Гарнуся душою да слова
Ніна Мацяш
Выдавец: Звязда
Памер: 296с.
Мінск 2013
Давай. Сядай. Спачынь з дарогі, браце.
Ну, як у вас там?
Абступае вораг.
Багдан пад Белай сцягвае ўсю сілу. Патрэбна помач. I патрэбен порах.
Патоцкі йдзе насустрач Радзівілу.
Пушкар сарваў паважліва пячатку.
I покі ўважна ён той ліст чытаў, ганец крыху асвойтаўся спачатку і тых, бліжэйшых, радцаў запытаў:
- Ну, як тут, ціха? Крэмзіце паперы, язык зламаўшы на судзейскі лад?
Уздыхнулі радцы. Адазваўся першы: Казак у нас загінуў. Во як, брат.
- Казак? Загінуў? Як гэта? Ў Палтаве? Ды што ў вас тут баі ўжо? Здрадзіў хтось?
- Ды не. Маруся. Вунь сядзіць на лаве. Струціла хлопца дзеўка. Судзім вось.
Той засмяяўся:
К лесавому бесу! Пад Белаю Царквой стаяць палкі. Палае Кіеў, знішчаны Трылесы. У вас жа вунь як гінуць казакі!
Там бой. Там смерць. Там набрыдзь чужаніцы. Людзей нястатак. Наша кроў цячэ.
А тут загінуў... Часам на спадніцы харугваў тут не перашылі шчэ?
У вас, у нас. Вы Сеч, а мы Палтава. У вас правы, мы вартавыя права.
Забойства там у вас караюць як?
Казак сказаў:
- А проста. Калі часам, крый Божа, казака заб’е казак дык у труну жывога з мёртвым, разам!
Сядла чужога тут не прытарочыш. Казак загінуў ад рукі жаночай.
Закутнікі, такая ў вас і смерць.
За так памёр, а кажаце забіты.
А запарожцы людзі без круць-верць, усё на лад свой шчыра ў іх, адкрыта. Каб мы жавалі жвачку, як валы, каб мы адно мянцілі языкамі, то ўжо даўно Ўкраіну б аддалі, не меўшы часу быці казакамі.
Дзяўчына гэта... Воблік, як з ікон. Няўжо няма ў вас да яе спагады? А што, як іншы паглядзець закон, пайсці не ад забойства, а ад здрады?
Ну, ёсць праз здраду ж нейкія стацці? Караецца ж там нейк праступак кожны? Бо што ж выходзіць? Здрадзіць у жыцці дзяржаве нельга, чалавеку ж можна?!
3 наскоку тут не ўскочыш у страмёны. Тут, запарожац, трэба Саламона.
Казак сказаў: Мудруеце ўсё вы. Тут трэба толькі сэрца й галавы.
Шчэ больш былі тым спрэчкі падагрэты. Адзін мяркуе гэтак, другі так.
Лясько сказаў:
- Каго шкада, дык гэта
Івана Іскру. Гэтакі казак!
Такое гора хоць каго зняможа.
3 адчаю сам хоць у вяроўку лезь.
Любіў жа ён Марусю, не дай Божа! Сядзіць во, як зямля счарнелы ўвесь.
У сведкі больш ніхто не аб’явіўся. Суддзя счакаў, каб гоман трохі змоўк. Марцін Пушкар устаў, перапрасіўся ў суддзі, бо мусіў рыхтаваць свой полк. Адсунуў трохі войта і бурмістра.
Люд просты расступіўся на аршын.
I выйшлі ўдвух. За імі выйшаў Іскра.
I колькі іншых палкавых старшын.
Назаўтра, згодна пастановы права, суд прыступіў зноў да разгляду справы.
Сказалі Чураёўне, каб яна, звіноўленая, значыць, старана, сваіх стаўляла сведкаў, годных веры, не западозраных у злым намеры.
Бо мы-сьмы, ўрад, паводле права чынім, пра справядлівасць дбаючы адну, што, можа, ёсць хоць нейкія прычыны, прыдатныя змякчыць яе віну.
Забойца ж і апраўдвацца не стала, адмоўна галавою пахітала.
Было нам гэта доказам яскравым не мела апраўдання перад правам.
Тады, пачуўшы гэткае, устала, не быўшы сведкай стаўленая тут, Яшчыха з Балаклеі і сказала: Я маю што сказаць, панове суд!
Удома дзеткі ж у мяне малыя.
Муж у баях палёг у Прыазоўі.
Аж з Балаклеі вунь прыйшла сюды я, хоць я ўжо чалавек не пры здароўі. Дык вось, скажу адкрыта і ўсёлюдна. Век не чарэнь. Спаткнёмся не адзін. Каханне ж, людзі, справа неасудная. Ва ўсе вякі. Павек вякоў. Амін.
