Дзве душы; Панская сучка; Вясна; Рускі; Вязьмо
Максім Гарэцкі, Міхась Зарэцкі
Выдавец: Юнацтва
Памер: 430с.
Мінск 1992
Вера зноў замаркоцілася.
— I ты, Стася, супроць мяне? Што я зрабіла каму благога?
Стася паспешна яе супакоіла:
— Я на цябе не наракаю... Гэта — ваша асабістае... Я проста хачу пагаварыць...
Вера падсела бліжэй да яе і прашаптала з непадробленай ласкай і болем:
— Я так шкадую яго... Я, здаецца, усё б зрабіла, каб толькі яму лягчэй было... Я праўду кажу, Стася...
I яна нават прытулілася да Стасі і пяшчотна гладзіла яе руку, нібы гэта сядзела не Стася тут, а Стасін бацька.
Стася, мабыць, наважыла, што цяпер самы зручны момант пачаць «рашучую» размову, і, надаўшы голасу свайму глыбокую, мала не трагічную суровасць, запытала:
— Скажы, ты яго любіш?
I чыстая, бязвінная, як дзіця, Вера Засуліч з анёльскай шчырасцю ёй адказала:
— Я не ведаю, Стася...
Стася здзіўлена паглядзела на яе і гаварыла далей тонам старэйшага дасведчанага чалавека, які размаўляе з малым:
— Ну, як жа так — не ведаю... Каханне — гэта пачуццё такое... такое яснае... Заўсёды адчуваеш, ці кахаеш ты чалавека, ці не... Нават і калі дрэнна з ім... ну, калі паспрачаліся... калі разышліся нават... а ўсё роўна нешта ёсць да яго не такое, як да іншых людзей... Усё роўна цягне да яго, хочацца зноў сустрэцца з ім... хоць ведаеш, што гэта непатрэбна... немагчыма...
Тут Стася нават ціхенька, неўзаметку для Веры, уздыхнула, адылі схамянулася, што нагаварыла многа лішняга, і скончыла суха, разважна:
— Раз няма яснага пачуцця паміж людзей, дык і не можа быць у іх ясных стасункаў.
Вера слухала яе ў гльібокім замяшанні. Яна з хвіліну вагалася сама з сабой, а тады ціха, нясмела праказала:
— У нас... стасункі... у нас усё ясна...
Стася строга перапытала яе:
— Як гэта ясна?
— Бачыш, Стася... Я выйшла. Я выходжу замуж...
— За тату?
Вера яшчэ больш замяшалася.
— He... За Шыбянкова... За Андрэя Шыбянкова...
Стася глядзела на яе вялікімі, поўнымі здзіўлення вачмі.
— А тата ведае?
— He... Ен не ведае... Я не казала яму... Я не магла сказаць яму...
Стася, з усіх сіл хаваючы сваю раптоўную радасць, дзелавіта заявіла:
— Дык я сама скажу яму. Добра?
Вера ў радасным захапленні кінулася да яе.
— Стасечка, любая, скажы... Я так шкадую яго... Я так шкадую...
Яна парыўчата абнімала Стасю, а ў яе вялікіх цёмна-цёмна-сініх вачах блішчалі слёзы. Стася ўважна паглядзела на яе і шчырым прыяцельскім тонам зазначыла:
— Вера, ведаеш, што я скажу табе... Ты — хоць вялікая шэльма, але папраўдзе слаўная дзеўка...
Вера Засуліч шчасліва ўсміхнулася.
13
Справа Сымона Карызны, Пацяроба і яшчэ некаторых найбліжэйшых іхніх паплечнікаў разглядалася на пашыраным, спецыяльна для гэтай мэты скліканым пасяджэнні бюро райкома.
Сымон Карызна прыехаў у раён змрочны, пахмуры і праз увесь час, пакуль не пачалося пасяджэнне райкома, туляўся ў баку ад усіх, глуха зацяты ў жорсткім, амаль варожым да ўсіх маўчанні. Гэтая пахмурасць яго была заслонай, за якой ён хаваў сваё замяшанне і якой адгароджваўся ад сутычак з прыяцелямі, поўных немінучага ў гэткіх выпадках фальіпу і двузначнасці.
Зусім іначай паводзіў сябе Пацяроб. Гэты і тут не страціў рызыкі і, горда замкнёны ў сваёй адумыслава-пацяробаўскай вялічнасці, звысака кідаў на ўсіх пагардліва-зачэплівыя погляды, якія мусілі азначаць, што калі ён і не лічыць сябе пераможцам, дык у кожным разе яшчэ і далёка да таго, каб палічыў сябе за пераможанага.
