Габсэк; Бацька Гар’ё  Анарэ дэ Бальзак

Габсэк; Бацька Гар’ё

Анарэ дэ Бальзак
Для старэйшага школьнага ўзросту
Выдавец: Юнацтва
Памер: 304с.
Мінск 1996
114.16 МБ
карацей кажучы, у якім месцы жыць — гэта не мае значэння. А што да нораваў — дык чалавек усюды аднолькавы. Усюды ідзе барацьба паміж беднымі і багатымі, усюды. I яна непазбежная. Дык лепш бы ўжо самому душыць, чым дазваляць, каб цябе душылі. Усюды мускулістыя людзі працуюць, а худыя пакутуюць. Дый асалоды паўсюль адны і тыя ж, і паўсюль яны аднолькава забіраюць сілы; але даўжэй за ўсе асалоды жыве толькі адна ўцеха — фанабэрыя. Фанабэрыя! Гэта заўжды наша «я». А што можа задаволіць фанабэрыю? Золата! Патокі золата. Каб ажыццявіць нашыя вычварныя задумы, патрэбен час, патрэбны матэрыяльныя магчымасці ці намаганні. Ну і што! У золаце ў зародку закладзена ўсё, і яно ўсё здольна зрабіць рэальным.
Толькі вар’яты ды хворыя людзі могуць знаходзіць шчасце ў тым, каб кожны вечар бавіць час, гуляючы ў карты і спадзеючыся выйграць некалькі су. Толькі дурні могуць траціць час на разважанне пра самыя будзённыя справы: уссядзецца якая такая паня на канапе — адна ці ў якой-небудзь прыемнай кампаніі, — і невядома, чаго ў ёй болей, крыві ці лімфы, тэмпераменту ці дабрачыннасці? Толькі прасцякі могуць думаць, што яны прыносяць карысць навакольным, займаючыся выпрацоўкаю палітычных прынцыпаў, дзякуючы чаму нібыта можна кіраваць падзеямі, якіх ніколі не магчыма прадбачыць. Толькі ёлупням можа быць прыемна гаманіць пра актораў і паўтараць іхнія досціпы, кожны дзень хадзіць на шпацыр, соўгацца там сюды-туды, як тыя звяры ў клетцы, з тым, бадай, невялікім адрозненнем, што ў іх болей прасторы; прыбірацца дзеля іншых, ладзіць бяседы дзеля іншых, выхваляцца чыстапародным канём ці навамоднаю брычкай, якую пашчасціла купіць на цэлыя тры дні раней за суседа. Вось вам і ўсё жыццё вашых парыжан: усё яно ўкладаецца ў гэтыя некалькі сказаў, ці не так? Але зірніце на існаванне чалавека з той вышыні, на якую ім не ўзняцца. У чым шчасце? Гэта альбо моцныя хваляванні, альбо размераныя заняткі, якія ператвараюць яго ў нешта накшталт добра адрэгуляванага англійскага механізму. Вышэй за гэтае шчасце стаіць так званая «высакародная» цікаўнасць — імкненне пранікнуць у таямніцы прыроды і дасягнуць выбітных вынікаў, імітуючы яе з’явы. Вось вам, у двух словах, усё мастацтва і навука, халоднасць і жорсткасць. Ці ж не? Гэтак вось праходзяць перада мною ўсе чалавечыя пачуцці, якія распаляюцца ў
сутыкненні самых розных інтарэсаў, што напаўняюць нашае грамадства, а я — я ўважліва разглядаю іх — і застаюся спакойны. Вашую навуковую цікаўнасць — своеасаблівы двубой, у якім чалавек заўсёды церпіць паражэнне, — я замяняю пранікненнем у першапрычыны і матывы, якія кіруюць чалавецтвам. Карацей, я валодаю светам, не натамляючы сябе, а свет — не мае нада мной ніякай улады.
— Вось паслухайце, — загаварыў ён, памаўчаўшы, — я раскажу вам дзве гісторыі, якія здарыліся сёння раніцай у мяне на вачах. Тады, напэўна, вы зразумееце, у чым мае ўцехі.
Ён устаў, зачыніў дзверы на засаўку; падышоўшы да акна, захінуў старую дывановую парцьеру, якая завішчала колцамі, пасоўваючьіся па металічным пруце; і нарэшце зноў сеў у крэсла.
