Дзве душы; Панская сучка; Вясна; Рускі; Вязьмо
Максім Гарэцкі, Міхась Зарэцкі
Выдавец: Юнацтва
Памер: 430с.
Мінск 1992
А гэта, мабыць, так і было.
Увечары Марына Паўлаўна ў апошні раз ішла на сходку жаночага гуртка. Пасля гуртка яна назначыла сабе абавязкова зайсці да Карызны. Што ж там такога? Яна мо заўтра ці пазаўтраму едзе, у яе там яшчэ ці мала патрэбных рэчаў — ёй жа трэба сабраць іх, папарадкаваць?
Абы хутчэй скончылася гэтая сходка. Ды, зрэшты, яна можа і не даседзець да канца, раз у яе пільная справа.
У школе, дзе быў прызначаны сход, замест шумнае бабскае грамады яна заспела ўсяго трох ці чатырох вельмі маркотных жанчын і нязменна-вясёлую, бадзёрую Тацяну, якая гэтым жанчынам нешта вельмі энергійна тлумачыла.
Марына Паўлаўна здзіўлена запытала:
— А дзе жанчыны?
Тацяна адказала спакойна, але з падкрэслена-цвёрдай стрыманасцю, якая паказвала, што ў яе ўнутры таксама не ўсё ў парадку.
— He прыйдуць... Выпраўляюць сваіх суседак у далёкую дарогу.
Жанчыны нібы па камандзе заўздыхалі:
Божа мілы! Што гэта толькі дзеецца! Ну хай бы ўжо тых, багатыроў каторых, а то ж бядоту, галоту... Што яны маюць да іх?
Марына Паўлаўна глядзела на іх шырока расплюшчанымі вачмі і нічога не разумела. Тады Тацяна паспешна выправіла маркотных жанчын і, астаўшыся сам-насам з Марынай Паўлаўнай, расказала пра тое, што ўжо вядома было ўсяму Сіўцу, апроч аднае, захопленае сваёй новай радасцю, Марыны Паўлаўны. Апавядала Тацяна ўжо інакшым, таемна-напружаным тонам, не хаваючы больш свайго глыбокага ўзрушэння. Як скончыла, Марына Паўлаўна парыўчага схапіла яе за руку.
— Тацяначка, родная... Ці гэта так трэба? Скажы, ці гэта ім трэба было гэтак рабіць? Ці гэта закон такі?..
Тацяна раптам замкнулася ў жорсткай чужасці.
— Хто яго... Можа і трэба, а можа і не трэба... Яны — начальства... больш чаго ведаюць...
Марына Паўлаўна, мала не плачучы, прасіла яе:
— Тацяначка, родная... Ты, пэўна, ведаеш... чаму ты не скажаш мне?..
Тацяна яшчэ памаўчала з момант, а тады раптам адчыкрыжыла з смелай злосцю:
— Шалеюць яны, во што... Нешта есць нутро катораму, дык ён на людзях спаганяе. He будзе з гэтага ладу...
Марьіна Паўлаўна зусім ціха, нібы баючыся ўласнага запытання, прашаптала:
— Гэта ты — пра Карызну?
Тацяна змоўчала. Марына Паўлаўна раптам зарупілася:
— Пойдзем дахаты, Тацяначка... Пойдзем да хаты...
Дарогаю Тацяна, нібы выпраўляючы сваю мімавольную рэзкасць, тлумачыла больш лагодна і пагадліва:
— Яно пэўна, што трэба прыбраць з дарогі сяготаго, каб не заміналі... Але ж трэба ведаць — каго, a не то што гамузам — хто першы пад руку трапіў...
Як падыходзілі ўжо пад самую хату, Марына Паўлаўна сунялася.
— Мне, Тацяна, яшчэ трэба схадзіць у адно месца. Я скора прыйду.
Тацяна нічога не пыталася, бо ведала добра сама, куды ідзе Марына Паўлаўна. I ў думках яна пахваліла яе.
Аднак Марына Паўлаўна сямігодку мінула — толькі з момант прыстоіла пад ёй у нерашучасці — і пайшла далей у самы канец даўгой сівецкай вуліцы. Там збочыла яна на вузенькую, у адзін след, сцежачку, што вяла да загубленае ў снегавых сумётах Галілеевай хацёнкі.
У маленькіх крывых акенцах не ў меру пышна ззяла яснае святло Галілеевае саматужнае электрычнасці. Марына Паўлаўна асцярожна паляпала ў заваленыя дзверы — і святло зараз жа згасла. Гэта мела адзначыць, што Галілей не прымае. Але Марыне Паўлаўне пільна трэба было яго бачыць, і яна, паляпаўшы MapHeft, гукнула дрыжачым ад хвалявання голасам:
— Дзядзька Ахрэм! Адчыніце!
