Гарнуся душою да слова  Ніна Мацяш

Гарнуся душою да слова

Ніна Мацяш
Выдавец: Звязда
Памер: 296с.
Мінск 2013
39.35 МБ
Палаў гародчык наш у ружах ранніх, і сутак не хапала ўсё зрабіць.
Па гулкім даху нашае веранды хадзілі то дажджы, то галубы...
ЛЕЙТМАТЫЎ ШЧАСЦЯ
Аж страшна, што можна быць гэткай шчаслівай...
Гады за гадамі, а ты мне ўсё люб. Шалее кахання трапічны лівень зямлі і неба шалёны шлюб.
Я ў ноч успяваная, табою амытая. Хістае мяне сярод белага дня. Каўшамі самотнасці сплачана мыта за ўсе наўздагаддзі ва ўсіх мітуснях.
Нягодаў маіх жніво залатое! Душа мая, аж цяпер раскашуй.
Ox, я не Фауст. Жанчына ўсяго я. «Імгненне, спыніся!» я не скажу.
Імгненне, будзь!
Толькі не хвілінаю, а цэлым жыццём хвалюй і трывож! Аж покуль мяне панясуць з калінаю туды... адкуль ужо... Тады ўжо што ж...
***
Нічога такога не сталася.
Бо хто для мяне ты? Старонні.
Жыццё маё ткалася, ткалася з горкіх нітак іроніі.
Жыццё маё ткалася, ткалася... Застаўся клубочак болю.
Нічога такога не сталася. Ты проста падобны на Долю.
Настане дзень, звагомлены пладамі. He страшна ім ні славы, ні хулы.
Mae суквецці, вы й пад халадамі усё-ткі завязь добрую далі.
Нічога, што падсцерагалі крукі, што прамінула так багата год.
3 такога болю і з такое мукі душа не створыць бутафорскі плод.
АПОШНІ КАНЦЭРТ ОЙСТРАХА Ў КІЕВЕ
Шалеў пярун. Двары былі, як гроты. Рудой залевай захлынаўся дзень.
Бы грузныя маруды-бегемоты, машыны йшлі па фары у вадзе.
Чарнеў таполяў схваляваны допіс. Вада змывала непахіснасць чэрг.
А мы лавілі хоць які аўтобус, таксі, пікап, хоць Ноеў, а каўчэг!
Былі сукенкі нашы ўжо, як радны.
I кожны крок ужо нагадваў трук. I парасонік, смешна беспарадны, шукаў дарогу, перамацваў брук.
1 мы прайшлі, праехалі, прамчалі, мы праляцелі, ўласна, праплылі. Мы на калёсах да фае прычалілі. Мы ў цішу на пуантах увайшлі. Канцэртны зал быў круглы, нібы востраў. Пагасла люстры яркая пчала.
Яшчэ жывы, а ўжо далёкі Ойстрах падняў смычок... і скрыпка ажыла.
Улада гукаў... I абвал авацый!..
I зноў магічнасць геніяльных рук!.. Відаць, заўсёды трэба нам спяшацца, бо смерць і вечнасць гэта ўжо не рух.
He pyx. Мо веліч, можа, час і пространь. Але ж не скрыпка!.. He жыццё маё... Мы неяк вельмі звыклі, што ён Ойстрах. Мы неяк вельмі звыклі, што ён ёсць.
I вось няма. I струны анямелі.
I проці смерці слава не рэцэпт.
А мы тады... мы ўсё-ткі... мы паспелі...
Мы думалі, што гэта йшчэ канцэрт!
Мужанёчак мой, запрагай каня!
Гэта ж змей, не конь даімчыць з-за дня.
Дабярэмася за тры гадзіначкі за стонаццаць вёрст да радзіначкі.
Чуеш, родзе мой, мой раднюсенькі, хоць бы выйшаў хто хоць аднюсенькі!
Што ж тут дзверы ўсе пазамыканы?
Ці ж прыехалі мы няклікана?
Ой ты ж родзе мой, родзе-роданьку!
Што ж бур’ян пайшоў па гароданьку?
Працавіты мой з дзеда-прадзеда!
Двор запушчаны, Божа праведны!
Дзевяць дзён душа б’ецца чаіцай, сёння мусіць дзесь прызвычаіцца.
Тую моркаўку, тую ж кветаньку не праполеш ды з таго светаньку...
Памінаюць людзі. Мы наведаліся.
Вось мы, роданьку, й пераведаліся.
Паміраюць майстры, пакідаючы памяць, як рану. Ім імгненне спынілася ўжо ў барэльефах журбы. А падмайстры не ўспелі яшчэ стаць майстрамі. А работа не церпіць. Яе трэба рабіць.
I тады заяўляюцца беспардонныя нейкія чмуты, прыбіраюць да рук усё пакрысе.
Покуль генія душаць беспараднасць і смутак, мітуслівая нездар свае статкі пасе.
