Гарнуся душою да слова  Ніна Мацяш

Гарнуся душою да слова

Ніна Мацяш
Выдавец: Звязда
Памер: 296с.
Мінск 2013
39.35 МБ
Грыцкова маці век свой дажывае.
Гук-атаман гукае на валу.
Шынкарка Таця ганьбу адбывае: за блудадзейства ўрэзалі палу.
Ў нядзелю быў базар.
Чым там ні таргавалі, але ж такі ў нядзелю быў базар.
На гурт дзвюх качак бабы прадавалі. Хто вынес мак, хто рыбу, а хто ўзвар.
Была, казалі, нават паляніца.
Дзызь нават і душу дзесь закрапіў. Лясько, прадаўшы грыву грывастрыжцу, сабе пішчаль вінтовую купіў.
Затое краму там ляжала горы! зарбаф, штамэт, аб’яр і алтабас. Але каму наўме ўжо тыя ўборы? Цяпер купляй кітайку пра запас.
А шчэ былі там розныя прыправы.
Дзівосныя прыправы, як на смех.
Шафран ды перац да якое стравы?
Ці той мускатны водарны арэх?
Імберцу, можа? Можа, кардамону? Цытрон заморскі грош яму цана, калі гарсэцік вунь які чырвоны даюць за вузлік прэлага пшана.
Такі свят-вечар, што няма й куцці. Стаіць Іван. Над валам крупка сее. Чаго стаіш тут на віду? Глядзі, шчэ стрэліць хто.
He стрэліць. He пасмее.
Быў у Марусі. Снегам замяло. Прыйшоў у хату, нават не зраднела. У той свят-вечар, як яна сядзела, то ад яе ўжо й ценю не было.
Маўчыць Іван, сцяў зубы і маўчыць. Вачэй не зводзіць з поля і дарогі. I кожны міг апошнім можа быць, быць можа першым мігам перамогі.
...I вось якраз пасля каляд уранцы ушкварылі панове драпаканцы. Наладавалі з ночы свой абоз, без лютых задзіранняў, без пагроз зняліся ціхенька і ў стэп бязмежны. To ўжо цяпер хоць цвінтар незалежны.
Бо покі тут яны пад валам бегалі, у гэту браму ступаю таўклі, у спіну ім з Брацлаўшчыны й Чарнігава агні паўстанняў новых прыпяклі.
To й мусілі забраць свае заставы, відаць, ужо не толькі з-пад Палтавы.
I адступілі у палях тых самых.
За імі следам панства ў простых санях. I іхні ксёндз, няголены, маўклівы, захутаны ў тутэйшыя кілімы.
I тое войска марнае кварцянае, і тыя зведзеныя на нішто гусары, у каўняроў шкарлупіну лядзяную уткнуўшыся павіслымі насамі...
Ужо і далі меркнуць вечарова.
Ужо й людзьмі дарога загула.
I голасам царквы прыцвінтаровай Палтава людзям голас падала.
Зноў чыстаполле пад дазор узята. А пры дарозе, ў гурбе па лафет, стаіць пакінутая ляхамі гармата, чыгунны львоўскі фальканет.
Дзе следна коньмі, заскакалі галкі. Вось-вось дарэшты сонца дагарыць. ...I зноў дымок той з Дзедавае Балкі курыць сабе у неба дый курыць!
ВЯСНА, I СМЕРЦЬ, I СВЕТЛАЕ ЎВАСКРЭСЕННЕ
Раздзел IX
Вясна прыйшла нейк зразу гаспадыняю! Зіма стаяла моцна да пары.
Вятры дыхнулі з поўдня. I тады яна нібыта ў Ворсклю з’ехала з гары.
Яшчэ каўтала павадзь снег пярэсты, яшчэ выглядваў рала цвёрды лан. А пад гарою вішня, як нявеста, ужо на вэлюм мерае туман.
Пабольшаў дзень.
I палягчэлі цені вячэрніх згадак і вячэрніх хмар. I дзічка-груша ў белым ацвіценні на ўсё ваколле свеціць, як ліхтар.
Ужо ў дзяцей паружавелі шчочкі.
Ужо дажджом здаволена ралля.
I скрозь трава-травічка, скрозь лісточкі!
I сонца сыпле кветкі, як з брыля.
Ужо, глядзіш, і сеюць у даліне.
I песні часам з далечы ляцяць.
I туркаўка аўрукае ў брызгліне, і ад ліноў затокі зіхацяць.
А як зазелянела наша балачка!
Там возера, няма яму і дна.
Зноў лётае блакітная рыбалачка, нос у яе даўжэйшы, чым яна.
Ужо і гусі ў небе праляталі, і лебедзі крычалі праз туман. Зноў ходзяць у балотах бліз Палтавы хадулічнік, крахаль і турухтан.
I людзі акрыялі самы кволы і той ужо варушыцца жвавей.
I манастыр ад квеціва наўкола нібы ў ружовым воблаку плыве.
О Божа духаў і жывое плоці!
Я ўпершыню ўсміхаюся, даруй.
Вунь нейкая галінка ў жываплоце і тая ў кветках пнецца угару.
Вясна прыйшла. Зноў скасавана згода. Зноў па Ўкраіне ўсёй агонь імкне.
Цвіце зямля, ёй мроіцца свабода. Аж хочацца ўжо нават жыць і мне.
Як гожа ў хаце, як прасторна ў сенях!
Як ажываюць нівы і сады!
А каб хоць крыху зберагчы насення, хлеб елі на Вялікдзень з лебяды.
Зноў бусел зорцы моліцца на змерку. Гарод чакае на сяўбу маю.
Ёсць жменя зерня, маку ёсць паўмеркі, і чарнабрыўцы, й трохі рыжаю.
Зямелька, дзякуй за твае шчадроты!
За белы цвет, за сонейка ў акне.
Прыйшла вясна. Сухоты ёсць сухоты.
Знай горшае ды горшае ўсё мне.
Ужо ад кашлю ўсё ў грудзях збалела.
To жар, то зноў ад холаду трасе.
Ужо й мае маністы пабялелі, нібыта ў шызай памаразі ўсе.
Як дзіўна, жар, ды халадзеюць рукі.
А навакол шалеюць салаўі!
Самотным добра ніякой разлукі.
Сухотным добра гаснуць у маі.
Вось толькі шкода ўжо не заспяваю.
Гарод глушэе ўжо не прапалю.
Шторазу ноч, як смерць, пераплываю, жыццё, як промень сонечны, лаўлю.
А дні стаяць не хочацца тужыць!
I кожная пташынка хатку ўе.
Скажы, зязюля, колькі мне шчэ жыць? -
Куе зязюля... Цэлы дзень куе...
Іван прыходзіў. Так, сядзеў больш моўчкі.
Устаў, пайшоў, акінуўся з варот.
Ледзь толькі ўбралася вясна ў лісточкі, зноў паднімае гетман у паход.
Зайгралі зноўку трубы да паходу, дыхнула громам з Цясьміна-ракі.
Багдан падняў казацтва за свабоду, універсалам абаслаў палкі.
I зноў зямля кіпіць у барацьбе.
I зноўку я належу не сабе, сказаў Іван. Глядзеў з такой тугою, нібы навек развітваўся са мною.
He знала я, што будзе гэтак горка. Нясцерпным смуткам сэрца ўпавіло.
Апошні раз мільгнула за пагоркам кірэі чорнай цяжкае крыло.
I я, што ўжо была такой няўзрушнай, ужо нічым я слёзы не ўпыню.
Бывай, Іване, найвярнейшы дружа, святая іскра вечнага агню!
Выходзіць полк. Харугвы над Іванам. I я ўскрай шляху зводдаля стаю.
I ўсю аж працяло неспадзявана: спяваюць песню, Божа мой, маю!
I «Зеляненькі барвіночку», й «Не плач, не журыся, а за свайго міленькага Богу памаліся».
1	пра таго казачэнька, што ехаў за Дзесну.
«Расці, расці, дзяўчынанька, на другую весну!»
I пра воду каламутну, ці не хваля ўзбіла.
I пра тую дзяўчынаньку, што верна любіла.
I пра гару высокую, пра тую крыніцу...
Дзяўчаты ўчора берагам ішлі дый заспявалі: «Ой, не хадзі, Грыцу».
А я стаяла... Што ж было, крычаць мне?..
Спадала сонца нізкае ў траву...
Дзяўчатачкі, дзяўчатанькі, дзяўчаты!
He трэба гэту, я ж яшчэ жыву.
Сапраўднае мастацтва не вымагае ад чалавека нейкіх незвычайных здольнасцей, каб стаць зразумелым. Хіба што калегам творчага цэху іх асабістая духоўнасць часам выдае яшчэ і пэўныя ключы для пранікнення ў прафесійныя таямніцы майстэрства. Звычайна ж мастацтва дзейнічае найперш на ўзроўні неўсвядомленага, няўлоўна абнаўляючы душэўны стан чалавека.
3 пашанаю ўдзячна я Ліне Кастэнцы за вярэдлівую гаму пачуццяў і думак, якія высока ўзнімаюць і маю душу над штодзённымі дробнымі клопатамі і турботамі. За шчымлівую радасць, зведаную ў час прыручэння яе паэзіі ў плыні беларускай мовы.
Ніна Мацяш, 1982
Мая ЛЬВОВІЧ
(1933) украінская пісьменніца, перакладчыца. Нарадзілася ў Адэсе. Гомельшчына радзіма бацькоў. Пасля вайны сям ’я пераехала ў Харкаў. Мая Львовіч скончыла Харкаўскі ўніверсітэт, жыццёвай доляю выбрала ўкраіністыку, працавала ў выдавецтве «Прапор». Пісаць вершы пачала na-руску. Наведаўшы радзіму бацькоў, зацікавілася беларускай літаратурай. Сустрэчы, сяброўства з многімі беларускімі пісьменнікамі натхнілі пісаць па-беларуску. У беларускай прасторы Мая Львовіч вядома праз беларускаўкраінскі пераклад. Яна падарыла ўкраінамоўнаму чытачу творы шматлікіх беларускіх паэтаў і празаікаў. Аўтар зборнікаў вершаў «Зямля мая» (1985), «У зязюльчыным барку» (2002), «Жывая» (2008), інш. Украінскаю моваю ў перакладзе Маі Львовіч загучала балесная кніга не толькі беларускага народа «Я з вогненнай вёскі».
Кажуць: вялікая любоў, з вялікай любоўю...
Хіба бывае маленькая любоў? Да радзімы, да людзей культуры, якую яны ствараюць з пакалення ў пакаленне, да
мовы, на якой гавораць не толькі людзі, а і травы, і дрэвы, і птушкі радзімы? А цераз гэты зямны куточак і да ўсіх нацый, якія насяляюць нашу «планету людзей»? Мусіць, так прасцей: любоў ёсць любоў, і не патрабуе ніякіх мерак. Таму што годнай платай, чым можна аддзячыць лёсу за тое, што адарыў талентам мець гэтае пачуццё, можа быць толькі ўласнае жыццё, не з нашых слоў, а з нашых учынкаў створанае.
На пытанне паэтэсы Маі Львовіч, з якіх моў яна перакладае ўкраінскаю, быў атрыманы адказ: з польскай, з чэшскай, з сербахарвацкай, з рускай. Але найбольш багата і плённа з беларускай. Паэзію М. Танка, П. Панчанкі, А. Сербантовіча, А. Пысіна, А. Вялюгіна, А. Вярцінскага, Р. Барадуліна, Г. Бураўкіна, Д. Бічэль-Загнетавай... Мо прыйшлося б даваць спіс амаль усіх нашых паэтаў, каб пералічыць крынічкі, з якіх няўтомна чэрпае гаючае пітво натхнення гэтая перакладчыца. Варта згадаць толькі два самыя буйныя выданні «Білоруську радянську поезію» і «Калнновн мостн» дзе найбольш удалае перастварэнне беларускіх арыгіналаў пазначана імем Маі Львовіч. А ненадрукаванага шмат больш, і гэта, мабыць, заканамерна, калі чалавек працуе па душэўнай патрэбе. He абыйдзена ўвагай М. Львовіч і проза, асабліва творчасць Янкі Брыля. Колькі любасці і сіл укладзена ў пакуль што невыдадзеныя ва Украіне яе пераклады. Мабыць, не варта даводзіць, якога напружання, якога высокага майстэрства патрабуе перакладанне «Вогненнай вёскі». У Маі Львовіч хапіла мужнасці ўзяцца за гэтую адказнейшую работу, і кніга Я. Брыля, А. Адамовіча і Ул. Калесніка «Я з вогненнай вёскі» ідзе да чытача нашай братняй рэспублікі. Выключная ўвага, чуйнасць да першароднасці слова, карпатлівае вывучэнне дыялектных асаблівасцей украінскай і беларускай моў ці не самае галоўнае, што абумовіла і яе поспех як перакладчыцы. Дарэчы, М. Львовіч працуе над складаннем «Украінска-беларускага слоўніка», працуе пакуль што самастойна...
Вось і думаеш: ці бывае маленькая любоў?..
А нарадзілася Мая Львовіч у 1933 годзе. Потым вайна. Эвакуацыя ў Казахстан. Вяртанне ў родны Харкаў. Школа. Універсітэт спачатку аддзяленне замежных моў, затым пасля паўтара року змагання за сваю мару аддзяленне ўкраінскай мовы. Дыялекталагічныя экспедыцыі. Актыўнейшая праца ў СНТ. Родная мова. Паэзія. Перакладчыцкая дзей-
насць (поруч з працай карэктара ў выдавецтве «Прапор», часта звышсілы...).
Жыццё, якое выклікае думку: ці бывае маленькая любоў?.. Хочацца верыць, што некалькі вершаў Маі Львовіч у маім перакладзе, цікавей і значна паўней скажуць пра аўтара арыгіналаў.
Ніна Мацяш, 30.11.1976
***
Падае, Моўкне Мележ
На ўсім неабходным слове... Ой, не канец размове Толькі завея сцеле ж, Снежань ідзе да селішч... Змагарнасць гарэння, Трывожнае люду сумленне Г аворыць Мележ.