Укладальнік БІНіМаўскага тому, архівіст і эміграцыязнаўца Лявон Юрэвіч, стаў укладальнікам і менскага выданьня. Як і ў выпадку з зборам Алеся Салаўя, у новым томе Ўладзімера Дудзіцкага зьявіліся паэтычныя й празаічныя творы, якіх не было ў папярэднім выданьні, абноўленая бібліяграфія, напісаная іншая прадмова, прысьвечаная больш жыцьцю, чым творчасьці паэта. Між іншага, у прадмове выказваецца і новая вэрсія прычынаў зьнікненьня дзеяча. На вялікі жаль, амаль не захавалася эпісталярнай спадчыны Ўладзімера Дудзіцкага, таму выданьне атрымалася выключна мастацкім. Праз тэхнічныя праблемы не былі зьмешчаныя ў томе й нешматлікія падрыхтаваныя для яго ілюстрацыі. Тым ня менш, збор твораў Уладзімера Дудзіцкага, як і папярэдні том Алеся Салаўя (найбольш поўныя на сёньня выданьні спадчыны эміграцыйных паэтаў) — важны крок у вяртаньні гэтага імя ў айчынны літаратурны й гістарычны дыскурс. Я.С. Счастный, Владймнр. Художннкй Парйжской школы йз Беларусй: Эссе, бйографйй, путеводйтель. Мйнск: Четыре четверкн, 2010. —176 c. Счастный, Владймйр. Парйж. Мйнск: Четыре четверкй, 2011. — 94 с. — (Малая подорожная кнйжка белоруса). Беларуская прысутнасьць у Францыі да сёньня застаецца маладасьледаваная ў мэтраполіі, нягледзячы на тое, што прыклады нарадзінцаў беларускіх земляў, што ў той ці іншы час абіралі месцам свайго жыцьця Парыж, вядомыя нават школьнікам (узгадаць хаця б хрэстаматыйных Адама Міцкевіча ці Марка Шагала). Тым ня менш, турысты зь Беларусі будуць хутчэй шукаць у Парыжы магілы дзеячаў расейскай культуры, чым суайчыньнікаў. Беларускі дыплямат Уладзімер Счасны зрабіў спробу пазнаёміць чытачоў з своеасаблівым беларускім Парыжам, засноўваючыся найперш на гісторыі знакамітай Парыскай мастацкай школы. Менавіта ёй, яе гісторыі і найбольш ролі ў ёй нарадзінцаў беларускіх земляў (пераважна габрэяў), прысьвечаная першая згаданая вышэй кніга аўтара. Гісторыя Парыскай школы — гэта гісторыі ня толькі францускага, але эўрапейскага мастацтва першай паловы XX ст. I ў кнізе Ўладзімера Счаснага яна пасьлядоўна разглядаецца ад пачатку, пабудовы „Вульля“ Адольфам Бушэ, праз пэрыпэтыі лёсаў насельнікаў, да сканчэньня й пазьнейшага змаганьня за захаваньне самога будынку. Пры гэтым асноўны акцэнт аўтар робіць на жыцьцёвыя й творчыя шляхі менавіта выхадцаў зь Беларусі: Хаіма Суціна, Марка Шагала, Лява Бакста, Восіпа Цадкіна, Оскара Мешчанінава, Восіпа Любіча, Міхаіла Кікоіна, Надзеі Хадасевіч-Лежэ і іншых. У прыцягальнай апавядальнай манеры эсэ чытачу падаюцца факты з жыцьця згаданых асобаў, сярод іншага, адзначаюцца кошты іхных карцінаў на аўкцыёнах ужо XXI ст. Аповед суправаджаецца вялікай колькасьцю ілюстрацыяў: як здымкаў з архіву аўтара, гэтак і рэпрадукцыяў мастацкіх твораў. Асобна ў кнізе зьмяшчаюцца кароткія храналёгіі-біяграфіі нарадзінцаў беларускіх земляў, што ўваходзілі ў Парыскую школу. Важным момантам у аповедзе пра выхадцаў зь Беларусі зьяўляецца вызначэньне дакладных парыскіх адрасоў іхнага жыцьця й дзейнасьці. Асобны разьдзел кнігі „Падарожжа па сьлядах вялікай эпохі“ ўяўляе сабой турыстычны даведнік, дзе пазначаюцца найбольш цікавыя месцы, зьвязаныя з Парыскай школай і своеасаблівым „беларускім“ сьледам у ёй. Відавочна, з гэтага разьдзелу й нарадзілася ідэя выданьня ўжо спэцыяльнага даведніка пра беларускі Парыж, якая ўжо на пачатку 2011 г. увасобілася ў новую кнігу. Матэрыялы пра месцы, зьвязаныя зь біяграфіямі ўдзельнікаў Парыскай школы, тут дапоўненыя згадкамі пра выхадцаў зь беларускіх земляў часоў „вялікай эміграцыі" ў сувязі з паўстаньнем 1830—1831 гг. На жаль, месцы, зьвязаныя зь дзейнасьцю ўласна беларускай сьвядомай паваеннай эміграцыі ў даведнік не ўвайшлі. Сама кніга пра Парыж мае выразны ўтылітарны характар. Тут падрабязна апісваецца, як знайсьці тое ці іншае месца, падаюцца здымкі й мапы-схемы. Разумеючы, што беларускія турысты наўрад ці могуць задаволіцца аглядам выключна „беларускіх" месцаў у Парыжы, у даведніку падаюцца зьвесткі й пра ўнівэрсальныя знакамітасьці францускай сталіцы. Мінімум тройчы згадваецца беларуская амбасада. Прагматычны характар даведніка дапаўняецца зьмешчаным пры канцы міні-размоўнікам ды паказьнікам згаданых месцаў, для больш лёгкага пошуку па кнізе. Можна меркаваць, што нават калі „Малая падарожная кніжка для беларуса“ (ідэя такіх выданьняў проста выдатная) пра Парыж і саступае ў якасьці сусьветна вядомым турыстычным даведнікам, то менавіта беларускі яе зьмест цалкам здольны прыцягнуць да сябе ўвагу айчынных турыстаў. Наагул жа кнігі Ўладзімера Счаснага, напісаныя прыгожай, хоць і не беларускай, мовай, зьяўляюцца важным крокам у справе вывучэньня й папулярызацыі беларускай прысутнасьці ў Парыжы ды ўвогуле ў Францыі. Н.Г. Стагановіч,Аляксандр. Успаміны пасла. Мінск: Лімарыус, 2011. — 270 с. — (Беларуская мемуарная бібліятэка). — Наклад 300 асобнікаў. Зьяўленьне адмысловай выдавецкай сэрыі, прысьвечанай беларускай мэмуарнай літаратуры, насьпявала даволі даўно, аднак толькі цяпер атрымала рэальнае ўвасабленьне. I першай кнігай тут сталі ўспаміны беларускага палітычнага дзеяча міжваеннага часу ды паваеннай эміграцыі Аляксандра Стагановіча (1890—1988). Першая публікацыя ўспамінаў адбылася на старонках „Запісаў БІНіМ“ (№32. 2009), цяпер жа яны пабачылі сьвет асобным выданьнем. Паводле цьверджаньня аўтара прадмовы й камэнтароў у кнізе, гісторыка Аляксандра Пашкевіча, асоба Стагановіча цікавая тым, што да апошняга часу заставалася малавядомай для дасьледнікаў. Навукоўцы, што вывучалі палітычную гісторыю Заходняй Беларусі ў складзе Полыпчы, амаль анічога не маглі сказаць пра жыцьцё й дзейнасьць аўтара ўспамінаў як да атрыманьня ім пасольскага мандату, такі і ў кароткі час ягонай дэпутацкай дзейнасьці, дый пагатоў пра далейшы лёс. Аляксандар Стагановіч пражыў працяглае (98 гадоў) і даволі багатае на падзеі, краіны й людзей жыцьцё. У часе Першай сусьветнай вайны ён як жаўнер царскай арміі правёў некалькі гадоў у Францыі (якую потым лічыў сваёй другой бацькаўшчынай), Грэцыі, Сэрбіі, Македоніі, дзе ваяваў на Балканскім фронце. Недзе з часоў пачатку вайны паходзіць знаёмства з Ігнатам Дварчаніным. Вярнуўшыся ў Беларусь, Стагановіч доўгі час жыў на гаспадарцы ў вёсцы Нясутычы на Наваградчыне, зьведаў рэпрэсіі з боку польскіх уладаў за сваю палітычную дзейнасьць. У паваенны час разам зь сям’ёй апынуўся ў Нямеччыне, адкуль выехаў у ЗША, дзе й пражыў рэшту жыцьця. Успаміны гэтага дзеяча дазваляюць ня толькі аднавіць нюансы ягонай біяграфіі, але й цікавыя моманты палітычнага жыцьця міжваеннай Заходняй Беларусі: асаблівасьці правядзеньня выбараў, дзейнасьці Грамады й КПЗБ. Тут ёсьць і цікавыя дэталі жыцьця й характараў асобных дзеячаў. Акрамя ўласна ўспамінаў, у кнігу ўвайшлі артыкулы мэмуарнага характару аўтарства Аляксандра Стагановіча, што публікаваліся