Запісы 34

Запісы 34

129.27 МБ
Больш-менш у гэтым часе адбылася й грашовая рэформа: немцам і Ды-Пі выплацілі па 40 новых марак на асобу, і хто нідзе не працаваў, давялося жыць цяжкавата. Дапамогай у гэтай бядзе некаторым мужчынам стаў высек лесу, які ў тую пору французы пачалі ў Шварцвальдзе17, працаваць на якім бралі Ды-Пі й, здаецца, нядрэнна плацілі, ды дазвалялі даволі танна купляць гарэлачныя пітвы ў іхным „эканамаце“. Але й нямецкую гаспадарку рэформа ажывіла проста, як дзіва, — у працягу тыдня крамы сталі поўныя тавараў, як перад вайною.
Нашую сям’ю рэформа моцна ня выцяла, бацька й мая жонка далей зараблялі, а я жыў на іхнай ласцы. Ня дужа закранула рэформа й іншых насельнікаў нашага лягеру, што далей працавалі й зараблялі на цэлюлёзнай хвабрыцы.
Але наш працоўны лягер быў, здаецца, ня толькі адзіны гэткага роду ў бліжэйшых паветах, але й адзіны там наагул, бо Ды-Пі жылі на прыватных кватэрах у мястэчках або ў баўэраў у вёсках.
Занятак прадпрыймальніцтвам памятаю толькі адзін — у Заўльгаў Сяргей Грамыка й паэт Іван Макарэвіч18 адчынілі камісійную краму, у якой немцы перад рэформай збывалі на пражыцьцё добрыя рэчы, і гешэфт ішоў нядрэнна.
16 Мікалай Дзямідаў (1888—1967), грамадзкі й вайсковы дзеяч. Удзельнічаў у стварэньні беларускіх вайсковых фармаваньняў падчас польска-савецкай вайны 1919—1921 гг., у міжваенны час жыў і працаваўуЛатвіі. Падчас нямецкай акупацыі настаўнічаўу Латгаліі, быў школьным інспэктарам у Лідзкай акрузе, вёў працу ў стварэньні БКА. Пасьля вайны жыў на эміграцыі, з 1950 г. — у ЗША.
17 Шварцвальд (ням. Schwarzwald — чорны лес) — горны масіў у зямлі Бадэн-Вюртэмбэрг на паўднёвым захадзе Нямеччыны.
18 Іван (Янка) Макарэвіч (1909—1995), паэт. Паводле некаторых зьвестак, родам зь Берасьцейшчыны. У1944 г. апынуўся ў эміграцыі. 31949 г. жыўу Аўстраліі, дзе браў актыўны ўдзел у беларускім жыцьці.
Р. S. Я перадумаў і, каб выпадкам не прапала, пасылаю Вам тое, што пасьпеў напісаць.
Наступную й апошнюю частку — пра падрыхтоўку да эміграцыі й самую эміграцыю — пастараюся даслаць неўзабаве.
3 пашанай, Барыс Данілюк
24.08.09
Паважаны Спадару Лявон!
У тым, што я дагэтуль напісаў, трэба недзе ўставіць зацемку, што як толькі ў паветавых мястэчках адчыніліся аддзелыPDR, пры іх зьявіліся, ці да іх былі прымацованыя, ахвіцэры польскае арміі Андэрса19. Якія былі іхныя заданьні ці чым яны займаліся, мне цяжка сказаць, але відаць іх было часта. Калі адчынілася эміграцыя, амаль усе яны падаліся за акіян — у Заўльгаў два маладыя ахвіцэрчыкі пабралі замуж беларускіх дзяўчат, якіх я ўспамінаў, і паехалі ў Аўстралію.
Таксама варта адзначыць, што я ня чуў, каб у францускай зоне былі школкі для дзяцей якіх-колечы нацыянальнасьцяў, але на гэта я гарантыі не даю. Успомненая мною польская гімназія ў Равэнсбургу, наколькі я зразумеў, не праіснавала доўга.
А цяпер пра эміграцыю за акіян.
Гэтая справа стаяла на мёртвым пункце гадоў тры, і першыя зварухнулі яе, як маю ўражаньне, тайком дзейныя нямецкія нацысты. Між сланімчанаў у Заўльгаў быў адзін, а можа й два былыя працаўнікі СД. Першы зь іх — Юры Шэрэмэтынскі, жанаты на касаўлянскай дзяўчыне сын белага эмігранта, і другі, жанаты з жыраўлянкай мужчына з Чамяроў, каля Слоніму, Барыс Чыгрын. Абодва яны пасьля капітуляцыі Нямеччыны ня вельмі афішаваліся іхнай прысутнасьцяй.
Раптам, аднак, хоць афіцыйна ніякае эміграцыі яшчэ не было, Шэрэмэтынскі, ці ня ўлетку 1948 г., захапіўшы з сабою бацькоў, цясьцёў, шваграў і адну сям’ю сваякоў, а Чыгрын з жонкай, спакаваліся й непрыкметна, праз Італію, падаліся ў Бразылію. Неўзабаве паехала туды й выйшлая замуж за латыша малодшая сястра Надзеі Барт, Людміла.
