Габсэк; Бацька Гар’ё
Анарэ дэ Бальзак
Для старэйшага школьнага ўзросту
Выдавец: Юнацтва
Памер: 304с.
Мінск 1996
— Добра. Курапатка і шампанскае за мною.
— Толькі глядзіце, дужа не раскашуйце, a то пазбавіцеся майго даверу. He наймайце шмат прыслугі.
Вазьміце сабе адну старую кухарку. Я буду наведваць вас і цікавіцца вашьім здароўем. Я ж укладу ў вас, э-хе-хе, цэлы капітал! Мне трэба ведаць, як ідуць вашы справы. Ну, годзе! Чакаю вас вечарам разам з вашым начальнікам.
— Даруйце мне маю нясціплую цікаўнасць, але я хацеў бы спытацца, — сказаў я, калі мы ўжо былі каля парога, — навошта вам спатрэбіўся ў гэтай справе мой выпіс з метрычнай кнігі?
Жан-Эстэр ван Габсэк паціснуў плячыма і, хітра ўсміхаючыся, адказаў:
— Эх, моладзь, моладзь! Запомніце назаўсёды, спадар адвакат, каб калі-небудзь не даць абвесці сябе вакол пальца: калі чалавеку менш за трыццаць, то яго сумленнасць і здольнасці яшчэ могуць нейкім чынам быць гарантыяй забеспячэння ссуды. А пасля трыццаці ўжо ні на кога нельга разлічваць.
I стары зачыніў за мною дзверы.
Праз тры месяцы пасля гэтай размовы я ўжо быў страпчым, і неўзабаве мне пашчасціла, мадам, выйграць справу аб вяртанні вам вашай нерухомай маёмасці. Дзякуючы гэтаму, я зрабіўся вядомым. Хоць мне даводзілася выплачваць Габсэку велізарныя працэнты, праз пяць гадоў я разлічыўся з ім цалкам. Я ажаніўся з Фані Мальво, якую пакахаў усёй душою. Падабенства нашых лёсаў, працоўнае жьіццё, сумесныя поспехі яшчэ болып умацавалі нашы ўзаемныя пачуцці. Пасля смерці яе дзядзькі, багатага фермера, яна атрымала ў спадчыну семдзесят тысяч франкаў, што дазволіла нам расплаціцца з Габсэкам. 3 тае пары маё жыццё ператварылася ў бесперапыннае шчасце і дабрабыт. Больш не буду гаварыць пра сябе, бо шчаслівы чалавек — тэма нецікавая.
Вернемся зноў да нашых герояў.
Праз год пасля таго, як я набыў кантору, мяне запрасіў аднойчы на вечарыну адзін з маіх знаёмцаў. Ён прайграў заклад маладому франту, вядомаму свецкаму льву, слава пра якога тады грымела па ўсіх салонах. Я маю на ўвазе спадара дэ Трая.
— Слава пра яго грыміць яшчэ і сёння, — перапыніў страпчага граф дэ Борн. — Ніхто так шыкоўна не апранаецца і ніхто так, як ён, не ўмее кіраваць коньмі, запрэжанымі цугам. А як Максім гуляе ў карты, як ён есць і як п’е! Гэта трэба бачыць. Ён ведае толк у жарабках, у капелюшах, разбіраецца ў жывапісе. Усе жанчыны
вар’яцеюць ад яго. Ён прагульвае па сто тысяч у год, хоць я не чуў, каб у яго было хоць невялікае памесце ці нейкая рэнта. Гэта той тып вандроўнага рыцара, які блукае па салонах, па будуарах, бульварах, быццам тая амфібія, бо невядома, якога ён полу, мужчынскага ці жаночага. Карацей кажучы, граф Максім дэ Трай — істота вельмі дзіўная, вартая на ўсё і ні на што не вартая, можа выклікаць і страх, і пагарду, здольная быць дабрачыннай і злачыннай, высакароднай і подлай, заплямленай хутчэй брудам, чым крывёю. Турботы яго хвалююць болып, чым згрызоты сумлення, пачуцці займаюць болей, чым думкі. Гэта чалавек знешне палкі, а ўсярэдзіне халодны, як лёд. Ён уяўляе сабою бліскучае звяно сувязі паміж катаржнікамі і людзьмі вышэйшага свету. Інакш кажучы, Максім дэ Трай належыць да таго высокаінтэлектуальнага класу, з якога часам выходзяць Мірабо, Піты, Рышэлье, але болей за ўсё — графы дэ Хорны, Фук’е-Тэнвілі і Каньяры1.
— Дык вось, — гаварыў далей Дэрвіль, выслухаўшы да канца брата вікантэсы, — я шмат чуў пра гэтага чалавека ад няшчаснага старога Гар’ё, аднаго з маіх кліентаў, і таму пазбягаў з ім сустракацца. Аднак мой знаёмы так настойліва запрашаў мяне на гэтую вечарыну, што я не змог адмовіцца, каб не выглядаць пыхліўцам.
Вам цяжка ўявіць, мадам, што такое хлапечая вечарынка. Гэта неверагодная пышнасць і вытанчанасць, раскоша скнары, які дзеля таго, каб адзін раз пусціць пыл у вочы, гатовы змарнаваць вялікія грошы. Заходзіш, і цябе адразу ж уражвае парадак на стале, устаўленым бліскучым срэбрам, звонкім крышталём, засланым бялюткім абрусам. Адным словам, не жыццё, а казка. Маладыя людзі паводзяць сябе ветліва, шчыра ўсміхаюцца адзін аднаму, размаўляюць паўшэптам і нагадваюць маладажонаў, вакол якіх ззяе німб некранутай чысціні.
А гадзіны праз дзве вы скажаце, што ўсё тут нагадвае поле бітвы: усюды кавалкі бітага шкла, змятыя сурвэткі, рэшткі недаедзеных страў, на якія цяпер брыдка глядзець. Стаіць гоман, нястрыманы смех, перасыпаны вострымі эпіграмамі і непрыстойнасцямі. Вакол вас адны барвовыя твары, бліскучыя вочы. У гэтым няспынным
1 Аўтар супастаўляе крупнейшых палітычных дзеячаў XVIII— XIX стст. з дэ Хорнам і Каньярам — вядомымі авантурыстамі таго часу.
гармідары нехта б’е бутэлькі, нехта зацягвае суразмоўцу на двубой. Тут абдымаюцца, там б’юцца. У паветры вісіць нясцерпны чад, у якім змяшаліся сотні пахаў, у суцэльны рык зліліся сто галасоў. Ніхто не ведае, што ён есць, што гаворыць. Адзін змрочна маўчыць, іншы безупынку балбоча, а нехта, як звон, паўтарае адно і тое слова. Нейкі жартаўнік спрабуе дырыжыраваць гэтым садомам, a нейкі разумнік прапануе арганізаваць оргію. Калі б сюды трапіў цвярозы чалавек, ён палічыў бы ўсё гэта за вакханалію.
I вось сярод гэтага гармідару граф дэ Трай паспрабаваў дамагчыся маёй прыхільнасці. Паколькі я быў яшчэ пры памяці, то трымаўся з асцярогай. Ён жа хоць і меў выгляд моцна п’янага чалавека, увесь час думаў пра свае справы. He ведаю, як гэта здарылася, але калі я пакідаў салон Грыньёна а дзевятай гадзіне ўвечары, граф зачараваў мяне цалкам, і я паабяцаў пазнаёміць яго з татачкам Габсэкам. Ён здолеў выцягнуць гэта з мяне, спекулюючы такімі словамі, як «гонар», «дабрачыннасць», «графіня», «сумленная жанчына», «няшчасце» і гэтак далей.
Прачнуўшыся назаўтра, я паспрабаваў успомніць тое, што адбылося напярэдадні. Урэшце мне здалося, што дачка аднаго з маіх кліентаў магла страціць сваю рэпутацыю, а таксама павагу свайго мужа, калі да дванаццаці гадзін дня не здабудзе пяцьдзесят тысяч франкаў. Тут яшчэ былі і запазычанні па гульні ў карты, і неаплочаны рамізнік, і яшчэ нейкія выдаткі. Мой абаяльны сабутэльнік пераконваў мяне, што гэта досыць багатая дама і што за некалькі год яна зможа вярнуць страты, нанесеныя яе дастатку. I толькі тут я зразумеў, чаму мой сябар гэтак настойліва запрашаў мяне да сябе. На мой сорам, я нават не мог уявіць сабе, наколькі сам Габсэк быў зацікаўлены, каб памірыцца з гэтым фарсуном. Карацей, не паспеў я ўстаць з ложка, як мне паведамілі, што з’явіўся месье дэ Трай.
— Граф, — сказаў я, калі мы абмяняліся традыцыйнымі кампліментамі, — я не разумею, чаму вам так хочацца, каб менавіта я адвёў вас да Габсэка. Ён жа самы ветлівы і самы бяскрыўдны з усіх ліхвяроў і заўсёды пазычыць вам грошай, калі мае іх — дакладней, калі вы дасцё яму дастатковыя гарантыі.
— Месье Дэрвіль, — адказаў дэ Трай, — я і не думаў прымушаць вас выконваць абяцанне, якое вы мне далі ўчора.
«Сарданапал! — сказаў я сам сабе, — няўжо я дазволю гэтаму чалавеку думаць, што не магу стрымаць сваё слова?»
— Учора я меў гонар растлумачыць вам, што вельмі недарэчна пасварыўся з татачкам Габсэкам, — працягваў дэ Трай. — Я добра ведаю, што ва ўсім Парыжы няма лепшага за яго фінансіста, які б у канцы месяца, пакуль не падведзены вынікі, змог вам даць адразу сотню тысяч. Таму я і папрасіў вас, каб вы памірылі мяне з ім. Але не будзем больш гаварыць пра гэта.
I змераўшы мяне ветліва-абразлівым позіркам, ён пайшоў да выхада.
— Я еду з вамі да Габсэка, — не вытрымаў я.
Калі мы прыехалі на вуліцу дэ Грэ, мой фарсісты спадарожнік пачаў азіраць усё наўкола з такой дзіўнай, напружанай увагай, што я бьіў моцна гэтым уражаны. Ён то палатнеў, то чырванеў, то раптам твар яго набываў колер нейкай мерцвянай жаўцізны, а калі ён убачыў пад’езд Габсэка, на яго лбе праступілі дробныя кропелькі халоднага поту. He паспелі мы саскочыць з кабрыялета, як з-за рога на вуліцу дэ Грэ выехаў фіякр. Мой сусед адразу ж, быццам каршун, угледзеў у кутку карэты жаночае аблічча, і яго твар асвяціўся звярынай радасцю. Ён паклікаў хлопчыка, які быў побач, і папрасіў таго патрымаць каня. Па сцёртых прыступках мы падняліся ў кватэру старога ліхвяра.
— Месье Габсэк, — прамовіў я, — гэта адзін з маіх самых блізкіх сяброў, — і дадаў на вуха, — ...ад якога, я не ведаю, як ратавацца. Спадзяюся на вашу прыхільнасць да яго, вядома, за звычайныя працэнты і калі вам гэта будзе выгодна.
Граф дэ Трай нізка пакланіўся Габсэку, сеў і падрыхтаваўся слухаць таго, прыняўшы паставу каранаванай асобы, якая магла б зачараваць каго хочаце, толькі не Габсэка, які сядзеў моўчкі каля каміна і нават не зварухнуўся. Ён у гэты момант нагадваў вядомую статую Вальтэра перад уваходам у Французскі Тэатр, асветленую вячэрнімі агнямі. На прывітанне ён толькі прыўзняў свой паношаны картуз, які ў яго заўсёды быў на галаве, і жоўтая макаўка голага чэрапа, быццам са старога мармуру, мільгануўшы, яшчэ больш узмацніла гэта падабенства.
— Грошы я маю толькі для маіх заўсёдных кліентаў, — прамовіў стары.
— Дык, значыць, вы моцна пакрыўдзіліся на мяне за тое, што я дайшоў да банкруцтва ад іншых? — усміхнуўшыся, сказаў граф.
— Да банкруцтва? — з іроніяй перапытаў яго Габсэк.
— Вы хочаце сказаць, што той, у каго нічога няма, не можа збанкрутаваць? Тады паспрабуйце знайсці ў Парыжы хоць аднаго з такім самым значным капіталам, як у мяне! — усклікнуў гэты фарсун і, ускочыўшы з месца, крутануўся на абцасах. Але гэта несур’ёзная выхадка не ўразіла Габсэка. — Хіба я не самы блізкі сябра Ранкероляў, дэ Марсэ, Франчэсіні, абодвух Вандэнэсаў, АжудаПінта, — урэшце, усіх маладых людзей з Парыжскай эліты? Я — нязменны партнёр па гульні ў карты аднаго прынца і вядомага вам пасланніка. Я маю прыбыткі ў Лондане, у Карлсбадзе, у Бадэне, у Баце. Хіба гэта няпраўда?
— Праўда.
— Вы абыходзіцеся са мною, нібы з губкаю: чакаеце, пакуль я набрыняю золатам у свецкім коле, а потым возьмеце ды выціснеце яе. Толькі памятайце, што вы — таксама губка, і смерць некалі выцісне вас.
— Магчыма.
— Што было б з вамі, каб на свеце не было такіх, як я? Мы з вамі непадзельныя, быццам душа і цела.
— Сапраўды.
— Дык давайце паціснем адзін аднаму рукі, добры татачка Габсэк, бо ж вы згодны з тым, што я сказаў.
— Ведаеце, чаму вы прыйшлі да мяне? — холадна вымавіў стары ліхвяр. — Бо Жырар, Пальма, Вербруст і Жыганэ сытыя па горла вашымі вэксалямі і гатовы збыць іх хоць каму, страціўшы нават пяцьдзесят працэнтаў. Але, як здаецца, яны выклалі вам палову намінала, таму вашы вэксалі не вартыя цяпер і дваццаці пяці працэнтаў. He, дзякую вам! Хіба ж магу я, — працягваў Габсэк, — пазычыць хоць адзін шэлег чалавеку, які вінаваты мне трыццаць тысяч франкаў, а за душою не мае ні сантыма? He даўней, як пазаўчора, вы прайгралі ў карты на балі ў барона Нусінгена дзесяць тысяч франкаў.