Габсэк; Бацька Гар’ё  Анарэ дэ Бальзак

Габсэк; Бацька Гар’ё

Анарэ дэ Бальзак
Для старэйшага школьнага ўзросту
Выдавец: Юнацтва
Памер: 304с.
Мінск 1996
114.16 МБ
— Месье, — прамовіла яна, прапанаваўшы сесці, — ці не будзеце вы такія ласкавыя, каб крыху адтэрмінаваць плацеж?
— Да заўтра, апоўдні, графіня, — прамовіў я, складваючы вэксаль, які толькі што паказаў. — Да гэтага часу я не буду мець права апратэставаць ваш вэксаль.
А сам падумаў: «Плаці, плаці за ўсю гэтую раскошу, за свой тытул, за сваё шчасце, за ўсе выключныя прывілеі, якімі ты карыстаешся. Дзеля аховы свайго дабра багацеі прыдумалі трыбунал, суддзяў, гільяціну, на якую дурні лезуць самі, як матылькі на полымя. Але для вас, людзей, якія спяць на ядвабе ды ядвабам накрываюцца, ёсць нешта іншае: прыхаваныя ўсмешкаю згрызоты і
скрогат зубоў, пачвары з ільвінымі пашчамі, што ўтыкаюць свае іклы вам у самае сэрца.
— Апратэставаць вэксаль? Няўжо вы гэта зробіце? — прамовіла яна, утаропіўшыся ў мяне вачыма. — Няўжо вы мяне так мала паважаеце?
— Графіня, нават каб мне быў вінен кароль і каб ён не заплаціў у тэрмін, я падаў бы на яго ў суд хутчэй, чым на любога іншага даўжніка.
У гэтую хвіліну нехта ціха пастукаў у дзверы.
— Мяне няма дома! — незадаволеным голасам крыкнула графіня.
— Анастазі, гэта я. Мне трэба пагутарыць з вамі.
— Крыху пасля, дарагі, — адказала яна не так рэзка, але й зусім не ласкава.
— Што за жарты! Вы ж з кімсьці там размаўляеце, — азваўся голас, і ў пакой увайшоў мужчына. Відавочна, гэта быў сам граф.
Графіня зірнула на мяне, і я адразу зразумеў, што цяпер яна зрабілася маёю рабыняй.
Быў час, малады чалавек, калі я па сваёй дурноце не апратэстоўваў вэксаляў. У 1763 годзе, у Пандышэры, я пашкадаваў адну жанчыну, і што з гэтага атрымалася?! Яна абдзерла мяне як ліпку! Ды так мне і трэба! Навошта я ёй даверыўся!
— Што вам трэба, месье? — спытаў у мяне граф.
I тут я прыкмеціў, што ягоная жонка дрыжыць дробнымі дрьіжыкамі — уся яе аксамітная шыя спрэс пакрылася гусінаю скурай. Мяне разбіраў смех, хоць ніводзін мускул не зварухнуўся на маім твары.
— Гэта адзін з маіх пастаўшчыкоў, — сказала графіня.
Граф павярнуўся да мяне спінай, і я выцягнуў з кішэні ражок складзенага вэксаля. Заўважыўшы мой бязлітасны жэст, маладая кабета нахілілася і неўпрыкмет ад мужа сунула мне ў руку брыльянт.
— Вазьміце, — ціха прамовіла яна, — вазьміце і хутчэй ідзіце адсюль.
У абмен на брыльянт я вярнуў ёй вэксаль і, адбіўшы паклон, выйшаў з пакоя. На маю думку, брыльянт каштаваў добрых тысячу дзвесце франкаў. На графскім падворку я ўбачыў цэлы натоўп рознай дворні: лёкаяў, якія чысцілі шчоткамі свае ліўрэйныя фракі ды наводзілі на боты глянец, конюхаў, якія старанна мылі раскошныя эпіпажы. Адным словам, я ўбачыў тое, што гоніць да
мяне гэтых знатных паноў, тое, што прымушае іх з прыстойным выглядам красці мільёны і прадаваць радзіму. Каб ходзячы пешкі, не запэцкаць сваіх лакіраваных боцікаў важны пан і той, хто намагаецца быць да яго падобным, гатовы сам з галавой акунуцца ў гразь. Якраз у гэты момант вароты расчыніліся, і ў двор на кабрыялеце ўляцеў той самы малады франт, які ўлічыў у мяне графінін вэксаль.
— Месье, — сказаў я, калі ён выскачыў з кабрыялета, — вось дзвесце франкаў, перадайце іх, калі ласка, графіні і скажыце, што заклад, які яна мне дала, я крыху прытрымаю. Словам, на гэтым тыдні ён яшчэ будзе ў яе распараджэнні.
Франт узяў грошы, і па яго вуснах прабегла ўсмешка, якая казала: «Ага, заплаціла! Ну што ж, выдатна!»
I я прачытаў на яго твары ўсю будучыню графіні. Гэты бялявы прыгажун, халодны, бяздушны ігрок, дойдзе да галечы сам і давядзе яе разам з мужам і дзецьмі, прамантачыўшы іх спадчыну. А потым у іншых салонах учыніць разруху не горшую, чым артылерыйская батарэя ў непрыяцельскіх войсках.
Урэшце я накіраваўся на вуліцу Манмартр да мадэмуазель Фані. Падняўшыся па вузкіх пакручастых сходах на шосты паверх, я ўвайшоў у двухпакаёвую кватэру, дзе ўсё дыхала чысцінёй і блішчала, як новенькі дукат. Тут не было ніводнай пылінкі. У першым пакоі мяне сустрэла маладзенькая гаспадыня, апранутая проста, але з вытанчанасцю парыжанкі. Ветлівы выгляд ёй надавалі грацыёзная галоўка, свежы колер твару. Каштанавыя, прыгожа зачасаныя валасы, што ляжалі двума гладкімі паўколцамі, прыкрывалі скроні, і гэта рабіла асабліва выразнымі яе блакітныя вочы. Сонца, якое трапляла ў пакой праз фіранкі на вокнах, мяккім цяплом ахутвала яе сціплую постаць. Вакол дзяўчыны ляжала шмат раскроенага палатна, і я зразумеў, чым яна зарабляла на жыццё: безумоўна, яна была швачка. Гэтая жанчына здавалася мне феяю адзіноты.
Я падаў ёй вэксаль і прамовіў, што ўжо заходзіў раніцай, але не заспеў яе дома.
— Дык жа я пакінула вам грошы ў брамніцы, — здзівілася дзяўчына.
Я зрабіў выгляд, што не пачуў яе адказу. I толькі спытаў:
— Вы, як відаць, рана выходзіце з дому.
— Наогул, я вельмі рэдка куды выходжу. Але, ведаеце, калі ўсю ноч прасядзіш за працай, на золку вельмі хочацца пакупацца.
Я паглядзеў уважлівей і адразу разгадаў яе. Перада мною стаяла дзяўчына, якая, вядома ж, зарабляла на жыццё цяжкай штодзённай працай. Відаць, яна была з сям’і якога-небудзь сумленнага фермера: на яе твары праступалі дробныя вяснушкі, якія звычайна бываюць у вясковых дзяцей. Ад яе веяла дабрынёй, сапраўдным чалавечым цяплом. Я трапіў у атмасферу такой шчырасці, душэўнай чысціні, што мне адразу зрабілася лягчэй дыхаць. Бедная прасцячка! Яна яшчэ ў нешта верыла: над узгалоўем яе сціплага драўлянага ложка вісела распяцце, упрыгожанае дзвюма галінкамі буксу. Я ажно замілаваўся ёю і быў гатовы прапанаваць гэтай дзяўчыне грошай у пазыку, пад дванаццаць працэнтаў, каб дапамагчы ёй наладзіць якую-небудзь прыбытковую справу. Але тут жа стрымаў сябе, падумаўшы, што ў яе, пэўна, ёсць малады стрыечны брат, які прымусіць яе падпісваць вэксалі і абдзярэ гаротніцу як ліпку. 3 такімі думкамі я і пайшоў ад яе, перасцерагаючы сябе ад велікадушных намераў: мне досыць часта даводзілася назіраць, што калі самому дабрадзею і не зашкодзіць дабрачыннасць, то таго, каму яна аказана, яна можа знішчыць. Як толькі вы сёння ўвайшлі ў мой пакой, я якраз думаў пра Фані Мальво — вось з каго выйшла б добрая жонка, маці сямейства. Варта толькі параўнаць чыстае самотнае жыццё гэтай дзяўчыны з жыццём багатай графіні, што пачала ўжо падпісваць вэксалі і неўзабаве скоціцца на самае дно ўсялякіх заганаў.
Задумаўшыся, ён на хвіліну замоўк, а я ў гэты час разглядаў яго.
— Ану, скажыце, — раптам спытаў ён, — хіба дрэнныя ў мяне забавы? Хіба ж не цікава зазірнуць у самыя патаемныя куточкі чалавечай душы? Хіба ж не цікава пранікнуць у чужое жыццё і ўбачыць яго без прыкрас, як на далоні? Чаго толькі не нагледзішся! Тут і брыдкія раны, і несуцешнае гора, тут і пакуты кахання, і беднасць, якую падпільноўваюць воды Сены, і юнацкія асалоды — пагібельныя прыступкі, што вядуць да эшафота, і смех адчаю, і пышныя святы.
Сёння ты сведка трагедыі: сумленны працаўнік, бацька вялікай сям’і канчае жыццё самагубствам, бо не можа пракарміць сваіх дзяцей. Заўтра — сведка камедыі: ма-
лады лайдак спрабуе разыграць перад табою сучасны варыянт класічнай сцэны зачароўвання Дыманша яго даўжніком1! Вы, канечне, чулі пра хвалёнае красамоўства новаяўленых добрых пастыраў мінулага стагоддзя? I я, бывала, траціў нямала часу, слухаючы іх. Яны здолелі ў чымсьці паўздзейнічаць на мае погляды, але — ніколі! — на мае паводзіны, як сказаў нехта. Дык ведайце, што ўсе гэтыя нашы славутыя прапаведнікі, усялякія там Мірабо, Верньё2 і іншыя — усяго толькі заікі, вартыя жалю', у параўнанні з маімі штодзённымі прамоўцамі. Якая-небудзь закаханая маладая паненка, стары гандляр на мяжы банкруцтва, маці, якая імкнецца схаваць благі ўчынак сына, мастак, пазбаўлены кавалка хлеба, вяльможа, які трапіў у няміласць, і, можа стацца, з-за адсутнасці грошай страціць вынікі сваіх шматгадовых намаганняў, — усе гэтыя людзі іншы раз уражваюць мяне сілаю свайго слова. Выдатныя акцёры! I ўсе яны даюць спектакль дзеля мяне аднаго! Але ашукаць мяне ім ніколі не ўдасца. Мой позірк, як у пана Бога: я адразу бачу, што ў іх у душы. А хіба можна адмовіць у чымсьці таму, хто мае ў руках мяшок з золатам? У мяне хопіць багацця, каб купіць чалавечае сумленне, каб кіраваць усемагутнымі міністрамі праз іх фаварытаў, пачынаючы з канцылярскіх служкаў і канчаючы іх каханкамі. Ці ж гэта не ўлада? Калі захачу, я змагу валодаць найпрыгажэйшымі жанчынамі, купляць самыя далікатныя пяшчоты. Ці ж гэта не асалода? Хіба ўлада і асалода не ўяўляюць сабою сутнасць нашага новага грамадскага ладу? Такіх, як я, у Парыжы чалавек дзесяць. Мы ўладары вашых лёсаў: ціхенькія, нікому невядомыя. Што такое жыццё, як не машына, якая прыводзіцца ў рух грашмі? Памятайце, што сродкі да дзеяння зліваюцца з яго вынікамі: ніколі не ўдаецца размежаваць душу і пачуцці, дух і матэрыю. Золата — вось духоўная сутнасць усяго сучаснага грамадства. Я і мае пабрацімы, звязаныя са мною агульнымі інтарэсамі, у азначаныя дні тыдня сустракаемся ў кавярні «Феміда» каля Новага моста. Там мы гутарым, адкрываем адзін аднаму фінансавыя таямніцы. Ніводнае, самае вялікае багацце не ўвядзе нас у зман, бо мы
1 Сцэна з камедыі Мальера (1622—1673) «Дон-Жуан», у якой герой п’есы так спрьітна спакушае свайго крздытора Дыманша, што той не асмельваецца патрабаваць у яго доўг.
2 Мірабо, Верньё — крупныя палітычныя дзсячы і аратары эпохі псршай Французскай буржуазнай рэвалюцыі.
валодаем сакрэтамі ўсіх знакамітых сям’яў. У нас ёсць пэўная «чорная кніга», куды мы заносім звесткі аб дзяржаўным крэдыце, банках, гандлі. У якасці духоўнікаў біржы мы ўтвараем, так бы мовіць, трыбунал свяшчэннай інквізіцыі, аналізуем самыя, на першы погляд, бяскрыўдныя ўчынкі багатых людзей і не памыляемся ніколі. Адзін з нас назірае за судзейскім асяроддзем, другі — за фінансавым, трэці — за вышэйшымі чыноўнікамі, чацвёрты — за камерсантамі. А пад маім наглядам знаходзіцца залатая моладзь, акцёры і мастакі, свецкія людзі, гульцы — самая цікавая частка парыжскага грамадства. I кожны расказвае нам пра таямніцы сваіх суседзяў. Падманутыя пачуцці, закрануты гонар маюць доўгія языкі. Заганы, расчараванне, помста — найлепшыя агенты паліцыі. Як і я, мае пабрацімы ўсім нацешыліся, усім перанасыціліся і любяць цяпер толькі ўладу і грошы дзеля самога валодання ўладай і грашмі. Вось тут, — сказаў ён, павёўшы рукой, — у гэтым халодным пакоі з голымі сценамі, самы палкі закаханы, які ў любым іншым месцы выклікаў бы на двубой любога з-за вострага слоўца, моліць мяне, як Бога, пакорліва прыціскаючы рукі да грудзей! Праліваючы слёзы вар’яцкай нянавісці або самоты, моліць мяне і самы пыхлівы гандляр, і самая пыхлівая красуня, і самы ганарлівы вайсковец. Сюды прыходзіць з мальбою і вядомы мастак, і пісьменнік, чыё імя будзе жыць у памяці нашчадкаў. А вось тут, — дадаў ён, прыціскаючы палец да лба, — тут у мяне вагі, на якіх узважваюцца спадчына і карыслівыя інтарэсы ўсяго Парыжа. Ну, як вам цяпер здаецца, — сказаў ён, павярнуўшыся да мяне бледным сваім тварам, быццам вылітым з серабра, — ці не хаваюцца гарачыя пачуцці за гэтай халоднай, застылай маскай, якая так часта здзіўляе вас сваёй нерухомасцю?