• Газеты, часопісы і г.д.
  • Габсэк; Бацька Гар’ё  Анарэ дэ Бальзак

    Габсэк; Бацька Гар’ё

    Анарэ дэ Бальзак

    Выдавец: Юнацтва
    Памер: 304с.
    Мінск 1996
    114.16 МБ
    1 Талейран, Шарль Морыс (1754—1838) — вядомы пры Напалеоне I дыпламат і палітык, які вызначаўся надзвычайнай беспрынцыповасцю.
    экіпажа, што праязджаў пад вокнамі, і не хочучы ўзмацняць голасу. На ўзор Фантанэля ён дбайна ашчаджаў сваю жыццёвую энергію1 і гнаў прэч усякія чалавечыя пачуцці. Яго жыццё цякло ціха, як бяжыць пясок у старым пясочным гадзінніку. Здаралася, праўда, што яго ахвяры гучна абураліся, уздымалі немаведама які гвалт, але ўрэшце надыходзіла мёртвая цішыня — быццам на кухні, дзе толькі што зарэзалі качку. I толькі пад вечар чалавек-вэксаль ператвараўся ў звычайнага чалавека, a злітак металу ў ягоных грудзях — у чалавечае сэрца. Калі ён бываў задаволены скончаным днём, ён паціраў рукі, і з глыбокіх зморшчын на яго твары быццам праменілася весялосць, — далібог, цяжка знайсці іншыя словы, каб перадаць гэтую яго нямую ўсмешку, Гэтую гульню мускулаў на яго твары, якая выяўляла, відаць, тыя самыя пачуцці, што і бязгучны смех Скураной Панчохі2. Заўсёды, нават у хвіліны найбольшай радасці, ён быў ашчадны на словы і стрымліваў свае пачуцці. Такога вось суседа паслаў мне лёс, калі я, працуючы тады яшчэ малодшым пісцом у канторы страпчага і будучьі студэнтам апошняга курса на факультэце права, жыў на вуліцы Грэ. У гэтым змрочным і сырым доме не было двара, усе вокны выходзілі на вуліцу, а пакоі нагадвалі манаскія келлі: усе аднолькавай велічыні, з адзінымі дзвярыма, што вялі ў доўгі цёмны калідор з маленькімі акенцамі. Зрэшты, некалі гэты будынак напраўду служыў манастырскім заезным дваром. У такім змрочным жытле любы свецкі гарэза адразу губляў усю сваю бойкую гуллівасць яшчэ раней, чым заходзіў да майго суседа; дом і яго жыхар вельмі добра дапасоўваліся адно да аднаго — як скала і прыліплая да яе вустрыца. Адзіны чалавек, з якім стары, як кажуць, падтрымліваў адносіны, быў я. Ён часам заходзіў да мяне папрасіць агню, браў пачытаць якую кнігу або газету, і дазваляў мне таксама заходзіць увечары ў свой катушок, дзе мы, здаралася, гутарылі, калі ён меў схільнасць да гэтага. Такія знакі даверу былі плёнам чатырохгадовага суседства і маіх узорных паводзін, якія тлумачыліся адсутнасцю ў мяне грошай і
    1 Бальзак мае на ўвазе ў вышэйшай ступені ўраўнаважапы і спакойны характар французскага пісьмснніка Фантанэля (1657—1757).
    2 Скураная Панчоха — мянушка паляўнічага Наці Бумпо, героя серыі раманаў амерыканскага пісьмснніка Фенімора Кунера (1789— 1851).
    рабілі маё жыццё шмат у чым падобным да жыцця старога. Ці былі ў яго сваякі, сябры? Бедны ён быў ці багаты? Ніхто не здолеў бы адказаць на гэтыя пытанні. Я ніколі не бачыў грошай у яго ў руках. Яго багацце, калі яно і было, захоўвалася, відаць, у сутарэнні нейкага банка. Ён сам спаганяў па выдадзеных яму вэксалях і сам бегаў па ўсім Парыжы на сваіх танклявых, сухіх, нібы ў аленя, нагах. Аднаго разу, дарэчы, ён такі пацярпеў праз сваю празмерную асцярожлівасць. 3 нейкай прычыны ў яго было тады пры сабе золата, і раптам адна манета — а гэта быў падвойны напалеяндор — выпала з кішэні яго камізэлькі. Жыхар, што ішоў па прыступках следам за старым, падняў манету і хацеў яе вярнуць. Але стары замахаў рукамі:
    — Гэта не мая! — закрычаў ён. — Золата! У мяне? Няўжо я жыў бы так, як жыву, каб быў багаты?!
