Для сярэдняга школьнага ўзросту
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 126с.
Мінск 2002
КРЭКЛ
гісторыя адкрыцці знаходкі п а р а д ы
гісторыя адкрыцці знаходкі п а р а д ы
МІНСК
«МАСТАЦКАЯ ЛІТАРАТУРА»
2002
УДК 087.5:082
ББК 72
Э 94
Серыя заснавана ў 1998 годзе
Укладальнік Н. В. Філіповіч
Для сярэдняга школьнага ўзросту
ISBN 985-02-0582-2
© Філіповіч Н. В., укладанне, 2002
© Кудзіна Т. Я., Мякінка Н. М., Рыжы М. Р., Свентахоўскі У. П., ілюстрацыі, 2002
© Афармленне. ВРУП “Мастацкая літаратура”, 2002
Старонкі гісторыі
Анатоль БУТЭВІЧ, пісьменнік
СЛАВА I НЯСЛАЎЕ КРЭЎСКАГА ЗАМКА
Што мне пекны Парыж, Рым прыгожы і слынны, Што швейцарскія горы, старыя Афіны.
Што мне Вена, што мне Лондан туманны...
Больш за ўсё я бацькоўскаму краю адданы.
В. Дунін-Марцінкевіч
3 ЗАМКАЎ ПАЧЫНАЛІСЯ ГАРАДЫ
Замкі Беларусі... Гэта сапраўды неацэнны культурны і гістарычны нацыянальны скарб. Шмат слаўных і трагічных старонак нашай гісторыі звязана з імі. Калі б не замкі, не мужнасць, адвага і самаахвярнасць іхніх абаронцаў, то мо не было б сёння і беларускай зямлі. Яшчэ і дагэтуль старадаўнія абарончыя комплексы здзіўляюць сваёй магутнасцю, паважнасцю, велічнасцю.
Нават іхнія руіны сведчаць пра былую моц, нават замчышчы ўражваюць сваёй непрыступнасцю. I ўсе гэтыя гняздоўі беларускай славы ахінуты наміткай таямнічасці, атулены шматлікімі легендамі і паданнямі. Без іх і сама гісторыя была б сухой і невыразнай, a яе ўспрыманне — без належнага даўніне рамантычнага арэола. Вось каб удалося расхінуць заслону часу і прачытаць усе таямніцы, выслухаць споведзі ўсіх замкавых прыві-
даў — наколькі ажыла б і зарунела наша гісторыя, якой захапляльнай і непаўторназваблівай стала б яна. He горай, чым у даўно і звыкла прызнаных еўрапейскіх майстроў гістарычна-дэтэктыўнага жанру.
Кажуць, што Беларусь зверху нагадвае карункавы кляновы лісток. Калі б выпала шчаслівая магчымасць узняцца над гэтым лістком, шмат цікавага маглі б мы ўбачыць. Заўважылі б, што, як пульсуючымі жылкамі, ён пранізаны рэчкамі, рэкамі, рачулкамі, ручаямі. A калі б нейкі чараўнік здолеў у адначассе аднавіць усе беларускія замкі, што некалі “грозна, думна” азіралі наваколле, нашаму здзіўленню не было б межаў. Як пагодлівым жніўнем бары густа засяляюцца ляснымі каралямі-баравікамі, так і нашая зямелька спрэс прарасла б цудоўнымі архітэктурнымі ансамблямі.
Замак і замок. На першы погляд паміж гэтымі словамі няма ні прамой сувязі, ні ўзае-
мазалежнасці. Аднак, калі супаставіць глыбінны сэнс абодвух слоў у гістарычнай праекцыі, можна зразумець іхнюю роднаснасць і паяднанасць. Па самай першаснай сваёй сутнасці замкі выступалі сапраўднымі ахоўнікамі беларускай зямлі. Кожны з іх уяўляў надзейны, з індывідуальным сакрэтам замок, які перакрываў шлях ахвотнікам заваяваць нашыя палеткі, лясы, бары, балоты і рэкі, зняволіць нашых людзей.
Нездарма некалі існавала завядзёнка, згодна з якой зямля, няхай сабе па ёй топчуцца заваёўнікі, не лічылася захопленай, пакуль не зломлена супраціўленне замка, пакуль там жывуць і абараняюцца гаспадары. Таму і доўжыліся аблогі замкаў тыдні, месяцы, a то і яшчэ болей.
