Гэтаксама як у выпадку з краінамі „блізкага замежжа“, зь якіх выпалі такія цікавыя асяродкі беларускай прысутнасьці апошніх дзесяцігодзьдзяў, якУзбэкістан і Кыргызстан, „далёкае замежжа“ засталося без адмысловых артыкулаў пра беларусаў у Чэхіі, Нямеччыне, Францыі, Гішпаніі, Бэльгіі, Швэцыі. Імаверна, не знайшлося дасьведчаных аўтараў, што яшчэ раз паказвае агульныя хібы беларускага эміграцыязнаўства. Разам з тым, у гісторыі й сучаснасьці беларускай прысутнасьці ў згаданых краінах таксама багата фактаў, што ня ўпісваюцца ў афіцыйную менскую ідэалёгію. Пяты разьдзел складаюць тэксты, напісаныя прафэсіяналамі-архівістамі. У іх бачым найбольш поўны аналіз дакумэнтаў, прысьвечаных гісторыі беларускага замежжа, з асобных дзяржаўных архіваў Беларусі (тых, што пазначаюцца як выдаўцы даведніка). Гэтыя матэрыялы ўяўляюць надзвычай вялікую цікавасьць для дасьледнікаў-эміграцыязнаўцаў, таму гэты разьдзел можна лічыць адным з самых каштоўных у кнізе. Шосты разьдзел мае своеасаблівы ілюстрацыйны характар. Тут публікуюцца асобныя дакумэнты, прысьвечаныя гісторыі беларускага замежжа. Што праўда, прынцып адбору саміх дакумэнтаў не зусім зразумелы. У апошні разьдзел вынесьлі даволі сьціплую (толькі 2 старонкі) бібліяграфію выданьняў пра беларускае замежжа, якасьць і паўнату якой абмяркоўваць еьмешна. Варта заўважыць, што адсутнасьць спасылак у саміх тэкстах нават пры цытаваньні істотна зьніжае навуковую вартасьць артыкулаў. Пры канцы кнігі зьмешчаныя прыгожыя каляровыя ілюстрацыі: некалькі мапаў, а таксама даволі якасныя выявы архіўных дакумэнтаў і выданьняў з гісторыі беларускага замежжа. 3 усімі сваімі плюсамі й мінусамі, даведнік „Беларускае замежжа“ сапраўды можна назваць адлюстраваньнем узроўню сучаснага разьвіцьця беларускага эміграцыязнаўства. Несумненна, бяз пэўных ідэалягічных установак і болып сур’ёзнай аналітычнай працы яго магчыма было б зрабіць больш інфармацыйна якасным, як і ўсё беларускае эміграцыязнаўства, разьвівайся яно ў іншых умовах, магло б быць значна больш прасунутым і разнастайным. Н.Г. Зора Кіпель ДНІ АДНАГО ЖЫЦЦЯ... УСПАМІНЫ АРТЫКУЛЫ ДЗЁННІКІ Кіпель, Зора. Дні аднаго жыцьця...: Успаміны, артыкулы, дзёньнікі. Мінск: Зміцер Колас, 2010. — 936 с. — Наклад 500 асобнікаў. У разнастайнай інтэлектуальнай спадчыне беларускай паваеннай эміграцыі амаль не захавалася, ці не было дасюль апублікавана, дзёньнікаў. Вядома, што некаторыя дзеячы іх вялі, прыкладам Вінцэнт Жук-Грышкевіч, але яны пакуль захоўваюцца ў архівах і чакаюць свайго часу. Разам з тым, дзёньнікі — надзвычай цікавая крыніца інфармацыі і пра асобу ayTapa, і пра ягонае звычайнае штодзённае жыцьцё. Менавіта таму выданьне дзёньнікавых запісаў Зоры Кіпель стала адметнай падзеяй у эміграцыязнаўстве. Уласна выданьне „Дні аднаго жыцьця", укладзенае Сяргеем Шупам, уключае ў сябе ня толькі дзёньнікі, але і ўспаміны, напісаныя з розных нагодаў, ды артыкулы, што публікаваліся ў эміграцыйных пэрыёдыках. Аднак асноўны зьмест амаль тысячастаронкавага тому склалі менавіта дзёньнікі. Зора Кіпель рабіла больш-менш рэгулярныя запісы пра штодзённыя справы цягам 1978—1994 гг. Такім чынам, 16 гадоў жыцьця сям’і актыўных амэрыканскіх беларусаў знайшлі адлюстраваньне на старонках кнігі. Запісы пераважна кароткія, робленыя хутчэй для памяці, прысьвечаныя падзеям дня. Тут шмат побытавых дэталяў, што могуць быць асабліва каштоўныя для будучых дасьледнікаў эміграцыйнай штодзённасьці. Разам з тым, тут прысутнічаюць розныя асобы з тагачаснай беларускай дыяспары, якім аўтарка часам дае некія характарыстыкі. Праз дэталі вырашэньня супольных справаў можна „з бліжэйшае адлегласьці“ зірнуць на Вітаўта Тумаша, Антона Адамовіча, Янку Запрудніка, шмат каго яшчэ і, зразумела, на Вітаўта Кіпеля. Між іншага, апошні сам рабіў камэнтары да пазначаных жонкай падзеяў. На жаль, у сваім дзёньніку Зора Кіпель не фіксавала сваіх разваг адносна тых тэкстаў, зь якімі працавала як рэдактарка, адносна тых кніг, якія чытала. Яе запісы іншыя. Аўтарка абавязкова пазначала, калі яна рабіла сабе фрызуру, калі езьдзіла ў якую краму набываць падарункі... Але побач з гэтымі звычайнымі жыцьцёвымі справамі, празь якія чалавек бачыцца больш зямным, зразумелым, побач з хатнімі клопатамі й як неад’емная частка жыцьця Кіпеляў у дзёньніку прысутнічаюць шматлікія грамадзкія справы. To рыхтаваньне ялінкі ці якога канцэрту, выставы, то праца з тэкстамі для таго ці іншага выданьня, то спатканьне зь якім амэрыканцам у той ці іншай беларускай справе... Усё гэта было натуральнай складовай часткай жыцьця Зоры Кіпель і ейнае сям’і. Дзёньнік тлумачыць, што значыць быць беларусам на чужыне штодня. Кніга „Дні аднаго жыцьця“ — плён надзвычай вялікай працы ўкладальніка й рэдактара, і разам з выдадзенай раней Бібліяграфіяй беларускага друку на Захадзе — справай жыцьця Зоры й Вітаўта — ёсьць своеасаблівым інтэлектуальным помнікам сям’і Кіпеляў. Апублікаваныя дзёньнікі маюць сапраўды вялікае значэньне й як гістарычная крыніца, і як сьведчаньне эпохі, і як добрая нагода для пошуку й выданьня іншых эміграцыйных дакумэнтаў такога кшталту. Н.Г. Салавей, Алесь. Творы: паэзія, проза, лісты. Мінск: Лімарыус, 2010. — 560 с. — Наклад 400 асобнікаў. Беларускім эміграцыйным пісьменьнікам ня надта шанцуе на ўвагу мэтраполіі. Пасьля ўсплёску цікавасьці да іх першай паловы 1990-х надалей яны паступова ізноў, як і ў савецкія часы, сталі ў айчынных дасьледнікаў пэрсонамі non grata. Сёньня апублікаваць на старонках афіцыйнага літаратурнага пэрыёдыка артыкул, прысьвечаны Натальлі Арсеньневай, Масею Сяднёву ці Алесю Салаўю, амаль гэтаксама складана, як у 1970-х выдрукаваць матэрыял пра дысыдэнтаў. Менавіта таму справу вяртаньня ў Беларусь творчай спадчыны эміграцыйных паэтаў і пісьменьнікаў могуць узяць на сябе выключна недзяржаўныя выдаўцы. Гэтак, выдавецтва „Лімарыюс“ запачаткавала сэрыю „Галасы АйчыньГ, першай кнігай у якой стаў збор твораў Алеся Салаўя (1922—1978). Гэты паэт нездарма лічыцца адным з найбольш таленавітых творцаў беларускай паваеннай эміграцыі. Сваю паэтычную дзейнасьць ён пачаў яшчэ ў перадваеннай Беларусі, але ці не найбольш плённым часам для Салаўя сталі 1940-я гг. Першы ягоны зборнік „Мае песьні" пабачыў сьвет у Рызе ў 1944 г., другі, „Сіла гневу“, — у 1948 г. у Остэргофэне (Нямеччына). Усё, што рыхтавалася пазьней, не было надрукаванае пры жыцьці аўтара. Толькі пасьля ягонай сьмерці БІНіМ выдаў збор твораў паэта пад назвай „Нятускная краса“ (НьюЁрк—Мэльбурн, 1982). Гэты апошні й стаў асновай для менскага выданьня, апрацаванага літаратарам Міхасём Скоблам. У мэтрапольным выданьні падаюцца некаторыя творы (паэтычныя й празаічныя), што не ўвайшлі ў папярэдняе, БІНіМаўскае, а таксама, што найбольш важна, зьмяшчаецца багатая эпісталярная спадчына паэта. Амаль палову аб’ёму кнігі складаюць лісты Алеся Салаўя з 1943 да 1977 гг. Прычым болыпая іх частка належаць да „аўстрыйскага" пэрыяду жыцьця ў лягерах для перамешчаных асобаў (1947—1950 гг.). Адрасатамі лістоў былі вядомыя дзеячы паваеннай эміграцыі: Масей Сяднёў, Юрка Віцьбіч, Вітаўт Тумаш, Алесь Грыцук, Міхась Скабей, Антон Адамовіч і іншыя. Адамовіч кантактаваў з паэтам ужо ў „аўстралійскі“ пэрыяд ягонага жыцьця (нават адведваў Салаўя ў Мэльбурне незадоўга да сьмерці) і быў складальнікам БІНіМаўскага збору твораў ды найбольш глыбокім знаўцам і крытыкам ягонай творчасьці. Праца Антона Адамовіча „Так пяяў Салавей“7 да сёньня застаецца найбольш цікавым і грунтоўным аналізам жыцьця й літаратурнай спадчыны паэта. 7 Адамовіч, Антон. Так пяяў Салавей // Адамовіч, Антон. Творы. Нью-Ёрк, 2003. С. 394—609. Публікацыя ліставаньня Алеся Салаўя дае магчымасьць убачыць і адчуць ягоны душэўны стан, асаблівасьці штодзённага жыцьця, спадзяваньні й мары. Гэтыя лісты — яшчэ й каштоўны матэрыял для гісторыка, што дасьледуе жыцьцё беларусаў у паваенных лягерах Ды-Пі. Шкада толькі, што камэнтары да апублікаванай у зборы карэспандэнцыі даволі сьціплыя й мала дапамагаюць недасьведчанаму чытачу ў разуменьні згаданых у лістах падзеяў і асобаў. У дадатку да тому зьмешчаныя некалькі ўспамінаў пра Алеся Салаўя, напісаных ягонымі сучасьнікамі, а таксама лісты жонкі паэта Зінаіды Кадняк да розных асобаў ужо пасьля сьмерці паэта. Есьць у кнізе й цікавыя фатаздымкі-ілюстрацыі. Менскае выданьне творчай спадчыны Алеся Салаўя на сёньня зьяўляецца найбольш поўным. Такім чынам, дзякуючы ініцыятыве прыватнага выдаўца, даробак аднаго з найбольш таленавітых эміграцыйных паэтаў усё ж вярнуўся ў мэтраполію. Я. С. Дудзіцкі, Уладзімер. Творы. Мінск: Лімарыус, 2010. — 400 с. — Наклад 400 асобнікаў. Другім імем, якое вярнулася ў мэтраполію дзякуючы сэрыі „Галасы АйчыньГ, стала імя Ўладзімера Дудзіцкага (1911 — пасьля 1976). Гэты эміграцыйны паэт, таксама як і Алесь Салавей, прэтэндуе на званьне самага таленавітага творцы паваеннай беларускай эміграцыі. Ён, як і малады калега, пачаў сваю творчую дзейнасьць яшчэ ў перадваенны час, але пасьпеў і за яе паплаціцца зьняволеньнем і лягерамі. Вярнуўшыся ў Беларусь каля 1940 г., ён ня меў права жыць у Менску, таму вымушаны быў уладкоўвацца ў Віцебску, застаючыся палітычна й ідэалягічна ненадзейным у вачах савецкай улады. Гэтаксама, як і Алесь Салавей, Уладзімер Дудзіцкі ў часе акупацыі супрацоўнічаў зь „Беларускай газэтай“. Абодва паэты ведалі адзін аднога ня толькі па Менску, але й па пазьнейшых аўстрыйскіх лягерах Ды-Пі. Праўда, пасьля жыцьцё закінула творцаў у розныя, хоць і аднолькава экзатычныя для беларусаў краіны: Салавей пасяліўся ў Аўстраліі, а Дудзіцкі выехаў у Вэнэсуэлу. Для Дудзіцкага 1940-я гг. былі даволі плённыя ўтворчым пляне, хоць і далейшая эміграцыя ня гэтак катастрафічна адбілася на ягонай творчасьці, як Аўстралія на жаданьні Салаўя працаваць. Разам з тым, пры жыцьці Ўладзімер Дудзіцкі ня выдаў аніводнага ўласнага зборніка, хоць падрыхтаваў багата. Матэрыялы да аднаго канфіскавалі яшчэ ў часы арышту ў 1934 г., далейшыя губляліся ў віхурах вайны й паваеннага жыцьця. Hi ў пэрыяд працы на пасадзе кіраўніка беларускай службы радыё „Вызваленьне“, ні пазьней, у часе жыцьця ў ЗША, Уладзімер Дудзіцкі гэтак і ня здолеў надрукаваць аніводнага ўласнага зборніка. I толькі праз шмат гадоў пасьля таямнічага зьнікненьня паэта, у 1994 г., намаганьнямі БІНіМу пабачыў сьвет збор твораў Уладзімера Дудзіцкага пад назвай „Напярэймы жаданьням“.