Гаспода
Леанід Дранько-Майсюк
Выдавец: Мастацкая літаратура, Зміцер Колас
Памер: 382с.
Мінск 1998
Ужо далёка-далёка адплыў ад іх безразважны агонь юнага шлюбу, і ўжо зусім блізка, яшчэ хвіліна і — набяжыць на вочы скупое святло пахавальнае свечкі.
Але што т о е святло, што т а я свечка, калі старасць для іх — толькі ўзрост, усяго толькі ўзрост, a не стомленасць, не расчараванне і не адчай.
Калі старасць для іх — зярнятка з золата. Так, яно не дасць ужо ніякае рошчы, але ж не пакрыецца і ніякай іржою. I гэта ўсё таму, што Яны — афіняне, што Яны грэкі — вечныя дзеці састарэлай без пары Еўропы. А таксама таму, што Яны шчыра вераць: існуе імгненне, у якое міфы матэрыялізуюцца — робяцца тою шчаслівай яваю, калі вяртаецца малады век зямлі, калі можна ўбачыць жывога Апалона і жывую Касталію, калі можна дакрануцца да чыстага адзення першабыцця.
Дзеля гэтага імгнення яны штогод прыязджаюць у Дэльфы.
Яны адораць нас яшчэ адной радасцю — радасцю старасці.
I мы на старасці прыедзем у Дэльфы і прычакаем імгненне, у якое міфы пераходзяць у яву...
I да нашых ног упадзе сувенірны лісток з геліконскага лаўра...
I вернемся ў Афіны, весела думаючы пра свае апошнія дні, і пройдзсмся па дыяфанава-вітрыннай вуліцы Асклепіу да кавярні «Дыяна»...
I шчасліва захлынемся ад каштанавага паху жароўняў, і нават ад незычлівай сігналізацыі, калі неабачліва дакранемся да нечага матацыкла, пакінутага на людным тратуары...
I нашы сентыментальна-вытанчаныя ўспаміны, апранутыя ў чорныя фракі, пададуць нам гарачую каву і па-студзеньску халодную ваду.
I на старасці год, як і цяпер, мы знойдзем у Грэцыі лекі, пра якія не ведае фармакалогія.
А пакуль — мы ў небе.
7 лютага — II ліпеня 1990
Стомленасць
Парыжам
ІНТРАДУКЦЫЯ
Преследуемый Аполлоном, я преврашусь в осеннмй куст золотой, одетый сеткой дождя на лесной поляне.
Аляксандр Блок
21 верасня 1991. У змроку, пад халодным дажджом, кожны бледны ліхтар — праўдзівае сэрца, з якога выцекла кроў. Любячы дождж і змрок, я йшоў па Людаманце і назіраў за ліхтарамі, нібыта за мноствам бяскроўных сэрцаў. Мусіць, гэты мой візуальны занятак і навёў на трывожную думку, што паэзіі часам бывае недастаткова, каб зразумець каханую. Геронты (нястомныя дарадчыкі майго пісьма, імя якім — смутак і весялосць), праслухаўшы першыя вершы, прысвечаныя ёй, павучальна прамовілі: «Гэта цудоўна, але ты спіш. Каб зразумець каханую пасапраўднаму, трэба прачнуцца». I яны падказалі, што выйсці з вершаванага сну можна пры дапамозе кароткай дзённікавай прозы і што занатоўваць гэтую прозу трэба не за сталом, а... у ложку. I нават не зусім у ложку, а, перагнуўшыся праз яго край, пісаць на паперы, якая павінна ляжаць на падлозе. «Чаму?» — я неверагодна здзівіўся. «А таму, што дзякуючы такой позе надта не разгонішся, — усміхнуліся хітрыя геронты, — і твая белетрыстыка сапраўды будзе кароткай. А яшчэ, і гэта найважней для адчуванняў (тут іхні голас пасур’ёзнеў), пры такой нязручнай для пісьма паставе, сэрца баліць гэтак жа, як і ад разумення, што каханне тваё — лістападнае».
23 верасня 1991. Дык вось, пачынаю занатоўваць імгненні сваёй прыватнай вечнасці, пішу прозу, каб выйсці з вершаванага сну. Аднак не ўпэўнены, ці варта захоўваць прапанаваную тэхналогію пісьма. Mae геронты ў парадах сваіх часам бываюць віртуозна-насмешлівыя. Тым не менш, перагнуўшыся праз край ложка, гэтыя вось радкі марудна выводжу на паперы, якая ляжыць на падлозе, і адчуваю, што сапраўды пры такой нязручнай для пісьма паставе
сэрца баліць гэтак жа, як і ад разумсння, што каханне маё — лістападнае.