— Яшчэ паглядзім, хто на чыё пераверне!
Пасяджэнне пачалося з даклада старшыні камісіі, што з даручэння райкома ездзіла ў Сівец дзеля азнаямлення на месцы з усімі дэталямі справы.
Карызна слухаў даклад з глыбокай напружанай цікавасцю. Канкрэтныя факты, якія з спакойнай, нават троху педантычнай стараннасцю выбіраў з сваіх бяздонных матэрыялаў дакладчык, паўставалі перад Карызнавай свядомасцю ў дзіўнай навізне, набываючы зусім новае, нечаканае для яго значэнне. Так часам якая-небудзь непрыкметная, нудная, абыклая для вока рэч, апынуўшыся ў руках чужога чалавека, раптам здзіўляе гаспадара незаўважанай дасюль яскравасцю.
I Карызну пачало здавацца, што справа ідзе тут зусім не аб ім, што гэта зусім не яго пералічаюцца тут сапраўды цяжкія, сапраўды невыбачныя злачынствы.
...Скрыўленне партыйнай лініі ў справе калектывізацыі, злоснае нарушэнне прынцыпу добраахвотнасці...
...Заціск здаровае ініцыятывы бядняцка-серадняцкай часткі насельніцтва...
...Парушэнне прынцыпу — «ліквідацыя кулацтва толькі на базе суцэльнае калектывізацыі», скарыстанне раскулачвання з выключнай мэтай тзрарызацыі насельніцтва...
...Незаконнае высяленне беднякоў і сераднякоў...
...Беспрынцыпная калатня і звадкі з сябрамі ўласнае ячэйкі...
...Затойванне ад партарганізацыі сваёй сувязі з кулацкай сям’ёй і свае ранейшае праваапартуністычнае дзейнасці...
Карызна слухае з напружанай увагай, як перабірае дакладчык бясконцую чараду злачынстваў, і злачынствы гэтыя дзіўна абстрагуюцца ў ягонай свядомасці, абарачаючыся ў зусім самастойныя, незалежныя ад нікога, праявы. Потым яны збіраюцца ўместа, камбінуюцца, пераплятаюцца і складаюць нарэшце адзіны — таксама абстрактны — вобраз агіднага злачынцы. Гэта не ён зусім, не Карызна, гэта нейкі далёкі, прамінулы ў жыцці чалавек — дурны і агідны, супроць якога Карызна абураецца не менш за іншых, не менш за самога дакладчыка.
Карызна раптам чуе, што гэты настрой не новы, што ён ужо некалі перажываў яго, і напружвае памяць, каб успомніць, калі гэта было.
Так, успомніў. Гэта было тады, як, едучы ад Рачкоўскага, ён — спакойны, упэўнены ў сваёй сіле і незалежнасці — абарачаўся мыслёвым поглядам у мінулае і бачыў там замест сябе чужога малазнаёмага чалавека.
Карызна нервова здрыгаецца.
Што гэта — выпадак ці заканамернасць? Няўжо яму прыйдзецца скрозь так, з страхам і агідай, азірацца на свае пражытыя дні!
Дакладчык скончыў, і зачаліся спрэчкі. У спрэчках выступалі ўсе, хто быў тут прысутньі, і ўсе гаварылі бадай што адно: усе ганьбілі, асуджвалі, патрабавалі суровае кары. Карызна глядзеў на кожнага, хто пачынаў гаварыць, з нейкай абсалютна пустой цікавасцю і ўвагу ўсю зварачаў не на словы, не на сэнс іх, а на тое, як хто трымаецца, ці добра патрапіць каторы ўзяць належны тон абурэння і які кіне на яго, на Карызну, погляд: ці гнеўны, ці спачувальны, ці проста безуважны.
Найактыўнейшы ўдзел у спрэчках браў Пацяроб. Ен без ладу, з чыста бабскай звяглівасцю ўтыкаўся ў прамову кожнага, хто выступаў, агрызаўся, лаяўся, нахабна вытыкаў кожнаму яго ўласныя грахі, якіх ён нейкім дзівам меў на ведаме безліч, і ўпарта напіраў на іх, як на сваё апраўданне, хоць яны не мелі ніякага дачынення да разгляданай справы. I кожны свой выпад, якія б вынікі ён ні меў, пакрываў трыумфальным поглядам ваяўнічага пераможцы.
У Карызны пацяробаўскія выступленні абуджалі пачуццё прыкрай дакукі, а бадзёрыя змоўна-таямнічыя погляды, якімі той раз-пораз на яго пазіраў, стараючыся падтрымаць згнібёны дух свайго таварыша, кідалі Карызну ў халодную дрыготку агіды.