Дужа дзіўны пейзаж: ходзяць таленты касякамі. Сваё сёмае неба прыгінае сабе мітусня.
Пры майстрах нейк лягчэй. Як Атланты, над намі яны неба трымаюць. Таму яна й ёсць, вышыня.
КАЗАЧКА ПРА ТРОХ ВОЛАТАЎ
У чыстым полі, ў чыстым полі на раздоллі, дзе каласочкі проці сонца жмурацца, Вярнігара, Вярнівада і Вярнідуб тры волаты сышліся там ды й журацца.
Мы волаты, мы волаты, мы волаты, мы ёлупы, мы ёлупы, мы ёлупы!
I сіла ж ёсць, і сэрца не мізэрнае, і сто вякоў ні ўмерці, ні заснуць усё мы вернем, вернем, вернем, вернем, а ўжо ж пара было й перавярнуць!
НА СПІЛАВАНЫМ ЯСАКАРЫ
Ішоў дзед з мястэчка, цераз гару, у сваё сяльцо.
3 трыма буханкамі хлеба ішоў у Макаўшчыну. Найкароччая сцежка туды праз цвінтар.
Сеў дзед на спілаваным ясакары, думае.
Запаліў цыгарку што гэта ж яму восемдзесят гадоў.
Закашляўся а зімою ж будзе слізка.
Нацерусіў попелу на калені -
ужо й ясакар спілавалі.
Вунечка яго хата, а тут ахватней.
Бо ў хаце ж анікагусенькі, а тут і жонка, й суседзі.
Шукайма цэнзара ў сабе.
Ён там жыве, дрымучы, без галення. Ён там сядзіць, як чорцік у трубе, і ціха пазбаўляе вас сумлення.
Знутры, па крапялінцы, не за раз. Падступна зніме кожную іконку.
I непрыкметна вылушчыць вас з вас.
I застанецца толькі абалонка.
Вячэрні промень, дзякую за дзень! Вячэрні промень, дзякую за стому.
I за лясоў прасветлены эдэм, і за валошку ў жыце залатому.
За твой світанак, і за поўдзень твой, і за мае апечаныя поўдні.
За ўсё, што ўчора цвет здарыла свой, за ўсё, што заўтра ў рост зялёны пойдзе.
За смех дзіцячы, за мой зорны міг.
За ўсё, што я магу, за ўсё, што мушу. Вячэрні промень, дзякую за ўсіх, хто анічым не апаганіў душу.
За ўсё, што прагне песні і надзей.
Што дзесь у свеце кроў шчэ не праліта. Вячэрні промень, дзякую за дзень, за набалеласць слова, як малітвы.
МАРУСЯ ЧУРАН
Гістарычны раман у вершах
НЕАПАЛІМАЯ
ЗНАЙШЛАСЯ Б КНІГА...
Раздзел I
Улетку 1653 года Палтава згарэла дашчэнту.
Гарэлі саламяныя стрэхі над Ворскляю. Плавіліся купалы драўляных цэркваў.
Вецер быў моцны. Полымя аж гуло.
I доўга шчэ лётаў над руінамі магістрата лёгенькі попел
згарэлых папер -
усіх тых кніг гарадскіх Палтаўскіх, дзе былі запісы бягучых судовых спраў.
Можа, была там і справа Марусі Чурай?
Можа, таму й не дайшлі пра яе аніякія звесткі да нас, што кнігі гарадскія Палтаўскія «праз вайну.
падчас рабавання горада, агнём спалены»?
А што, калі б знайшлася хоць адна, дзесь у манастыры ці на гарышчы?
Як бы ўцалела ўсё-ткі ў тым агнішчы неапалімая як купіна?
I мы б чыталі старадаўні том, дзе выведзена пісарскім пяром, што году Божага такога вось, і месяца такога вось, і дня
перад Марцінам Пушкаром, палкоўнікам, ў прысутнасці Сямёна Гарбаня,
што быў на час той войтам у Палтаве, перад суддзёю, Богам і людзьмі
Чурай Маруся на падсуднай лаве, і паў-Палтавы сведкаў за дзвярмі.
I загулі б старонкі галасамі, і ўсе казалі б штось не тое самае. I грозна буры хваляванняў тых прайшлі б над полем літарак густых.
Тады ўдава Бабрэнчыха устала б перад судом і гэткае сказала б:
Пане палкоўнік і пане войт!
Скарджуся Богу і вам на Марусю, што яна, забыўшы страх Божы, атруціла сына майго Рыгора.
I сын мой Рыгор гвалтоўнаю смерцю памёр, на здароўе да таго не жалячыся, праз атруту і праз чары вядзьмацкія.
Гэта вам я, панове, чыстую праўду кажу і людзьмі гэта ўсведчу.
