Гарнуся душою да слова
Ніна Мацяш
Выдавец: Звязда
Памер: 296с.
Мінск 2013
Што Галя гуска добрая, ўжо ведама.
I ўсё. I годзе. Я ад Галі збег.
А можа, й праўду кажуць, што ты ведзьма, прываражыла ж нечым да сябе.
Бо што б мяне іначай так паліла, чаго ж я так пакутую і б’юся? Куды б мяне ў жыцці ні прыхіліла, а ўсё адно я да цябе вярнуся.
Ты ж ноч мая й святло маё ўсёдзённае!
Кажу як перад Богам, не ілгу.
Прабач за ўсё, забудзь, яно будзённае, а я ж без тваіх песень не магу!
Калі я там і гаварыў, і кляўся, я знаў адно: збрашу не памылюся.
Як хочаш ведаць так, я ім прадаўся, але ў душы я на цябе малюся!
Тады я дзверы адчыніла ў ноч.
He ўспеў падняць ён недаўменных воч, як я сказала:
Ну, ідзі сабе!
А ён сказаў: Куды ж мне без цябе?..
Ідзі да Галі. Будзеш між панамі.
Я ж за цябе ўжо, Грыцу, не пайду. Бо гэтаму ўвесь век стаяць між намі. А песню ж, Грыцу, я з чаго складу?!
...Пластаўся цень ад лавы аж да печы. Лампадка трапятала ў бажніку.
А ён сядзеў, угнуўшы тыя плечы, падпёршы цяжка й горасна шчаку.
«Як не хочаш, маё сэрца, Жонкай маёй быці, Дай мне гэтакае зелле, Каб цябе забыці.
Буду піці цераз сілу, кропелькі не ўпушчу. Тады я цябе забуду, Як вочы заплюшчу...»
Павольна шклянку ўзняў да вуснаў белых.
Павольна піў. I выпіў. I пагас.
Ой сонца, сонца, промень звечарэлы! Дык вось яна, ўся праўданька пра нас.
А потым суд. Штодня туды вадзілі. Няпроста быць суддзёй чужой віне.
Яны папраўдзе, добрыя, судзілі, найлёгкую дабралі кару мне.
Чаго было мудрыць ды час той траціць, параграфы артыкулам круціць?
Было б адразу прысудзіць да страты. Страшней бы пакаралі, даўшы жыць.
Ну што ж, вядзіце, вешайце злачынку! Хоць там, хоць там даждуся супачынку.
Хоць там ужо дыхну на ўсе я грудзі, пабачу зблізку Госпада хоць раз.
Так будзе лепей. Цяжка было, людзі, і вам са мною тут, і мне між вас.
Куды б хацела ты: у пекла? Ў рай? Туды, дзе бацька, дзе Чурай.
Унёс турэмшчык вузлік. Вось і маю адзежу, каб назаўтра быць у чыстым. Якое хараство, хоць патрымаю... Яны яшчэ бабуліны, маністы.
Цяпер такія і не прадаюцца.
Ажно гараць, як шкода гэты дар. Замоўленыя: інеем бяруцца, калі кідае чалавека ў жар.
Магла б я ўсё адбыць і ў шарачочку. Збіраюся ж ужо не да вянца.
А маці ўклала белую сарочку і новенькія боты ад шаўца. Найлепшую, узорыстую плахту. Чырвоны, ў рубчык залаты, паяс... А як жа, смерць усё-ткі гэта свята, яна ў жыцці бывае толькі раз.
ГАНЕЦ ДА ГЕТМАНА
Раздзел IV
Тым часам ганец даганяе світанне і далей, і далей, і далей імкне, і роспач агортвае ўсё безадхланней, і кропля надзеі крычыць яму: «Не!»
О колькі нам, Божа, ты стэпу адмераў! Даліны і кручы, калі б напрасцяк! Трубеж, Пераяслаў, Дняпро, Трахтамераў... Няўжо не паспею? I станецца так?!
У Кіеве пекла. У Фаставе чорна. Кіпіць і клякоча усё за Дняпром. Калі б хоць не позна. Калі б пазаўчора. Які ён марудны, пракляты паром!
Палёў Прыдняпроўя скрываўлены смутак, кругі гругання, папялішчы наўзбоч...
Каня замяніць у казацкіх рэдутах і мчацца, і мчацца праз дзень і праз ноч! Пракрадвацца там, дзе праскочыць няможна, як звер, давяраць сваю стому лясам.
Я век меў пагарду да тых, асцярожных.
А сёння, цяпер асцярожны і сам.
Я зроду аглядку і страх ненавіджу, а сёння, цяпер першы раз у жыцці я мушу ўцалець тут, я мушу тут выжыць, я мушу тут смерць на шляху абысці. Даруй мне, зямля мая, выбачце, травы! He дбаў я пра славу, не дбаў пра майно, я мушу вярнуцца жывы да Палтавы, а там хоць і смерць ужо, мне ўсё адно. Нясі мяне, конь мой...
