• Часопісы
  • Дзве душы; Панская сучка; Вясна; Рускі; Вязьмо  Максім Гарэцкі, Міхась Зарэцкі

    Дзве душы; Панская сучка; Вясна; Рускі; Вязьмо

    Максім Гарэцкі, Міхась Зарэцкі

    Выдавец: Юнацтва
    Памер: 430с.
    Мінск 1992
    149.35 МБ
    — Прахор — бядняк. Што ён нездаволены, што злуе немаведама на каго і за што — гэта іншая рэч. Можа, мы самі ў гэтым вінаваты...
    Пацяроб тым жа тонам перапытаў:
    — Можа, мы самі, золатка, вінаваты?..
    Мы не звярнулі на яго належнае ўвагі і, замест таго каб апрацаваць яго, узвесці на правільны шлях, аддалі яго ў рукі кулакоў...
    Віктар гаварыў гэта, звяртаючыся да ўсіх, але сам чуў, што ўсе ягоныя словы ідуць галоўна да Сымона Карызны і што ніхто іх не ловіць з такой увагай, як ён. Віктар чакаў з боку сакратара ячэйкі чарговага выбуху. I сапраўды Карызна запытаў яго здушаным злосцю голасам:
    — Ты, значыцца, супроць высялення Прахора?
    — Так. Я супроць гэтага.
    — А супроць высялення Цімафея Міронавіча Гвардыяна — таксама?
    Віктар на момант замяўся: ясная рэч, што ён не стане абараняць Гвардыяна, як і іншых кулакоў, праўдзівых злоснікаў працоўнай беднаты. Ясная рэч, што ён за тое, каб выселіць іх, раз гэта патрэбна. Але ён наогул ува ўсіх гэтых справах апошніх дзён бачыць многа такога, што абуджае ў ім шчырыя сумненні, і ён хоча неяк усё гэта выказаць, растлумачыць, ды не ведае як, з чаго тут пачаць.
    Сымон Карызна едка ўсміхнуўся і, не чакаючы адказу, адчыкрыжыў:
    — Мы возьмем гэта на ўвагу, таварыш сакратар камсамольскай ячэйкі... Далей...
    Пацяроб паспешна хапіўся за новыя кандыдатуры, і Віктар астаўся ў дрэнным падазронным маўчанні.
    Спіс быў прыняты без спрэчак, хоць у ім, побач з сапраўднымі кулакамі, былі сераднякі і нават беднякі, накшталт Прахора. Пасля навучальнае практыкі з камсамольцам Віктарам ніхто не важыўся супярэчыць ці выказваць свае сумненні.
    Раптам Пацяроб размашыста лэпнуў сябе далоняй па лбу.
    — А братачкі! Гэта ж у нас адны тут сівецкія... А Сівалапы?..
    Сябра бюро, камуніст з Сівалапаў, зазначыў:
    — Ды ў Сівалапах бадай што і няма такіх надта ўжо злосных кулакоў. У нас жа скрозь — галеча...
    Пацяроб хітра падміргнуў яму (мы вашага брата ведаем!) і потым, узяўшы езуіцка-бязвінны від ды па зіраючы скоса на камсамольца Віктара, працягнуў:
    — А што, залаценькія, каб гэтага самага Загароў скага Малаха калупнуць...
    Віктар збялеў і адвярнуўся ўбок, каб схаваць сваё мімавольнае ўзрушэнне. Некаторыя з прысутных кінулі на яго быстрыя спачувальныя погляды, і ён балюча адчуў іх.
    Карызна з радасцю падхапіў Пацяробаву прапазіцыю:
    — Супроць высялення з Сівалапаў Малаха Загароўскага ніхто не мае супярэчыць?
    Віктар нервова таргануў галавой, але моцнай патугаю волі суняў сябе і змоўчаў. Маўчалі і ўсе іншыя, хоць усе добра бачылі відочную недарэчнасць высялення гэтага спакойнага беззаваднага серадняка.
    Спіс быў закончаны. Але ж гэтым не скончыліся яшчэ нягоды, што шчодрым дажджом сыпаліся сёння на галаву няшчаснага камсамольца Віктара.
    Сымон Карызна вёў далей пасяджэнне бюро.
    — Таварышы! Я мушу дадаць яшчэ, што гэтую аперацыю мы правядзём у найкарацейшы тэрмін. Заўтра ўвечары ўсе, хто падлягае высяленню, павінны быць дастаўлены на чыгуначную станцыю. Сёння ж мы нашую пастанову правядзём праз сход беднаты, які я ўжо даў загад склікаць. Адказным за высяленне, я лічу, трэба вызначыць таварыша Пацяроба. Супярэчанняў няма?