19 Армія Андэрса — польскае вайсковае фармаваньне, створанае генэралам Владыславам Андэрсам у 1941—1942 гг. на тэрыторыі СССР паводле пагадненьня савецкага кіраўніцтва з польскім урадам на эміграцыі. У 1943— 1945 гг. ваявала ў складзе Брытанскай арміі. У1946 г. яе жаўнераў перавялі на тэрыторыю Вялікабрытаніі, дзе цягам некалькіх гадоў дэмабілізавалі.
Усе яны, здаецца, апынуліся ў Сан-Паўлу, але дакладнейшых вестак я пра іх ня маю.
Пасьля таго бралі на работы, ці ня ў шахтах, у Англію, але з тых ваколіцаў, дзе я быў, паехаў толькі адзін беларускі хлопец. У Францыю ня чуў, каб каго бралі — паехала туды толькі жонка б. лейтэнанта Трусава2° зь дзецьмі. Таксама не было чутно, каб можна было выехаць у Канаду.
Усьлед нечакана ці вясною або ўлетку 1949 г. адчынілася даволі лёгкая магчымасьць эміграцыі ў Аўстралію, і шмат Ды-Пі, не падумаўшы, кінулася туды ехаць.
Ці не падчас або зараз жа пасьля адплыву вялікай хвалі Ды-Пі ў Аўстралію Кангрэс ЗША прыняў пастанову таксама ўпусьціць у Амэрыку 200 ооо Ды-Пі, і сярод засталых у Нямеччыне пачалося шуканьне за акіянам „спонсараў", што падпісалі б патрэбныя на ўезд „афідавітьГ.
Пачалі й мы шукаць тых „спонсараў" — перш я зьвярнуўся да Беларускае нацыянальнае рады ў Чыкага, і Лабач21 памог мне знайсьці бацькавага аднавяскоўца, што выехаў у ЗША перад Першай сусьветнай вайною, але таго „спонсарства" ні ад аднаго, ані ад другога не дастаў.
Па нейкім часе, ужо ўроспачы, я нейкім чынам знайшоў адрас д-ра Янкі Станкевіча, што выехаўраней і адразу пачаўзаймацца дапамогай у гэтай патрэбе. Памагаў яму рабіць паперы сьвятар, здаецца, Весялоўскі, з украінскае праваслаўнае царквы на 14-й вуліцы ў Мангэтане, якое сёньня ўжо няма.
Доктар Станкевіч не адмовіў, і па нейкім часе бацька й я тыя „афідавітьГ атрымалі, ды засталося толькі чакаць на амэрыканскую прыймальную камісію.
Паколькі ж колькасьць Ды-Пі значна зьменшала й мелася яшчэ больш зьменшыць, францускія ўлады ці IRO або разам пачалі звозіць спадзеўных на эміграцыю ў зборныя лягеры, якіх, як мне ведама, было два. Наш невялікі лягер зачынілі, і нас перавезьлі ў шмат большы, у былых нямецкіх і ўласаўскіх вайсковых бараках у мястэчку Мюнзінген. Мой бацька страціў заробак, маю ж жонку, таму, што ў гімназіі наўчылася крыху па-француску, узялі yPDR выпаўняць эміграцыйныя даку-
20 Імаверна, маецца на ўвазе Аўген Трусаў, што па вайне асеў у Францыі.
21 Ігнат Л абач, адзін з найбольш актыўных дзеячаў беларускай эміграцыі ў ЗША ў перадваенны пэрыяд. Жыў у Чыкага. У1935 г. быў адным з заснавальнікаў Беларуска-амэрыканскага грамадзкага задзіночаньня, у 1941 г. — Беларуска-амэрыканскай нацыянальнай рады.
мэнты. Гэта, апрача платы, дало нам прывілей купляць таньней і лепшыя, як у местачковых нямецкіх крамах, тавары ў францускім „эканамаце“, на што мы ўсё роўна рэдка маглі сабе дазволіць.
У мюнзінгенскім лягеры была мешаніна нацыянальнасьцяў, але знайшлося даволі расейцаў і русафілаў, каб залажыць расейскую парахвію, якую ачоліў прыехалы з намі таксама русафіл-беларус протаярэй Кузьма Місуна, дастаючы далей урадавую плату. Пачаў правіць Божыя службы й а. Сьцяпан Войтанка22, але не ўва ўладжанай царкве, а ў вольнай нядзелямі залі ў адным з баракаў, куды прыносілі й там расстаўлялі багаслужбовыя патрэбнасьці ягоны сын і нявестка.
Нарэшце недзе ўлетку насу Раштат выклікалі, і мы, заехаўшы туды, пераначавалі ў нейкім вялікім будынку, што кішэў гэткімі ж, як і мы, Ды-Пі. Мне ўжо загадзя было ведама, што амэрыканская камісія галоўную ўвагу зварочвала на рэнтгенаўскія здымкі й пры найменшым падозраньні сухотаў аплікантаў адкідала. Паколькі ж улетку 1939 г. я тыдняў тры хварэў якраз на лёгкія, мне было з гэтым неспакойна. Я даведаўся, што даглядчыкам, ці майстрам, у будынку працуе беларус, прозьвішча якога я ўжо забыўся, і што празь яго можна за нейкую заплату дамовіцца з рэнтгенатэхнікам, каб здымкі выйшлі чыстыя. Так мы й зрабілі.
На жаль, той тэхнік ці на нашую дамову забыўся, ці пераблытаў здымкі, і на маім паказалася плямка на лёгкіх. Але мяне зусім не адкінулі, але адлажылі маю справу на 6 месяцаў. 3 гэтае прычыны ў нас зьявілася праблема з бацькамі, якіх прынялі, але яны баяліся самыя ехаць. Усё ж мы іх на гэты крок угаварылі, бо каб яны засталіся чакаць на нас, магла б прапасьці магчымасьць выезду ў Амэрыку цэлае сям’і. У жнівені 1950 г. яны падаліся ў дарогу, а мы засталіся чакаць.
Нашае чаканьне, аднак, ня скончылася ў Мюнзінгене, бо недзе ўвосені, відаць, перад ліквідацыяй лягеру, нас перавезьлі ў паўночную частку францускае зоны, у лягер Kuhberg, каля места Bad Kreuznach. Жонка страціла працу, але атрымоўвала ад немцаў дапамогу для безработных.
Але ў пачатку 1951 г. нас зноў выклікалі ў Раштат, і гэтым разам, паколькі на маім рэнтгенаўскім здымку не паказаліся ніякія зьмены,
22 Сьцяпан Войтанка (1886—1968), сьвятар, дзеяч Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы. Удзельнік зьезду 5 чэрвеня 1948 г. у Канстанцы.
3 1950 г. жыў у ЗША, арганізатар парафіі Жыровіцкай Божай Маці ў Гайлэнд-Парку (Нью-Джэрзі).
прынялі на ўезд у Амэрыку. Мой „гешэфт“ з рэнтгенатэхнікам, варта заўважыць, ня быў адзіны — напрыклад, былы старшыня раённае ўправы ў Слоніме, Сямён Цітовіч, незаўважна прайшоў камісію з адкрытым тубэркулёзам, ад якога неўзабаве й памёр ужо ў Амэрыцы.
Пасьля добрага выніку ў Раштаце мы хутка папакавалі ў чамаданы й скрыні патрэбныя й непатрэбныя рэчы ды ў пачатку лютага 1951 г. падаліся з групай іншых Ды-Пі ў Брэмэргавэн, дзе на пару дзён затрымаліся ў апошнім лягеры Ды-Пі, каб скончыць засталыя яшчэ фармальнасьці, пасьля якіх узыйшлі на вайсковае транспартнае плыўно General Blatchford і адплылі ў найбольш бурны месяц за акіян.
Нашыя памяшчэньні на тым плыўне ўсё ж нагадвалі лягерныя ўмовы, бо спалі мы ці ляжалі, хварэючы на марскую хваробу, ня ў ложках, а ў гамаках, цесна павешаных у вялікіх залях.
Гэтак вось скончылася нашае лягернае Ды-пісцкае жыцьцё.
Усяго Вам найлепшага!
3 пашанай, Барыс Данілюк
Камэнтары Алеся Пашкевіча й Натальлі Гардзіенкі
Барыс Данілюк
Тэма нумару: Беларусы ў Нямеччыне
Надзея Запруднік
Самэрсэт
БЛУКАНЬНЕ ПА ЛЯГЕРАХ
У ПАВАЕННАЙ НЯМЕЧЧЫНЕ (1945—1950)
3 заканчэньнем вайны палавіну гораду Дэсаў (Dessau) занялі амэрыканцы, палавіну — саветы. Мы апынуліся ў амэрыканскай зоне, але небясьпека заставалася: нас маглі перадаць бальшавікам. Трэба было ўцякаць, каб уратаваць жыцьцё. I мой брат Міхаль Рагалевіч, у якога быў знаёмы немец з матацыклам, перавёз усю сям’ю глыбей у амэрыканскую зону, у недалёкую вёску. Знайшлі там нейкае гумно, дасталі саломы й паслаліся на ноч. У вёсцы стаялі амэрыканскія салдаты. Разам з намі была яшчэ адна сям’я. Хлопец з тае сям’і пасадзіў нашу Тамару на ровар павазіць. Нейкім чынам здарыўся нешчасьлівы выпадак: Тамара моцна пашкодзіла сабе пяту. Прыйшоў амэрыканскі санітар зрабіць ёй перавязку. Даў таблеткі. У міжчасе зьявіліся два салдаты, адзін амэрыканец, другі саветчык, і сказалі, што нас павязуць у лягер, куды звозяць усіх, хто з Савецкага Саюзу. Ізноў небясьпека! Трэба было неяк ратавацца. I тут дапамагла Тамарына параненая пята. Брат дастаў ад амэрыканскага санітара даведку, што Тамара павінна ляжаць у ложку. Гэтак мы й засталіся там. А ў лягер павезьлі толькі тую другую сям’ю.