Святло зноў запалілася, і за дзвярмі пачулася непакойная Галілеева шарпаніна.
— Кхе-кхе... Гэта вы, Марына Паўлаўна? Зараз адчыню...
Але, адваліўшы дзверы, ён усё-ткі перш сцеражліва вытыркнуў у шчэлку сваю барадзёнку і, толькі канчаткова праканаўшыся, што ніякае небяспекі няма, шырока расчыніў дзверы перад нечаканай, але прыемнай госцяй.
Марына Паўлаўна стала ў парозе, ашаломленая несусветным Галілеевым гармідарам... Да яе зараз жа падышоў Босы і, пазнаўшы яе, стаў ветла церціся аб яе ногі. Яна ўздыхнула з гаспадарлівай рупнасцю і паспагадала бязладнаму Галілею:
— He прыбрана ў вас тут, дзядзька Ахрэм... Жывіцё вы неяк так... не па-людску...
Галілей бесцырымонна прапусціў міма вушэй гэту заўвагу, бо быў глыбока заняты нечым сваім і, апрача таго, «свайго», не мог бачыць і чуць больш нічога на свеце. Нават не запрасіўшы Марыну Паўлаўну сесці, ён нервова перабег сюды-туды паміж свайго гломазду і, суняўшыся перад ёй, зашаптаў таемна і радасна:
— А я ведаю ўсё... Я разумею.... усё разумею...
— Што вы разумееце, дзядзька Ахрэм?
Галілей яшчэ бліжэй нахіліўся да яе і здушаным ад захаплення шэптам прасіпеў:
— Яны баяцца... ага... Яны баяцца, во што... Баяцца... хі-хі-хі...
I нават засмяяўся стары дзівак, што траплялася з ім толькі ў хвіліны найвыдатнейшых перажыванняў. Марына Паўлаўна толькі дагадвалася, пра каго гаворыць ёй Галілей, але ведала добра, што распытваць яго цяпер без карысці, і таму пастаралася ўлучыць яму ў тон:
— Чаго ж ім баяцца, дзядзька Ахрэм?
Галілей трыумфаваў.
— Тэхнікі, Марына Паўлаўна... Тэхнікі баяцца...
— А што ім тэхніка?
— Тэхнікай трэба браць... ага... тэхнікай... А яны не ўмеюць... хі-хі-хі... не ўмеюць...
Марына Паўлаўна з ціхім дакорам перапыніла яго:
— Людзі тут, дзядзька Ахрэм, а не тэхніка.
Галілей на хвіліну змоўк, нібы ўслухоўваючыся ў яе словы, а тады загаварыў яшчэ ў большым захапленні:
— Ara... ага... людзі. А на людзей тэхніка трэба... I на людзей — тэхніка... ага... А яны не ўмеюць... Яны баяцца...
Марына Паўлаўна зразумела, што пад гэткі настрой нічога людскага ад Галілея не дойдзеш і, каб растлумачыць прычыну свайго прыходу, упершыню за ўсё жыццё зманіла свайму старому прыяцелю:
— А я прыйшла са справаю да вас, дзядзька Ахрэм. Ці не перанеслі б вы тую сушыльню, што некалі мне зрабілі, туды, да Тацяны... Я не патраплю сама...
Галілей суняўся разгублены сярод свайго гломазду і вінавата лапатаў:
— Сушыльня... ага... сушыльня... Я ведаю... я разумею... ага... сушыльня....
Ен так мо разоў з дзесяць пераказаў нечаканае для яго ў гэту хвіліну слова і ўсё роўна не дабраўся жаданага сэнсу: так цяжка было яму вымкнуцца з свайго ЦУДоўнага непераможнага захаплення.
Марына Паўлаўна адвіталася і пайшла з хаты. Босы праводзіў яе жаласным енкам, нібы жаліўся на няшчасную сваю долю, якая прымушае яго сядзець у хаце адзін на адзін з гэтым апантаным гаспадаром.
Галілей выпускаў Марыну Паўлаўну з такой адумысловай асцярожнасцю, што сапраўды цяжка было адзначыць, хто больш баіцца, ці ён, ці тыя, над кім ён трыумфаваў сваю хімерную перамогу.
Марына Паўлаўна ішла ад свайго прыяцеля нездаволеная. Адно, што здолела яна вынесці з сваёй візіты, гэта тое, што Галілей адмоўна глядзіць на апошнія падзеі ў Сіўцы і што ён прачувае ў іх нейкі новы правал Сымона Карызны. Але гэта толькі згусціла яе змрочны, трывожны настрой.
Яна ішла цяпер да Сымона Карызны. Яна не зда вала сама сабе справы, з якой мэтай яна туды ідзе,— адно з жалем і крыўдай усведамляла, што гэта не будзе ўжо тая прыемная сустрэча, аб якой яна думала праз увесь сённяшні дзень.
Сымон Карызна хадзіў па свайму пакою буйнымі гонкімі крокамі, з чаго Марына Паўлаўна зразумела, што ён моцна ўзрушаны. Ен сустрэў сваю былую жонку з шчыраю радасцю, але яна адчула, што радасць гэта не злучана непасрэдна з ёй, што ён з роўным пачуццём сустрэў бы цяпер кожную рэч, якая б на момант выбіла яго з цяжкага ўзрушэння.
— А, гэта ты, Марына... Як добра, што ты прыйшла... Сядай, калі ласка...
Яна, не распранаючыся, прысела на сваё калішняе аблюбёнае месца — у куток старой абшарпанай канапы. Карызна кінуўся да стала і нервовым рухам схапіў з яго паперку.
— Я акурат атрымаў сёння ліст ад дачкі... Ты ёй, мусіць, нічога не пісала?... Яна не ведае... Яна піша нам абаім... На, пачытай...
Яна выцягнула руку, каб узяць паперку, і рука здрадліва закалаціла дробнай дрыготкай. Ен заўважыў гэту дрыготку і, нібы апечаны ёй, паспешна адхапіў ад ліста сваю руку. I гэты невялічкі глупасны інцыдэнт чамусьці вярнуў яго ў стан цяжкага яго ўзрушэння — ён зноў нервовымі крокамі засігаў па пакоі.
Марына Паўлаўна ўздыхнула і ціха, нібы сама сабе, праказала:
— Я прыйшла ўзяць некаторыя свае рэчы. Я заўтра еду...
I яна не зманіла — яна ў гэту хвіліну ўжо сапраўды была ўпэўнена, што едзе менавіта заўтра.
Карызна з крыўднай безуважнасцю мыркнуў сабе пад hoc:
— Ага... заўтра едзеш... Куды?..
Яна цьмяна, нярадасна пахвалілася:
— Мяне бяруць на работу ў раён... па лініі жанаддзела...
Ен паказаў від, што зацікавіўся, і з штучным здзіўленнем ў голасе перапытаў:
— Так? У раён?.. Гэта добра... Гэта надзвычайна добра...
Марына Паўлаўна змоўкла, працятая крыўдай і расчараваннем. Але гэтыя пачуцці трывалі ў ёй нядоўга. Гледзячы на балючыя мітушэнні свайго былога мужа (яна ж прывыкла разумець кожны ягоны рух), Марына Паўлаўна памалу ахаплялася даўнім сваяцкім жалем, і ўсе думкі яе канцэнтраваліся на адным: як бы развеяць гэты чорны яго настрой, якое б даць яму, хоць невялічкае, спацяшэнне. У мімавольным парыванні яна падышла да яго і, пяшчотна дакрануўшыся да яго рукі, прашаптала:
— Сымон! Нашто ты мучыш сябе?
Ен здрыгануўся ад неспадзеўкі і інстынктыўна адшаснуўся ад яе, гатовы да злоснага энергійнага ад-
пору. Адылі ўбачыў пакорны боль у яе глыбока запалых вачах і, стрымаўшы сябе, адказаў холадна, але спакойна:
— Ты пра гэта... пра высяленне... Ты не разумееш, Марына... Гэта — трэба. Гэта суровая неабходнасць рэвалюцыі... Рэвалюцыя без ахвяр не бывае... Каб ісці наперад, трэба церабіць дарогу...
Ен гаварыў знехаця — сухім афіцыйным тонам, абы адкараскацца ад яе, а мо і ад сваіх сумненняў. Але Марына Паўлаўна была на дзіва настойная і рашучая.
— Няпраўда, гэтага не трэба... Гэта робяць не так, як ты... Ты — жорсткі... Ты мучыш сябе і праз гэта ўсіх... Ты ў сабе носіш атруту, і сам не хочаш пазбыцца яе... Нашто ты так робіш?
Карызна ледзь стрымліваў злосць.
— Ты што, угаварваць прыйшла?.. Мо падаслалі? Агітуеш за пакутнікаў-кулакоў?..
Марына Паўлаўна зусім распалілася.
— Я не дапушчу гэтага! Я не магу дапусціць... Ты сам сябе губіш! Ты не той дарогай ідзеш, якой трэба ісці... Камуністы не так робяць... ім гэтага непатрэбна!.. Ты баішся і таму на гэта ідзеш...
Тады Сымон Карызна падышоў блізка, усутыч, да свае былое жонкі і з бязлітаснай едкасцю праказаў: