• Газеты, часопісы і г.д.
  • Габсэк; Бацька Гар’ё  Анарэ дэ Бальзак

    Габсэк; Бацька Гар’ё

    Анарэ дэ Бальзак

    Выдавец: Юнацтва
    Памер: 304с.
    Мінск 1996
    114.16 МБ
    — Шаноўны пане, — прамовіў граф, гледзячы старому ў вочы з выключнай нахабнасцю, — як ідуць мае справы, хай вас не цікавіць. Галоўнае, каб я заплаціў у тэрмін.
    — Гэта праўда.
    — Mae вэксалі будуць заўсёды аплачаныя.
    — Магчыма.
    — Такім чынам, цяпер для вас галоўнае пытанне: змагу я ці не даць вам дастатковы заклад пад ссуду на тую суму, якую я хацеў бы пазычыць у вас?
    — Слушна.
    3 вуліцы данёсся грукат карэты, што пад’язджала к дому.
    — Зараз я вам нешта прынясу, і, мне думаецца, вы будзеце цалкам задаволены, — сказаў паспешліва дэ Трай і выбег з пакоя.
    — О сыне мой! — усклікнуў Габсэк, ускокваючы з месца і працягваючы мне рукі, як толькі граф знік за дзвярыма. — Калі заклад у яго каштоўны, ты выратаваў мне жыццё! Я ледзь не памёр. Вербруст і Жыганэ ўздумалі пажартаваць з мяне. Але дзякуючы табе я сёння сам з іх пасмяюся.
    Такім я яго яшчэ не бачыў. У радасці старога было нешта жудаснае, і хоць гэта радасць была кароткаю, яна запомнілася мне назаўсёды.
    — Калі ласка, заставайцеся тут, — дадаў ён. — Хоць я ўзброены і ўпэўнены ў сабе, бо некалі паляваў на тыгра і біўся на палубе карабля пры абардажы не на жыццё, a на смерць, аднак я ўсё ж такі пабойваюся гэтага франтаватага прайдзісвета.
    I стары ліхвяр зноў сеў у сваё крэсла да стала. Яго твар зрабіўся бледным і спакойным.
    — Дарэчы, — хуценька дадаў ён, павярнуўшыся да мяне. — Зараз вы, несумненна, убачыце тую прыгажуню, пра якую я некалі вам расказваў: я чую, як па калідоры крочаць арыстакратычньія ножкі.
    I сапраўды, у пакой увайшоў малады фарсун, трымаючы пад руку жанчыну, у якой я адразу ж пазнаў адну з дачок старога Гар’ё, тую самую графіню, у спальні якой аднойчы пабыў Габсэк. Яна мяне спачатку не заўважыла, бо я стаяў у ваконнай нішы, а калі яны ўвайшлі, адразу ж адвярнуўся тварам да шыбы.
    Трапіўшы ў сыры цёмны пакой ліхвяра, жанчына недаверліва паглядзела на свайго кавалера. Яна была такая прыгожая, што мне зрабілася яе шкада, нягледзячы на яе памылкі. Было відаць, што яе сэрца рвецца на кавалкі ад страшэннай трывогі, і высакародныя ганарлівыя рысы не маглі схаваць гэты боль. Малады чалавек зрабіўся для яе злым геніем. Я падзівіўся прадбачлівасці Габсэка, які чатыры гады таму, па першым вэксалі, прадбачыў лёс гэтай пары. «Відаць, — падумаў я, — гэтая
    пачвара з анёльскім тварам кіруе жанчынай, спрытна карыстаючыся ўсімі яе слабасцямі: пустаслоўем, рэўнасцю, прагай да асалоды, прывабнасцю свецкага жыцця».
    — Аднак, — усклікнула вікантэса, — дабрачынныя рысы гэтай жанчыны таксама былі яго зброяй. Карыстаючыся яе адданасцю і велікадушшам, якія ўвогуле ўласцівы жаночаму роду, ён злоўжываў яе пяшчотай, каб за гэта дарыць ёй злачынныя радасці.
    — Прызнаюся вам, — працягваў Дэрвіль, — не разумеючы знакаў, якія падавала яму спадарыня дэ Гранльё, — мяне не дужа кранаў лёс гэтай няшчаснай істоты. Ён, можа, і быў прывабны ў вачах свету, аднак жудасны ў вачах таго, хто ўмеў чытаць у яе сэрцы. Што мяне ўразіла больш, дык гэта не забойца, малады чалавек з такім чыстым чалом, свежымі вуснамі, мілай усмешкай, белымі, як снег, зубамі. Цяпер яны абое стаялі перад сваім суддзёй, які глядзеў на іх тым жа паглядам, які, напэўна, у шаснаццатым стагоддзі быў у старога манахадамініканца, калі той назіраў за катаваннем двух няшчасных маўраў у глухіх сутарэннях найсвяцейшай інквізіцыі.
    — Шаноўны пане, — загаварыла графіня дрыготкім голасам і працягнула Габсэку шкатулку, — ці можна атрымаць за гэтыя дыяменты іх поўны кошт, пакінуўшы за сабою права выкупу?
    — Можна, мадам, — уступіў у размову я, выходзячы з аконнай нішы.
    Графіня рэзка павярнулася ў мой бок, здрыганулася, пазнаўшы мяне, і я ўбачыў позірк, які на любой мове значыў бы: «Маўчыце!»
    — Гэта, — прадоўжыў я, — называецца ў нас, юрыстаў, «умоўным продажам з правам выкупу пасля», і ўяўляе сабою дамоўленасць аб перадачы маёмасці, рухомай ці нерухомай, на вызначаны тэрмін, па заканчэнні якога ўласнасць можа быць вернута ўладальніку пасля таго, як ён сплаціць пакупніку абумоўленую суму.
    Графіня з палёгкай уздыхнула. Максім дэ Трай нахмурыў бровы, відаць, баяўся, што ліхвяр дасць менш, чым каштавалі дыяменты, бо іх кошт быў няўстойлівы.
    Габсэк схапіў лупу і пачаў моўчкі разглядаць прапанаваныя дыяменты. Каб я пражыў на свеце яшчэ сто гадоў, усё роўна мне ніколі не забыць гэтай карціны. Бледныя шчокі старога ліхвяра пачырванелі ад хваляван-
    ня, яго патухлыя вочы, у якіх адбіваліся дыяменты, заблішчалі звышнатуральным бляскам. Ён устаў, падышоў да акна, разглядаючы дыяменты, потым паднёс іх да свайго бяззубага рота так блізка, нібыта збіраўся праглынуць. Ён нешта мармытаў сабе пад нос, дастаючы са шкатулкі то браслеты, то завушніцы з падвескамі, то каралі, то дыядэмы, круціў іх у руках, падносіў бліжэй да святла, каб вызначыць чысціню вады, адценні, памеры алмазаў. Ён выцягваў каштоўнасці са шкатулкі, клаў іх назад, потым зноў выцягваў, гуляючы з імі, як дзіця.
    — Цудоўныя дыяменты! Да рэвалюцыі яны каштавалі б трыста тысяч франкаў! Чыстай вады! Відавочна, яны з Індыі — з Галконды або з Вісапура! Вам вядома, колькі яны каштуюць? He, не, толькі Габсэк, адзіны ў Парыжы, можа вызначыць іх кошт. Падчас Імперыі запрасілі б больш за дзвесце тысяч, каб зрабіць на заказ гэткія ўпрыгожанні. — I ён з прыкрасцю дадаў: — Але ж цяпер дыяменты губляюць цану, бо Бразілія напоўніла рынкі алмазамі, якія, праўда, не такой чыстай вады, як індыйскія. Жанчыны носяць іх толькі на прыдворныя балі. Вы там бываеце, мадам?
    Габсэк кідаў гэтыя жорсткія словы і з непрыхаванай радасцю працягваў разглядаць дыяменты, адзін за адным.
    — Гэты чысты, — казаў ён, — а вось гэты з плямкай. А вось на гэтым расколінка. Ну, а гэты проста прыгажун!
    Увесь яго бледны твар бьіў асветлены водбліскамі алмазаў, і гледзячы на Габсэка, мне чамусьці ўзгадаліся зеленаватыя старыя люстэркі ў правінцыяльных гатэлях, цьмянае шкло якіх зусім не адлюстроўвае светлавых блікаў: чалавеку, які наважьіўся паглядзецца ў іх, здаецца, што ён бачыць паміраючага ад апаплексічнага Ўдару.
    — Ну дык як? — спытаў граф, ляпнуўшы Габсэка па плячы.
    Старое дзіця ўздрыгнула, адарвалася ад сваіх бліскучых цацак, паклала іх на пісьмовы стол, села на сваё месца і зноў ператварылася ў ліхвяра, пачцівага, але жорсткага і халоднага як мармуровы слуп.
    — Колькі вам трэба?
    — Сто тысяч, на тры гады, — адказаў малады граф.
    — Што ж, можна, — прамовіў Габсэк, асцярожна выцягваючы з шкатулкі, зробленай з чырвонага дрэва, сваю найвялікшую каштоўнасць — вельмі дакладныя
    вагі. Ён павольна ўзважыў дыяменты, вызначыў на вока (адзін Бог ведае як) вагу аправы. У час гэтай аперацыі яго твар выказваў то вялікую радасць, то моцнае намаганне перасіліць яе.
    Графіню апанавала здранцвенне — я добра разумеў чаму. Відаць, яна ўяўляла сабе глыбіню прорвы, у якую падала. Яе мучылі згрызоты сумлення і, здавалася, хапіла б аднаго слова, каб выратаваць яе. Я не вытрымаў:
    — Скажыце, калі ласка, мадам, гэтыя дыяменты належаць вам? — маё пытанне прагучала выразна.
    — Мне, месье, — адказала яна, акінуўшы мяне ганарлівым позіркам.
    — Пішыце акт, вы, балбатун! — загадаў мне Габсэк, саступаючы сваё месца за сталом.
    — Мадам, вядома ж, замужам? — задаў я другое пытанне.
    Яна хуценька кіўнула галавою.
    — Я не буду складаць акт! — гучна сказаў я.
    — Чаму гэта?
    — А вось чаму, — і я адвёў старога да акна, каб напаўголасу растлумачыць яму, што замужняя жанчына ва ўсім залежыць ад мужа, таму гэты гешэфт будзе лічыцца незаконным: Габсэку не ўдасца спаслацца на сваё няведанне, бо ж будзе існаваць акт. А ў акце будуць пералічаны ўсе каштоўнасці з указаннем вагі, кошту і памеру, і ліхвяру давядзецца іх вярнуць.
    Габсэк перапыніў мяне кіўком галавы і павярнуўся да абаіх злачынцаў:
    — Яго праўда. Усё мяняецца. Восемдзесят тысяч гатоўкаю, і дыяменты застаюцца ў мяне, — прамовіў стары глухім пісклявым голасам. — Пры здзелках наконт рухомай маёмасці ўласнасць лепшая за любыя акты.
    — Аднак... — паспрабаваў нешта сказаць малады чалавек.
    — Згаджайцеся або забірайце ўсё назад, — спыніў яго Габсэк і працягнуў графіні яе шкатулку. — Я не хачу рьізыкаваць.
    — Вам лепш кінуцца ў ногі вашаму мужу, — сказаў я на вуха графіні.
    Па маіх вуснах ліхвяр зразумеў тое, што я сказаў, і холадна зірнуў на мяне.
    Малады фарсун спалатнеў. Графіня вагалася.
    I тут Максім дэ Трай рашуча наблізіўся да яе. Я пачуў, як ён даволі гучна сказаў ёй на вуха: «Бывай, дарагая
    Анастазі! Будзь шчаслівая! А я... Заўтра я пазбаўлюся ад усіх турбот».
    — Месье! — роспачна залямантавала маладая жанчына, звяртаючыся да Габсэка. — Я прьімаю вашы ўмовы.
    — Вось і добра, — задаволена прамовіў стары. — 3 вамі не проста гутарыць, мая даражэнькая.
    Ён тут жа падпісаў банкаўскі чэк на пяцьдзесят тысяч і ўручыў яго графіні.
    — А цяпер, — сказаў ён з вальтэраўскай усмешкай, — я выдам вам на трыццаць тысяч вэксаляў, якія надзейныя, быццам золата. Граф дэ Трай толькі што сказаў мне, што яго вэксалі будуць аплочаныя, — дадаў Габсэк, падаючы жанчыне вэксалі, падпісаныя маладым франтам. Яны былі апратэставаны адным з калегаў Габсэка, і, відаць, іх прадалі за бясцэнак.
    Максім дэ Трай аж застагнаў, пры гэтым няцяжка было разабраць словы: «Стары мярзотнік!»
    Аднак татачка Габсэк, нават не павёўшы брывом, выцягнуў з картоннага карабка два пісталеты і холадна прамовіў:
    — За мною першы стрэл, бо я — пакрыўджаны бок.
    — Максім! — ціха ўсклікнула ахопленая дрыжыкамі графіня, — вы павінны папрасіць у месье прабачэння.
    — Месье, у мяне не бьіло намеру абразіць вас, — прамармытаў граф.
    — Я гэта добра ведаю, — спакойным голасам адказаў Габсэк, — у вашы намеры ўваходзіла толькі не плаціць за вэксалі.
    Графіня ўскочыла з месца, хуценька развіталася і, відаць, ахопленая жахам, выбегла з пакоя. Граф дэ Трай вымушаны быў пайсці за ёю. Але перад тым як выйсці, ён прамовіў:
    — Калі каму-небудзь вы скажаце хоць слова пра ўсё гэта, спадары, праліецца мая ці ваша кроў.
    — Амін, — кінуў яму ў адказ Габсэк, моцна сціскаючы ў руках пісталеты. — Каб праліць кроў, трэба спачатку мець яе, а ў цябе, мой мілы, замест крыві ў жылах — бруд.
    Калі дзверы зачыніліся і ад пад’езда ад’ехалі два экіпажы, Габсэк усхапіўся з месца і пачаў скакаць, паўтараючы ў такт: