Галенчыны «Я», альбо Планета Цікаўных Хлопчыкаў  Раіса Баравікова

Галенчыны «Я», альбо Планета Цікаўных Хлопчыкаў

Раіса Баравікова
Выдавец: Юнацтва
Памер: 134с.
Мінск 1990
34.44 МБ
Сказаўшы так, знакаміты майстар памёр. А яго самы блізкі слуга пабег на гарадскі вал, каб дачакацца таго чалавека, які першым увойдзе ў горад... I не паспеў слуга дабегчы да гарадской сцяны, як пабачыў засмучанага юнака, які сказаў яму:
— Скажы мне, добры чалавек, дзе я магу заначаваць у гэтым горадзе. Я толькі што пахаваў бацьку, і няма ў мяне ніводнай роднай душы, да якой бы я мог звярнуцца з такой просьбай.
Слуга быў верным слугою свайго знакамітага майстра, таму адразу сказаў:
— Цябе, мой юны сябра, чакае вялікі дом у нашым горадзе і чакаюць твае майстэрні. Ты цяпер будзеш майстрам Дзве Залачоныя Дужкі.
Вельмі здзівіўся малады чалавек, але яму нічога іншага не заставалася, як пайсці следам за слугою ў той дом, гаспадаром якога ён так нечакана стаў. I трэба сказаць, што ён вельмі хутка звыкся з гэтай даволі прыемнай нечаканасцю, таму што праз некалькі дзён яго ўжо можна было бачыць ля самай высокай вежы каралеўскага палаца, і ўсе добрыя людзі гаварылі:
— Вунь стаіць малады майстар Дзве Залачоныя Дужкі. Ен прадае акуляры.
А за высокаю сцяною, якраз насупраць таго месца, дзе прадаваў акуляры майстар Дзве Залачоныя Дужкі, у Ружовай зале кароль збіраў сваіх мудрацоў. Яму схацелася ведаць, якая самая шкодная рэч у яго каралеўстве.
Старшы мудрэц сказаў:
— Я лічу, што самая шкодная рэч у каралеўстве, гэта — люстэрка! Кожную раніцу ў нашага караля псуецца настрой, як толькі ён паглядзіць у яго!
Кароль ускочыў са свайго каралеўскага трона, замахаў рукамі, закрычаў нядобрым голасам:
— Прэч!.. Прэч з маіх пакояў!.. Ты ўсумніўся ў прыгажосці караля-я-я?!
Тут у Ружовую залу ўбеглі стражнікі, яны
падхапілі старшага мудраца пад рукі і выпхнулі яго за дзверы.
Тады асмеліўся загаварыць самы малодшы мудрэц. Ён сказаў:
— Яснавяльможны кароль, я лічу, што ў тваім каралеўстве самая шкодная рэч — акуляры!.. Яны нярэдка дапамагаюць бачыць тое, што не кожнаму дазволена!
Кароль запляскаў у ладкі, і ўсе, хто быў у Ружовай зале, закрычалі не сваімі галасамі:
— Самая шкодная рэч — акуляры!..
I ў той жа міг ва ўсе бакі каралеўства паскакалі ганцы, разносячы гэтую навіну, а варта караля схапіла майстра Дзве Залачоныя Дужкі і прывяла яго ў Ружовую залу, дзе на той момант сабраліся ўсе прыдворныя, каб у вялікі сярэбраны кубак караля ліць ялей — надзвычай смачны сіроп, настоены на кветках Паўднёвай ружы, самай прыгожай ружы ў тым каралеўстве.
— Яснавяльможны кароль, мы прывялі да цябе майстра Дзве Залачоныя Дужкі! — наперабой закрычала варта.— Ен асмеліўся прадаваць акуляры — самую шкодную рэч у нашым каралеўстве!..
— Адсячыце яму галаву! — сказаў кароль, падстаўляючы свой сярэбраны кубак пад новыя і новыя кроплі ялею, які ўсё ліўся і ліўся, а кароль ніяк не знаходзіў у сабе сілы, каб, нарэшце, сказаць: «Хопіць!.. Дастаткова!..»
Варта кінулася да майстра Дзве Залачоныя Дужкі, але ён рукою спыніў стражнікаў.
— Яснавяльможны кароль! — сказаў майстар Дзве Залачоныя Дужкі.— Ты заўсёды паспееш адсячы мне галаву. Але мне хацелася б сказаць, што я прадаю незвычайныя акуляры. Mae акуляры — чароўныя. Больш нідзе няма такіх акуляраў. Ты можаш у гэтым пераканацца...
