Гаспода
Леанід Дранько-Майсюк
Выдавец: Мастацкая літаратура, Зміцер Колас
Памер: 382с.
Мінск 1998
Павел любіў не храмы, а нябёсы над храмамі, таму лёгка ўявіць, як абурыў яго Парфенон, што нават і сёння прымушае грэшнага чалавека забываць пра нябёсы.
Па дарозе на Акропаль зойдзем на тайфунны рынак Монастыракі, дзе можна ўмомант звар’яцець, але
ў наступны момант без аніякае тэрапіі вярнуцца да поўнага здароўя.
Тут можна набыць ключ да замка, што вісіць на райскай браме, купіць палатняную вопратку анёла і ядвабныя ўборы д’ябла.
Тут можна, як у кавалак шорсткай мешкавіны, закруціцца ў густы, непрадыхны шум.
Тут ёсць храм, царква святога Піліпа — надзейнае сховішча спакою. Гандляры заходзяць сюды ненадоўга, на некалькі хвілін — памаліцца і проста адпачыць.
3 Монастыракі вочы цягнуцца да Акропаля, на якім адкрываецца ва ўсім сваім разбурана-пластычным харастве мускулісты атлет гісторыі — Парфенон.
Мы падымемся на Акропаль, і я раскажу табе пра адну ластаўку, якая бесклапотна летавала ў банапартысцкім Парыжы перыяду другой імперыі, а ўсе невыносныя халады перабывала тут — у дэмакратычных Афінах. Яна рабіла кубельца на самім Парфеноне і любіла пра гэта пашчабятаць, пахваліцца іншым парыжскім ластаўкам. Яе залівісты шчэбет аднойчы пачуў Тэафіль Гацье. Паэт быў закаханы ў Эладу, таму ластаўчын узнёслы аповяд пра цудоўнае жыццё на Акропалі ператварыў у ідылічны верш.
Мы знойдзем тое гняздо, блізкае да сонца. Калі ж не само гняздо — то хоць бы меціну ад яго, ледзь заўважную аксамітную плямку на пенталійскім мармуры ранішне-ўсходняга пронаосу.
А яшчэ мы ўбачым ката — чорнага, худога ката і здагадліва ўсміхнёмся: на Акропалі ёсць мышы!
Кот будзе йсці па-шляхетнаму павольна, не забываючы штохвіліны абнюхваць кожны музейны камень. Дарма хвалявацца, — нягледзячы на ўсю сваю пужлівую чарнату, нашай дарогі ён не перабяжыць, скокне на ўцалелы фрагмент калоны і звесіць доўгі, як дубец, хвост на кудзер іанічнай капітэлі. Пасля, — нічога так і не ўпаляваўшы, — кіпцюрыстым каменем сарвецца з усходняга схілу Акропаля, і яго паглыне Плака — раён старых Афінаў.
Каля тэатральных руін Парфенона, сярод якіх і да сёння блукае элегічны цень Фідыя, мая закаханасць набудзе геаметрычны спакой, і на ўсе твае пытанні я здолею адказаць не проста дакладна, а з матэматычнаю пэўнасцю.
Каля тэатральных руін Парфенона я здолею табе растлумачыць незразумелае апакаліптычнае патрабаванне: узяць і з’есці разгорнутую кніжку.
He здзіўляйся, калі на Акропалі пачуеш слёзныя мінорныя ўсхліпы. Гэта Парфенон, уздыхаючы, будзе апавядаць пра сваю трагедыю, пра сваю амаль невылечную хваробу: пачварны бог сучаснай індустрыйнай міфалогіі Нефас, выпускаючы з пашчы пыл, дым, сажу, попел і серу, змешаную з вадой, ператварае старавечны мармур у вапну...
Парфенон, чыім цнатлівым святлом напоена ўсмешка і кожнай беларускай дзяўчыны, жаліццаплача ўжо не адно стагоддзе, і ягоныя горкія мармуровыя слёзы, скрозь раскіданыя па Акропалі, не высыхаюць.
Грэцыя не хавае сваіх слёз, не ўтойвае свайго смутку.
Мы будзем спыняцца каля прыдарожных каплічак, будзем глядзець на журботныя маленькія іконы, а таксама на фотаздымкі тых няшчасных вандроўнікаў, што загінулі тут, на дарозе, магчыма, не паспеўшы нават падумаць пра смерць.
Моўчкі мы раскажам ім пра свой боль і страхі.
Хай яны паслухаюць нас і выкарыстаюць святое права мёртвых — права супакоіць жывых.
У Дэльфах дахрысціянскія сцежкі прывядуць нас на бязлюдны, каменны іпадром, што ўзвышаецца над піфійскім тэатрам і адноўленым дарычным храмам Апалона.
Нашую адзіноту і шчаслівую адасобленасць будзе ахоўваць заснежаны Парнас, той самы казачны Парнас, на які ўслед за паэтамі ўзлез аднойчы й непаэт,
наш кемлівы палясоўшчык Тарас. Аднак ні паэтаў, ні нашага кемлівага палясоўшчыка мы не ўбачым. Убачым на самым версе толькі блакітна прыцьмелы снег. Супакоімся: некалі ж і Байран на гэтай святой гары бачыў тое ж. Парнас, паводле сведчання вандроўнага лорда, быў «увянчаны снегавой каронай»і.
Я гатовы паверыць: гэтая карона з часоў Байрана не мянялася, заўсёды заставалася такая ж — недасяжна халодная і блакітна прыцьмелая.
I тут, на бязлюдным парнаскім схіле, паўней адчуўшы маё непераможнае жаданне, маё заўсёднае імкненне быць з табой, ты пацалуеш мяне, а пасля надта ж сур’ёзна, нібыта ніякага пацалунка й не было, пашкадуеш апошнюю Апалонаву прарочыцу — піфію; пашкадуеш яе, як сваю няшчасную сяброўку, што пасля вялікай славы і багацця раптоўна спазнала не проста выгнанне і страшэнную галечу, а найбольшы (ты ўпэўнена ў гэтым!) здзек. Так, найбольшы, бо яна была апошняя — апошнім жа заўсёды выпадаюць нечалавечыя пакуты.
Гісторыя падказвае: за хрысціянскімі часамі рымскага імператара Феадосія I дэльфійскі аракул быў забаронены як паганскае з’явішча, і таму йсці да піфіі, шукаць у яе дапамогі зрабілася вельмі небяспечна.
Горкая мера пакут, зведаных апошняй Апалонавай прарочыцай, яшчэ не вызначана ні гісторыкамі, ні паэтамі.
I сапраўды ж, ці не шкада яе — гэтую магічную істоту, гэтую выдатную актрысу, якая, выкрыкваючы прарочыя словы, здзяйсняла галоўнае — супакойвала людзей, рабіла блізкай і амаль зразумелай будучыню, шчыра служыла Апалону і ягонаму дрэву — лаўру.
3 вуснаў піфіі і з яе прароцтваў ніколі не выветрываўся пах святога лаўровага лісця.
I мы будзем падарожнічаць пад летуценным знакам Апалонавага дрэва.
1 Радок з паэмы «Паломніцтва Чайльд Гарольда» (nep. Р. Барадуліна).
Вобраз вечназялёнага міжземнаморскага лаўра адновіць у памяці радок-назіранне Уладзіміра Дубоўкі: «...поўдзень, у лаўры спавіты», і праз гэты экзатычны радок мы ўспомнім задзірлівую спрэчку маладога ўзвышанца з магутным класікам: «Джордж Байран! Вы йшлі бараніць не грэкаў, а грэцкія міты. Вяла вас антычная ніць на поўдзень, у лаўры спавіты... Джордж Байран! Мінула даўно ўся гэна рамантыка ваша, а з грэкамі туркі ў адно для кухань лаўровы ліст важаць...»
Мы ўбачым і грэкаў, і туркаў, якія разам «лаўровы ліст важаць», і грэкі будуць падобныя на туркаў, а туркі на грэкаў.
У гандляроў заўсёды аднолькавыя твары.
«Пані Грэцыя, — спытаемся, — а дзе твае сённяшнія выдатныя філосафы і паэты?»
«Ды вось яны», — пажартуе пані Грэцыя і пакажа на гандляроў.
Мы ўбачым вавілонскі тысячакрыкі тэатр гандлю — цікавы нават самай нязначнаю сваёй мізансцэнаю: на афінскай вуліцы Нічыпароу белы чалавек прапануе баскетбольнаму негру белыя шкарпэткі. «Пэнць тысёнц», — просіць белы чалавек. Пакупнік не разумее і няўцямна ківае кучаравай галавой. Тады замест рарытэтнага «пэнць» белы чалавек вымаўляе дэмакратычнае «файф», і гэтае зразумелае «файф», вядома ж, выратоўвае...
У Пірэі, прыафінскім кірмашова-марацкім порт-мястэчку, малінава-бронзавыя гандляры амаль жабрацкімі жэстамі і тужлівымі галасамі, поўнымі ржавага металу і бясконцага спадзявання на ўдачу, ледзьве не становячыся перад намі на калені, будуць упрошваць купіць у іх хоць якую-небудзь рыбіну ці жменю ружовых крэветак.
