Гарнуся душою да слова  Ніна Мацяш

Гарнуся душою да слова

Ніна Мацяш
Выдавец: Звязда
Памер: 296с.
Мінск 2013
39.35 МБ
Ці варта казаць, што ён быў найпершым з маіх украінскіх сяброў, хто ў 1990 годзе прачытаў беларускамоўны том выбранай лірыкі сваёй знакамітай зямлячкі з вершамі ў майстэрскім перакладзе Валянціны Коўтун і маёй «Марусяй Чурай».
Цяпер, калі я азіраюся ўслед гэтым «з рэактыўным свістам» (Ліна Кастэнка) праляцелым дваццаці пяці гадам жыцця, мне шчасліва здаецца-думаецца, што пераклад рамана даўся без ніякай намогі, святочна-лёгка. Вядома ж, гэта не зусім так, або й і зусім не так. Але той натхнёны ўздым, тая апантаная жарсць, што не адпускалі мяне цягам працы год?.. паўтара?.. не памятаю, не пакідалі ўсім немінучым, натуральным рабочым цяжкасцям ніводнага шанцу выйсці на першаплан. Чым я тады ні займалася б па-за пісьмовым сталом, творчая напруга не спадала ні ўдзень, ні ўночы; пакуль не правальвалася ў глухі асвяжальны сон, у памяці бясконца круціліся, паўтараліся, і так, і гэтак паварочваліся радкі, падбіраліся найдакладнейшыя словы-адпаведнікі. Я «ўтопла», «патанула» ў першароднай, як стыхія, прадоннай плыні рамана і, нібы фальклорная русалка, асвойвала, абжывала яе, каб потым а як жа! на тое ж і русалка! зацягнуць у віры гістарычных падзей і жарсцяў твора не аднаго яшчэ зачараванага цікаўніка. Каб і яму, як мне, балела душа па сумленных і несумленных, ахвярных і сквапных, хітрых і абыякавых палтаўчанах, прагнулася справядлівасці дзеля кожнага і волі дзеля ўсяго люду, каб разам з Марусяй прайсці ўсімі ўздымнымі ды пякельнымі сцежкамі кахання і здрады, у прорве роспачы ўжо схіляцца да тагасвецця і ўсё-ткі не зламацца дарэшты, вярнуцца да жыцця, жорсткага, крывавага, бязлітаснага і такога неасяжна вялікаснага, велічнага, загадкавага ў касмічнай цэласнасці відомага і невідомага, з мянлівым, вечна ўразлівым прыродным хараством. He падпіраюся цытаваннем: лыжка марской вады не мора. Паасобныя, хай і найярчэйшыя радкі твора здольныя аздобіць і падмацаваць пэўную думку, аднак бяссілыя ўвасобіць уразлівую эмацыйную, інтэлектуальную, маральную напругу рамана, яго неймаверна размаітую, псіхалагічна адэкватную інтанацыйнасць, яго непадробна жывое дыханне.
Легендарная Маруся Чурай, якая, без увагі на тое, што пра яе пакуль не адшукана ніводнага афіцыйнага дакумента, ужо не адно стагоддзе жыве ў народнай памяці як паэтка і спявачка, вабіла і натхняла многіх украінскіх, расейскіх, польскіх пісьменнікаў. Згадайма хоць гістарычную аповесць «Маруся маларасійская Сафо» Аляксандра Шахаўскога. Але толькі Ліна Кастэнка патрапіла надаць гэтаму вобразу праўдзівае аблічча рэальнай гістарычнай асобы часоў паўстання Багдана Хмяльніцкага.
Слушна кажуць літаратуразнаўцы, што талент не адзіная гарантыя поспеху, што гарантыя поспеху у асобе паэта. Ліна
Кастэнка ўсё жыццё ад верша да верша, ад паэмы да паэмы сцвярджае любоў і годнасць як аснову й апору чалавечнасці і няўтомна вяртае «пересічному (сярэдняму. Н. М.) украінцу» ягоную гістарычную памяць. А ў гэтым вяршынным творы сваёй лірыкі ўжо ўсяму свету паказала сапраўдны, не скажоны ніякімі «крывымі люстэркамі» твар роднай Бацькаўшчыны, душу свайго народа, такога вялікага у годнасці, вызвольным духу, мужнасці, у шанаванні высокіх маральна-этычных прынцыпаў, свабоды, праўды, песні. Чураёўна хвалюе, да слёз узрушае нас не толькі сваёй горкай жаночай доляй, але найперш як таленавітая і гордая дачка свайго народа, як палымяная грамадзянка. Бо «сама сабою фізічная драма хвалюе нас толькі тады, калі нам стаецца відавочным яе духоўны сэнс» (Антуан дэ Сент-Экзюперы).