У Гарбаня перасмыкнула плечы: Чаму жанчын і не бяруць у Сеч. Сказалі вы, Яшчыха, недарэчы. Дарма вы тут сваю прыткнулі печ.
- Суддзёю столькі год ужо ў Палтаве, сказаў суддзя. Нямала бачыў спраў.
Усякія сядзелі тут на лаве, ды гэткай ліхасці я шчэ не знаў
Затым устаў, ускінуў броў навессе: Тут гаварылі сведкі й вачавідцы. Па выслухоўванню ўсіх контраверсій суд мае перайсці да прапазіцый.
Хоць розныя былі тут меркаванні, усё-такі на верным мы сляду.
Як хто дадаць што мае, хай устане і думку сваю выкажа суду.
Маўчалі ўсе.
He вызваўся ніводзін.
У кнізе пісар літаркі нізаў.
Пушкар, палкоўнік, як даверу годзен, тады, устаўшы, гэтак вось сказаў:
- Панове суддзі! Цяжкія тут гадкі, што да чаго і як яно было.
Няхай даруюць нам абедзве маткі, а дзеці іхнія ўчынілі зло.
Грыцко такой дзяўчыны адцураўся! Заблытаўся ў такой глухой ілжы.
I вось расплата. Надзяцюкаваўся.
Дапяў няшчасця, мір яго душы.
Але ж хіба няпраўда гэта, людзі, у свеце й так зла поўна, і калі плаціць злачынствам за злачынства будзем, то як і жыць тады ўжо на зямлі?
Гвалтоўніцтва жывой душы агідна.
He апраўданне нават і любоў.
I трэба ж так харунжаму загінуць няма як нават пахіліць сцягоў!
I хто ж забіў харунжага? Дзяўчына!
А як па ім гаруе слоў няма.
Пагляньце. Ёсць жа нейкая прычына.
Яна ж як мёртвая ўжо і сама.
Так гэта ўсё жахліва, непапраўна. А ўсім карціць прысуд пачуць хутчэй. Яно, скажу вам, як па мне, то справы у бітвах шабляй вырашаць лягчэй.
Па гэтым атаман Гук гучна кінуў, каб суд папраўдзе тут судзіў дзяўчыну.
Тады Гарбань сказаў яму у вочы і ўсіх нязгодных так вось разграміў: Панове суддзі! Праўды не сурочыць. А праўда ў тым тут, хто каго забіў.
Гук адказаў: Ёсць і другія факты, каму хто здрадзіў, жытку скатаваў. А праўда, пане, слова слепаватае. Яно не бачыць, хто яго сказаў.
Гарбань адцяў: У гэткім, пане, разе мы маем праўды розныя на ўвазе. Той цягне ўлева, іншы гне управа.
А ёсць адно, так, як было спакон: статут Літоўскі, Магдэбурга права, панове суддзі, вось ён, наш закон!
Што скажуць радцы? -
Радцы ні паўслова.
Параілі, суддзя сказаў тады. Такім, хто надта жаласны, панове, павінны быць заказаны суды.
Чатыры ўжо разы мы тут збіраліся. Дапытана ўжо столькі сведкаў тут. А як труціла, і не разабраліся.
А мусім слушны вынесці прысуд.
Яна ж маўчыць, згубіцелька.
Што ж, значыць, да справы й гэта трэба далучыць. Бо маці ў горы. Вішнякоўна плача. Віноўніца ж маўчыць. Чаго маўчыць?
Такога шчэ не бачыла Палтава.
I суд такога шчэ не адзначаў, каб той, хто быў прыцягнены да права, зняважыў права і вось так маўчаў.
Загаманілі лаўнікі і радцы:
Так можна ўсе законы занябыць!
I праўда, скуль атрута ў гэтай здрадніцы такая, што насмерць магла забіць?
Дайшло, што самі сварку ўжо ўсчынаем.
А дзе былі, так і таўчэмся там.
Што нам не трэба ведаць, тое знаем.
А што патрэбна, невядома нам.
Апроч таго, сказаў суддзя, дагэтуль з усіх гаворак нам ясней не стала, а ці былі ў яе ў злачынстве гэтым памочнікі, ці пак кампрынцыпалы.
To што ж мы будзем думаць ды гадаць, як і на гэта ўказ ёсць акурат.
Падсудную па квесцію аддаць, няхай-тко з ёю пагаворыць кат.
Іван сказаў: Панове, гэта жорстка.
I слёзы не ўпадуць з святых ікон? Ды дзе ж яно, ўсёвідзячае вока?! Ды гэта ж нейкі аспідскі закон!
Што ж гэта, людзі? Дзеўчыну на мукі?! Лясько як вымкне шаблю з-пад палы.
Ляська ўхапілі, заламалі рукі і да дзвярэй з ураду павялі.
Казак збялеў аж, вусны закусіў, ды так усіх з сябе і сцерусіў: Вы, канцылюгі, у чарніле пальцы, малельцаў кодла пузу ды машне, хапужнікі, ў паходах небывальцы, каго падужаць хочаце... мяне?!
Ды напрасткі, ў два скокі ад парога, такога ўжо ўтрымаеш ты, але! паміж людзей праклаў сабе дарогу як секане
наводмаш па стале!
Суддзя уздрыгнуў. Гурт назад адхлынуў. Гарбань абвяў ад чуба да халяў.
Лясько ўспацеў. А сталь напалавіну.
А стол стаіць сабе. Як і стаяў.
Палкоўнік! Ды мячы атакялецкія шчарбіла шабля гэтая мая.
Шаломы туркаў, панцыры шляхецкія Лясько Чаркес раскройваў у баях!
Чаму ж я гэтага не разрубаю?!
Іван сказаў: Бо гэта век не ўмрэ. Лягчэй нам крэпасць скорыцца любая. А гэты стол і шабля не бярэ.
(Яны з Ляськом хадзілі ў бітвы разам. Лясько шчэ штуку не адну утне. Ён потым стане пабрацімам Разіна. Загіне на прыдонскай старане.)
I ўстаў Пушкар. Авёў людзей вачыма.
Чапцы ды хусткі, світкі, жупаны.
I галава ў яго па-над плячыма была, як вежа, ў шапцы сівізны.
Шчэ поўны сілы. Славай абагрэты. (Пасля і думу пра яго складуць.
Міне сем год сівую голаў гэтую Вігоўскаму на дзідзе пададуць.)
Пушкар сказаў, што дараваць няможна. Злачынства неабходна пакараць.
I гэтак трэба пакараць, каб кожны убачыў: суд няма чым дакараць.
Закон ёсць сутнасць, і яго аснову аберагаць і дадзена судам.
Але, як хочаце сабе, панове, а на тартуры згоды я не дам!
Тады мы, ўрад, судзейская ўся гронка, на сказанае зважыўшы і ўважыўшы, без ката вырашылі абысціся.
I прадаўжалі справядлівы суд, няўзрушнасць праявіўшы, так, нібы нічога і не адбылося.
Лясько ж Чаркес за тое, што скандаліць, хай штраф належны сплаціць, загадалі.
...Як ружа панская, сядзела Галя.
Іван сядзеў з пахіленым чалом.
Тварыся, воля Боская! сказалі з уздыхам радцы й селі за сталом.
Суддзя сказаў:
Законы судачынства не дазваляюць больш вагацца нам. Засцерагаючы, каб гэткія злачынствы не множыліся больш між хрысціян, забойцу засудзіць да страты мусім, як вымагае права і статут.
I толькі спосаб як Чурай Марусю караць быць тэмай спрэчкі можа тут.
Што скажуць радцы, лаўнікі? А возны? Як бачыцца, пан войце, гэта вам?
Падняўся Іскра, палкавы абозны, сын Астраніцы Якава, Іван.
(Загіне й ён, здабыўшы ў бітвах славу,
у хуткім часе пасля Пушкара, вяртаючыся да руін Палтавы з пасольства да маскоўскага цара).
Асунены, аж пад вачыма чорна. Прашу вас, людзі, выслухаць мяне. Багата страшных слоў тут нагаворана. I кожны толькі хто на што кіўне.
Я, можа, вам вар’ятам тут здаюся. Мы з вамі людзі рознага каша. Але ці ж гэта проста так Маруся? Ды гэта ж голас наш! Сама душа!
Калі ў паход Палтава нас збірала, чыімі песнямі па нас рыдала?
А на вайне той песнямі чыімі, як шаблямі й знамёнамі, жылі мы?
Пакуты нашы, слава і руіны увойдуць у вякі праз гэты спеў. Яна ж была як голас Украіны, які ў харугвах нашых клекацеў!
А вы цяпер шукаеце ёй кару.
Бо, ад самоты немая, маўчыць.
Людзей такога рэдкаснага дару хоць трошкі, людзі, трэба берагчы!
Цяжкі закон. I я яго не зрушу.
I што да болю гэтага дадам?
Яна у песнях выспявала душу.
Цяпер усе іх пакідае нам.
Адно прысуд і ўся на гэтым справа.
I ўвесь на гэтым Чураёвы род.
А як жа запяе тады Палтава?
Ці слёзы не душыцьмуць ад згрызот?!
Запала ціша, як у сне злавесным.
Гарбань заёрзаў:
А пры чым тут песні?
Яна ж адказ за іншае трымае. I потым, чутка маецца, гі-гі, што сведак гэты свой інтэрас мае. Ягоным словам тут няма вагі.