Эўрыка 2002

Эўрыка

2002
Для сярэдняга школьнага ўзросту
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 126с.
Мінск 2002
36.8 МБ
У XVIII стагоддзі яны стала атабарыліся і ў Міры, які належаў Радзівілам. Князь Караль Станіслаў Радзівіл наладжваў тут шумныя балі, гулянкі. Ён меў асаблівыя адносіны да цыганоў, захапляўся іхнімі звычаямі, падтрымліваў іх. Пане Каханку даваў цыганам прывілеі на вольны гандаль у ваколіцах Міра і Нясвіжа.
У знак асаблівай пачцівасці да смуглатварых дзяцей ветру князь увёў тытул цыганскага караля, надзяліў яго шырокімі правамі. Цікавай была працэдура выбараў. Караля выбіралі з багатых і статных цыганоў. Адбывалася гэта на Мірскім полі. Сюды з’язджаліся табары з усяго Княства. Гэта было сапраўднае шматлюднае і шматдзённае свята. Новаабранага вярхоўнага кіраўніка тройчы з радаснымі воклічамі падымалі на руках угару. Пасля падносілі розныя падарункі. Першацыган меў вялікую ўладу над сваімі суродзічамі, мог караць іх і мілаваць, чым карыстаўся поўнай мерай.
У Польшчы выбраныя цыганскія кіраўнікі атрымлівалі пацвярджэнне сваёй улады з каралеўскай канцылярыі. А ў Вялікім княстве на пасаду іх узводзілі Радзівілы. Згодна з гэтай традыцыяй, Пане Каханку сваёй граматай ад 22 ліпеня 1778 года зацвердзіў каралём цыганоў у Міры мешчаніна Яна Марцінкевіча. Гэта быў самы каларытны і няўрымслівы кароль, нястомны аматар розных штукарстваў.
На манер свайго апекуна і настаўніка Караля Радзівіла, Ян Марцінкевіч любіў праявіць уладу, паказаць сваю каралеўскую мосць. Як сапраўдны кароль, ён збудаваў у Міры шыкоўны палац, дзе вясёлае жыццё віравала нібы ў шатры. На шумныя цыганскія зборы сюды прыязджалі знаныя польскія асобы, пашаноўныя госці, Радзівілы. За 12 пасадных гадоў Ян Марцінкевіч шмат натварыў дзівацтваў. Пры ім цыганская сталіца не раз звінела вясёлымі песнямі, шумела пышнымі святамі і відовіш-
чамі. Слава пра яе разнеслася далёка па ваколіцах. Як сведчыць беларускі этнограф 3. Даўгяла, апранаўся кароль модна, замест шаблі насіў бізун. “Калі трэба было яму ехаць, то звычайна ўперадзе ехалі дзесяць спевакоў з кіраўніком (паўкерам), які біў рэмнем па кацялках. За спевакамі ехаў сам кароль на добрым кані, вельмі хораша прыбраным. Ззаду за ім — сем цыганоў у рознакаляровым убранні. За імі вялі некалькі троек парожніх коней. Затым, у старасвецкім рыдване, які быў вымаляваны ў пунсовы колер, ехала каралева на васьмёрцы коней”.
Захаваліся звесткі, што кароль любіў катацца ў пазалочанай карэце, запрэжанай дванаццаццю коньмі. Суправаджаў яе вялікі і размаіты натоўп рознага служылага каралю люду, коннікі. Гэткую ж світу меў ён і падчас пешых праходак. А сустрэчныя цыганы мусілі ў пакорлівай схіленасці вітаць свайго Бацю Яна.
Марцінкевіч быў апошнім цыганскім каралём у Міры. Пасля смерці Яна трон атрымаў яго сын, які неўзабаве кінуў-рынуў усё набытае і вольным ветрам разам са сваімі суродзічамі паляцеў у Турцыю. Тыя ж, што засталіся ля замкавых сцен, стваралі свае суконныя, ткацкія і скураныя мануфактуры, якія праславіліся на ўвесь край. Цыганскае палатно вызначалася добрай якасцю і носкасцю. У многіх міран доўга захоўвалася гэтае ткацтва. 3 яго нават шылі царкоўныя шаты. А пра не вельмі сумленных людзей хадзіла прымаўка: “Майстар з Міра, што цяў, то й дзіра”.
Калі не стала цыганскага караля, знікла патрэба і ў цыганскай рэзідэнцыі. Аднак багаты рыштунак з палаца Яна Марцінкевіча да самага пачатку XX стагоддзя захоўваўся ў Мірскім замку.
