Беларускі фальклор: матэрыялы і даследаванні
Выпуск 11
Апісаны тут спосаб пазбаўлення ад праблемы, з некаторымі варыяцыямі, быў добра вядомы па ўсёй Беларусі. Ён толькі замацоўваў стратэгію сацыяльнага выключэння і самі правілы яе ўжывання, таму што адной з частых прычын «хаджэнняў», паводле ўяўленняў вяскоўцаў, было пахаванне «нячыстага» нябожчыка на асвечанай зямлі могілак. Менавіта страх перад «хаджэннямі» служыў дадатковым стымулам выкання ўсіх прадпісанняў, нават у тым выпадку, калі «нячыстым» нябожчыкам быў блізкі чалавек: бацька, жонка etc. Ён мог заставацца ў індывідуальнай памяці чалавека і нават памяці сям’і, але павінен быў быць забыты супольнасцю, што непазбежна і адбывалася.
Трэба адзначыць, што інструмент сацыяльнага забывання не быў уладкаваны толькі як адзінкавы і незваротны акт выкрэслівання. Ён працаваў як спосаб мінімалізацыі прысутнасці «нячыстага» нябожчыка ў памяці супольнасці,
20
Сяргей Грунтоў. ПАМЯЦЬ ВУСНАЯ, ПІСЬМОВАЯ, ВЕЧНАЯ ЎКУЛЬТУРЫ...
усё ж пакідаючы для яго наяўнасці нязначныя магчымасці ў выглядзе спецыяльных каляндарных дзён, калі дазволена было памінанне памерлых без споведзі. Захоўвала яго і вусная памяць супольнасці ў выглядзе незлічоных расповедаў страшных гісторый пра выпадкі гвалтоўнай смерці, прывідаў, месцы, якія страшаць, і іншае. Выключэнне працягвала існаваць, сваім прыкладам апраўдваючы і ўмацоўваючы норму.
Яшчэ адзін духоўны верш, падобны па структуры да прыведзенага вышэй, больш разгорнута пералічвае катэгорыі нябожчыкаў, якія памерлі «дрэннай» смерцю, але якія, паводле праваслаўнага канона, могуць памінацца ў малітвах. Гэта далёка не ўсе катэгорыі памерлых гвалтоўнай смерцю, тут, напрыклад, няма самазабойцаў, і ўсё ж змест верша мае інклюзіўны характар, ён уключае, пацвярджае права на памяць самых розных катэгорый памерлых [Варенцов 1860, 211212]:
Госпадзі васпамяні славныя памяці радзіцілій вашых!
Атцы вашы да мамы, Божа, вспамяні.
Атцы вашы хрёсныя, б1.
Хреснікам хресніцам, б.
5 Свёкры, свякровкі, б.
Дзівяр’я заловкі, б.
В раду пакаленія во всём почітанія, б.
Прі абедня і прі заутрінях б.
Прі царквах прі Бож’іх домах, б.
10 За яснымі свячамі, за гласнымі званамі, б.
За евствам харувімскім, б.
За бранымі скацярцямі, за салодкімі куцьямі, б.
За мяккімі праскуркамі, за пахучім ладуном, б.
Заключённых, паланённых, в вайны пасячонных, божа вспамяні!
15 Градам забіваіціх, маланьей паляіціх, на агню пагаряіціх, б.
На вады патапляў іх, с боку прісыпуіціх (?), б.
Галоднай смерцяй памёршіх, б.
Каторыі душачкі біз каплану паміралі, б.
В Божай церквы ні бывалі, Сакраменту не прімалі, б.
20 Вдов лі сірот, бізпріотных галов, б.
В чужі землі завядзёны, што некаму памінаць, па імяні называць, на вспамін душі даваць, б.
Вайрячі (?) іх, свет Хрістос ва кнігі жівотныі, б.
Данясішь іх, свет Хрістос, тыі душачкі, б.
Да горада Русаліма, да царя Давыда, б.
25 Ісакавы, Якавы моіці спачіваюць, б.
Дай, Божа, тыі душачкі в горадзі в Русалімі в раю раявалі, б.
Са святымі спачівалі, б.
Вечная ім памяць, вечная ім памяць, вечная ім памяць!
Саздай ім, Божа, рай светлай, зямельку лёккую і чарства нябесная*.
1 Тут н далей скарачэнне «б.» азначае паўтор фразы «Божа, вспамяні».
* Тэкст друкуецца ў адпаведнасці з сучаснай беларускай графікай.
21
ДАСЛЕДАВАННІ
Верш гэты, падобны па структуры да папярэдняга, мае больш складаны змест. Варта звярнуць увагу на 21ы радок, які замыкае «інклюзіўныя» радкі верша: у яго арбіту ўключаюцца і тыя, каго няма каму памінаць і называць па імені, іначай кажучы, людзі забытыя. Яны таксама атрымліваюць права знаходзіцца ў вобласці памяці, якая тут набывае не толькі звышасабовыя (памяць Бога), але і тапаграфічныя характарыстыкі. Калі ўніверсальным суб’ектам вечнай памяці з’яўляецца Бог, то тапаграфічным адпаведнікам яе, не менш універсальнай прасторай памяці з’яўляецца Іерусалім свяшчэнны горад і цэнтр хрысціянскага сусвету. Калі традыцыйная мадэль сямейнага памінання за гарызонтам камунікатыўнай памяці сцірае розніцу паміж пакаленнямі і катэгорыямі сваяцтва з дапамогай «дзядоў», універсальнага вызначэння памерлых продкаў, якія ўсе разам становяцца аб’ектам памінання ў адпаведныя каляндарныя дні, то прыведзены верш ідзе і яшчэ далей. Богу як суб екту вечнай памяці ён стварае (літаральна, выгаворвае) супольнасць усіх памерлых людзей (за некаторым выключэннем). У такой перспектыве Бог становіцца месцам памяці ўсяго чалавецтва, і памяць гэта знаходзіць прамы прасторавы адпаведнік Святую Зямлю. 28ы радок, паўтараючы тройчы вечная ім памяць, аб’ядноўвае ў займенніку ім усе пералічаныя вышэй катэгорыі памерлых ад атцы вашы да мамы да тых, хто в чужі землі завядзёны.
Можа падацца, што, нібы апісаўшы поўнае кола, так пададзеная мадэль вечнай памяці на нейкі момант зноў змыкаецца з памяццю вуснай, калі ў 21м радку ўключае і тых, хто забыты, тых, каго ніхто не памінае. Але ўжо наступны 22і радок выбудоўвае ўсё ў ранейшую мадэль. Слова, запісанае аўтарам як вайрячі, верагодна, з’яўляецца нейкім варыянтам слова «вараці» ‘вярні’. Тады ўвесь радок ясна прачытваецца як просьба вярнуць пералічаных памерлых у кнігі жыцця кнігі жівотныі.
Вусная сялянская культура ў гэтай мадэлі і яе стратэгіі падтрымання памяці ні ў якім разе не мелі другасны характар у параўнанні з памяццю пісьмовай. Малітва, у першую чаргу малітва за памерлых, у гэтай перспектыве аказваецца практыкай прыгадвання (памерлых) і нагадвання Богу пра іх. Гэта не што іншае, як старая мадэль памяці, якая дамінавала не менш як да XIX ст., у ёй галоўным месцам памяці з’яўляецца слова малітвы, літургіі і г. д. Яе раздзялялі ўсе саслоўі, і толькі ў XIX ст. яна паступова пачынае замяшчацца мадэллю, дзе галоўным месцам памяці зяўляецца ўласна месца пахавання магіла і помнік з эпітафіяй на ім. Але ў першую чаргу гэта датычылася забяспечаных слаёў насельніцтва, якія маглі дазволіць сабе пастаноўку каменных ці металічных помнікаў, часта вырабленых прафесійнымі майстрамі. У сялянскай культуры пераважна дамінавалі драўляныя помнікі, час захавання якіх не вельмі адрозніваўся ад працягласці камунікатыўнай памяці. Для сялянскай культуры ранейшая мадэль заставалася першаснай, але і для культуры забяспечаных слаёў насельніцтва не губляла да канца свайго значэння. Зразумела, што без апірышча на памяць пісьмовую вусная памяць не магла мець адпаведнай глыбіні, але важна заўважыць і тое, што без чытача таго, хто будзе
22
Сяргей Грунтоў. ПАМЯЦЬ ВУСНАЯ, ШСЬМОВАЯ, ВЕЧНАЯ ЎКУЛЬТУРЫ...
прамаўляць малітву, слова вуснае, памяць запісаная аказвалася мёртвай, нядзейснай.
Усведамленне гэтага, акцэнт на неабходнасць прачытання пісьмовага слова для захавання памяці часта сустракаецца ў тэкстах культуры, у тым ліку ў прыведзеным вышэй першым духоўным вершы: Сам Бог спазная, / Па імяні пачытая! (1415ы радкі). Пры гэтым немагчымасць прачытання пісьмовага слова чалавекам (актуальная для большасці сялян), не становіцца перашкодай для яго ўспрыняцця, таму што чытачом тут выступае сам Бог. У такім аспекце, у гэтай прамоўленай магчымасці, можна пазнаць імпліцытна прысутнае вызнанне магчымай аўтаномнасці сялянскай культуры і ў тым ліку яе культуры памяці. Пісьмовая памяць зяўляецца вельмі важнай, але магчыма абысціся і без яе, наўпрост звяртаючыся да Бога без пасярэдніцтва пісьмовага слова і святароў менавіта таму, што Бог зяўляецца абсалютным суб’ектам памяці.
Вылучаная з памінальных духоўных вершаў мадэль знаходзіла сваё пацверджанне ў актуальных для тагачаснага грамадства культурных практыках захавання памяці. Найперш, можна згадаць практыку вядзення памяннікаў (сінодзікаў) кніг, куды запісвалі паіменна ўсіх памерлых сваякоў, для таго каб падаваць іх святару ў час памінальнай службы. Часам памяннікі маглі весціся і святаром, які запісваў туды памерлых прыхаджан, пералічваючы імёны род за родам і дапісваючы з часам новыя. Такія памяннікі маглі друкавацца цэнтралізавана, маючы на першых старонках кароткія звесткі пра памінальныя традыцыі праваслаўнай царквы, пасля пералік спачылых царскіх асобаў і патрыярхаў. А пасля ішлі пустыя старонкі, куды запісвалі па родах спачатку памерлых сваякоў святароў, а пасля і простых сялян. Добрым прыкладам такой кнігі можа служыць памяннік з царквы мястэчка Дукора (цяпер у Пухавіцкім раёне), які захоўваецца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі [НГАБ 1261115],
Прыкладам індывідуальнага памянніка можна назваць «памяннік Таццяны», які захоўваецца ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі [Сія 1939], Гэта невялікі сшытак, які мае на вокладцы 1939 год, але вёўся не пазней як з XIX ст. рознымі почыркамі і пісьмовымі прыладамі аж да, верагодна, другой паловы XX ст. Тут няма малітоўных формул, толькі пералічэнне імён памерлых без паказання іх прыналежнасці да таго ці іншага роду. Пачынаецца памяннік з пераліку памерлых інакаў, але пасля папаўняецца, наколькі можна зразумець, і цывільнымі асобамі. Пра больш як сотню пералічаных тут людзей нам нічога не вядома, акрамя таго, што яны памерлі. Але гэтага дастаткова для праваслаўнай практыкі памінання як нагадвання Богу пра памерлых.
Верагодна, падобным жа чынам як «кнігі памяці» ці «кнігі вечныя» маглі ўспрымацца і царкоўныя метрыкі пра памерлых, якія вяліся год за годам і, калі іх не нішчыў пажар, захоўвалі памяць пра многія пакаленні памерлых. Гэта была недаступная сялянам кніжная памяць (якая да таго ж не выкарыстоўвалася для памінанняў), але яны ведалі, што недзе там ёсць запісы пра смерць і пахаванне іх блізкіх.
23
ДАСЛЕДАВАННІ
Высновы. Культура захавання і трансляцыі памяці ў беларускіх сялян у пачатку XX ст. была заснавана не толькі на вусных і пісьмовых яе формах. Важнейшай катэгорыяй, якая ўплывала на ўяўленне сялян пра памяць і магчымасці яе захавання, была «вечная памяць». Гэта паняцце паходзіць з царкоўнай культуры, але было добра вядома сялянам дзякуючы малітоўным формулам і духоўным вершам. У апошніх яно не толькі артыкулявалася, але і кантэкстуалізавалася сістэмай уяўленняў пра замагільны свет, Бога і памерлых. Субектам вечнай памяці разумеўся Бог, а важнейшым яе апірышчам (ці медыятарам) памяць пісьмовая. Памінанне і чытанне імён памерлых разумелася як важнейшая практыка, якая дапамагае ўключэнню іх у «вечную памяць». Пры гэтым сялянская культура, пераважна заснаваная на вусных формах памяці, не разумелася як другасная, цалкам залежная ад памяці пісьмовай. За немагчымасцю прачытаць/згадаць імёны спачылых сваякоў, што натуральным чынам здаралася ў народнай культуры ў дачыненні да пакаленняў памерлых, якія аказваліся за гарызонтам камунікатыўнай памяці, гэта функцыя прадугледжвалася за самім Богам як галоўным суб’ектам вечнай памяці. Важнейшай крыніцай для рэканструкцыі гэтых уяўленняў з’яўляюцца тэксты памінальных духоўных вершаў.