надзея, не чэзні...
Шляхі перакрыты... і варта не спіць... Калі я ўпаду -
зацкаваная песня, стаптаная песня ў пятлі захрыпіць!
Над Белаю Цэрквай смуга нібы рана, і коні загнана аж дыба ўстаюць.
Усе да Багдана і ўсе ад Багдана з начы вырастаюць, ўначы растаюць. Наткнуўся мой конь на дымы і руіны. Ці ў лагеры гетман? калі б хоць знаццё. Тут мо вырашаецца доля краіны! а я пра адзінае недзе жыццё!
...Гетман узняў натомай набраклыя вочы. Гетман сядзеў за паходным сталом у шатры. Трое старшын у рубцах, у скрываўленым
клоччы толькі што з бою гаварылі пра бой на Дняпры. Пісар Вігоўскі сядзеў над лістамі ў куточку.
Шалі схіснуцца маглі ад любой драбязы.
Гетман падпісваў яшчэ адзін ліст да Патоцкага. Гетман прымаў пасла ад Карач-Мурзы.
Лагер не спаў, гатовы зняцца з прывалу.
Іскра ўвайшоў шацёр быў ужо без дзвярэй, вогнікі свечак у медных трайных шандалах цьмяна хіснуліся ў чорных крылах кірэй. Зразу запала вострая ціша і моўча.
Вушы наставіў хітры пасольскі стан.
Гетман падняў натомай набраклыя вочы.
Полк у дарозе, з парога сказаў Іван.
-Іскра,Іване!
Хмяльніцкі ўзняўся настрэчу. Дзякуй Палтаве, сумленным яе ваярам.
Штось адбылося, ты дужа засмучаны нечым? Іскра прамовіў: Караюць у нас песняра. Выслухаў гетман. Спытаў пра падставы, прычыны. Джуры пра госця належна падбаць загадаў. Зменіш каня. I няхай адпачне дзе хвіліну. -
Раптам замоўк. I вялікай тугою абвяў.
Паслы усталі з ліпавае лавы.
Няблізкі свет Ракітнае з Палтавы.
Бліжэй бывае з іншае краіны, чым тут на Украіну з Украіны. Вігоўскі выйшаў, прычыніўшы дзверы. Сто розных спраў крычала на паперы. Іван устаў, падаўся ўслед за джурай. Стаялі лавы ў дыванах парожнія, фатэль нямецкі з набіўною скурай, жалезам куфры кутыя дарожныя.
I, абхапіўшы галаву рукамі, сядзеў Багдан Хмяльніцкі ў тым шатры... ды воблік Спаса, выбіты на камені... ды то святло, то цень на тым пяры...
...Пра што ён думаў, сам-насам з сабою, апоўначы, перад чарговым боем?
Які цяжар яго душу згібаў, аб чым у час той раіўся ён з Богам? знаць мо пяру з чарніліцай хіба, дзе срэбны леў змагаўся з аднарогам.
3 плячэй сцякала чорнай плынню феразь... Ці не Галену згадваў ён найбольш, і боль уласны, перажыты шчэ раз, даў зрок душы і на старонні боль.
Ці ўспамінаў Гардзея Чурая і славу тых шляхоў, крывёй палітых, дзе перамога, з гора нічыя, глядзела ў вочы мёртвыя забітым. А ён, тады шчэ пісарам вайсковым, падпісваў тую выклятую згоду.
...Задзьмуўшы недагарачак васковы, ён, можа, зноўку думаў пра свабоду? Што складваецца неяк так яно, гады ідуць, свабода ледзьве дыша, што быццам і не пісар ён даўно, а выклятую згоду зноў падпіша.
Ці думаў пра Марусю, песні тыя, такія па Ўкраіне ўсёй гучныя, што й сам, было, ў паходзе іх спяваў, і ўсё яго бязмерны подзіў браў, што вось, скажы ж ты, дадзена ж ёй сіла, каб так, на словы гэткія, спяваць!
Яна лягчэйшай кары хоць прасіла? Гарачая й Чурай быў галава.
...Ці думаў пра той дзень, як да адцятай той галавы ў Палтаве люд ішоў.
Ці пра дзяўчо, што закрычала: «Тата!» і стогн яе у песні перайшоў.
Ці што ў Палтаве, там жа, у Палтаве, Чурай Марусю ў гэтакай няславе, у гэтакай знявазе на віду да зашмаргі ў натоўпе павядуць.
I не здрыгнецца песенны наш край...
I мора гневам не ўскіпіць на сушу...
I попелам развеяны Чурай бяссмертным болем пазірае ў душу...
Тым часам конь іржаў каля шатра. Зайшоў Іван. I, толькі з-пад пяра, пячаткай змацаваны ўжо якраз, Багдан падаў свой гетманскі наказ.
СТРАТА
Раздзел V
Світае, Божухна, світае...
Зямля ўся ў росах, бы ў парчы.
Марыя, Дзева Прасвятая, ты гэтак плакала ўначы?
У нейкіх кветачках, бы ў сіньцы, старыя голыя муры.
П’е ранак росы па расінцы, бы ў нас калісьці на двары.
Прайшлася варта, завярнула за вугал на чарговы круг.
Як хутка ночка прамільгнула!
Сягоння ўранні я памру.
Журба асыплецца, як макі. Мясціну сплужаць плугары.
Адно на хутары сабакі дзесь будуць выць аж да зары.
Душа ў загадкавасць адхлыне, вачыма зоры правядуць.
Ці хоць пучочак той каліны і мне на грудзі пакладуць?
...Што ж, аджыла. Адгасцявала на гэтай мучальнай зямлі.
I адспявала... адспявала!..
Вось адхрыпець яшчэ ў пятлі -
і ўсё. I досыць. Засынаеш.
Правалле гэткай нематы... Ну што, цяпер, Маруся, знаеш, што значыць у самоце стыць?
Ніхто і слоўкам не азвецца, хоць бы й паклікала каго. Адно аб сцены абаб’ецца гук-рэха голасу твайго.
Адно цагліна да цагліны ды дзве худзенькія сцябліны, акенца ў кратах, павукі...
А хоць бы голас хто дакінуў! А хоць бы развітацца з кім?
Былі ж сяброўкі нейкія ў мяне, і песні ж хтось спяваў мае калісьці... Чамусьці толькі дзічка пры сцяне яшчэ зялёным трапятнула лісцем.
Мур абхапілі ручаняты.
Ўзышлі над мурам вачаняты!
Праменне сініх, карых, шэрых! Я занямела з таго дзіва.
А дзеці дзічку так абселі, бы дзічка імі і ўрадзіла.
Аж ззяюць вочы, аж дыханне стоена. Трашчыць галіна, хтось аж паляцеў. Ты бачыш?
-Дзе?
Дай глянуць мне!
А во яна!
Ты праўда ведзьма? Там няма чарцей? Паслухай, ведзьма, эй, мо хочаш грушу?
А дзе ты спіш? А есці там даюць?
Хавайся, ведзьма! Йдуць па тваю душу! Ключы з кішэні дастаюць!
I ўсё маё з людзьмі тут адвітанне вось гэты рой, ласкавы рой дзяцей па гэтым дрэве іхняга пазнання адзіным гэтым, дзе бяссільны змей.
...Грыміць жалеза. 3 глыбіні, са змроку усё бліжэй чыесь цяжкія крокі.
Ну, вось і смерць. Яна ў людской падобе. «Не рыдай па мне, маці, зрашчы ва гробе! He рыдай па мне, маці, зрашчы ва гробе...»
Каля варот цікаўныя пасталі.
Чаго там людзі толькі не вярзуць? Пракрочыў кат, аж вухнула ў Палтаве: Вязуць Марусю, людачкі, вязуць! -
Вязуць Марусю за лагі, за гоні, дзе шызым морам ходзяць кавылі. Ужо галоў судзейскіх макагоны на пругкім ветры медна загулі.
I п’яны Дзызь азызла губу крывіць ды павады нацягвае: Ацьцё! -
А ў стэпе, там...
а ў стэпе, там, як прывід, стаяць вароты тыя ў небыццё.
Усе ў той стэп, хто пеша, хто на возе.
Гук, атаман, дзівуецца:
Куды?!
Вам, людзі, што, са смерцю па дарозе, што прэцеся вы горай чарады?
Што іх вядзе і добрага, і злога?
Дзе тая грань хто людзі, хто натоўп?
Людзей у браме стрымвае залога.
Вось добра хоць, што полк сышоў, a то б...
Бо як было б ім з гэтым пагадзіцца, і да каго б тут шаблі агаліць?
Ды лепш ужо самому задавіцца, чым дзеўчыну пабачыць у пятлі!
Лясько Чаркес, той мала што не плача. Што страце быць відно, як двойчы два. Пушкар сказаў: Застанься тут, казача.
I тут патрэбна шабля й галава.
А што змяркуеш тою галавою, як варта, суддзі, войт, не падступі? Ото ж схапіць бы дзеўчыну жывою і ў стэп, і нават смерці не ўступіць!
А людзі йдуць...
I што ім тут цікавага?
О Божа, уратуй нас ад лукавага!
Карціць смяротнае?..
Відаць, карціць, калі аж так баяцца прапусціць.