Падсудную Марусю Чураёўну тады суддзя сурова запытаў, калі, з якой прычыны і навошта яна бязбожжа гэткае ўчыніла? Але яна ні слова не сказала, ніякіх апраўданняў не дала, стаяла як каменнаю была.
Тады натоўп ускалыхнуўся люта: Яна ж прызналася ва ўсім прылюдна!
Калі да Грыца, мёртвага, прыпала, казала ўсё: як зелля накапала, як вымыла яго, і як варыла, і як на ранку Грыца атруціла. Яна спявала, быццам галасіла, сабе ж у Бога кары ўсё прасіла. Адна яна вось так спяваць і ўмела! I раптам сціхла быццам анямела.
Тады мы, ўлада, спраўдзіўшы дазнанне, што Грыц памёр, атручаны, ў чацвер,
далі радні дазвол на пахаванне, прызнаўшы справу «крыміналітэр».
Згубіцельку ж, Марусю, да расправы трымаць пад стражай горада Палтавы.
А зацная Бабрэнчыха, нябога, у горы спадзяецца хай на Бога ды хай паставіць сведкаў, годных веры, не западозраных у злым намеры. Каб сведчылі суду папраўдзе кожны, што тут забойцы іншага няма, таму што гэты доказ не апошні, калі падсудная прызналася сама.
Прысягнуўшы, Параска Дземіха, у летах сталых, засведчыла:
Душы ад Бога не ўтаіць, было ж вось як. Нядаўнечка, на золку, выйшла я...
...патрэсці грушу Леўкаву, падкінуў нехта.
Панове суддзі,
Лясько Чаркес мяне жыўцом ахайвае! Тады мы, ўлада, казалі-сьмы Чаркесу і ўсім іншым, асобам прынаяўным, каб мову сведкам не перабівалі, іначай будуць выведзены з ратушы, а дзверы ўзяты будуць на завалу.
Дык вось, кажу, нядаўнечка, на золку, калі я выйшла глянуць з панадворку, бо нешта комін заваліла мне, гляджу: Грыцко вяртаецца дадому. Адкуль бы гэта? I як на падпітку. Ніяк на плечы не нацягне світку.
To я й кажу, мы ж бо суседзі: Гэй, і дзе ты, хлопча, ходзіш гэтак позна?
Ды чарку выпіў у адных людзей. Чагосьці ў грудзях завіло, аж млосна.
А неўзабаве чую у Бабрэнкаў вялікі гвалт. Дык я туды гародам. Ляжыць Грыцко, увесь ужо ссінеў, хрыпіць, звіваецца, ірве каўнер. А я кажу Бабрэнчысе: ой, кумка, ой, кумка, гэта ўздзеяна яму!
I што мы ўжо Грыцку там ні рабілі вышэптвалі, зганялі, высылалі, святое зелле клалі пад патыліцу, вадою мылі і пералівалі хваробу на Бабрэнкавага пса, не памагло. А што ўжо ён балакаў! Там хто стаяў, дык мала хто не плакаў.
У столькіх бітвах куля абмінула, не амагла варожая рука, каб дзе? каб дома! дзеўка падманула, насмерць звяла са свету казака!
I вось цяпер ляжыць у чарнабрыўцах, атручаны. А тая чараўніца...
Ёсць доказ, што яна дала піццё?
А хто ж бо шчэ труціў Бабрэнку Грыца? Каму ж яшчэ ён так зглуміў жыццё?
Тады перад уладай стаў Хвясько, млыноў дазорац (скарбу вайскавога), які пад страхам Божым мовіў так: Панове суд!
Хлусіць тут немагчыма. Грахом не ляжа на душу мана. Панове суд, я гэтую дзяўчыну разоў мо з восем бачыў ля млына. Над Ворскляю з нябожчыкам стаяла. То-бок, ну, ён шчэ быў жывы тады. I што яно, гадаю, за праява дзве цені, млын і водбліскі вады. Мне што? На гэта ж бо няма заказу, стаянне ў пары, ведама ж, не зло.
А ўсё ж чамусь падумаў я адразу: ты глянь, сышліся дзе, аж за сялом!
А неяк бачу штось мільгнула з грэблі. Усплёскнула аж войкнула вада.
Ну, думаю, нічога ўжо не трэба той дзеўчыне, утопла, вось бяда. To добра, што Іван тут нахапіўся ды паўжывую выцягнуў з вады. Там некалі сваяк мой утапіўся, загібель, я й не даплыву туды.
Суддзя сказаў: Яно нядобра, праўда, і гэты млын, і ўтоплены сваяк.
Але ж мы зараз разглядаем справу не як тапілася труціла як.
He тое сведчыць сведка, скажам шчыра. Тут трэба строга правясці мяжу.
-	Дык я ж не бачыў, як яна труціла. Тапілася ж як бачыў To й кажу. Тады Бабрэнчыха ставіла іншых асоб, лікам сямнаццаць, а з тых сямнаццаці маецца пяць, што да прысягі годныя будуць.