на старонках паваеннай беларускай эміграцыйнай пэрыёдыкі ды былі прысьвечаныя падзеям у Заходняй Беларусі. Зьмяшчаюцца тут і фотаздымкі зь сямейнага архіву Стагановічаў. Як і ўсе мэмуары, „Успаміны пасла“ даволі суб’ектыўныя. У некаторых момантах аўтар памыляецца ў фактах ці характарыстыцы падзеяў і асобаў, але дзякуючы грунтоўнаму камэнтаваньню, зробленаму гісторыкамі Аляксандрам Пашкевічам і Алегам Гардзіенкам, тэкст магчыма ўспрымаць адэкватна. Кніга ўспамінаў Аляксандра Стагановіча важная як „вяртаньнем" ў мэтрапольны гістарычны дыскурс чарговага імя, гэтак і пачаткам выданьня сэрыі раней непублікаваных або малавядомых беларускіх мэмуараў зь якасным навуковым апаратам. I першае, й другое, несумненна, вартае вітаньня й працягу. Я. С. Янушкевіч, Яўстафій. Успаміны (1805—1831). Мінск: Лімарыус, 2011. — 256 с. — (Беларуская мемуарная бібліятэка). — Наклад 300 асобнікаў. Беларускія эміграцыйныя дзеячы XIX ст., гэтаксама як і іхныя суродзічы-эмігранты XX ст., патрабуюць адмысловай увагі дасьледнікаў і „вяртаньня" ў нацыянальную інтэлектуальную прастору. I другая кніга сэрыі „Беларуская мэмуарная бібліятэка" зьяўляецца яшчэ адным добрым прыкладам для сучасных навукоўцаў і выдаўцоў. Гісторык Вольга Гарбачова прэзэнтуе тут успаміны Яўстафія Янушкевіча (1805—1874) з 1805— 1831 гг., знойдзеныя ў рукапісным выглядзе ў архіўных фондах Ягелонскай бібліятэкі ў Кракаве. Яўстафі Янушкевіч — удзельнік паўстаньня 1830—1831 гг. — больш вядомы (калі наагул магчыма казаць пра ягоную вядомасьць у Беларусі) як брат пісьменьніка й падарожніка Адольфа Янушкевіча (1803— 1857) ды дзеяч эміграцыі, што традыцыйна ў нас лічылася польскай. Акрамя таго, ён публіцыст і пасьпяховы выдавец — заснавальнік парыскай газэты „Пілігрым польскГ, якую з 1832 г. рэдагаваў Адам Міцкевіч. Аднак пра жыцьцё Яўстафія Янушкевіча да эміграцыі нідзе асабліва ня згадвалася. Высілкамі ж Вольгі Гарбачовай, што расчытала, пераклала на беларускую мову і грунтоўна пракамэнтавала ўспаміны, чытачам і дасьледнікам адкрываецца першы пэрыяд жыцьця дзеяча. У напісаных для дачкі Марыі мэмуарах Яўстафі Янушкевіч згадвае пра сваё навучаньне ў Нясьвіскай дамініканскай школе, Віленскай гімназіі, Віленскім унівэрсытэце. 3 часоў студэнцтва паходзіць знаёмства з Адамам Міцкевічам, Янам Чачотам, Стэфанам Занам, Мікалаем Маліноўскім і іншымі сьвядомымі маладзёнамі, што мелі дачыненьне да дзейнасьці нацыянальна-вызваленчых таварыстваў. Вялікае ўражаньне й моцны ўплыў на Янушкевіча зрабіў выкладчык унівэрсытэту і ягоны духоўны лідэр Яўхім Лялевель. Менавіта з падтрымкі апошняга па сканчэньні ўнівэрсытэту Яўстафі ўзяўся за пераклад шматтамовай гістарычнай працы Фрыдрыха Ансільёна, а таксама распрацоўваў канцэпцыю перавыданьня Статуту Вялікага княства Літоўскага. Успаміны Яўстафія Янушкевіча цікавыя адлюстраваньнем таго асяродзьдзя, у якім ён жыў у першыя 26 гадоў свайго жыцьця, а таксама апісаньнем падзеяў паўстаньня 1830—1831 гг., у якім ён браў удзел як адзін з эмісараў Цэнтральнага віленскага камітэту й арганізатар лякальных выступаўу Ашмянах, Барунах, а пазьней — вайсковец у корпусе Самуэля Рожыцкага. Цікава адзначыць, што Янушкевіч зрабіў спробу стаць летапісцам гэтага корпусу, сабраўшы ўсе загады, аднавіўшы храналёгію яго дзейнасьці ў жніўні—красавіку 1831 г. Імаверна, ён меў намер напісаць пра ваенныя падзеі асобныя мэмуары, аднак ня зьдзейсьніўяго.