25 верасня 1991. Вырастае непахісная герма стомы. Заместа скульптурнае галавы яе вянчае мая цярплівасць, а долу пакладзена экзальтацыя Блока: «Гнбель Titanic’a, обрадовавшая меня несказанно (есть еіце океан)». Аднак далей прыпісана: «Бесконечно пусто н тяжело...» Чакаю Яе, алс Яна не прыйшла, адно пажалілася па тэлефоне: «У нас не ладзіцца размова, таму што я даўно не чула тваіх вершаў». Прамаўляю на памяць «Ты, — памножаная на неба...», і Яна лагодна заціхае. Спрабую выбраць у Блока нешта светлае. He чытаць жа каханай пра пагібель Titanic’a.
26 верасня 1991. Размаўляем. Блок наш трэці суразмоўнік: «Печальное возвраіценне домой — мокро, жентнны возвраіцаются нз театров похорошевшне н возбужденные...» У алькове маёй свядомасці стаілася нецярпенне. Чырвоная свяцільня крыві асвятляе тунель адамізма. Першаю ў гэтым тунелі апынаецца душа, і яе працінае нястрымная страла срэбра.
27 верасня 1991. Тут, на Людаманце, і там, на Нямізе, а таксама скрозь у гэтым горадзе, жанчыны захоўваюць у сваіх кветаложах эфірны халадок — напамін пра далікатныя пальцы гінеколага. Кожная жанчына трывожна прыслухоўваецца да раптоўна выяўленай фібраміомы, але чуе хіба што актаўны шэпт удвое складзенага рэцэпта ці адажыо надзеі, якая раптам здраджвае і памірае першай.
28 верасня 1991. Хвіліны, калі ў жанчыне апафеозна гучыць кіфара фізіялогіі — хвіліны асаблівай адкрытасці, хаця запаветную нішу ўсё адно закрывае плюшч Венеры.
3 кастрычніка 1991. Немагчыма гаварыць пра шчасце, калі дыхаеш ім. Немагчыма ўтойваць яго ў сэрцы, калі ў позірку — рымскі дамінат паганства. Але можна цудоўна памерці, разбіўшы галаву аб гранітны шар Фартуны. I можна выдатна сканаць, з разбегу праламаўшы дубовыя краты экстазу... Размаўляем, і Яна прызнаецца, што толькі тады супакойваецца, калі бачыць мяне.
5 кастрычніка 1991. Імперыя разбураецца, але гэта не галоўная навіна. Музыканты выходзяць на
вуліцы, але іхняя ігра поўная фальшу. Рознымі шрыфтамі і фарбамі зіхаціць слова Крама. Няхай. Мой настрой усё адно застаецца суверэнным. Мая ўлада над шчасцем бясконцая. Я йду па трамвайных дахах, як па асфальце, і мяне суправаджае акампанемент няздзейсненай роспачы: «Божа, гэтай вясной я магла б назаўсёды пакінуць Беларусь! Мы не сустрэліся б, і ты не напісаў бы ніводнага верша...»
6 кастрычніка 199J. Цела неверагодна маладзее. Магчыма, гэта старасць наадварот. Праз фалангі пальцаў праходзяць вальфрамавыя ніці. На вуснах барталініевая крыніца пакідае жаданую салёную цеплыню. Суставы напоўнены пругкім выраем, і таму кожная бетонная лесвіца ператвараецца ў эскалатар.
7 кастрычніка 1991. Ад кавярні «Світанак» да плошчы Якуба Коласа і ад плошчы Якуба Коласа да кавярні «Світанак» я прайшоў за пяцьдзесят восем хвілін. У гэты цёплы вечар кожны трэці юнак прасіў у мяне закурыць. Маё шкадаванне, што сёння не Mary пачуць Яе, увасаблялася ў лабіяльныя гукі змяркання. Надыходзіла доўгая дэфларацыя ночы, і я ведаў, што кроў світання ўпрыгожыць менскія прасціны без маёй прысутнасці.
10 кастрычніка 1991. Даўно было сказана: страху няма ў любові, калі яна дасканалая. Дасканалая любоў гоніць страх. I яшчэ было сказана: той, хто баіцца, па-сапраўднаму не любіць. I зноў жа было моўлена... He, досыць! Надакучыла эндагамія трывожных думак, у выніку якой нараджаецца яшчэ большы неспакой.
15 кастрычніка 1991. Кніга жанчыны даецца не ў рукі — у душу. Фізічна яе немагчыма ўтрымаць і нельга таксама бесклапотна перагортваць. Гэтая кніга разгорнецца сама, калі ў тваім цярпенні дастаткова металу. I ты абавязкова прачытаеш яе першую старонку, калі твая рахманасць нязмыўная, як аверс манеты. Аднак памятай — калі хочаш быць шчаслівы, астатнія старонкі чытаць не варта.
16 кастрычніка 1991. Квадратныя слёзы вострымі вугламі прадзіраюць амальгаму абавязку і бесклапотнасці. Я — геаметрычна слязлівы і гэтым, напэўна, адметны. Mae слёзы ўстойлівыя, як піраміды. У іх цені я знаходжу ўсё новыя і новыя метафары.
17 кастрычніка 1991. Мы ў тэатры, у другім радзе партэра. У антракце Яна гаворыць, што я стомлены, што я зусім не адпачываю. Яе клопат ап’яняе, і я разумею, што Яна з тых жанчын, якія дораць мужчынам знойдзеную будучыню. Я гляджу на Яе профіль — тонкі профіль патрыцыянкі з вокам, поўным антычнага агню. У зале паволі патухае люстра, і я заўважаю, што цыліарнае цела вока пакутуе ад французскай касметыкі... На выхадзе з тэатра Яна вяртае мне верш «Хацеў бы я па вечарах...». На Яе думку, верш патрабуе больш пранікнёнай коды. Мы йдзем па ўтульнай Падгорнай вуліцы ў бок вакзала. Мяккаму цёпламу змроку не замінаюць нашыя лёгкія крокі і маё адмаўленне падману. Я ведаю — падман, нават несвядомы, адгародзіць мяне ад кахання, a то і назаўсёды схавае яго ў нетрах свайго чорнага адзення. I яшчэ я ведаю: кахаць — штодзённа прасіць у каханай прабачэння. А што ведаюць мае геронты? Яны ведаюць шмат, а пакуль што разважаюць аб тым, што разлад з уладаю не бывае доўгім, улада ўсё ж такі рэч эфемерная, а вось разлад з душою зацягваецца да самай смерці.
20 кастрычніка 1991. Гэтыя запісы насцярожваюць. Яны небяспечныя, як і кожная проза. Так, небяспечныя, бо нават самай таленавітай прозай жанчыну вельмі лёгка пакрыўдзіць. He забываючы пра гэта, да кожнага спаткання рыхтуюся, як да складанага экзамену. Аднак у маёй «падрыхтоўцы» заўсёды тоіцца эгаістычны намер — гаварыць з Ёю толькі пра тое, што цікава самому.
21 кастрычніка 1991. Хіба што адным геронтам і вядома, як я марыў убачыць Яе ў сне: «Прысніся. Ты не снілася ні разу. Да вазы прыхініся галавой...» I вось яно — свята сну. Праўда, ніякай вазы не было. Быў доўгі калідор. Здаецца, калідор вагона. Яна йшла, некуды спяшалася. Раптам калідор скончыўся, пачалося поле, і Яна ўбегла ў шыпшынавы куст, які стаў ірваць на ёй сукенку.
23 кастрычніка 1991. Спатканне. Гвалт пацалункаў і слоў. «Я аддам табе ўсю сябе, усю — да кропелькі...» I зноў, зноў пацалункі. Пасля — рэфлексіўны адпачынак. 3 каханай усё ж такі трэба гаварыць толькі пра хараство і пра тое, што будзе. Hi
слова — пра Яе і сваё мінулае, бо мінулае распальвае рэўнасць. Я спытаў: «Каханне чакае, каб мы рабілі яго прыгожым, ці яно прыгожае й без таго?» Яна ўсміхнулася: «Як мы робім, так і трэба...» Звычайна, развітаўшыся, Яна ніколі не аглядвалася. А тут, адышоўшы на адлегласць, роўную даўжыні Парфенона, азірнулася і памахала мне рукой.
24 кастрычніка 1991. «Мяне ўсё тут палохае — дрэвы, камяні, трава, а таксама людзі, якія блізка ад нас праходзяць...» Мы шукаем зацішнае месца і нарэшце апынаемся ў бязлюдным кутку парку. Аднак і тут Яна гаворыць пра дрэвы, камяні, траву і пра ўсё тое, выпадковае, што не дае любіць мяне так, як Ёй хочацца... Геронты знайшлі пад высокай таполяй глінянага фаўна і, як дзеці, пачалі з ім забаўляцца. Яна не заўважае гэтай гульні, як і не заўважае таго, што над намі яшчэ дастаткова лісця, каб ушанаваць нашае каханне пошумам наступнасці, і што дрэвы даволі густа стаяць, каб мы не згубілі ўяўлення аб смерці, і што ў кожным нашым спатканні ўсё менш і менш гучыць музыка рандо. Я жыву поўным жыццём тады, калі з’яўляецца жанчына. I я ўбачыў рубеж гэтага жыцця, калі з’явілася Яна.