    Штораніцы ён сам варыў сабе каву на жалезнай пячурцы, якая стаяла ў закуродымленым куце побач з камінам; абед яму прыносілі з рэстарацыі; і ў строга вызначаны час старая брамніца прыходзіла прыбіраць у яго пакоі. Прозвішча ў яго — з дзіўнай волі выпадку, які Стэрн назваў бы прадвызначальным, — было вельмі нязвыклае: Габсэк1. Пазней, калі ён даручыў мне весці яго справы, я даведаўся, што да пачатку нашага з ім знаёмства яму ўжо было семдзесят шэсць гадоў. Ён нарадзіўся ў 1740 годзе ў прадмесці Антверпена; маці ў яго была жыдоўка, бацька — галандзец; поўнае яго імя гучала так: Жан-Эстэр ван Габсэк. Вы, напэўна, памятаеце тую справу з забойствам жанчыны, празванай Гожаю Галандкай, — справу, якая так захапіла свайго часу ўвесь Парыж. Дык вось, калі я ў размове з суседам паміж іншым прыгадаў пра гэтую падзею, стары, без ніякае зацікаўленасці і эмоцый, паведаміў:
    — Яна была мая ўнучатая пляменніца.
    I гэта было ўсё, што здолела выклікаць у яго смерць ягонай адзінай спадкаемніцьі, унучкі яго сястры. На судовым разборы я даведаўся, што сапраўднае імя Гожай Галандкі было Сара ван Габсэк. I калі я папрасіў яго растлумачыць тую дзіўную акалічнасць, чаму ўнучка яго сястры насіла ягонае прозвішча, ён адказаў з усмешкай:
    — У нашым родзе жанчыны ніколі не выходзілі замуж.
    1 Той, хто харчуецца сухама (франц.).
    Гэты дзіўны чалавек ні разу не захацеў убачыць ніводную прадстаўніцу чатырох жаночых пакаленняў, што складалі яго радню. Ён ненавідзеў сваіх спадкаемніц і нават думкі не дапускаў, каб хто-небудзь мог завалодаць яго багаццем нават пасля яго смерці. У дзяцінстве маці ўладкавала яго юнгам на карабель, і ў дзесяцігадовым узросце ён адплыў да земляў, якімі Галандыя валодала ў ОсТ-Індыі. Там ён бадзяўся цэлыя дзесяць гадоў. I цяпер у зморшчынах яго жаўтаватага лба хаваліся, відаць, сляды цяжкіх выпрабаванняў і неспадзяваных, страшных падзей, нечаканых удач, рамантычных гісторый і бязмернае радасці, галодных дзён і няўдалага кахання, вялікага багацця, банкруцтва і новага ўзбагачэння, і, вядома ж, смяротнай небяспекі, калі жыццё вісіць на адным валаску і яго ратуюць лічаныя імгненні ці раптоўны бязлітасны і рашучы ўчынак, які можа апраўдаць толькі жыццёвая неабходнасць. Ён ведаў месье дэ Лалі, адмірала Сімеза, месье дэ Кергаруэта і д’Эстэна, байі дэ Сюфрэна, месье дэ Партандзюэра, лорда Карнуэлса, лорда Гастынгса, бацьку Тыпа-Саіба і Тыпа-Саіба самога1. 3 ім вёў справы той самы саваяр, што служыў у Дэлі ў раджы Махаджы-Сіндыяха і дапамагаў узвышэнню магутнасці дынастыі Махаратаў. Былі ў яго нейкія сувязі і з Віктарам Юзам ды іншымі славутымі карсарамі, бо ён доўга жыў на востраве Сен-Тама. Ён усяго паспытаў, спрабуючы разбагацець, і хацеў нават знайсці знакаміты залаты скарб, закапаны племем дзікуноў недзе ў ваколіцах Буэнас-Айрэса. Ён меў дачыненне да ўсіх перыпетый вайны за незалежнасць Злучаных Штатаў. Але пра Індыю ці Амерыку ён гутарыў толькі са мною, дый тое вельмі рэдка, і кожны раз пасля гэтага нібыта раскайваўся за сваю «балбатлівасць». Калі лічыць чалавечнасць і лучнасць людзей своеасаблівымі рэлігіямі, дьік Габсэка можна было б назваць атэістам. Хоць я ставіў сабе за мэту вывучыць гэтага чалавека, але, на свой сорам, павінен прызнаць, што да апошняй хвіліны яго душа так і засталася для мяне таямніцай за сямю пячаткамі. Часам я нават пытаўся ў сябе, якога ён полу. Калі ўсе ліхвяры — падобныя да яго, дык, пэўна, яны ўсе павінны належаць
    1 Тут упамінаюцца імёны ваенных і палітычных дзеячаў Францыі, Англіі і Індыі часоў англа-французскай барацьбы за ўладу ў Індыі (50—60-я гады XVIII ст.) Кергаруэт, дэ Партандзюэр — персанажы «Чалавечай камедыі».
    да роду бясполых. Ці захоўваў ён вернасць рэлігіі сваёй маці, лічачы ўсіх хрысціян за здабычу? Ці стаў каталіком, магаметанінам, прыхільнікам брахманізму ці лютэранінам? Я нічога не ведаў пра яго веравызнанне. Ён здаваўся хутчэй абыякавым да рэлігійных пытанняў, чым добрым вернікам. Увогуле ён ужо сам ператварыўся ў залатога балвана, за што яго ахвяры — дзеля смеху ці дзеля кантрасту — далі яму мянушку «тата Габсэк». Аднойчы вечарам я чарговы раз зайшоў да гэтага чалавека. Ён сядзеў, як звычайна, у сваім глыбокім фатэлі, нерухомы, як стод, утаропіўшыся ў выступ на каміне і нібыта перабіраючы ў думках свае ўліковыя квіткі ды цэтлікі. Закуродымленая лямпа на аблезлай зялёнай падстаўцы кідала цьмянае святло на яго твар, не ажыўляючы яго ніводнаю фарбай, і ён толькі здаваўся яшчэ больш бледным. Стары зірнуў на мяне і моўчкі паказаў рукой на крэсла, дзе я звычайна сядзеў.