I майстар Дзве Залачоныя Дужкі абвёў позіркам Ружовую залу. Вельмі хутка ён заўважыў у самым дальнім кутку змрочнага нелюдзімага чалавека, але з ясным і палкім позіркам. I майстар Дзве Залачоныя Дужкі зноў звярнуўся да караля са словамі:
— Бачыш, у тым дальнім кутку стаіць нелюдзімы чалавек са змрочным абліччам. Нават адзенне на ім невясёлае. Хай ён прымерае мае акуляры і скажа табе, што ён бачыць наўкола...
— Хай прымерае!.. Хай прымерае!..— закрычалі прыдворныя з усіх бакоў.
— Хай прымерае! — сказаў і кароль. I як толькі чалавек прымераў акуляры, якія даў яму майстар Дзве Залачоныя Дужкі, кароль запытаўся ў яго: — А цяпер раскажы мне, што ты бачыш наўкола?
— Што бачу? — сумна пасміхнуўся чалавек.— Мой дарагі кароль, лепш бы мне не бачыць гэтых нікчэмных твараў! — і ён паказаў рукою на прыдворных.— Яны штодня прыходзяць у Ру-
жовую залу ліць ялей у твой сярэбраны кубак і запэўніваюць цябе, што гэты салодкі сіропчык настоены на кветках Паўднёвай ружы, самай прыгожай ружы ў нашым каралеўстве. Мне шкада цябе, мой кароль! Шкада таму, што ты не бачыш, што на самай справе гэты ялей настоены на дробных жоўтых кветачках, якія растуць паўсюдна пад сценамі нашага горада, і яны такія мізэрныя, гэтыя кветачкі, што нават не маюць назвы.
Пасля гэтых слоў чалавека ў невясёлым адзенні ў Ружовай зале стала вельмі ціха. Майстар Дзве Залачоныя Дужкі бачыў, як чырванеюць твары прыдворных, а прыдворныя бачылі, як чырванее твар караля... I тады майстар Дзве Залачоныя Дужкі сказаў:
— Гэта яшчэ не ўсё, яснавяльможны кароль! Каб у цябе не было сумнення ў тым, што мае акуляры чароўныя, дазволь іх прымераць яшчэ аднаму чалавеку...— I майстар Дзве Залачоныя Дужкі зноў абвёў позіркам Ружовую залу і заўважыў у другім дальнім кутку чалавека з шырокім адкрытым тварам, вочы якога свяціліся мудрасцю, і тады сказаў каралю: — Хай прымерае мае акуляры гэты чалавек!
— Хай прымерае! — цяжка сказаў кароль. I як толькі чалавек прымераў акуляры, запытаўся ў яго: — А цяпер скажы мне, што ты бачыш наўкола?
— Што бачу? — чалавек стрымана і неяк загадкава пасміхнуўся.— Бачу, што наш кароль даўно ведаў, што прыдворныя настойваюць свой ялей не на кветках Паўднёвай ружы, самай прыгожай ружы ў нашым каралеўстве, а на тых мізэрных жоўтых кветачках, якія нават не маюць назвы... Так, наш кароль даўно ведаў пра гэта, таму што наш кароль самы разумны з усіх каралёў, якія толькі жывуць на свеце.
У Ружовай зале пачуліся воплескі, а самы малодшы мудрэц закрычаў:
— Слава каралю-ю!.. Слава каралю-ю!..
I калі ў Ружовай зале зноў стала ціха, чалавек у акулярах сказаў наступныя словы:
— Наш кароль дараваў гэты падман сваім прыдворным... Дараваў таму, што ў нашага караля самае добрае, самае ласкавае сэрца, якое толькі можа быць у каралёў.
I зноў у Ружовай зале пачуліся воплескі, а самы малодшы мудрэц нешта зашаптаў каралю, і кароль устаў са свайго трона, і падышоў да майстра Дзве Залачоныя Дужкі, і сказаў яму:
— Дзякуй табе, майстар Дзве Залачоныя Дужкі. Твае акуляры сапраўды чароўныя. Другіх такіх акуляраў няма ў цэлым свеце. 3 гэтага самага дня я лічу цябе самым кемлівым і самым праўдзівым чалавекам у маім каралеўстве і залічваю цябе ў спіс сваіх мудрацоў.
Ад чаго, трэба сказаць, майстар Дзве Залачо-
ныя Дужкі сціпла адмовіўся. Ен шанаваў памяць знакамітага чалавека і таму да канца сваіх дзёй заставаўся майстрам Дзве Залачоныя Дужкі. Яго штодня можна было бачыць ля саічай высокай вежы каралеўскага палаца, і ўсе добрыя людзі гаварылі:
— Вунь стаіць майстар Дзве Залачоныя Дужкі. Ён прадае чароўныя акуляры.