А беларуская зямля знаходзілася ж на ажыўленым еўрапейскім скрыжаванні. Таму была яна зваблівай як для іншаземных захопнікаў, так і для суседніх князёў і валада-
роў. Практычна ніколі не прыпыняліся тут ні баявыя дзеянні, ні спробы завалодаць гэтым краем шляхам подкупу, падману, інтрыг і хітрыкаў. Рознае бывала на шматвяковым пакручастым шляху беларускай гісторыі. Але чым больш нашы продкі супраціўляліся захопніцкім памкненням дужых, моцных і проста авантурных заваёўнікаў, тым больш, здаецца, ліплі яны. Тым больш жорсткай была расправаз няскоранымі, працавітымі, вольналюбівымі і прыветнымі тутэйшымі людзьмі.
У выніку беларусы скрозь і заўсёды мусілі ўзводзіць абарончыя збудаванні. Каб надзейна абараніць сябе і сваю будучыню. Ці не таму здавён павялося, што кожны беларускі горад, кожнае значнае паселішча пачыналася з узвядзення замка. Пасля ўжо вакол яго пачыналася актыўнае і размаітае жыццё. Беларускія замкі, асабліва больш позняга часу,— гэта не нешта невыразнае, аднастайнае,
змрочна насупленае. Гэта выдатныя архітэктурныя збудаванні, сапраўдныя ўзоры нацыянальнага ваеннага дойлідства. I служылі яны не толькі для абароны. Там жылі іхнія гаспадары, там развіваліся і ствараліся культурна-бытавыя традыцыі, там збіраліся і захоўваліся гістарычныя памяткі, духоўныя і матэрыяльныя скарбы. I гэта, безумоўна, накладвала адбітак на ўвесь уклад замкавага побыту. Такая іхняя своеасаблівасць і адметнасць з максімальнай паўнатой улічвалася пры праектаванні і ўзвядзенні.
Беларускія замкі, як і аналагічныя збудаванні ў іншых краінах, прайшлі працяглы шлях развіцця. Узніклі яны як умацаванае жыллё феадалаў. Часта пачыналі з галоўнай вежы данжона, вакол якой і бруілася далейшае жыццё. Для абароны самой вежы насыпалі высокі земляны вал, капалі роў, узводзілі магутныя сцены. Так узнікаў той замак, да якога мы сёння прызвычаіліся. На самым
далёкім пачатку замкі былі занадта ваяўнічыя, суровыя, нават панурыя. А ўжо з XII стагоддзя знешні выгляд набывае большую вабнасць, нібы дабрэе іхні характар, планіроўка становіцца больш свабоднай. У XIII —XIV стагоддзях замкі нагадваюць цэлыя комплексы пабудоў. Яны выконваюць і іншыя — цывільныя, прадстаўнічыя функцыі. Аж пакуль нарэшце не ператвараюцца ў шыкоўныя і велічныя, багата аздобленыя палацавыя ансамблі. Унутры замкавай прасторы сталі будаваць жылыя і гаспадарчыя памяшканні, цэрквы, студні, ставы, узводзілі стайні, катоўні, вязніцы.
У замкавых турмах адбывалі пакаранне не толькі просталюдзіны. Сюды траплялі і асобы высокіх званняў і пасад. Рассылалі вязняў па замках у залежнасці ад іхняй правіны, суровасці пакарання і ўмоў утрымання. Вось што, напрыклад, згадвае ў сваім Дыярыушы віленскі ваявода, гетман Вялікага княства Літоў-
скага князь Міхал Казімір Радзівіл. У жніўні 1749 года ён спыніўся ў Нясвіжы. A 6 жніўня “па абедзе судзіў суды гетманскія і асудзіў п. Касіцкага... і п. Пласкоўскага... Першаму — на замку Трокскім, другому — на замку Наваградскім, кожнаму па 6 тыдняў сядзець; пачтовых двох, аднаго непрысутнага, другога прысутнага Андрэя Савечынскага на расстралянне, дзевяцёх жа на сядзенне асудзіў у ланцугох у замку Мірскім, па колькідзесят тыдняў”. I звестак такіх па летапісах, у даўніх архіўных справах і мемуарнай літаратуры рассыпана процьма.
3 XVI стагоддзя змяняецца планіроўка саміх беларускіх гарадоў. Ранейшы дзядзінец, якім даўней пазначалі ўмацаваную частку горада, пачынае ператварацца ў крэпасць альбо замак. Гэтую асабліва важную тэрыторыю называлі местам, а ўсе астатнія забудовы, што ўваходзілі ў абаронную зону, — прадмесцяміЗгадайма хоць бы Траецкае прадмесце ў Менску.
Прадмесце называлася яшчэ пасадам, які ў буйных гарадах мог мець некалькі зон. Аднак усё адно знаходзіўся ён за замкавымі сценамі альбо вакол умацаванага дзядзінца. Асобныя зоны пасада напачатку мелі назву канца — як, напрыклад, Пятніцкі канец у Менску, які стаў пасля Татарскім канцом, а яшчэ пазней — Татарскім прадмесцем. Ды ўсё ж у любым горадзе галоўную ролю адыгрывала ўмацаваная і абароненая частка — крэпасць альбо замак.