    «Пра што думае гэты чалавек? — пытаўся я ў сябе. — Ці ведае ён, што на свеце ёсць Бог, пачуцці, жаночае каханне, шчасце?»
    I мне нават зрабілася неяк шкада яго, быццам ён быў цяжка хворы. Але я выдатна разумеў, што, маючы мільёны ў банку, ён можа ў думках уяўляць сабе, што валодае ўсімі краінамі, якія аб’ездзіў, аблазіў, узважыў, ацаніў, абрабаваў.
    — Дзень добры, тата Габсэк, — сказаў я.
    Ён павярнуў галаву, і яго густыя чорныя бровы ледзь зварухнуліся, — гэты характэрны ў яго рух быў раўназначны самай ветлівай усмешцы ў жыхара поўдня.
    — Непіта вы хмурыцеся сёння, як таго дня, калі атрымалі паведамленне пра банкруцтва кнігавыдаўца, якога гэтак хвалілі за спрыт, ды ўрэшце зрабіліся ягонай ахвярай.
    — Ахвярай? — здзіўлена перапытаў ён.
    — А памятаеце, ён дамогся тады ад вас палюбоўнага пагаднення перапісаць усе вэксалі на падставе сваёй неплацежаздольнасці, а потым, калі справы ў яго наладзіліся, спасылаючыся на гэтае пагадненне, запатрабаваў, каб вы зменшылі яму доўг.
    — I праўда, ён быў хітрун, — пагадзіўся стары. — Але потым я зноўку яго прыціснуў.
    — Можа, вам пара ўжо спаганяць па якіх-небудзь вэксалях? Здаецца, сёння трыццатае.
    Я ўпершыню загаварыў з ім пра грошы. Ён ускінуў на мяне вочы і неяк кпліва варухнуў брывамі; а потым ціхім пісклявым галаском, вельмі падобным да гуку флейты ў руках няўмелага музыканта, прамовіў:
    — Я забаўляюся.
    — Дык вы часам і забаўляецеся?
    — А вы думаеце, паэт — толькі той, хто друкуе вершы? — спытаў ён, паціскаючы плячыма і пагардліва прыжмурваючыся.
    «Паэзія? У такой галаве?» — здзівіўся я, бо тады яшчэ нічога не ведаў пра яго ранейшае жыццё.
    — А ў каго можа быць болей бліскучае жыццё, чым у мяне? — сказаў ён, і позірк у яго загарэўся. — Вы малады, у вас бунтуе кроў, а ў галаве праз гэта — туман. Вы глядзіце на распаленыя галавешкі ў каміне і бачыце ў агеньчыках жаночыя твары, а я ў іх бачу толькі вуголле. Вы ўсяму верыце, а я не веру нічаму. Што ж, вядома, вы можаце і далей песціць свае ілюзіі. А я вам зараз скажу, да чаго ўвогуле зводзіцца чалавечае жыццё. Будзьце вы бадзягам-вандроўнікам ці дамаседам, які ніколі не адыходзіць ад каміна ды жонкі, усё адно ўрэшце надыходзіць узрост, калі ўсё жыццё паўстае як простая звычка да любага вам асяроддзя. I тады шчасце — у практыкаванні сваіх здольнасцяў адносна рэальнасцей жыцця. Апроч гэтых двух правіл, усё астатняе — фалып. У мяне, напрыклад, прынцыпы мяняліся згодна з абставінамі: мне даводзілася іх мяняць у залежнасці ад геаграфічнае шыраты. Тое, што ў Еўропе называюць уцехай, у Азіі падлягае жорсткаму пакаранню. Тое, што ў Парыжы называюць заганай, за Азорскімі астравамі лічыцца неабходнасцю. На зямлі няма нічога трывалага, ёсць толькі ўмоўнасці, і ў кожным клімаце яны розныя. Таму для чалавека, якому міжволі часта даводзілася прыладжвацца да ўсякіх грамадскіх нормаў, усялякія вашы маральныя правілы і перакананні — пустыя словы. Непарушнае толькі адно пачуццё, укладзенае ў нас самою прыродай: інстынкт самазахавання. У дзяржавах еўрапейскай цывілізацыі гэты інстынкт завецца асабістым інтарэсам. Вось пажывіце гэтулькі, як я, дык даведаецеся, што з усіх даброт на зямлі ёсць толькі адна досыць надзейная, каб чалавеку варта было да яе імкнуцца. Гэта... золата. У золаце сканцэнтраваныя ўсе сілы чалавецтва. Я вандраваў, бачыў, што на ўсёй зямлі ёсць раўніны і горы. Раўніны надакучаюць, горы стамляюць;