    Супярэчанняў не было. Карызна хацеў быў ужо закрыць пасяджэнне, але акурат у гэты момант яго працяла новая думка, і ён, ледзь прыкметна ўсміхнуўшыся, дадаў:
    — Гэта — па Сіўцы. Што да Сівалапаў, дык я ўважаю, што ўся гэтая справа павінна кіравацца таварышамі з мясцовых жыхароў. Таму я прапаную адказным за высяленне кулакоў у Сівалапах вызначыць сакратара камсамольскае ячэйкі. Супярэчанняў няма?
    Супярэчанняў не было. Усе былі ашаломлены гэтай наўмыснай, для справы не патрэбнай жорсткасцю, бо ўсе ведалі пра стасункі Віктара з дачкой Загароўскага.
    Віктар няўцямна ўзняў свае па-дзяцінаму чыстыя вочы і паволі абвёў усіх цяжкім ліпучым поглядам, нібы пьітаючыся ўва ўсіх, што гэта значыць, ці мо просячы спагады сабе, ратунку.
    Усе — не то з замяшаннем, не то з дзіўным нейкім сорамам — унікалі гэтага погляду.
    — На гэтым, таварышы. пасяджэнне бюро ячэйкі лічу закрытым.
    Камсамолец Віктар адразу ўстаў і выйшаў з памяшкання. Ен мог вытрымаць з патрэбнай цвёрдасцю афіцыйна-дзелавы тон пасяджэння, але прыватныя гутаркі былі яму пяпер няўзмогу: яму трэба было акрыяць на самоце, прывесці да ладу разматлашаныя думкі свае і пачуцці.
    Ен адразу падаўся пад Сівалапы і ішоў шпаркім, паспешным крокам, нібы чакала яго там пільная, неадкладная справа, хоць ніякага пэўнага замеру ў яго пакуль што не было.
    Уся істота маладога хлапца была занята цяпер, вядомая рэч, каханай дзяўчынай, а тым часам, як ні напружваў ён свае мазгі, ніяк не мог узбіцца на якую канкрэтную, звязаную з ёй, думку. Нават яснага вобразу Аўгіньчынага не мог ён адрадзіць у сваім расстроеным уяўленні.
    Так прайшоў ён бадай што паўдарогі. Як падыходзіў ужо пад млын, чамусьці ўспомніў: «Учора занёс ёй новыя кніжкі... Якія гэта кніжкі?..»
    I гэта першая выразная, хоць зусім не актуальная цяпер думка займала яго ўсю пазасталую да Сівалапаў дарогу. Усю дарогу ён напружваў памяць сваю, каб успомніць, якія ён занёс ёй учора кніжкі. Памяць упарта не давала адказу, а думка аб тых няшчасных кніжках рабілася ўсё больш дакучная, неадчэпная. Толькі ўвайшоўшы ўжо ў Сівалапы, здолеў ён ад яе адкараскацца, бо трэба было вырашыць неяк, куды цяпер пахінуцца.
    Камсамолец Віктар мо колькі хвілін стаяў так сярод сівалапаўскай вуліцы ў поўнай разгубленасці і няўцямна вадзіў наўкола пустымі, невідушчымі вачмі. Колькі раз, сунімаючыся поглядам на вокнах хаты, супроць якой стаяў, ён упарта стараўся ўспомніць нешта пільнае, дужа яму патрэбнае, і ніяк не мог. I толькі як забразгалі з хаты ў акно і знаёмы голас гукнуў: «Заходзь, Віктар, да нас! Чаго ты стаіш?..» — тады толькі заўважыў, што стаіць супроць хаты Якуб Лакоты, і борздзенька, нібы спяшаючыся схавацца ад некага ў гэту спадзейную схову, пабег да дзвярэй.
    У Якуба Лакоты ў «габінеце» было поўна людзей. Непакойны запал чырвонага інваліда ўсё яшчэ мучыў яго, ведучы да магілы.
    Адхілены ад кіраўніцтва ў новым калгасе, ён усё роўна гарэў турботамі і творчым энтузіязмам. Цяпер у гуртку блізкіх калгаснікаў ён з уласцівым яму гарач-
    кавым захапленнем абмяркоўваў нейкі новы праект, які меўся прапанаваць на разгляд управы калгаса.
    Віктар моўчкі сеў і пачаў слухаць. Ен не разумеў ніводнага слова і не стараўся зразумець, а толькі ўбіраў у сябе агульны фон густога дружнага гоману, і гэты гоман яго супакойваў, варочаў да звычайнага стану. На яго пазіралі з лёгкім здзіўленнем, бо ніколі дасюль ён не быў гэткі сумны, але, на шчасце, не чапалі яго. Ен сядзеў так аж датуль, пакуль не паразышліся ўсе чыста. Тады Якуб Лакота падышоў да яго і, пільна зазіраючы яму ў твар сваімі хваравіта-бліскучымі вачмі, запытаў:
    — Што з табой, Віця?
    I Віктар пачаў апавядаць усё зусім спакойна, разважна, нібы справа гэта зусім мала яго і абыходзіла. Толькі ў канцы апавядання з’явіліся ў яго ў голасе ноткі балючага, зусім дзяцінага неўразумення. Ен глядзеў на Лакоту гарачым цупкім поглядам і ўпарта дапытваўся ў яго:
    — Гэта ж няправільна, га? Дзядзька Якуб... Гэта ж непатрэбна? Непатрэбна?.. Я не к таму, што... Я Ma­ry зрабіць... I я зраблю... хай сабе... Але ж гэта наўмысля ён... Гэта несправядліва... Праўда, дзядзька Якуб? Несправядліва?..
    Якуб Лакота з хвіліну думаў — пахмуры, скупчаны ў сабе — і потым адказаў з рашучай цвёрдасцю:
    — Гэта няправільна і непатрэбна...
    I Віктар, забыўшыся раптам на тое, што гэта ён «не к таму», што «ён можа зрабіць і ён зробіць», загарэўся палкай надзеяй..
    — Дык што ж, дзядзька Якуб? Што рабіць?.. Скажыце мне...
    Якуб Лакота, яшчэ з хвіліну падумаўшы, сказаў ціхім глыбокапраканальным голасам:
    — Па-баявому, па-ваеннаму так... Калі ты атрымаў няправільны, на твой погляд, баявы загад, ты мусіш перш яго выканаць, а потым абскардзіць...
    Віктар аўтаматычна пераказаў следам за ім.
    — Перш выканаць, а потым абскардзіць...
    I, сабраўшы ўсю сваю пазасталую цвёрдасць, заявіў з магчымай бадзёрасцю і рашучасцю:
    — Добра... Я так і зраблю...
    Ен кінуўся да дзвярэй, але з паўдарогі вярнуўся і, падышоўшы зусім блізка да Якуба Лакоты, папрасіў яго па-змоўніцку ціхім, прытоеным голасам:
    — Вы мне паможаце, дзядзька Якуб, гэта ўсё... абладзіць... Добра?
    Якуб Лакота пяшчотна абняў яго за плечы.
    — Добра, Віця, я памагу.
    8
    Быў гэта выдатны для Марыны Паўлаўны дзень, які страсянуў яе даўно ўжо нязнанымі і бадай забытымі турботамі. А пачаўся ён быў таксама даўно ўжо нязнанаю Марыне Паўлаўне радасцю.
    Уранні мімаездам залучыла была ў Сівец райжанарганізатар — дзябёлая прастадушная і вельмі разумная жанчына, з якой Марыне Паўлаўне давялося мець доўгую гутарку. Яна зацікавілася жыццёвымі ператрускамі Марыны Паўлаўны, і тая мусіла расказаць ёй усё чыста, як на споведзі, што, аднак, ані не цяжарыла яе, бо райжанарганізатар абуджала да сябе найшчырэйшую даверлівасць. У выніку гэтае гутаркі Марына Паўлаўна атрымала сур’ёзнае і нават катэгарычнае запрашэнне перайсці на працу ў раён і прыняла гэтае запрашэнне з вялікай радасцю і ўдзячнасцю.
    Райжанарганізатар вельмі спяшалася і знікла з Сіўца так жа раптоўна, як і з’явілася ў ім, пакінуўшы Марыне Паўлаўне, апроч нечаканае радасці, яшчэ адчуванне дзівоснай казачнасці ўсяго, што адбылося.
    Можа гэта быў проста прыемны, шчаслівы сон?
    Марыну Паўлаўну даўно ўжо цяжарыла недарэчнасць быцця яе тут, у Сіўцы, пад бокам у свайго былога мужа. Яе нічога тут не трымала, яна нічым не была тут звязана, і выходзіла так, нібы яна жыве тут выключна таму, што чакае звароту да ранейшага, спадзяецца яшчэ вярнуцца да мужа. Гэта надзвычайна мучыла яе, і яна скрозь летуцела аб тым, каб як выбрацца з гэтага нялюбага Сіўца, але не мела спосабу, як гэта зрабіць.
    Цяпер пытанне развязалася само па сабе — проста і дасканала.
    Марына Паўлаўна праз цэлы дзень жыла ў ружовым чадзе новага адчування. Яна нібы памаладзела адразу на дзесятак год — у яе ў галаве мітусіліся TaKia смелыя і такія пекныя лятункі, якія б задаволілі палкую фантазію маладой дзяўчыны. I сёння ёй упершыню пасля разлукі захацелася пабачыцца з Сымонам Карызнам, сказаць колькі слоў яму развітацца, ці
    што. Яе зусім не абыходзіла, пра што яны б мелі там гаварыць — ёй хацелася, каб ён толькі адчуў яе новы настрой, каб пабачыў яе шчаслівую, радасную. Яна знаходзіла безліч тлумачэнняў свайму такому жаданню і, ясная рэч, не дапускала і думкі пра тое, што гэта ў яе памаладзелай істоце загаварыў цьмяны, прыглушаны голас жаночага какецтва.