ЗАМКАВАЯ МОЦ
Безумоўна, замак выконваў найперш абарончую функцыю. Таму заўсёдную неаслабную ўвагу надавалі ягонай моцы і непрыступнасці. Акрамя высокіх вежаў майстравалі таемныя лесвіцы, выхады, падземныя лёхі-тунелі, байніцы і парахавыя паграбы, умацоўвалі артылерыяй і іншай сучаснай на той момант зброяй. Назапашвалі боезапас — сма-
лу, камяні-валуны. Асаблівую ўвагу звярталі на ўваход у замак, які, як правіла, быў адзіным. Яго ахоўвалі моцныя падвойныя дубовыя дзверы на завалах. ГІасля прыдумалі рашоткі-герсы з завостранымі ўнізе жалезнымі палосамі. Яны да пары да часу хаваліся высока ўгары, а ў выпадку раптоўнай небяспекі надзейна блакіравалі ўваход у замак, імгненна падаючы зверху. Узводзілі пляцоўкі для назірання і спецыяльныя навясныя байніцы — машыкулі, “варавыя вокны”, адкуль на ворагаў лілася гарачая смала і падалі важкія камяні.
Сярод старадаўніх магутных абаронцаў беларускай зямлі адным з першых лічыўся і Крэўскі замак. Сёння ад яго засталіся толькі руіны. Але без гэтага замка нельга ўявіць летапіс не толькі тутэйшых мясцін, але і Вялікага княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай. Як дзейсны ўдзельнік гісторыі, замак прысутнічае ў шмат якіх дакументах, з ім цесна знітава-
ны лёс многіх выдатных асоб і тагачасных дзяржаўных дзеячаў. Так было наканавана, што ў крэўскіх мурах спеліліся і запачаткоўваліся важнейшыя, часам лёсавызначальныя падзеі для ўсёй Еўропы. Крэўскі замак стаў сімвалам магутнасці і дзяржаўнай моцы велікакняскіх уладароў. У ім станавілася на крыло наша гісторыя.
Калі б старадаўнія муры раптам набылі здольнасць гаварыць, колькі неверагоднага і непаўторна цікавага, займальнага і нават жудасна-страшнага даведаліся б мы сёння. За сваё размаітае амаль 700-гадовае жыццё Крэўскі замак зведаў славу і няслаўе, шум вялікіх бясед і галас ведзьміных шабасаў, разбурэнне і аднаўленне, багацце і заняпад, візіты знаных гасцей і дзяржаўных асоб. Для добрых людзей ён праяўляў шчырую і шчодрую гасціннасць, а для ворагаў станавіўся непрыступнай крэпасцю. Давялося замку быць сведкам непамысных злачынстваў. Дарэчы, кожны бела-
рускі замак меў падобны лёс. А іхняя таямнічасць, загадкавасць звязаны, магчыма, з тым, што просты люд не меў свабоднага доступу не толькі ў княскія пакоі, але і ў вежы, за пад’ёмныя масты і дубовыя вароты. Таму дамалёўваў замкавы побыт на свой лад. А мо проста ўсе беды і нястачы абяздоленых сялян і месцічаў, якія мусілі сваёй працай узводзіць і ўтрымліваць замкі, звязваліся з бязмежным багаццем князёў і баяр, поўнаўладных гаспадароў не толькі шыкоўных палацаў, а і тутэйшых зямель з усімі іхнімі насельнікамі.
Замкі будавалі ў такіх месцах, якія сама прырода мусіла абараняць ад ворага. Высокая гара, як у Лідскім замку. Сутокі рэк Няміга і Свіслач і вялікае балота на подступах, як у Мінску. Узвышанае месца і рака, як у Крэве. Там, дзе надзейнай прыроднай спрыяльнасці не ставала, выручалі магутныя сцены і высокія вежы, як у Мірскім замку. Часта ахоўную функцыю выконвалі
штучныя ўмацаванні: земляныя валы, вадзяныя равы, як ля Нясвіжскага замка. А сам Радзівілаўскі замак быў абкружаны цэлай сістэмай азёр, цераз якія вяла толькі вузкая грэбля. У выпадку неабходнасці яе можна было хутка разбурыць, надаўшы замку астраўны характар. Многія абарончыя збудаванні дзеля большай непрыступнасці ўдала спалучалі і прыродныя ўмовы, і штучныя ўмацаванні. У самыя-самыя далёкія часы замкі былі драўляныя. Пазней іх будавалі з камення і цэглы, а старыя, драўляныя, перараблялі, умацоўвалі, дадавалі ім моцы і непрыступнасці. Альбо проста пакідалі.