Наогул, усе гэтыя спрэчкі страшэнна нудзілі Карызну — яны здаваліся яму лішнімі, непатрэбнымі для справы і ў значнай меры штучнымі. Нават вялікае выступленне Зеленюка — фактычна пракурорская прамова, у якой ён з жорсткай бесцырымоннасцю калупаўся ў Карызнавай псіхіцы, не спыняючыся перад самымі інтымнымі яе куточкамі, нават гэтая прамова не выклікала ў Карызны моцнага ўзрушэння. Яму толькі шкода было чамусьці, што ў Зеленюковай прамове мала агню, мала нянавісці, што ён залішне аб’ектыўны і стрыманы. Мабыць, нянавісць гэтага нялюбага блазнюка дала б яму нейкае асаблівае задавальненне.
Сымон Карызна нецярпліва чакаў выступлення Рачкоўскага. Ен чакаў яго з затоенай унутры злараднасцю, ён загадзя трыумфаваў, уяўляючы тут ніякавасць, тое замяшанне, з якім Рачкоўскаму давядзецца ганьбіць яго, свайго калішняга супольніка.
Дзіўная рэч, але з усіх прыяцеляў і ворагаў — роўна чужых яму цяпер і далёкіх — найбольшую непрыязнасць адчуваў чамусьці Карызна да свайго лепшага друга, да Рачкоўскага. Ен проста не мог на яго глядзець — яго ўпэўнена-моцны, энергійны твар, яго прысадзістая, крэпкая, што дубовы камель, фігура абуджалі ў ім дрэннае пачуццё зайздрослівае варожасці, якое занялося ў ім яшчэ тады, як, прыехаўшы ў раён, суняўся ён быў перад кватэраю свайго друга, каб, як зазвычай, да яго заехаць. Перш чым злезці з вазка, ён паспрабаваў быў уявіць сабе сцэну сустрэчы з старым прыяцелем, і вось тут замест тае свежае бадзёрасці, якую заўсёды выклікаў у ім адзін успа-
мін пра Рачкоўскага, заныла раптам у сэрцы ў яго гэтае прыкрае, едкае пачуццё, і магчымасць сустрэчы з Рачкоўскім не ўзрадавала яго, а напалохала. Ен сказаў возніку ехаць далей і ўпершыню за ўвесь час быцця свайго ў гэтым раёне спыніўся ў заезным двары.
Рачкоўскі выступіў у самым канцы спрэчак. Ен паволі ўзняўся з месца, упёрся рукамі ў стол, нібы ўрос у яго, і ўстроміў проста ў Карызну свой цвёрды няўломны погляд.
— Так, браце Сымоне... Зблышыў ты... Сорамна мне за цябе... вось... Партыя на цябе звяралася, партыя даручыла табе кіраваць часткай свае арганізацыі, а ты партыю сваю ашукаў... Чуеш ты? Ашукаў!.. Ты гэтую веру партыі да цябе на што скарыстаў, га? Ты ведаеш, браце, што ты зрабіў? Ты здрадзіў! Так, здрадзіў...
I Рачкоўскі з уласцівай яму грубай пачуццёвасцю стаў найчарнейшымі фарбамі маляваць учынкі Карызны, якія з кожным словам яго — важкім, цвёрдым, як удар молата, паўставалі ўсё ў страшнейшым выглядзе.
Карызна кіпеў шалёным абурэннем, перамяшаным з злараднасцю.
«Ага! Ты гэтак! Ты такі тон узяў да мяне? Пастой жа, браток...»
I ён толькі чакаў, пакуль кончыць Рачкоўскі, каб зараз жа ўстаць і кінуць проста ў твар яму — жорстка, бязлітасна:
«А ты? А ты хто такі, калі я здраднік? Ці не з табой разам рабілі мы палавіну тых грахоў, за якія ты ганьбіш мяне? Ці не ты вёў мяне на іх, ці не ты кіраваў? А цяпер што, га?.. Можа, твая рызыка, твой задор і штурхнулі мяне на новыя злачьінствы? Ты забыўся, як сам пад’юджваў мяне, як заклікаў мяне біць, варушыць усё да грунту, пераварочваць свет? Ага, ты забыўся?..->
Рачкоўскі нібы адгадаў Карызнаў замер і папярэдзіў яго:
— Мы ўсе памыляемся. У кожнага бываюць памылкі. Я таксама рабіў іх... Так, рабіў... Партыя ведае пра іх, ад партыі нельга хаваць ніводнага свайго кроку, як бы ты ні зрабіў яго: свядома ці несвядома...