Гарнуся душою да слова
Ніна Мацяш
Выдавец: Звязда
Памер: 296с.
Мінск 2013
Бяроза Забалоцце, 1937
* Пыталь бярозаўскі паліцай, вылучаўся асаблівай жорсткасцю.
“ У траўні 1936 года паліцыя расстраляла дэманстрацыю беспрацоўных у Львове. Гэта выклікала магутнае паўстанне львоўскага пралетарыяту.
27.04.1977
У адным радзе з бессмяротнай кнігай Юліуса Фучыка «Рэпартаж пад шыбеніцай» стаіць аповесць-рэпартаж «Бяроза» ўкраінскага пісьменніка Аляксандра Гаўрылюка. Матэрыялам для яе, як і для паэмы «Песня з Бярозы», служылі факты з жыцця самога аўтара. Аляксандр Гаўрылюк, які пражыў на свеце ўсяго трыццаць гадоў і амаль палавіну з іх правёў у турмах і дэфензівах, двойчы быў вязнем Бярозаўскага канцэнтрацыйнага лагера гэтай «самай жахлівай катоўні з усіх, якія ствараў сусветны капіталізм». Але палітычныя зняволеныя, палымяныя барацьбіты за сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне працоўных Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі, за ўз’яднанне народаў гэтых краін у адзінай братэрскай сям’і, гатовы былі аддаць жыцці за сцверджанне камуністычных ідэалаў і гэтым перамагалі, выстойвалі ў самых нечалавечых умовах нават такіх «лагераў смерці», якім слыла ў трыццатыя гады Бяроза-Картузская.
Прапаную ўвазе чытачоў урывак з аповесці Аляксандра Гаўрылюка у маім перакладзе.
Ніна Мацяш
БЯРОЗА
...Бяроза! Два гады таму прагучала з газет гэтае слова і адразу лягло на краіну пачварным ценем, скалыхваючы народныя масы хваляю агіды, жаху, абурэння і гневу. Загад пра стварэнне Бярозы падпісаў у 1934 годзе сам «вялікі маршал» і «дарагі камендант» Пілсудскі. Гэта быў апошні выдатны яго твор, і твор гэты адразу вырас да значэння сімвалу здзічэлага, канаючага свету. Нават рэакцыйныя польскія колы былі трошкі збянтэжаны такім ці не надта «адважным» крокам свайго ўрада і пыталіся ў сябе: а ці паплатна ім так адкрыта скінуць з сябе лічыну ўсялякай добрапрыстойнасці і культуры?
Ідзе цягнік. Арыштаваны ведае: яго вязуць не зняволіць, не пакараць, не ізаляваць ад свету. Яго вязуць нават не проста забіць. Яго вязуць зламаць. Яму створаць такія абставіны, дзе яго рэвалюцыйны гарт, ягоная годнасць, адданасць, вернасць павінны скрышыцца, як грудка ў жорнах, распасціся, як габлюшына ў полымі.
На гэта створана Бяроза.
Уласна кажучы, амаль нічога канкрэтнага пра Бярозу не было вядома, а пісаць пра яе сурова забаранялася. Ён таксама нічога не ведае, хоць менавіта для такіх, як ён, і прыдумалі яе. He сустракаў ён нідзе былых вязняў Бярозы, хоць, здаецца, і ёсць такія... Але пры ўсёй таямнічасці ведама ўсім адно, што гэта самая жахлівая катоўня з усіх, якія ствараў сусветны капіталізм. Польскія паны, што з такім запалам наследавалі сваім настаўнікам з Захаду, у гэтым выпадку пахвальна пераўзышлі іх.
...Цягнік імчыць. Мільгаюць назвы польскіх станцый: Жабінка, Тэўлі, Кобрын. Праз абмерзлыя вокны нічога не відно. Ды й што ўбачыш на Палессі?
Нарэшце, вось яна Бяроза: маленькая станцыя сярод аснежаных палёў. Некалькі прыгорбленых абдзёртых вознікаў.
Ага, выяўляецца, што ад станцыі трэба праехаць яшчэ шэсць кіламетраў.
На марозе і ветры кайданы адразу пачынаюць пячы, як агонь. Паліцай бачыць, што рукі арыштаванага прымярзаюць: ён хоць і не раскоўвае рук, але сяк-так нацягвае на іх свае рукавіцы. Сані імчаць. Вецер рэжа твар. Вушы калеюць, іх ніяк не прыкрыць скаванымі рукамі. Вознік маўчыць і не акідаецца. Мабыць, ён штодня возіць такіх падарожных, і ад гэтага жыццё яму катаргаю.
Вочы шукаюць страшнай мэты. Пустыннае зімовае поле. А ўдалечыні злева нейкія шасцікутныя вежы, каменная сцяна.
He, кажа вознік, не абарочваючыся, гэта руіны манастыра ордэна Картузаў, праз яго і Бяроза-Картузская. Гэта вунь там!
Сярод плоскага поля вырастаюць два велічэзныя чырвоныя будынкі, трохпавярховыя, панурыя. Тут, на пустцы, яны ўражваюць сваімі памерамі. Яны прыгнятаюць і ўсю мясцовасць, і душу. Будынкі абнесены высокім парканам, але абгароджа здаецца нізенькай у параўнанні з іх агромністымі чырвонымі сценамі. А ў сценах даўжэзныя рады вакон, якія ж аднастайна даўжэзныя рады вакон!
Усё гэта пісьменнік спраўна і выразна адзначае ў памяці.
Па шашы ўздоўж паркана ім насустрач коціцца цяжкі, нагружаны фургон. Без коней цягнуць людзі, людзі ў шэрых арыштанцкіх халатах, у маленькіх блазенскіх шапачках. На плячах нашыты вялізныя нумары, выведзеныя чорнай тушшу.
3 пякучай цікавасцю глядзіць на іх пісьменнік, намагаючыся па іх абліччах вычытаць таямніцу Бярозы. Што на гэтых тварах? Адчай? Закамянелая нязломнасць? Жах? Спакой?
Як на іх адлюстравалася сутнасць Бярозы, якую яны спазналі ўжо да дна? He, гэтыя твары непранікнёныя, мёртвыя для якіх бы там ні было адчуванняў твары. Драўляныя маскі. Ніхто нават не глянуў на яго, хоць, без сумнення, усе яго заўважылі. У мёртвай маўчанцы воз пакаціўся далей у суправаджэнні апранутага ў доўгі кажух паліцэйскага.
Цяжкая драўляная брама. У будцы паліцай у кажусе. Сані спыніліся. А! Пад’язджаюць яшчэ адны сані-відаць, тым самым цягніком прыехалі і іншыя таварышы па нядолі.
3 форткі выходзяць некалькі паліцэйскіх; нават прыезджы эскорт баязліва ўцінаецца перад імі: бярозаўскія паліцаі здаравенныя боўдзілы з сапраўды звярыным выглядам. Агідныя ўсмешкі на вуснах, у руках гумавыя дубінкі, хіжыя і адначасна ласыя пагляды абмацваюць постаці арыштаваных, як быццам загодзь смакуючы нейкую прыемнасць. Ёсць у гэтым нешта жудаснае. Таму і ўцінаюцца трывожна прыезджыя паліцэйскія, хоць кожны з іх у сябе дома на «пастарунку» напэўна штодня лупцуе розных «грамадзян», якім выпала сутыкнуцца з «законам». Але паліцаі адчуваюць, што ўся іх хатняя работа кустарніцтва ў параўнанні з фабрыкаю катаванняў, арганізаванаю ў тых сценах.
Паліцаі-гаспадары легкаважна і пагардліва, як у шкаляроў, нешта выпытваюць у прыезджых калег.
Расчыняецца брама Бярозы, каб каўтануць ахвяры.
Паліцаі, глумліва пасміхаючыся, падступаюць да групкі арыштаваных.
Пядае ціхая каманда:
- Бягом!
Адначасна люты ўдар па галаве аглушае з левага боку. Такі ж удар дубінкі справа вяртае раўнавагу. Удар гумавай дубінкі глуха прыгваздаў галаву зверху.
Арыштаваныя рынуліся ў браму, але і тут удары сыплюцца з усіх бакоў. Бягуць, спатыкаючыся і падаючы, усхопліваюцца пад ударамі, губляючы і рассыпаючы клункі і хуталікі. Бягуць па нейкіх засеках з калючага дроту, але ўсюды натыкаюцца на паліцэйскіх. Тыя выскокваюць наперарэз сваім ахвярам, як футбалісты на разагнанага мяча, і страшным замахам дубінкі валяць людзей з ног.
- Бягом!
Арыштаваныя бягуць пад градам удараў. He, не ўсе бягуць: ззаду нехта стогне перадсмяротным стогнам на снезе. Але гон не спыняецца.
- Бягом!
Арыштаваныя прабягаюць паўз астатніх паліцаяў. Але тады грыміць новы загад.
- Падай!
Вязні выконваюць загад. Перад імі і так сыходзяцца высокія іржавыя калючыя засекі. Паліцэйскія падыходзяць і пачынаюць біць па распластаных на снезе целах. Пераходзяць ад аднаго да другога і б’юць, зноў вяртаюцца і б’юць, ці гэта й будзе ўжо канец, тут затаўчуць да смерці?..
- Уставай!
- Бягом марш!
Людзі зноў кідаюцца наперад пад ударамі. Бягуць куды? У вачах цёмна, але ведаюць, што бягуць углыб Бярозы, на дно Бярозы. Кіраваныя ўдарамі, трапляюць у нейкую клетку з калючага дроту. Ударамі заганяюць іх у маленькі пакой. Глыбей, штораз глыбей, на дно Бярозы.
Тут, за сталом, у зухавата збітым на патыліцу картузе, сядзіць сухі паліцэйскі. Задзёршы галаву ўгару ды заклаўшы нагу на нагу, паглядвае на вязняў, на збітыя, пакалечаныя, скрываўленыя постаці. Тыя чакаюць, ледзьве трымаючыся на нагах ад пабояў. Чакаюцы яны ўступілі ў Бярозу. Але яна, уласна, пачынаецца менавіта тут, у гэтым агромністым будынку.
- Ну, прачытаю вам статут Бярозы, азываецца, нарэшце, паліцэйскі скрыпучым, драўляным голасам. Дастае са стала нейкі зашмальцаваны шматок паперы з машынапісным тэкстам і чытае прыблізна такое: кожны арыштаваны павінен няўхільна падпарадкавацца ўсім загадам і выконваць іх неадкладна. У выпадку непаслушэнства застасоўваецца прымус, а ў якасці кары даецца арышт і карцэр. Да кожнага паліцэйскага арыштаваны мусіць звяртацца не інакш як «пане камендант». Пра ўсё трэба «рапартаваць слухмяна» і «прасіць слухмяна». Без дазволу няможна зрабіць аніводнага кроку. Усе загады выконваць бягом. У Бярозе вымагаецца поўнае маўчанне. Пры выяўленні самага дробнага непаслушэнства будзе ўжыта зброя.
- Зразумела? скрыпіць паліцэйскі і плюгава пасміхаецца. Відавочна, гэта не ўсё, усяго не напішаш, тлумачыць ён спакойна. Шмат спазнаецца на вопыце!
Так, вязні разумеюць, што гэта не ўсё. Паслушэнства, арышт, карцар, -якая ідылія! Ужыванне сілы пры супраціўленні... Так, яны пераканаліся ўжо... Хоць у статуце, нават бярозаўскім статуце, пра гэта не напісана.
...Арыштаваныя зноў выгнаны ў калідор.
Смірна! Камуністычнымі мордамі павярнуцца да сцяны! He азірацца!
Мімаходзь пісьменнік адзначае: там, у канцы калідора, муры як бы расступаюцца, утвараюць нейкія залы, брудныя і вялікія, як стайні. Там віднеюцца сталы і людзі за сталамі. Людзі не людзі трупы; гэткая несамавітая іх нерухомасць і маўчанне. Іх там шмат. Маладога чалавека апаноўвае трывога. Неўзабаве тыя жывыя трупы некуды знікаюць.
Па калідоры бягом марш!
Калідор уліваецца ў неахайную, велічэзную залу, падпертую слупамі. Усюды разбітыя вокны, праз шчыліны ў дзвярах свішчуць скразнякі. Два знялюджаныя вязні, у лахманах, з нумарамі на спіне, увіхаюцца ля паравіка. Падкладваюць дровы.
Прыбылым зноў загадваюць распрануцца нагала.
Таўраваныя нумарамі вязні абыякава і тупа працуюць далей, нават не глянуўшы на сваіх таварышаў. Збіраюць вопратку, моўчкі кладуць яе ў паравік, не праяўляючы ніякай зацікаўленасці да голых навічкоў, якія зноў стаяць тварам да сцяны, свецячы жахліва скатаванымі спінамі. Прыходзіць яшчэ адзін знялюджаны лахманамі вязень і пачынае па чарзе стрыгчы новаз’яўленых. Але робіць гэта з такой тупой халоднасцю, быццам перад ім стаяць не таварышы па нядолі, а мёртвыя прадметы. Гэта жахліва. Твар без выразу, без думкі, без пачуцця. Нумараваныя, бяздушныя целы.
На навічкоў гэта робіць страшнейшае ўражанне, чым збіванне, і вочы ў іх круглеюць ад жудасці. Як? Дык да гэтага даводзіць Бяроза? Дык і гэтыя нумараваныя, тупыя аўтаматы таксама былі людзьмі, саратнікамі, палкімі і адданымі, гордымі і мудрымі?! Дык да гэтага даводзіць Бяроза?! Да гэтага і іх давядзе, што страцяць усе рысы чалавека? Будуць тупа-драўлянымі вобак скатаваных братоў?!