад гэтым, бо не ведаў ці, можа, забыўся ў тую хвіліну, што жаль — гэта яшчэ не зусім каханне.
...Стары дурней за маладога хлопца кахае...
5
Ізноў выходзіў за Сівец стары спрадвечны пастух Аніська і, стаўшы на ўзгорку ў гордай рацарскай паставе, задорнай песняй свае берасцянае трубы клікаў на сход маўклівыя Сівалапы.
Сівалапаўскія калгаснікі ішлі панурай, марудлівай грамадой. Скасаванне іхняга маладога, але вельмі дружнага, заўзятага калектыву-прыгняло іх неспадзяваным цяжарам і атруціла ўсім ім настрой. Дакладна пільнуючыся пастановы агульнага сходу ячэйкі, Якуб Лакота і іншыя сівалапаўскія камуністы, як станавілі
пытанне пра ўваход у агульны сівецкі калектыў, доўга і ўпарта тлумачылі, чаму гэта патрэбна, даводзілі карысць такога злучэння, і калгаснікі нібыта згадзіліся. А тым часам у кожнага асталося ўнутры глухое нездавальненне, бо ўсе бачылі, як складаўся сівецкі калгас, і чулі, што такі пачатак не вяшчуе нічога добрага.
Рады былі страшэнна тыя, хто зусім не хацеў калгаса. Ворагі калектывізацыі не абмінулі гэтага выпадку, не скарыстаўшы яго для свае злоснае агітацыі. Калгаснікаў атачылі насмешкамі, кпінамі, дадзявалі ім караткавечнасцю іхняга гаспадарання.
— Нядоўга пакалгасілі, яшчэ ў самы смак не ўвайшлі... Без пяці мінут камунары!
— Яшчэ, дзякуй богу, не ўправіліся кашуль паздзяваць?
— Ці добра ў сацыялізме?
— От вам сівецкія цяпер пакажуць сацыялізм!..
З’явіўся нават настрой зусім больш не ісці ў калектыў, і некаторыя, пачуўшы зычны голас Аніськавае трубы, неўзаметку плявалі і цішком залазілі на печ, строга наказваючы сваім дамоўцам, што калі хто будзе пытаць, дык іх няма дома. Але большасць усё-ткі пайшла паспытаць шчасця ў новым калгасе.
Сход прайшоў млява, маўкліва. Наўрад, каб сышлося там хоць палавіна ўсіх, хто быў запісаны ў калектыў. А і тыя, што прыйшлі, адчувалі сябе няўпэўнена і скрозь пазіралі адзін на аднаго з адным бясслоўным запытаннем у вачах: