Дзве душы; Панская сучка; Вясна; Рускі; Вязьмо
Максім Гарэцкі, Міхась Зарэцкі
Выдавец: Юнацтва
Памер: 430с.
Мінск 1992
— Цяпер, як я згубіў усё і як я ведаю, што неўзабаве згублю яшчэ і цябе, ты мне даражэйшая, чымся была калі-небудзь дагэтуль...
Вера маўчала. Карызна зрабіў паўзу, мабыць чакаючы ўсё-ткі з яе боку хоць слабенькага выяўлення пратэсту, але, не дачакаўшыся, гаварыў далей:
— Калі згубіш усё, дык шкадуеш нават таго, чаго дасюль ані не шкадаваў. Я, здаецца, шкадую, што разышоўся з сваёю жонкай.
Вера спытала яго з раптоўным ажыўленнем, якога ён не заўважыў:
— Ты хочаш сысціся зноў са сваёй жонкай?
— Я не пра тое... Мы з ёй не сыдземся больш...
Колькі хвілін яны сядзелі моўчкі, а тады Вера нясмела — не то з асцярожным дакорам, не то з жалем праказала:
— Нашто ты зрабіў так... не так, як трэба...
Яна — гэта мілая, шчырая дзяўчына — у сваёй бязмежнай непасрэднасці забылася ўжо, што і сама старанна памагала яму рабіць «не так, як трэба».
Карызна пагардліва ўсміхнуўся.
— Помніш, Вяруська, ты неяк сказала мне, што трэба старацца, каб усё было добра, усё чысценька, каб ніхто ні да чаго не мог прычапіцца... Так цяжка рабіць, Вяруська, так надзвычайна цяжка рабіць.
Вера клапатліва зморшчыла лоб і з мімавольным страхам у голасе запытала:
— Што цяпер будзе?..
— Што цяпер будзе?.. Мяне, напэўна, выключаць з партыі... Можа аддадуць пад суд... I па тым...
Ен раптам хваравіта ажывіўся і, сутаргава сціснуўшы яе рукі, загаварыў далей:
— Гэта — не тое... не ў тым тут сэнс... Пуста, Вяруська, вось што... Няма нічога... Няма мінулага ў мяне... разумееш? Будучыня — глупства, а галоўнае мінулае... Звычайна кажуць іначай, наадварот, а ў мяне акурат так... Няма на што абаперціся, каб ступіць у будучыню... Няма падставы, як кажуць, для будучыні... Я — помніш, Вера? — казаў табе, што можа мы прайшлі свой этап, што можа на гэтым новым этапе мы — лішнія... Я проста хаваўся за гэтае «мы»„. А цяпер іначай... Няма тут, мабыць, ніякіх «мы»„. I ніякіх этапаў не было, ніякіх этапаў я не ішоў. Таму і пуста цяпер... Няма мінулага, няма на што абаперціся.
Вера глядзела на яго ўпартым неадрыўным поглядам, і ў яе чыстых наіўных вачах займаўся агеньчык глыбокага жалю. Мабыць адчуўшы гэты яе на-
строй, Карызна раптам абярнуўся да яе і цяжкім ад унутранага болю голасам запытаў:
— Вяруська, нашто ты кідаеш мяне?
Вера пяшчотна прытулілася да яго і прашаптала:
— Я дужа, дужа хачу, каб табе было добра...
Потым яна схілілася да яго кален і, не вырываючы ад яго сваіх рук, парыўчата схавала ў іх твар.
Карызна з невымоўным здзіўленнем і глыбокай, блізкай да шчасця радасцю адчуў, як па руках у яго пацяклі гарачыя, шчодрыя яе слёзы.
Але ўсё ж такі не было гэта шчасцем, бо Сымон Карызна навучыўся нарэшце разумець, што жаль — гэта яіпчэ не зусім каханне.
11
У сельсавеце было ці мала народу, і кароткая, але поўная глыбокага драматызму сцэнка, якая неспадзявана разыгралася там, мела досыць шырокае кола цікавых і надзвычай уважных гледачоў.
За вялікім сталом насупроць уваходных дзвярэй працавала раённая камісія, правяраючы справы Сівецкага сельсавета. Перад сталом грозна, размашыста сігаў экс-старшыня сельсавета — даўгі, як вочап, калматы, як памяло, Пацяроб. Да яго то старшыня камісіі, то Зелянюк раз-пораз звярталіся з запытаннямі, і тады ён горда сунімаў свой марш і, пагардліва скрывіўшы вока на трэцяга, ціхага і маўклівага сябра камісіі, кідаў — нібы выплёўваў — кароткую нядбалую рэпліку. Старшыню камісіі, а злашча Зеленюка ён велічна ігнараваў, нібы не прызнаваў зусім іхняе прысутнасці ў сценах яго былой інстытуцыі.
Народ, які быў у сельсавеце, найбольш сівецкія актывісты, купкаваўся сям-там невялічкімі гурткамі і аднамерна гудзеў стрыманым гоманам, поўным павагі да тае экстраардынарнае справы, што адбывалася тут. А ў самым кутку за сталом, дзе працаваў незамутнёна спакойны дзядок Цівунчык, сядзеў, цяжка ўзлёгшыся лакцямі на стол, Сымон Карызна. Ен пахмура маўчаў, унураны ў глухую задуму, і, мабыць, не чуў ані слова з ціхамірнае гаворкі старога служакі, які лічыў за свой канечны абавязак разважаць яго чорны настрой староннімі, да справ не датычнымі, апавяданнямі. Але Цівунчык не засмучаўся дужа яго няўважнасцю і з вялікім задавальненнем апавядаў
сам сабе пра грандыёзныя шашачныя турніры, у якіх ён нібыта браў калісьці ўдзел і якія, праўду, сказаўшы, ён проста вымудрыў сабе паціхеньку, каб хоць трошку акрасіць цягучую сваю канцылярскую самоту.
Акурат перад момантам, як мела разыграцца тая неспадзяваная сцэнка, агульную цікавасць прыцягнула была да сябе нейкая малаважная, але вострая спрэчка Пацяроба з камісіяй, і таму ўсё, што далей тут адбьілося, прайшло пад пільнай увагай усіх прысутных.
Яшчэ не ўправіўся скончыць Пацяроб сваю чарговую алімпійскую рэпліку, як раптам адчыніліся дзверы, і ў сельсавет увайшла прыгожая стройная дзяўчына. Яна з парога акінула памяшканне быстрым энергійным поглядам і, убачыўшы проста перад сабой Зеленюка, шырока расплюшчыла вочы ад радаснага здзіўлення і зрабіла ў яго бок мімавольны парыўчаты рух — больш красамоўны, чымся тысячы слоў найгарачэйшага прывітання. Але рух гэты застыў у самым сваім пачатку, бо дзяўчына раптам дзіўна змянілася: бровы яе строга насупіліся, вусны сашчаміліся ў цвёрдым напружанні, а ў вачах халодна бліснуў зусім не радасны і не прыветны агеньчык.
Дзяўчына пругкім крокам падышла да Зеленюка і, упарта гледзячы яму ў твар, запытала:
— Навошта ты маніў мне?
Зелянюк паспрабаваў усміхнуцца.
— Я не маніў табе, Стася...
— Чаму ты не пісаў мне ўсяго?
Зелянюк відавочна замяшаўся, і гэта яго замяшанне вылілася ў цяжкую, невыгодную для яго паўзу. Адылі ён авалодаў сабою і з той жа ціхай нерашучай усмешкай адказаў:
— Стася... Так трэба было... Так было лепей...
Дзяўчына паглядзела на яго знішчальным поглядам і хацела, мабыць, сказаць нешта вельмі рэзкае, але ў гэты момант яна заўважыла Сымона Карызну і кінулася да яго з крыкам, у якім невядома чаго было больш: радасці ці роспачы.
— Татка!..
Карызна ў хаплівай, зусім старчай паспешнасці цалаваў дачку — і з нецярплівай настойлівасцю вёў яе да дзвярэй, нібы баяўся, каб не пачула ці не пабачыла яна тут таго, чаго ёй не трэба ні бачыць, ні чуць.
— Ты не была яшчэ ў хаце? Пойдзем, дачушка... пойдзем...
Як яны былі ўжо ў дзвярах, Зелянюк нервова памкнуўся ім услед і гукнуў не па-звычайнаму моцным узрушаным голасам:
— Стася!..
Але яна нават не азірнулася.
Зелянюк стаяў сярод пакоя напружана-застылы, адзервянелы — і не то ў чаканні, не то ў бязмежным балючым здзіўленні глядзеў на зачыненыя дзверы.
3 хвіліну ў сельсавеце стаяла глухое маўчанне. Яго разарваў дападлівы Пацяроб раптоўнай заўвагай:
— Гэта, любачкі мае, аргумент...
I ён пашукаў вачмі сярод публікі спагадлівае ўсмешкі, адылі не ўсміхнуўся ніхто. Усе заняліся адразу сваім, кожньі ўдаваў, што ён нічога не бачыў і не чуў. Гэтым паказалі ўсе мімавольную павагу сваю да глыбокіх, цудоўна-яскравых рухаў чалавечай душы.
Праз якіх дзесяць хвілін камісія зрабіла была перапынак у сваёй працы, і тады, абабраўшы зручны момант, да Зеленюка падышла Тацяна Шыбянкова. Унікаючы чамусьці ад сустрэчы з ягоным поглядам, яна нерашуча запытала яго:
— Гэта твая дзяўчына?
Зелянюк ласкава, амаль пяшчотна зірнуў на яе злёгку паружавелы твар і жартліва адказаў:
— А хіба гэта не ўсё роўна?
Тацяна паспешна згадзілася:
— Усё роўна.
Але ўвесь яе разгублены выгляд, а найбольш сарамліва ўтупленыя вочы яе гаварылі, што ёй гэта не зусім усё роўна.
...Тым часам бацька з дачкой у цяжкім адчужанахалодным маўчанні падыходзілі да будынка местачковае сямігодкі.
Пераступіўшы цераз парог роднае хаты, Стася, як і там, у сельсавеце, сунялася ў парозе і абняла пакой вострым дапытлівым поглядам. Відаць, агульны выгляд самотнае Карызнавае кватэры не зрабіў на яе асабліва прыемнага ўражання, бо яна з сцеражлівай стрыманасцю — зусім не па-хатняму — перайшла цераз пакой і нават не распрануўшыся, села на першае, якое трапілася ёй на дарозе, крэсла.
Карызна заўважыў яе настрой і тонам лёгкага дакору прапанаваў:
— Можа б ты распранулася хаця, Стася? Ты ж прыйшла дамоў, у сваю хату.
Стася нібы і не чула ягоных слоў. Яна з хвіліну сядзела моўчкі, упяўшы ў акно задуменны погляд, а тады абярнулася да бацькі і з рэзкай рашучасцю запытала яго:
— Тата! Што ты тут нарабіў?
Карызна, замест адказу, сам запытаў яе ціхім праніклівым голасам:
— Ты што, Стася, першая хочаш судзіць?
Яна нездаволена скрывілася.
— Я не магу і не хачу судзіць цябе. Ты ведаеш, што я прывыкла бачыць у табе не толькі свайго бацьку, а і старшага таварыша. Ты — стары партыец, а я камсамолка.
— Неўзабаве будзе іначай: я буду беспартыйны, a цябе, мабыць, перавядуць у сябры партыі. Я табе зычу гэтага ад шчырага сэрца...
Стася ўскочыла з месца, распаленая раптоўным гневам.
— He кажы так, тата! Я не хачу, каб ты так казаў... Ты гаворыш, усё роўна як смяешся... Калі ты і рабіў усё гэта са смехам, дык ты, дык я... я зусім не буду пра гэта з табой гаварыць.
Карызна маўчаў — адно ўсміхаўся балючай хваравітай усмешкай, якая сказала дачцэ болып, чымся ўсякія словы. Яна падсела да яго бліжэй і зусім інакшым, ціхім пяшчотным голасам запытала яго:
— Татка, табе дужа цяжка?
Бацька панура схіліў галаву.
— Цяжка, дачушка... Дужа цяжка...
I тады дачка паважным праканалым тонам супакоіла яго:
— Гэта добра, татка... Раз цяжка, значыць ты ўсё адчуваеш... А я думала, ты смяешся... Скажы, татулька, як усё гэта выйшла ў цябе? Можа тут якое было непаразуменне?..
Карызна скрывіўся ад унутранага болю і знехаця адказаў:
— Тут, Стася, столькі было непаразуменняў, што я заблытаўся ў іх, як у непраходным лесе. Мне пачынае часам здавацца, што ўсё жыццё маё — непаразуменне.
Яна перапыніла яго там жа паважным аўтарытэтным тонам:
— He трэба так гаварыць, татка... Гэта не сур’ёзна... Ен вінатава ўсміхнуўся.
— Добра, дачушка, я больш не буду... Але — ведаеш што? — нам з табой так многа прыйдзецца яшчэ гаварыць пра гэта... А цяпер — блытаецца ў мяне ўсё... Давай пра другое... Скажы, ты Зеленюка добра знаеш?
Яна ўзняла на яго шырока расплюшчаныя вочы, нібы здзівілася такому наіўнаму яго запытакню.
— Я не толькі знаю, я нават кахаю яго...
Але зараз жа сама заўважыла сваю злачынную прастадушнасць і паправілася: