• Газеты, часопісы і г.д.
  • Гаспода  Леанід Дранько-Майсюк

    Гаспода

    Леанід Дранько-Майсюк

    Выдавец: Мастацкая літаратура, Зміцер Колас
    Памер: 382с.
    Мінск 1998
    39.24 МБ
    29 кастрычніка 1991. Неабходна было трапіць у Афіны і ўзысці на Акропаль, каб здагадацца, што Яна е с ц ь, і праз некалькі гадоў адчуць, як перыкардная пустата цярпення завяршаецца пераможным выдыхам: «У Вашым голасе квітнеюць астры...» Рытмізаваная вільгаць крыві рвецца вонкі, і я гадзінамі блукаю па Менску, чуючы асцінатнае дыханне прасодыі. Але пачынаюцца халады, і прасодыя — цеплалюбівая расліна — усё часцей і часцей застаецца пад таршэрным святлом.
    7 лістапада 1991. «Чаму ты не пішаш? Сумую без тваіх вершаў!..» He ведаю, што адказаць, а тым часам геронты вядуць эклектычны дыялог. Геронт смутку даводзіць: «Каб душа набыла яшчэ і фасетачны зрок, трэба навучыцца чытаць аблокі і траву». A геронт весялосці, не слухаючы яго, замілавана ўспамінае сябе, васьмігадовага, калі ўпершыню выпадкова пакаштаваў хлеб, абліты гарэлкай.
    8 лістапада 1991. Яна сказала, што я больш адкрыты кнігам, чым людзям, і ў гэты ж момант у маім
    пакоі вецер адчыніў фортачку. Узляцела ільняная штора, і пахіснуўся таршэр. Калыхнулася люстра, і пад столлю ўзнік пыльны спеў плафонаў. У прыстолках архіўна варухнуліся колішнія польскія фотаздымкі і давыд-гарадоцкія цікеткі. Светлае віно, купленае на запас, пацямнела. Усё ў пакоі нібыта ачалавечылася, набыло мітуслівыя рысы. I толькі кнігі засталіся кнігамі. Яны паводзілі сябе як багі.
    10 лістапада 1991. Цудоўны той цынізм, які не напаказ! Цынізм, глыбока схаваны. Часам ён дапамагае выжыць, асабліва тады, калі лопаецца незваротная павуціна нерваў. Часам хаваецца пад маскай кахання. Здавалася б, дзіўна, але так здараецца... Калі застаюся адзін, ён вырываецца з мяне — мой маленькі везувій — і ў ягонай магме назаўсёды знікаюць пампеі жабрацтва.
    11 лістапада 1991. Ашчадна ўдыхнуць прахалоду вечара, усё адно што зірнуць у пустую паштовую скрынку. Слухаць піяніста, адгароджанага ад залы бранявым шклом, нібыта з чорным палатном на вачах прайсці праз батанічны сад. Заняцца гандлем эпітафій, але з умоваю, што першая з іх аздобіць надмагілле свабоды. Замкнуцца ў банкаўскім сейфе, папярэдне выкінуўшы з яго нялічаны лік школьных прамакатак... Пра што яшчэ можна думаць, калі немагчыма сціснуць да пераможнага хрусту крыштальнае горла кахання!
    15 лістапада 1991. Былі і ў мяне дні, загорнутыя ў шоўк і высланыя аксамітам. Я не забыўся на іх, — і пасёння яны дарагія мае суразмоўцы. Есць у гэтым горадзе месцы, дзе мы сустракаемся, — паркі, могілкі, балконы сімвалісцкай паэзіі. Але часцей за ўсё гэта паркі, дзе словы можна браць у дрэў, пачуцці ў галубіных крылаў, а настрой — у гульнях дзяцей. Тыя дні засталіся такімі ж, як і былі, святочнымі — яркі шоўк не выцвіў, а густы аксаміт не зблажэў. I я, здаецца, той жа — на маёй шыі ранейшае срэбра ў выглядзе ненадзейнай пятлі... Вось мы йдзем па алеі, весела перамаўляемся, і на безыменным пальцы нашай вандроўнай бяседы зелянее буйны алівін. Мы не заваёўнікі, бо свет заваяваны да нас, і не спажыўцы, бо хлеб свой здабываем самі. Мы — субяседнікі, і гэтая алея — брадзільня нашых думак.
    Удосталь нагаварыўшыся, мы цёпла развітваемся і ведаем, што неўзабаве сустрэнемся зноў. Аднак мне заўсёды балюча ўспамінаць, як некалі гэтыя дні, загорнутыя ў шоўк і высланыя аксамітам, мяне ашукалі — заместа вечнага кахання далі трохмесячную закаханасць. Праз іхні падман мой адамізм не авалодаў дасканаласцю.
    16 лістапада 1991. Сёння Яна была вясёлая, але я не здолеў падтрымаць Яе весялосць. Чамусьці ў кожным маім слове шумела зламысная асака. Хутка развітаўшыся, мы нібыта страцілі адно аднаго назусім.
    17 лістапада 1991. Успомніце маіх любімых паэтаў і зразумееце: яны вучыліся ў мяне. Перачытайце іхнюю інтымную лірыку і ўбачыце: яны кахалі, абкрадваючы маё каханне. I хто ж тады больш пачцівы — яны, што не пакінулі мне нават слова падзякі?! Ці я, штодзённа ўдзячны ім за іхняе вучнёўства і крадзеж?!
    18 лістапада 1991. Убачыў маладую жанчыну, у позірку якой успыхнула інталія неверагодна-цудоўнага папроку мужчынскай нехлямяжасці: няма перашкодаў, ёсць адсутнасць волі.
    1 снежня 1991. Сцэна Опернага тэатра створана для паэзіі, але не для чытання вершаў. Гэта я зразумеў, убачыўшы ў зале Яе, аддзеленую ад мяне арыстакратычным дном аркестравай ямы.
    2 снежня 1991. Яна можа знікнуць гэтак жа, як учора ў святле сафітаў знікалі Яе шафранавыя ўборы.
    9 снежня 1991. Спатканне. Блок наш трэці суразмоўнік: «...прнблнжается однночество. Как-то мысленно блуждая по душам, вмжу всюду сопротнвленне...» Узнікае адпаведны лад настрою, але Яна прамовіла, што перачытала мае вершы і палюбіла іх яшчэ больш. Ад шчасця дыханне маё памерла, нібыта меладычныя трысціны лагодна пранізалі сэрца, і кроў зайграла флейтай Пана.
    12 снежня 1991. Няміга — вуліца кароткая, некалькі сот метраў, але па ёй можна вандраваць бясконца, калі пад уражаннем просьбы: «Не адпускай мяне...», з букіністычнай крамы, што на Багадзельнай, марудна йсці па Нямізе на Гарадскі Вал і, крыху да яго не дайшоўшы, паволі вяртацца назад, павароч-
    ваць направа і ў вулкім рукаве Багадзельнай шукаць і не знаходзіць букіністычную краму, у якой засталася жальба: «Не адпускай мяне...» I зноў па Нямізе ісці на Гарадскі Вал...
    13 снежня 1991. Ішлі па Раманаўскай Слабадзе, і я на памяць прачытаў «Мы дажылі да першае зімы...». «Да Новага Года вершаў не пішы, добра?» — папрасіла Яна.
    18 снежня 1991. Мой адамізм толькі тады набывае творчы сэнс, калі Яе засмучэнне пераходзіць у замілаванне, калі Яна прамаўляе: «Ты мая выдумка...»
    19 снежня 1991. Вось тая хвіліна, калі ты ўпэўнены, што ніхто і нішто, нават насмешлівыя геронты, не перашкодзяць адамізму. Вось тое імгненне, калі жаданне цялеснай любові мацнейшае за неабходнасць разгарнуць кнігу любімага паэта. Вось той дзень, калі ў марозным небе пралятае чырвоны голуб. I вось тая ноч, калі па неонавым снезе прабягае чырвоны кот.
    20 снежня 1991. Пасля таго як вынайшлі пісталет, гісторыя самазабойстваў невымерна ўзбагацілася. Аднак жа дасюль невядома, хто першы застрэліўся.
    21 снежня 1991. Яна бачыла ў сне новыя строфы. Каб даведацца, што гэта за верш, трэба дажыць да Новага Года, бо я ж паабяцаў да канца снежня маўчаць. Маё маўчанне, дарэчы, мацуецца адкрыццём геронтаў: прыгажосць не тое самае, што і хараство. Прыгажосць — люстэрка маладосці, а хараство — старасці.
    22 снежня 1991. Шчасце бывае і такім — ты заходзіш у пад’езд не свайго дома, хвіліну чакаеш і здабываеш упэўненасць, што дзверы бліжэйшай кватэры неўзабаве адчыняцца і выйдзеш на пляцоўку ты сам, толькі дваццацігадовы.
    23 снежня 1991. Слабыя промні сонца падаюць на латок, на жоўта-зеленаватыя лімоны. Пачынаецца ігра скупых рэфлексаў, адпаведная гэткім жа скупым пакупніцкім здольнасцям. Я выбіраю адзін лімон і асцярожна кладу на металічную шалю. Лімон заважвае на чатыры рублі 70 капеек. Гэта і ёсць прымітыў паэтычнай дакладнасці. Я расплачваюся і ў ажынавых вачах старой прадаўшчыцы заўважаю знаёма-забытае
    ўзрушэнне, якое, каб зразумець яго, неабходна, як матчын ліст, прачытаць уголас.
    24 снежня 1991. Віншаваў Яе з каталіцкімі Калядамі, і Яна заплакала, і таму хочацца забраць Яе слёзы, як непатрэбную рэч... У двары, каля суседняга пад’езда, мы ўбачылі катафалк, аточаны бязладнай гаворкай, у якой пераважала слова крэматорый. Каб не чуць далей гэту гаворку і не ўбачыць труну, якую ўжо зносілі з верхніх паверхаў, мы паскорылі крок. Дапытлівыя геронты даймалі мяне халоднымі шэптамі: «Калі б нябожчыкаў не хавалі ў зямлю, a толькі спальвалі, Зямля катастрафічна палягчэла б. I тады вецер, нават і не ўраганны, падхапіў бы яе, як паветраны шар, і занёс бы некуды далёка-далёка. Магчыма, нават за межы нашай зорнай сістэмы...»
    25 снежня 1991. Вочы бачаць тое, што ёсць, а душы, як і заўсёды, хочацца большага, таму паэзія шукае ў рэчаіснасці свой нерэчаісны змест і называе яго парфенонам.
    26 снежня 1991. Яна аддаляецца ад мяне, набліжаецца і зноў аддаляецца. Учора быў амаль разрыў, аднак сёння Яна прымірэнча прамовіла: «Хачу разгладзіць твае маршчынкі...» Век бы слухаць такія словы, праз якія адкрываецца сэнс надзейнага супакаення: бойся не таго, што табе ўяўляецца самым небяспечным, бойся таго, чаго ты наогул нават уявіць не можаш... He ведаю, ці выйшаў я з вершаванага сну і ці зразумеў каханую, але (усё адно дзе пішучы — на падлозе, перагнуўшыся праз край ложка, ці ўтульна седзячы за пісьмовым сталом) адчуваю, што гэтыя запісы трэба завяршаць, нават абрываць на палове старонкі, каб яны канчаткова не апынуліся ў палоне плеаназмаў і рэфрэнаў, а таксама ў сваёй цытатнай празмернасці не сышлі да цэнтоннага пісьма. I наогул — наіўная гэта спроба зразумець каханую, калі сістэма таемных сімвалаў кожнай жанчыны не падлягае расшыфроўцы! I ўсё ж я ўдзячны сваім геронтам, іхняй парадзе пісаць кароткую прозу, бо менавіта гэтая проза дала маёй каханай імя — з гэтага дня Яна ператвараецца ў А.
    Вершы для A.
    « * *
    У Вашым голасе квітнеюць астры, Якіх не бачыў я раней.
    Мне зразумела ўсё і ўсё не ясна... У Вашым голасе квітнеюць астры, I кожнай кветцы Бог сказаў: квітней.
    Мне зразумела ўсё і ўсё не ясна — Ці варты музыкі такой?!
    Ці варты я хвіліны гэтай шчаснай, Калі гучаць арфічна Вашы астры Па-над пустой канцэртнай асакой.
    Ці варты я хвіліны гэтай шчаснай, He ведаю і ведаць не хачу.
    Запамінаю голас Ваш прыязны; Нібыта верш, запамінаю астры — Па-школьнаму, на памяць іх вучу.
    Запамінаю голас Ваш прыязны... Пакінь, пакінь, глыбокая струна, Шум глыбіні і неспакой рамансны, Каб у крыві маёй квітнелі астры... Кроў — гэта ваза, што не мае дна.
    19 чэрвеня — 14 снежня 1991
    « ж ❖
    Над Прыпяццю і над Гарынню, He дакранаючыся да зары, Хрысціў ерусалімскай сінню Свой век, што перайшоў за трыццаць тры,—
    I пра адну жанчыну думаў, Яе лілейны цень на сэрца лёг, Да тонкіх чаратовых струнаў Ляцеў генісарэцкі матылёк.
    I я сачыў за тым палётам, Удыхаючы евангельскі пыл, I ехаў да бацькоў. Мой клопат Для іх зусім незразумелы быў.
    He заўважаў цяжкой работы
    На гародах палескіх і палях, — Бо мне хацелася пяшчоты, Хацелася бачыць лілейны страх!
    Той страх мне дорыць палесціну, Той страх ператварае на вачах Жанчыну любую ў дзяўчыну — 3 туманам у лімонных валасах.
    26 чэрвеня — 15 снежня 1991