Для сярэдняга школьнага ўзросту
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 126с.
Мінск 2002
Сярод сваіх суродзічаў ён вылучаўся тым, што гэта ледзь не самы старадаўні і першы манументальны помнік прыватнага мураванага дойлідства ў Беларусі. Калі Новагародскі, Гарадзенскі, Крэўскі замкі паўсталі як дзяржаўныя пабудовы, дык Мірскі архітэктурналандшафтны ансамбль узвсдзены выключна на сродкі ягоных гаспадароў. Мажліва, таму і сам замак, і палац унутры двара будаваліся і перабудоўваліся вельмі доўгі час. Практычна цягам усіх 500 гадоў не сыходзілі з яго муроў беларускія дойліды. Яны то даводзілі да ладу палац, які ўрэшцс стаў трохпавярховым, то шчыравалі
над новымі ўмацаваннямі, то аднаўлялі замак пасля варожых асадаў і штурмаў.
А пачынаў будаўніцтва надворны маршалак Вялікага княства Літоўскага берасцейскі стараста Юрый Іллініч. Да ўзвядзення замка было далучана практычна ўсё навакольнае насельніцтва і найперш сяляне. Кожнаму была вызначана свая дзялянка. Адны збіралі на палях вялізнае каменне. Другія звозілі яго на будоўлю. Трэція апрацоўвалі валуны, сартавалі, падганялі адзін да аднаго. Іншыя выбіралі і секлі ў дубовых гаях найбольш гонкія і моцныя дрэвы. Нельга нават пералічыць усе віды работ і ўсіх занятых на ўзвядзенні “памяткі дзён, што ў нябыт уцяклі”. Дзеля гэтага давялося нават цагельні новыя адкрываць.
Але паспешнасці і мітусні на будоўлі не было. Майстры добра ведалі сваю справу, рабілі яе годна, на вякі. Ды так, каб з першага позірку можна было пазнаць беларускую школу. Акрамя магутнасці збудаван-
ня дойліды дбалі і пра яго архітэктурную выразнасць і адметнасць, пра мастацкую аздобу. Мірскі замак вылучаўся з асяроддзя ранейшых збудаванняў сваёй цеплынёй, гармоніяй, знітаванасцю з прыроднымі асаблівасцямі. Але не было ў ім нічога лішняга. Высакароднасць і велічнасць заключалася ў прастаце, выгоднасці і функцыянальнай дасканаласці.
Калі галоўная адметнасць болынасці сярэднявечных замкаў выяўлялася ў тым, каб адважваць няпрошаных гасцей, a не нрывячаць жаданых і пашаноўных, то Мірскі палацавазамкавы комплекс удала паяднаў абедзве гэтыя функцыі. Шыкоўны замкавы палац быў разлічаны на багатае і размаітае княскае жыццё. Таму замак выконваў яшчэ і прадстаўнічыя функцыі як княская рэзідэнцыя. Пасля трохразовай дабудовы палац меў болып за 40 пакояў. Усе яны былі багата ўбраны і аздоблены ў стылі рэнесансу. Паркетная падлога,
выключнай прыгажосці печкі і каміны з рэльефнай кафлі, каваныя з медзі падсвечнікі, каляровае шкло і вітражы ў вокнах, мноства скулыітурных выяваў, разьба — усё гэта мусіла засведчыць багацце і ўладную сілу гаспадароў замка. Здзіўленне шматлікіх гасцей выклікалі калекцыі дарагой зброі, карцін, старых кніг, габелены, знакамітыя карэліцкія шпалеры.
Знешне замак таксама вылучаўся сваёй аздобай. Сцены ўпрыгожвалі два паясы арнаменту з цэглы. Пабеленыя вапнай дэкаратыўныя нішы рознай велічыні і формы надавалі яму асаблівую ўрачыстасць. Цікавымі ўстаўкамі ў сценах і вежах з’яўляліся вялізныя камяні.
Гэты гадаванец многіх дойлідавых рук натуральна ўвабраў у сябе рысы не толькі ранейшых стыляў, а і стаў прыкладам новай архітэктурнай выразнасці, заснаванай на еўрапейскім вопыце замкавага будаўніцтва.
Ад спічастых, халодных і суровых, часам нават змрочных збудаванняў ранейшага часу Мірскі замак адрозніваецца большай адухоўленасцю і прыветнасцю. Ці не таму жыхары Міра казалі, іпто ад увахода ў замак пачынаецца сімвалічны шлях у сталіцу Вялікага княства Літоўскага Ві'льню. Гэта павінна было сведчыць пра блізкасць уладароў замка да велікакняскага пасада, гіра ролю палацава-замкавага комплексу ў тагачаснай дзяржаве.
Так яно было і на самай справе. Пазнейшыя гаспадары Міра князі Радзівілы, якім замак належаў каля 300 гадоў, мелі гучную славу ў Вялікім княстве і Рэчы Паспалітай як род знаны, магутны і ўплывовы ў сферы культуры, навукі, збіральніцтва, у палітычных і дзяржаўных справах. А замак ад самага свайго нараджэння стаў адметным абарончым збудаваннем. Па форме ён нагадвае чатырохвугольнік са сценамі каля 75 метраў удоўжкі і
13 метраў увышкі. Тры баявыя ярусы забяспечвалі надзейную агнявую магутнасць. На самым ніжнім узроўні размяшчаліся каля 30 байніц для гармат. Сярэдні ярус нагадваў галерэю з мноствам ружэйных байніц, з якіх можна было весці агонь як па знешніх нападоўцах, так і па тых, якім удалося б уварвацца ўнутр. Трэці ярус знаходзіўся на версе сцен. Баявой сілы замку дадавалі адзіныя на ўсю дзяржаву машыкулі навясныя байніцы на сценах і вежах, а таксама “варавыя вокны”, адкуль на галовы ворагаў ляцелі буйныя камяні і лілася гарачая смала.
Але галоўнай адметнасцю Мірскага замка з’яўляліся, безумоўна, вежы. Яны ўзвышаліся ў чатырох вуглах, выступалі з-за сцен замка. Кожная нагадвала квадрат 10 на 10 метраў. Увышкі яны дасягалі да 25 метраў. Каб утрымаць гэткі важкі стоўп, зрабілі глыбокі, ажно на 4 метры, фундамснт з вялізных валуноў. Вежы мелі 5 паверхаў рознага пры-
значэння, складаную сістэму хадоў, унутраных лесвіц і пераходаў. На ўсіх паверхах знаходзіліся гарматныя і ружэйныя байніцы. Калі ў аснове сваёй вежы нагадвалі квадрат, то з 4-га яруса ператвараліся ў васьміграннік. Кожная вежа мела сваю архітэктурную індывідуальнасць, а агульны арнамент не толькі яднаў іх між сабой, але і ўдала гарманіраваў з аздобай сцен. Усё гэта стварала непаўторны воблік і цешыла вока сваёй пекнатой і велічнасцю. Кажуць, што гэткі палацава-замкавы комплекс быў адзіны на ўсе навакольныя землі Полынчы, Расіі і Балтыйскага краю.
Але найбольш дасканалай і самай высокай была пятая, уваходная, вежа ў цэнтры заходняй сцяны. Яна мела 6 паверхаў-ярусаў, большыя памеры. У гэтай вежы знаходзіўся адзіны ўваход у замак, які ахоўвалі двое дубовых варот на моцных запорах. Для большай надзейнасці і перасцярогі ад розных нечаканасцей была змайстрава-
на спецыяльная рашотка з завостранымі ўнізе жалезнымі палосамі. Яна называлася repeal! і звычайна спачывала ў спецыяльным схове ўгары. У выпадку небяспекі імгненна надала ўніз і перакрывала ўваход альбо стварала пастку тым, каму ўдалося прарвацца за першыя вароты. У гэтай вежы знаходзілася капліца, як і ў іншых — падвальная турмавязніца. Угары адбіваў меладычнымі звонамі мірскі час вежавы гадзіннік.
А калі пазней узброеная магутнасць захопнікаў узрасла за кошт артылерыі, уладальнікі замка мусілі зрабіць яшчэ болып надзейную ахову ўвахода. На італьянскі манер перад варотамі была збудавана вялізная паўкруглая сцяна — барбакан. Унутры яго выкапалі роў. Цераз яго быў перакінуты спецыяльны пад’ёмны мост. Калі яго падымалі, ён станавіўся яшчэ аднымі велізарнымі варотамі, акаванымі жалезам з шыпамі. Звонку перад сценамі ўзвялі спецыяльныя бастыё-
ны — умацаванні з гліны, пяску і зямлі.
Мы згадвалі ўжо італьянскія элементы ў канструкцыі замка. Гэта не было выпадковым. Адзін з яго ўладальнікаў нясвіжскі князь Мікалай Крыштоф Радзівіл Сіротка меў схільнасці да розных нечаканых праектаў і дзеянняў. У 1583 — 1584 гадах ён здзейсніў паломніцтва ў Ерусалім, пра што напісаў займальны дзённік. Па дарозе наведаў Італію, дзе ў вока князю ўпала шмат што з тагачаснага замкава-палацавага будаўніцтва, з пекнай італьянскай архітэктуры. Князь “захварэў” на італьянскія манеры. А калі вярнуўся, то загадаў выпісаць з Італіі майстроў, якія не толькі ў Нясвіжскім замку, але і ва ўсім горадзе наводзілі лоск.
Выдатны архітэктар Ян Марыя Бернардоні збудаваў у 1586—1593 гадах знакаміты езуіцкі касцёл, які называецца сёння фарным. Роўных яму не было ў цэлай Еўропе. У касцельнай архітэктуры і аздобе
5 9
міжволі адбіліся тагачасныя палітычныя, рэлігійныя і эстэтычныя спрэчкі. Езуіты, якія вялі барацьбу з Рэфармацыяй, нават архітэктурнаму стылю Рэнесанса з ягонай суровай прастатой проціпаставілі больш эмацыянальнае і цёплае eapoKa. Нясвіжскі касцёл стаў першым ва Усходняй Еўропе і другім у свеце гэтага стылю.
Пра славутага архітэктара Бернардоні гісторыя захавала нямала легенд. Кажуць, што ён меў дачыненне да будаўніцтва галоўнага храма езуітаў у Рыме Іль Джэзу, які распачынаў стыль барока. Іншыя сцвярджаюць, што Бернардоні быў знаёмы з самім Мікеланджэла і браў удзел у будаўніцтве рымскага Сабора святога Пятра. У ЕІясвіжы ён працаваў 13 гадоў. Дзякуючы ягоным старанням замак, фарны касцёл ды і сам Еіясвіж сталі зіхоткімі перлінамі беларускай зямлі. Захаваліся звесткі, што Бернардоні і яго вучні мелі дачыненне і да ўдасканалення Мірскага замка. А пыхлівыя Радзівілы, як сведчаць легенды,
далі майстру “вартую адплату”: каб не здолеў паўтарыць нясвіжскі шэдэўр яшчэ дзе-небудзь, яго асляпілі.
Італьянскі дух запанаваў і ў Мірскім замку, які стаў на час рэзідэнцыяй Радзівілаў. За знешнім валам быў закладзены багаты “італьянскі сад”, аранжарэя. Адных толькі цеплалюбівых раслін з усіх куткоў свету тут мелася больш за 400. Былі збудаваны ставы, каналы, млыны. А непадалёку з’явіўся нават звярынец, дзе жылі і вучоныя мядзведзі-акадэмікі. Бо з захопленасці Радзівілаў і з іхняй падтрымкі ў Смаргоні была адкрыта знакамітая на ўсю Еўропу мядзведжая акадэмія, дзе касалапых мішкаў вучылі на вандроўных артыстаў.
3 Радзівіламі звязана і яшчэ адна цікавая старонка ў гісторыі Міра і замка. Незвычайныя запісы на ёй зрабіў знаны сваімі дзівацтвамі і штукарствам князь Караль Станіслаў Радзівіл, празваны ў народзе Пане Каханку. Ён уся-
ляк заахвочваў пасяленне ў Міры цыганоў, апекаваўся імі. Пры ім Мір стаў сапраўднай цыганскай сталіцай на ўсё Вялікае княства, а цыганы адчувалі сябе тут ледзь не галоўнымі насельнікамі.
Вядомы самы першы дакумент, які пісьмова засведчыў побыт цыганоў на беларускіх землях. Гэта прывілей вялікага князя Аляксандра Казіміравіча ад 25 мая 1501 года, які захоўваўся ў нясвіжскім архіве князёў Радзівілаў. Прывілей зацвярджае на пасадзе старшага войта, па-сённяшняму — барона, Васіля і надае яму “моц і права судзіць цыганоў і разбіраць усялякія спрэчкі паміж імі. Войт Васіль і яго цыганы ва ўсіх землях нашых Вялікага княства Літоўскага і ў яго валасцях павінны мець поўную свабоду паводле даўных правоў, звычаяў і даўных княскіх лістоў”. Спасылка на “даўныя правы” і “даўныя княскія лісты” сведчыць, што цыганы і да гэтага былі звязаны з беларускімі землямі, мелі тут добрае спрыянне.