Праславіўся Мір сваімі шматлюднымі конскімі базарамі. Сюды збіралася гэтулькі народу, што мясцовыя жыхары
жартавалі: з-за коней і цыганоў свету божага не відаць. Часта купля-продаж абрастала такімі пацешнымі абставінамі, што нагадвала дзівосную забаву, паглядзець на якую збіраўся цэлы натоўп. Здатнымі майстрамі аказаліся аселыя цыганы ў гадоўлі мядзведзяў. Займаліся яны і кавальствам, слясарнай справай, выразалі з дрэва. Яшчэ мо і сёння ў жыхароў Міра захоўваюцца іхнія драўляныя сальніцы, бочкі, дзежкі, міскі, дзіцячыя цацкі і іншыя вырабы.
Такая вось “цыганская” старонка ў гісторыі Міра. Спрычыніліся да яе багатыя, вясёлыя і санавітыя Радзівілы, шматгадовыя гаспадары Мірскага замка. I толькі ў 1812 годзе яго ў Радзівілаў адабралі. За тое, што ў вайне з Напалеонам сталі на бок французаў. У падтрымку Напалеона выступіў нясвіжскі князь Дамінік. Гэта ён паспеў схаваць галоўныя замкавыя каштоўнасці, калі адчуў, што хутка ў Нясвіж увойдуць царскія войскі. A
вось дзе схаваў, невядома і дагэтуль, бо тайну забраў з сабой Дамінік, які загінуў у адным з баёў. Ён жа схаваў і славутыя залатыя скульптуры 12 апосталаў, якія мелі амаль чалавечы рост. Дзе іх толькі не шукалі і не шукаюць дагэтуль. У Нясвіжскім і Мірскім замках, у іхніх ваколіцах. Але таямніца не даецца ў рукі. Кажуць, што апосталы самі перахоўваюць схаванае і аб’явяцца людзям толькі тады, калі адчуюць, што надышла спрыяльная пара. Цяпер Нясвіжскі замак стаіць на парозе грунтоўнага і сур’ёзнага аднаўлення і рэстаўрацыі. I, мажліва, апосталы чакаюць, калі зноў пачне дзейнічаць падземны ход з Нясвіжа ў Мір, па якім Радзівілы любілі катацца на мядзведзях. Тым болып што ў Мірскім, відаць, дагэтуль захавалася шмат яшчэ не даследаваных лёхаў і падзямелляў. Авось пашанцуе? 11 тады не толькі з’явяцца залатыя апосталы, але і ўсе зніклыя багацці Радзівілаў. А ранейшы падзем-
ны мядзведжы шлях ператворыцца ў ажыўлены турыстычны маршрут. Засталося зусім мала — стварыць неабходныя ўмовы апосталам, задобрыць іх ды давесці да ладу Нясвіжскі і Мірскі замкі.
Ва ўсе часы існавання Мірскага замка ягоныя гаспадары мелі яшчэ адну адметнасць — небывалую пыху. Гэта датычыцца і першабудаўніка замка, і ягоных пазнейшых гаспадароў Радзівілаў, і нават самага апошняга ўладальніка былога царскага дыпламата князя Міхаіла СвятаполкМірскага. Але пачатак гэткай пыхлівай ганарлівасці ўсё-ткі паклаў Юрый Іллініч. Раней часта ставілася пытанне: як мог узнікнуць замак на даволі бяспечнай прасторы, не на ажыўленым скрыжаванні ваенных дарог, у адносна спакойны час. Ды і сам фундатар быў не надта багаты, каб узводзіць за свае грошы гэткае манументальнае збудаванне. Акрамя іншых прычын на першае месца ставілі моцнае жаданне
Іллініча вылучыцца, атрымаць прызнанне і павагу ў высокім асяроддзі. Гэта ўсяляк падтрымліваў пазнейшы апякун малалетняга ўнука першабудаўніка, таксама Юрыя, нясвіжскі князь і будучы вялікі канцлер літоўскі Мікалай Радзівіл Чорны. Імкненне да самасцвярджэння і самаўзвелічэння вылілася ўрэшце ў атрыманне ў 1553 годзе тытула графа Свяшчэннай Рымскай імперыі. А замак стаў цэнтрам Мірскага графства.
Пазней граф Юрый Іллініч пераказаў мірскія ўладанні сыну свайго апекуна Мікалаю Крыштофу Радзівілу, які і закончыў трэці этап будаўніцтва палаца. У гэткай пекнай рэзідэнцыі можна было прымаць і вельмі высокіх гасцей. Захаваліся звесткі, што не толькі Нясвіж, але і Мір наведаў у 1705 годзе апошні польскі кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Ён гасціў тут у князя Пане Каханку. Але гэта быў трывожны час у гісторыі Рэчы Паспалітай. Таму вядомы да-
6 6
следчык і гісторык Ю. Ядкоўскі трохі іранічна зазначаў, што гэтае гасцяванне праходзіла ў крывавым зарыве польскай гісторыі, якая хілілася ўжо да свайго скону. А гэтыя morituri за бесклапотным частаваннем нават не заўважалі, што рука лёсу крэсліць ужо свой суровы вырак, што лічаныя дні адпушчаны і замку, і каралю, і польскай дзяржаве.
Так яно ўрэшце і сталася. Шматлікія ваенныя падзеі паступова падрывалі баявую магутнасць замка, нішчылі яго ролю ў гісторыі краю. Пацярпеў замак ад царскага войска, ад шведскай аблогі. Яго штурмам узяў у 1706 годзе шведскі кароль Карл XII. Спыніўся знакаміты мірскі гадзіннік, які апошні раз у 1686 годзе адрамантаваў таленавіты майстар Юцэвіч. Усё дачыста было паламана, зруйнавана і выгарала падчас пажару. Але найбольшыя разбурэнні напаткалі замак у час вайны з Напалеонам.
ГІасля гэтага змяніліся і гаспадары замка. Мір і Нясвіж былі аддадзены Антонію Радзівілу. Іншыя ўладанні дасталіся дачцэ апальнага Дамініка і выхаванцы імператара Стэфаніі. Каб захаваць радзівілаўскія ўладанні, яна намервалася выйсці замуж за аднаго з Радзівілаў, які жыў у Берліне. Аднак высокі апякун не мог гэтага дазволіць, помсцячы за здраду Дамініка, які ваяваў на баку французаў. У 1828 годзе Стэфанія выйшла замуж за царскага ад’ютанта князя Людвіга Вітгенштэйна, якому і стала належаць Мірскае графства. Аднак замкам новы гаспадар не апекаваўся. Былая вялікалітоўская памятка і велічны помнік беларускага абароннага дойлідства прыходзіць у заняпад.
Калі ў 1853 годзе яго пабачыў Уладзіслаў Сыракомля, ён сумна пісаў: “...устае ва ўсёй велічы сваіх руінаў Мірскі замак... Руіны з чырвонай цэглы прыгожа глядзяцца на зялёным фоне даўніх валоў і
блізкага саду. Гнёзды буслоў на вежах па-асабліваму і вельмі добра аздабляюць тое, што засталося ад замка, — яму, нягледзячы на моцныя яшчэ сцены, ужо ніколі, мусіць, не ўваскрэснуць”.
Аднак памыліўся знаны літаратар і даследчык даўніны. У 1891 годзе князь Мікалай Святаполк-Мірскі купіў замак у князя Л. Вітгенштэйна. У 1904 годзе ў парку была збудавана капліца-пахавальня, на якой захавалася маляўнічае пано з выявай Спаса.
Сын Мікалая, расійскі дыпламат Міхаіл, пасля рэвалюцыі 1917 года аказаўся без пасады і прыехаў у Мір. 3 1921 года ён стала жыў у замку. Апошні яго ўладальнік сівабароды Міхаіл СвятаполкМірскі (памёр у 1938 годзе), як расказваюць людзі, быў трохі дзівакаватым і дзікаватым князем. Жыў ён адзінока ў адной з вежаў, стварыў там сапраўды сярэднявечную абстаноўку, нікога не прымаў, ні з кім не сустракаўся. Аднак
пры ім пачалося найбольш актыўнае аднаўленне старадаўняй памяткі. Ён так актыўна распачаў аднаўленчыя работы, што замак на вачах мяняў сваё аблічча. Упарадкаваў іювы гаспадар і наваколлі.
У час Вялікай Айчыннай вайны ў замку знаходзілася яўрэйскае гета. У “італьянскім садзе” было расстраляна некалькі тысяч бязвінных ахвяр.
А знявечаны вайной старадаўні замак на доўгі час даў прытулак гэткім жа знявеча-
ным мясцовым жыхарам і бежанцам. Аж да пачатку 1960-х гадоў жылі ў ім людзі.
Зараз гэтая неацэнная перліна беларускай зямлі стараннямі дзяржавы аднаўляецца. Неўзабаве заззяе замак усімі сваімі шматсотгадовымі фарбамі і аздобамі. А за свой маладзецкі выгляд і за стараннасць рэстаўратараў у 2000 годзе ён унесены ЮНЁСКА ў спіс сусветнай культурнай спадчыны як з’ява неацэннага гістарычнага багацця.