Але ш т о адчайныя просьбы і крыкі няшчасных рыбнікаў? Хіба вартыя яны будуць нашае ўвагі, калі амаль побач з іхнімі слізкімі, густа абкладзенымі кавалкамі сіняватага лёду прылаўкамі, у цеснай затоцы Саронікас з’явіцца пад белым ветразем старажытная унірэма. Яна марудна выплыве з-за непаваротнага тулава сучаснага танкера, пакажацца ўся як ёсць: з
намаляванымі драпежнымі вачыма і з крута загнутым угару жоўтым хвастом, таемная марская істота з магутнымі плаўнікамі-вёсламі — па дванаццаць на кожным борце.
Над ёю, апетай ананімнымі аўтарамі вандроўных перыплаў, пачуецца пакутлівы скрогат галерных ланцугоў сірока, і заскуголіць калючы аравійскі пыл. A пад ветразем, пераплеценым смаляной вяроўкаю на квадраты, мы раптам убачым юную грачанку і... ашуканыя праз Пушкіна... страшэнна здзівімся: гэтая каляжанка харытаў, нягледзячы на сваё юнае хараство, такая з в ы ч а й н а я з выгляду, што напроці любой нашай славянскай ружы — зусім як безназоўная кветка.
У гарах Факіды табе захочацца ўбачыць лаўровы лістапад, апынуцца ў завеі кухоннага, цёмна-зялёнага лісця.
Зялёны без адзінай жоўтай плямінкі лістапад!
Такое свята надзвычай дзівоснае для нас, выхаванцаў паўночнай восені.
Некалькі лаўровых галінак будуць памінальна ляжаць у пыльнай каменнай чашы, у якую тысячагоддзямі набягала ачышчальная вада з Кастальскае крыніцы.
У гэтую чашу іх выпадкова занёс вецер, ці, можа, нейкі паломнік ушанаваў мёртвую крыніцу.
Але больш верагодна, што лаўровыя галінкі вінавата паклаў у памяць палахлівай німфы Касталіі сам Апалон.
Нашую любоў да цябе, пані Грэцыя, нашу захопленасць, вядома ж, будуць ахоўваць эўзоны — твае высокія, па-балетнаму зграбныя прыгажуны-гвардзейцы, узброеныя карабінамі.
Іхняе адзснне — карнавальны жывапіс!
Сінія або святочна-белыя світкі-фустанэлы; лёгкія чырвоныя чаравікі, густа падбітыя цвікамі, а зверху аздобленыя чорнымі пушыстымі пампонамі; чырвоныя фескі, з прышытай да іх доўгай, да самога пояса, чорнаю стужкай...
У Афінах, у таверне «Новы кароль», амаль у гэткіх уборах выходзяць на эстраду танцоры з фальклорнага ансамбля...
У любую краіну можна ехаць аднаму, але сюды, у Грэцыю, трэба ехаць з той жанчынаю, якая падабаецца, — толькі з той жанчынаю, цалуючы якую, дакранаешся, як да жывой плоці, і да яе завушніцаў, пярсцёнкаў, ланцужкоў...
Вандроўную самоту мужчыны зразумеюць паўсюль, але тут, у Грэцыі, — не. Само гэтае неба адпрэчвае ўсялякі пурызм і патрабуе закаханай суладнасці душ і закаханай суладнасці целаў.
На акадэмічна статуарным беразе Карынфскага заліва мы адчуем лацінскі дух Іанічнага мора і развеем прывідны спалох аліўкавых дрэў. Спалох перад нашымі паўночнымі халадамі.
У доўгай лодцы з адным вяслом, амаль венецыянскай гандоле, на гурбе вечназялёнага маслінавага лісця будзе спаць бронзаваголы кучаравы хлопчык, узброены лукам з вострай стралою напагатове.
Мы разбудзім яго, нават напалохаем сваім нечаканым з’яўленнем, і ён, незадаволены, па-птушынаму імгненна падхопіцца са сваёй выпадковай пасцелі, уздыме над кучаравай галавою не па гадах вялікія крылы і паляціць на захад — у бок элегантнай Італіі.
Гэта Эрот.
У лодцы, на маслінавым лісці, застанецца ягоны лук з вострай стралою напагатове.
Запяюць, тужліва здрыгануцца дзве сцябліны, дзве непадзельныя трысцінкі архаічнага аўлоса, і на ўтульна-таршэрным беразе Карынфскага заліва ўбачым, як сваю будучую немаладосць, старых афінян, сямейна-адзіных і безымснных для нас — Яс і Яго.