— Сёння раніцай, — сказаў ён, — мне трэба было выставіць даўжнікам толькі два вэксалі: астатнія яшчэ ўчора я пусціў на разлікі па сваіх аперацыях. Хоць які барыш! Бо пры ўліку я скідаю з плацежнай сумы выдаткі на вяртанне пазыкі і стаўлю па сорак су за рамізніка, хоць і не думаю яго наймаць. Вам, мусіць, смешна, што за нейкія шэсць франкаў працэнта я бягу праз увесь Парыж? Але ж гэта я! Чалавек, які нікому не падпарадкоўваецца і плаціць усяго сем франкаў падатку. Дык вось, першы вэксаль, на тысячу франкаў, падаў мне адзін малады чалавек — сапраўдны прыгажун ды фарсун: камізэлька ў іскарку, ларнет, адкрытая брычка, конь англійскай пароды і г. д. А падпісаны вэксаль быў жанчынай — адной з найпрывабнейшых парыжанак, жонкай досыць багатага памешчыка (і апроч таго — графа). Чаму ж яснавяльможная графіня падпісала гэты вэксаль, які не меў сілы, але практычна быў абсалютна надзейны? А таму, што ўсе гэтыя вартыя жалю кабеты, свецкія пані, да таго баяцца сямейных скандалаў, якія могуць паўстаць у выпадку апратэставання вэксаля, што яны гатовыя разлічыцца нават сваёю асобай, калі няздольныя заплаціць грашмі. Мне надта карцела выведаць таямніцу гэтага вэксаля. Што за ім хаваецца: глупства, бяздумнасць, каханне ці спагада? Другі вэксаль на такую ж суму, падпісаны нейкай Фані Мальво, падаў мне адзін гандляр палатном — відавочны кандыдат на банкруцтваа» Бо ніводзін чалавек, які мае хоць самы малы крэдыт у банку, не пойдзе да мяне ў кантору: періды ўжо крок ад
парога пакоя да манго стала сведчыць пра поўны яго адчай, пра марныя пошукі атрымаць пазыку ў любым банку і пра набліжэнне непазбежнага краху. Мне даводзіцца бачыць толькі зацкаваных аленяў, за якімі гоніцца цэлая зграя пазыкадаўцаў. Графіня жыве на Гельдэрскай вуліцы, а Фані Мальво — на вуліцы Манмартр. Пра што я толькі сабе не думаў, калі сёння ўранні выходзіў з дому! Калі ў гэтых жанчын няма чым плаціць, яны, вядома, сустрэнуць мяне ласкавей за роднага бацьку. Я ўяўляў, якія штукі пачне выкідаць графіня, якую састроіць камедыю за гэтую тысячу франкаў! Як ветліва яна заўсміхаецца, залапоча ліслівым, пяшчотным галаском — тым самым, якім заляцаецца да малойчыка, на чыё імя выдадзены вэксаль. Можа, нават будзе мяне маліць! Ая...
Стары скінуў на мяне халодным позіркам.
— А я буду непахісны! — сказаў ён. — Я прыходжу заўжды як адплата, як дакор нячыстаму сумленню... Але пакінем мае здагадкі. Раскажу лепш пра тое, што было, калі я прыйшоў.
— Графіня яшчэ не ўставала, — паведаміла мне пакаёўка.
— Калі ж яе можна пабачыць?
— He раней дванаццаці.
— Што, графіня хварэе?
— He, месье, яна вярнулася з балю а трэцяй гадзіне раніцы.
— Маё прозвішча Габсэк. Перадайце, што прыходзіў Габсэк. Я зайду яшчэ раз апоўдні.
I я пайшоў да выхада, пакідаючы бруднымі чаравікамі плямы на дыване, што быў пасланы на мармуровай лесвіцы. Я люблю пэцкаць дываны ў багатых людзей і раблю гэта не праз дробязнае сваё самалюбства, а каб даць гэтым асобам адчуць учэпістыя кіпцюры Немінучасці.
Прыходжу на вуліцу Манмартр, у няўклюдны дом, адчыняю ў браме старую фортку, аглядаю двор, што нагадвае калодзеж, у які ніколі не зазірае сонца. У пакойчыку брамніцы цёмна, шкло ў вакенцы зацухмоленае, як рукаў цёплага, але заношанага халата.
— Тут жыве мадэмуазель Фані Мальво?
— Тут, але яе цяпер няма. Калі вы наконт вэксаля, дык яна пакінула вам грошы.
— Я зайду пазней, — быў мой адказ.
Яна пакінула грошы ў брамніцы — што ж, гэта цудоўна, але мне цікава паглядзець на саму даўжніцу. Я ўяўляў яе гэткай прыгожанькаю баламутніцай. Дык вось. Ранак я правёў на бульвары, разглядаючы гравюры ў вітрынах. Але роўна апоўдні я ўжо быў у гасцёўні, дзверы з якой вялі ў спальню графіні.