Ніна Мацяш, 2007
***
Такі чужы
I раптам канаваны.
Хімеры хмар задушаць гарызонт. Зямля ўдыхне глыбінна й раскавана на вішняках настоены азон.
Мне знемагальна, душна, невыносна. Чад бэзу туманее, нібы лёс.
Гудуць лясы, рыпяць зеленакросны, парчовы лівень выткаўшы з нябёс. Лягла далонь натхнёнай навальніцы на залатую страту галавы.
Мне ўжо ніколі, мабыць, не дасніцца шалёны ўсплёск заўзятых бліскавіц.
А навальніца грозіць мне грамамі, і на дыбкі зацуглены адчай.
Няхай смакуюць пачуццё гурманы, стыхія ж ты кахаеш, дык кахай!
I я...
Чужога.
Раптам канаванага. Маркота сэрца не стыкае воч. Туга і шчасце перанітаваны. Уся маланкамі праткана ноч!..
ПІНГ-ПОНГ
дабрыдзень добры дзень як справы? дзякую добра як у вас? работа лета спёка прага а як настрой? -
выдатна -
вочы ж -
вам здалося -
няпраўда -
асцярожна мяч! агнём маўчання працялося спляліся позіркі прабач слоў не шкадуй пустапарожніх кажы іх зноў кажы іх зноў! а так а так глядзець няможна ў настольным тэнісе размоў. -
***
Штогод я сведкаю: вясной, у маі прыносяць людзі фарбу, інструмент. Хтось агароджу дбайна папраўляе, або, на шэры стаўшы пастамент, фарбуе помнік воіну жанчына, ад фарбы срэбнай бліскаўкі ў вачах. А ўсё цвіце, й не плакаць немагчыма. Яна таму салдату да пляча.
Яна яго, каменнага, фарбуе. Як шызая галубачка, шчыруе. Хінецца да яго, краёчкам ходзіць,
і цягнецца, на пальчыкі ўстае.
I так ужо той шчотачкаю водзіць бы ў новы шынялёчак адзяе.
***
Старэнькая кабета! Магда?.. Эльза?..
Вялікі свет, ліхія ў ім вятры.
У нас дагэтуль Крупава жалеза выворваюць у полі трактары.
Ну, як там вальсы граюцца ў Вальсродэ? Як доктар Фаўст змагаецца са злом?
У нас навекі хлопцам нашым родным жыць сабе й жыць у рамачцы за шклом. He, я нічога да цябе не маю.
Магчыма, й твой загінуў на вайне.
За што, супраць каго ён біўся, Магда?!
Ён не крычыць «Хайль Гітлер!» на сцяне?
***
Жыццё ідзе і ўсё без карэктур.
I час ляціць, не сцішвае галопу. Даўно няма маркізы Пампадур, і мы жывем даўно пасля патопу.
He знаю я, што будзе пасля нас, прыродзе ў шаты у якія ўбрацца. Адзіны, хто не мае ўтомы, час. А мы жывыя, й трэба нам спяшацца.
Каб тое здзейсніць, што прызначыў лёс, пакінуць след хоць пройдзем мы, як цені, каб толькі вочы светлыя нябёс заўжды зямлю тут бачылі ў цвіценні.
I каб лясы не вымерлі, як тур, каб не зачэзлі словы, нібы руды.
Жыццё ідзе і ўсё без карэктур, і як напішаш, гэтак ужо й будзе.
Але не бойся прыкрага радка.
Як і празрэнняў, бо яны як лекі. He бойся праўду горкую спаткаць, не бойся смуткаў, хоць яны як рэкі.
Людское сэрца бойся ашукаць, бо ў гэткім схібіш дык ужо навекі.
***
Перабірае струны бор сасновы. Ракоча ціша на глухіх басах.
Звіняць бярозы. Ходзяць перазовы, з паўдня людзьмі забытыя ў лясах.
Бор сівы лірнік. Ён багата знае.
Яго паслухаць сходзяцца вякі.
Усё ідзе, але не ўсё мінае над берагамі вечнае ракі.
Світае свет ў цярноўнікавым голлі. Кладуць вятры смычок на цеціву.
Шукае дзесь маіх сяброў мой голас, і чую хтось крычыць і мне: ау!
I зноўку ціша. Толькі перазовы.
Праз дзень праз міг, праз душу, праз вякі.
Перабірае струны бор сасновы над берагамі вечнае ракі...
***
I не мінае, не мінае!
I ўжо, напэўна, не міне. Душу трывога распінае: што, як кахаеш не мяне?
Я па-латыні: amore amo! Няўжо ратунку і тут не маю? А мора, мама, а мора, мама, яно таксама не мінае.
А мора, мама, amore, amo, amore, amo! A ты адзін.
Я абламлю ўсім хвілям пальцы, каб не спляліся ў журбу гадзін.
Былыя храмы не міліграмы, і ўсох калодзеж твой, ягамосць. Куды падзецца? Аморэ, амо... Нават на месяцы моры ёсць.
Чмурэе сад ад цвету ўласнага. Іду, збіваю расу хвашчоў.
Мора Крызісаў.
Мора Яснасці. Мора дажджоў.
***
He гавары журботнымі вачыма, пра што у слоў адвагі не стае. Так узнікае ласка самачынна. Так перад бурай ціша настае. Ці ты мой сон, ці ты мая уява, праява чорнай магіі чала.
Між намі гэтакая радуга стаяла! Між намі гэтакая прорва пралягла!
***
Што ў нас было?
Каханне й лета.
Каханне й лета без трывог.
I ўсё. Увогуле, не гэтак ужо й замала, як на двох.
А жнівень выжне нашу ўзнёсласць, адкоціць верасень грамы, і неба ўродзіць зноў дзівосна шклянымі зоркамі зімы!
А потым чмель разбудзіць кветку, зноў лета ўсядзе за лато.
Зноў на прутках змудруе сетку старукі волат Аніхто.
I ў гэтым часу калаўроце, дзе ўсё мінае, як у сне, як тая птушачка на дроце, душа натомлена спачне.
***
Шалёнасць тэмпаў. Час не наша ўласнасць. Фантастыка не мроіў і Жуль Верн.
Кіпіць у нас ў артэрыях сучаснасць.
Нас, як з металу, выклепаў мадэрн.
Душа належыць свету і эпохам.
Чаму ж яе так раптам працялі зімоўкі-яблыкі, з тужлівым пахам лёху, і рукі матчыны, што яблыкі ўняслі?!
Заваражылі крумкачы світанак не ўсходзіць сонца толькі кар ды кар. Разбіўшыся з налёту аб паўстанак, бярозавы ў траве ляжыць Ікар.
За пераездам чуйна ціша дрэмле.
Шлагбаўм... Туман... Світанкавая стынь... Як шапкамі закіданыя, дрэвы стаяць у гронках гнёздаў, шчэ пустых.
Прайсці наранку вуліцамі цішы.
Знайсці гатэлік. Скінуць паліто.
I дзе я, і хто я, паўстанкаў тысячы, хоць дзень, хоць два не ведацьме ніхто.
I толькі шум далёкага прыбою абсада, людзі, вуліцы, масты... Прывезці чамадан паэм з сабою з прытулку супакою й саматы.
***
Пасля дажджу нібы смарагд дуброва, гамоніць рэчка жвавая ў палях.
I сонца стужкай тонка пурпуровай, як пэндзлікам, кранае далягляд.
Ляжаць гароды гарбузовай Меккай.
Паруе ў неба ціхае цяпло.
I бусел па-над комінам старэнькім пасля дажджу прасушвае крыло.
***
Глядзіш, глядзіш... А я ўжо як на трапе.
I слоў няма. I смутак цераз край.
Жыццё ідзе па «Гаусовской шляпе»: вось так «дзень добры», а вось так «бывай».
Бывай, бывай, чужы мне чалавеча!
Шчэ не было раднейшага, як ты. Вось ён, выпадак той, калі дарэчы адзінае: ўцячы й спаліць масты.
***
Што лёс нялёгкі што ж, карысць тут і свая ёсць. Шчаслівы сон душы мастацтву не спрыяе.
***
Заходзіць сонца за кулісы бору. Таполя б’е паклон з далечыні...
Заслона мякка абцякла прастору, касмічны цырк запальвае агні!
I задарма глядзі ўжо хоць да дня ты у тую продань, дзе гарыць Персей, гарэзяць з Псамі Гончымі Блізняты, Сусвет жа кружыць гэту карусель.
Іржэ Пегас, выблісквае Карона, і Валапас пасе сваіх Цялят, і мігацяць у ззянні Арыёна хімерна сальта Оўна і Плеяд.
Зямныя сёлы і зямныя дрэвы, і дым салодкі гэтых родных сёл!
Усё ў кружэнні Воран, Возны, Дзева, і мігаціць усё, і ззяе ўсё!
Ляціць Нептун, і мне з ім налятацца.
He трэба, зоры, за мяне дрыжаць. Яшчэ мне тут і плакаць, і смяяцца, і думаць, і пакутваць, і спяваць.
Гляджу, як гне прастор свае падковы, туман галактык бачу за плячом.