• Газеты, часопісы і г.д.
  • Гарнуся душою да слова  Ніна Мацяш

    Гарнуся душою да слова

    Ніна Мацяш

    Выдавец: Звязда
    Памер: 296с.
    Мінск 2013
    39.35 МБ
    Ўгору ж, дух незаплямлена чысты, ціхі свет твой нязломнага гарту. Гэта спеў мой, сябры, асабісты, звон сталёвы ў радах авангарду.
    ***
    Добра вораг цаніў маю працу, пан адмерыў мне шчодрую плату: ценем белым Ванцэцці і Сакка сталі поруч са мною, як з братам. Што ж, калі ўжо загінуць патрэбна, паміраць вы нас годна вучылі. Ўгору ж, песня! Пад самае неба! Ліся, поўная бляску і сілы!
    ***
    Над зямлёю, настылай і слотнай, дзіка вылі вятры без патолі.
    Сцяцца сэрцам, забыць пра пяшчоту, не будзіць болей песню б ніколі... Ды снягі пасплывалі разліўна, і задыхала поле, ўскрыяла, і над багнай панурай так дзіўна у няволі вясна наступала.
    Птушкі ў сонцы ляцелі і душу працялі маю крыкам вясняным чалавечаму сэрцу ўжо, мусіць, быць павек да канца не спазнаным... He ўгадаць, дзе яно спатыкнецца, не прадбачыць, што ў сіле агораць...
    I скарыўся, і здаўся я сэрцу: хай свабоднае сэрца гаворыць!
    ***
    Над шырокім дашчаным памостам цьмянай лямпкі маркотнае вока.
    Нібы трупаў памучаных косці тут пад саванам кінуты ўпокат. Ды не могільнік гэта вайсковы, хоць стаяць, як надгробкі, над кожным паімённыя шыльдкі ў галовах.
    He, то гэтакі сон наш астрожны.
    ***
    Хай жа сёння дазволена будзе я ў апошні мо раз шчэ дазволю скалыхнуцца авеснена грудзям і заліцца тугою і болем.
    Я, хто ўсе пачуванні жывыя з горкай сілай заціснуў сурова, скамянелае сэрца абмыю найпяшчотнейшым пахам ліповым. Клічу вас, усе барвы і гукі, чым юнацтва маё прамянела, хай уп’юся я вамі да мукі, хай паранюся востра і смела.
    ***
    Сёлы, што абышоў я начамі, ты, кагорта сяброў дарагая, я пранёс сваю веру, як чару, над прадоннем здрадлівым ваганняў. Знаю жорсткага голасу ноты, знаю радасці грамадзяніна, ды хачу ў гэту ноч адзіноты быць каханкам, і бацькам, і сынам. Продань цемры, Бярозы прадонне, а я сэрцам спяшаю няўтрымна да цябе, мая мама, сягоння.
    Чуеш крокі спазнелыя сына? Да цябе я, старэнькай, ссівелай, занямелай ад лютага болю.
    Што ж, калі ўжо такую прыспела сыну выбраць і высватаць долю: выбраць долю харомы, палацы, выбраць долю выгоды, раскоша, і на зайздрасць зайздроснікам маці шанаваць, як на рэдкасць хто можа. ...Хто ж сягнуў на твой скарб найдарожшы, цёплы парастак родны, адзіны,
    і нажом тваё сэрца палошча з той часіны, як выкралі сына? Ці сама гультая ўзгадавала, што сысці яму ў свет закарцела, і панёс аб жыццёвыя скалы разбіваць сваё ўласнае цела? Будзь здарова, галубка сівая, ты й сама горка ведаеш гэта: мацярынская доля такая нарадзіць і аддаць цуд свой свету. Будзь, бывай, мая родная. Болей чулай любасці ў нашым расстанні, чым у тых, хто трымаецца дому, а зямлю баязліўствам паганіць.
    ***
    I яшчэ адна з сэрца ракою плынь глыбознай пяшчоты сплывае, з цёплай сілай і страсным спакоем, як магутная хваля Дуная.
    Да цябе яна, хлопчык мой, сыне, мудравокі маленькі мой дружа! Мо ўжо ростань над намі й прыстыне? Як не ўбачымся мы, як загіну, хай табе запавет мой паслужыць, каб у долі сірочай здрадлівай ты ніколі не зведаў адчаю, я табе нібы бацька руплівы, што маёнткі свае завяшчае.
    Я, твой бацька, твой верны таварыш. Скарб вялікі табе запішу я: хай сумотныя вочы расхмарыш, хай цяпло майго сэрца адчуеш.
    Першы дар, першы скарб запаветны, лёгка жыць і памерці з ім потым, то бязмежнасць любові да свету, што тваю запалоніць істоту.
    Свет ліхі толькі гадам бяскрылым,
    што жывуць для сябе і сабою, іх пагэтаму й страшыць магіла, бо глыне ўсё, што сэнсам было ім. Мы ж спакойныя, смерці ў аблічча усміхнемся, ідучы на страту; мы той шлях, што хвалюе, і кліча, й пераможна сягае за краты.
    ***
    Вырастаеш на плодным ты полі, ты прызначан вялікаму часу: хлопчык, няньчаны ўсёй грамадою, што штандар наш пранесла у масы. Быў ты там, дзе паўстаннем даспела гневу й роспачы нашай калоссе, і лягло, і ўжо ўстаць не здалела, пад свінцовай залевай зайшлося. Будзь жа гнеўным і гордым трыбунам, сведкам будзь на судзе ўсяго свету, раскажы, як злачынна камуны расстраляны былі ў багнах гэтых. Над тваім гэта ж лёсам сышліся цені шыбеніц панскіх асудаў.
    Сцісні, хлопчык, кулак. Пакляніся: «Вось мае карані. He забуду!» Чыстым сэрцам ты змалку пачуеш справу праўды тваёй і сумлення: калі ў бітве няроўнай паду я, сцяг табе паднімаць ў наступленне. Сыне мой, бачу дні твае ясна: пранясеш гэты сцяг ты праз слоты і клады парыванняў пагаслых у краіну святла і свабоды.
    Сёння ж іншага шчасця не маем, як за шчасце наступнікаў гінуць. Узлунай жа ты, песня! Без краю ліся, песня таварыша й сына!
    ***
    Над зямлёй, як мелодыя з цішы, з цемры ўжо выквітае світанне. Дазваляю: няхай ускалыша найшчымлівае ў сэрцы каханне. У нязбытнай журбе зноў лячу я да цябе, ўвесь табою працяты, да калень прыпадаю, ты чуеш, о, мая ты, мая ты, мая ты! Скрозь разлуку, пакуту, загубу як бязмежна я, родная, шчасны! Да пяшчотаў і рук тваіх любых мая прага ніколі не згасне.
    Хай нас дзеляць драты і засекі ў царстве цемрадзі лютага змея, ды навекі ўва мне ты, навекі, і праз ростань навекі ў табе я. Дзе упарта заціснуты зубы, дзе нясіла цярпець і трымацца, там услых не прыгадваюць любых, там спяваць пра каханне баяцца, каб туга, захліснуўшы барвіста, маладушнай струны не збудзіла і прынадаю ласк прамяністых не згубіла змагарскае сілы. Ці ж яно і напраўду такое, чалавечае наша каханне?
    He! Сябе не спаганіць ніколі яно ў буры зацішка шуканнем ты б ні роспач сваю, ні пагарду, як дзіця б, не ўтаіла ў паглядзе, калі б я і чапляўся, няварты, за каханне, а гонар свой траціў. Хто ж зламоўца так слінай забрудзіў, хто ж паўзун гэтак подла спачварыў тое, што напаўняе нам грудзі і выстрэльвае душу ў надхмар'е?! Нас любоў не вядзе да звыроды,
    нам на крылах не вісне балесна: спеў любові як песня свабоды, скрывавелая, гордая песня!
    ***
    Намалюйце фрагмент невялікі загарожы з калючага дроту, што заплецена густа і моцна, замыкае шляхі перад намі, насупор парыванням у заўтра, як ашчэраны прывід звыродны, злымі, чорнымі звоямі звіты і парослы наскрозь бур’янамі. А на сплётах іржавых, як грудка, цела птушкі,
    што страшна ў разгоне аб калючкі свой лёт працяла тут, мёртвай ластаўкі кволае цела, пабурэлае, зжухлае блёкла, слоты выгрызлі вочы са скроняў, запляліся зламаныя крылы між дратоў, нібы крык анямелы. Лёгка, быццам маланка-зігзіца, у блакітным вясноўі шугала, віравала натхнёна і ўзнёсла, песню сэрца ўкладаючы ў крылы, і не ўгледзела, шчасная, здрады, што яе ў быльнягу пільнавала, міг і ў грудзі ўпілося жалеза, і калючкі праз сэрца прабіла. He, дратоў гэтых змрочнага зместу птушкам не ўразумець:
    дайце ж веры, што і нашая доля людская сходна з доляю ластаўкі гэтай, бо, хоць кроў нашых ступняў і росіць шлях той, цяжкі,
    цярністы без меры, ды, забыўшыся ў радасці, бачым як маячыць дзівосная мэта! А драты о, крылатыя, чуйце ж! гэта проста бяздомная зграя, звыраднелая ў дзікае племя, адшчапенскае племя сляпое, што з нікчэмным зларадствам са шляху між калючак
    засек заганяе тых, хто ў першых шарэнгах паходу пабрацімаў вялі за сабою. Аніколі зняможаных ног мы не павернем назад, воля ўсведчыць, хоць крутымі абрывамі часта пуцявіна нам нашая грозіць, назаўжды ў даль праменную вочы, хоць не раз трэба
    грудзі знявечыць аржавелым жалезам, як птушка. Вось фрагмент
    дратавіння Бярозы.
    ***
    Дзе мы цягнем камення фургоны, пры чырвонай цаглянай дарозе шчэ адзін ёсць будынак чырвоны ў шчэ адной драцяной загароджы, шчэ адзін паліцай з карабінам сцеражэ яго мёрзлую цішу гэта карцэр; хто ў ім не загінуў, пра засвецце спірытам апіша. Пруцянее знямоглае цела на бетоне аголеным, зрытым, і паўзуць люта хвілі скалела, і паўзуць... да канца... да нябыту... Можа, ў лёд сцюжа думкі аберне, у бяспамяцці ўсё перанесці б. ...Змена варты; на грукат у дзверы як азвешся, замучаны: «Естэм!» Ды шчэ розум пануе над целам, шчэ свядома вартуе твой мозак, аж надыдзе той час, і, сацьмелы, ты загубішся ў жорсткай знямозе. Толькі потым, як верне прытомнасць, скажа твар твой, разбіты аб сцены, як блукаў ты ў кашмарах сутонных цераз стражы і дзён перамены. Зноў хвіліны пацягнуцца ззябла, зноў асклелая сцюжа ўцінае аж прыходзіць галоўнейшы д’ябал, нібы пан на агляд ураджаю: акідае дасведчаным вокам, можа, пільнасць тваю закалыша, можа, ты непрытомна, рукою кантракт ганьбы на душу падпішаш. Спакушае і ўлешчвае, вабіць, кліча ў свет незахмараных высяў. Адыдзі! Служка здрады й падзення!
    Сатана! Адыдзі! Адчапіся!
    Чорны воблік твой, сам чэраваты, голас-злодзей ўкрадаецца мякка. He за людскасць у логаве ката заслужыў ты бразготкі адзнакаў. He спаганю я свету сабою, прэч! Мой гонар на продаж не звесці! ...Зноўку ноч. Зноў гадзіна спакою й чобат гупае ў дзверы. Ці «естэм».
    Ноч. Ляжыць амярцвелае цела, не ўзнімаецца болей з бетону, ды з-пад зведзеных рэбраў прыцьмела й насцярожана сэрца шчэ гоніць: «Тук-тук, тук-тук!..» Я чую... я чую. Верны й пільны ты мой валадару. Абяцаю: я ёсць і я буду да твайго
    да апошняга ўдару!
    ***
    Між дратоў у калючках, як джалах, пад грувасткай сцяною катоўні, як заўжды, нас на здзекі стаўлялі ў два шнуры знумарованых, роўных. А за намі, за катаржным полем, там, дзе травы спаганьблены мордам, сонца йшло так пяшчотна дадолу, неба чыстае клікала горда.
    Люты Пыталь* глуміўся над намі, а ўгары, над панурым тым мурам, з поўдня й поўначы йшлі апантана хмар лавіны, цяжарныя бурай. Долу дзіўная ціша стаяла, захад неба быў ясны, прыветны, а ўгары быццам грозныя скалы скалыхнуліся й рушылі з нетраў, нам вясной папярэдняй падобна**,
    напіралі й крышыліся з сілай і так білася ціха і годна наша сэрца, што буры прасіла. I такі быў пусты і плюгавы лад, што нелюдзі твораць сляпыя, вобак з тым, як у доблесці й славе йшло жыццё і змаганне стыхіі. I раптова з нябёс гэтых гнеўных, быццам кліч, каб не змякнуць у горы, буйна й радасна з хмар загрымеў нам першы гром, малады і бадзёры. Следам кроплі дажджу, як слязіны, лёгка й светла дадолу упалі і душа падалася парыўна, і ўспрыймала напружана й палка, і ўбірала, раскрытая насцеж, да глыбінь, неба гордую мову: «Толькі вытрымаць! Духам не ўпасці! Свет збалеў па абнове вясновай! Вы ці хмары?! Стыхія ці людзі?! Рух усё знітаваў непадзельна. Ані ўстрашыць таго ўжо, ні знішчыць, хто у цудзе жыцця тут удзельны!»
    ...I хоць гнаныя крыкамі ката, у ліхім паядынку са смерцю мы ляцелі, як птахі, крылата ў свет на крылах, што выраслі з сэрца.