— Гаспадыня толькі нядаўна першы раз пазваніла, — заявіла мне пакаёўка. — Я не думаю, каб яна прыняла вас цяпер.
— Я пачакаю, — адказаў я і сеў у крэсла.
Праз пэўны час жалюзі расчыніліся, пакаёўка выбягае і кажа:
— Калі ласка, месье.
Па салодкім галаску пакаёўкі я адразу сцяміў, што яе гаспадыні няма чым плаціць. Але затое якая гэта была прыгажуня! Спяшаючыся, яна паспела накінуць на аголеныя плечы кашміравы шаль, і пад ім добра ўгадваліся яе прывабныя формы. На ёй быў толькі багаты пеньюар, аздоблены беласнежнымі брыжамі, а гэта значыла, што прачцы, здольнай мыць тонкую бялізну, яна павінна была плаціць не менш за дзве тысячы франкаў у год. Яе галаву, як у крэолкі, абвінала нядбала павязаная стракатая ядвабная хустка, з-пад якой выбіваліся буйныя чорныя кудзеры. Пасцель была змятая, і гэта сведчыла, што сон у жанчыны быў трывожны. Мастак аддаў бы нямала за магчымасць пабыць гэтым ранкам хоць некалькі хвілін у спальні ў маёй даўжніцы. Кожная складка фіранак тут дыхала пяшчотаю. Прасціна, што збілася набок на блакітным пухавіку, ярка вылучалася сваімі белымі карункавымі фальбонкамі на яго светла-сінім фоне і, здавалася, яшчэ захоўвала невыразны адбітак прывабных форм, якія дражнілі ўяўленне. На мядзведжай шкуры, кінутай пад ногі бронзавым ільвам, што падтрымлівалі ложак з чырвонага дрэва, блішчалі белым аксамітам чаравікі, нядбайна скінутыя стомленаю жанчынай, што позна вярнулася з балю. 3 крэсла на падлогу, засланую шыкоўным дываном, звешвалася ўшчэнт пакамечаная сукенка. Ножку крэсла абвіналі тонкія празрыстыя панчохі, нібыта занесеныя сюды подыхам ветру. На канапцы валяліся белыя шаўковыя падвязкі. На каміне блішчаў і пераліваўся ўсімі колерамі вясёлкі паўраскрыты дарагі веер. Шуфляды ў камодзе былі выцягнутыя. Па ўсім пакоі былі раскіданыя кветкі, брыльянты, пальчаткі, паясы, шматлікія іншыя рэчы бальнага ўбору. Пахла
нейкай далікатнай парфумай. Ва ўсім адчувалася пазбаўленая гармоніі прыгажосць, бачыліся раскоша і непарадак. Але за гэтай раскошаю праглядвала беднасць, што пагражала жанчыне і яе каханку, выскаляючы на іх свае вострыя бязлітасныя зубы.
Стомлены твар графіні нагадваў сваім выглядам яе спальню, якая яшчэ захоўвала прыкметы мінулага свята. Раскіданыя паўсюль рэчы выклікалі ў мяне жаль: яшчэ ўчора яны былі яе ўборам, хтосьці захапляўся імі. Зліваючыся ў адно, яны ўтваралі вобраз кахання, атручанага згрызотамі, вобраз бязладнага жыцця, раскошы, гаманлівай марнасці; яны выдавалі танталавы пакуты, з якімі яна старалася падоўжыць настолькі нетрывалыя ўцехі свайго існавання. Чырвань на шчоках у гэтай жанчыны сведчыла толькі пра далікатнасць яе тонкае скуры, але твар быў ужо трошкі азызлы, і гэта яшчэ мацней акрэслівала цёмныя кругі вакол яе вачэй. Аднак жыццёвая энергія віравала ў ёй па-ранейшаму, і адзнакі бязладнага жыцця не псавалі яе прыгажосці. Бляскам сваіх вачэй яна нагадвала адну з найпрыгажэйшых Ірадзіяд, што належалі пэндзлю Леанарда да Вінчы (а некалі я, дарэчы, гандляваў палотнамі старых майстроў), ад яе павявала сілаю і жыццём. Hi ў лініях яе прывабнага стану, ні ў рысах стомленага аблічча не было нічога кволага ці недасканалага. Несумненна, яе павінны былі кахаць, але сама яна была мацнейшая за гэтае пачуццё. Адным словам, гэтая жанчына мне спадабалася. Даўно маё сэрца не білася з такім хваляваннем. I можна сказаць, што я ўжо атрымаў сваю плату. Ды я сам аддаў бы тысячу франкаў, каб зноў зведаць пачуцці, якія нагадалі б мне дні маёй маладосці.