А кароль з таго самага дня ніколі не задаваў пытання сваім мудрацам: якая самая шкодная рэч у яго каралеўстве? Больш таго, ён ніколі не браў у рукі свой сярэбраны кубак, калі ў Ружовай зале збіраліся прыдворныя, і яны перасталі ліць у яго свой ялей.
* * *
Галенка чакала, што скажуць цікаўныя хлолчыкі, і ёй уяўлялася, што яны стануць захапляцца майстрам Дзве Залачоныя Дужкі, але пачула зусім іншае, таму што самы старэйшы з цікаўных хлопчыкаў сказаў, ледзь толькі яна закойчыла расказваць сваю казку:
— Добра, што кароль болып ніколі не задаваў сваім мудрацам пытання: якая самая шкодная рэч у яго каралеўстве? I вельмі добра, што ён болып ніколі не браў у рукі свой сярэбраны кубак, калі ў Ружовай зале збіраліся прыдворныя.
I з самым старэйшым хлопчыкам пагадзіўся самы маленькі з цікаўных хлопчыкаў. Здавалася, ён нават трошкі падрос ад свайго дужага голасу.
— Я ўпэўнены,— сказаў ён,— што прыдворныя зноў і зноў лілі 6 у сярэбраны кубак ялей, настоены на тых мізэрных жоўтых кветачках, якія не маюць нават назвы, бо калі хоць раз Hex­Ta сказаў няпраўду, яму абавязкова схочацца яе паўтарыць яшчэ раз.
I яго думка мела працяг.
—ПРАЎДЗІВАСЦЬ — сястра СУМЛЕННАСЦІ,— зазначыў самы старэйшы з цікаўных хлопчыкаў.— Гэта яны — тыя галоўныя рысы, якія павінны выхоўваць мы ў сабе змалку.
На што Галенка і самаму маленькаму з цікаўных хлопчыкаў, і самаму старэйшаму сказала:
— Вы проста цудоўныя хлопчыкі!.. Вы вельмі добра разважаеце, але галоўных рысаў, якія павінен выхоўваць кожны чалавек у сабе змалку, вельмі і вельмі многа. Акрамя ПРАЎДЗІВАСЦІ і СУМЛЕННАСЦІ я назвала б яшчэ і ПРАЦАВІТАСЦЬ,— і Галенка не пасмела сказаць цікаўным хлопчыкам, што гэтыя ўсе чалавечыя рысы, якія назваліся тут, таксама яе «Я», а толькі падумала пра гэта і яшчэ пра тое, што, магчыма, ёй трэба сказаць хлопчыкам аб працавітасці значна больш таго, што яна ўжо сказала, таму пас-
пешліва дадала: — Дазвольце!.. Дазвольце мне расказаціэ вам яшчэ адну казку з тых самых, якія я некалі пачула ад сваёй бабулі, і вы пабачыце на прыкладзе, што значыць быць працавітым.
I Галенка пачала расказваць цікаўным хлопчыкам казку
Пра дзвюх сясцёр і чара/уніка Магу Тое, На ІПто Здатны
У лесе густым і цёмным, але вельмі прыгожым, таму што там раслі самыя дзівосныя расліны, якія толькі могуць расці на свеце, жыў чараўнік, якога звалі Mary Toe, На Што Здатны. Ен мог позіркам перасаджваць дрэвы, мог разганяць хмары і размаўляць з сонцам, з ім раілася ноч, ці не зарана яна апускаецца на зямлю. Але мая казка не пра чараўніка, а пра яго дачок: адну з іх звалі Глея, другую — Бімбок.
Бімбок была незвычайна прыгожая: высокая-высокая, тонкая-тонкая, з доўгімі чорнымі валасамі, якія ажно заблытваліся ў траве, калі Бімбок збірала белыя пахкія краскі на любімай палянцы. Больш яна нічога не ўмела рабіць — толькі збірала краскі; і калі красак збіралася столькі, каб з пялёсткаў можна было пашыць сукенку, Бімбок падзывала Глею, сваю малодшую сястру, якая таксама была прыгожай. Але
ўсе захапляліся працавітасцю Глеі, яе ўменнем шыць сукенкі з пялёсткаў, з траў, з тоненькіх дубчыкаў, з пушынак таполяў і дзьмухаўцоў.
Вось і ў той дзень, пра які я хачу расказаць у гэтай казцы, Глея сядзела непадалёку ад сваёй хаты пад шумлівай ялінай і шыла з сухой ігліцы палітончык для Вожыка. Вожык сядзеў побач і расказваў Глеі нейкую вельмі цікавую гісторыю, таму што Глея час ад часу звонка смяялася і гаварыла: