• Газеты, часопісы і г.д.
  • Гэты цудоўны край — зямля чэхаў... Выбраныя творы з чэшскай літаратуры XIX стагоддзя

    Гэты цудоўны край — зямля чэхаў...

    Выбраныя творы з чэшскай літаратуры XIX стагоддзя

    Выдавец: Выдавецтва БДУ
    Памер: 174с.
    Мінск 2009
    44.6 МБ

     

    Аўтаматычна згенераваная тэкставая версія, можа быць з памылкамі і не поўная.
    -	Ты ведаеш, сказала яна, я не прымхлівая.
    -	Калі ён увайшоў у дом, я вам свяціла, дадала Плацыда нізкім голасам, і бачыла самую сябе ўнізе каля лесвіцы, бачыла, як за вамі зачыняюцца дзверы склепа, бачыла, як я яго, гэтага госця, усяго ў крыві, штурхаю ў склеп.
    -	Ідзі спаць, Плацыда, спакойна сказала Флавія, ты спала ўжо ў тыя хвіліны, калі свяціла нам, і сны твае заўсёды цяжкія і страшныя.
    -	Амаль заўсёды прароцкія, дадала Плацыда.
    Абедзьве разышліся без далейшых слоў.
    Інултус туляўся па вуліцах Прагі амаль у гарачцы, трызнячы глядзеў на зоркі, на цёмную раку, раскрываў абдымкі глыбокім ценям, клікаў у захапленні Бога, нібы мара Флавіі ўжо ажыццявілася. Раніцою, бледны і гатовы да смерці, ён пастукаў у зачыненую браму італьянскага скульптара.
    Нямы слуга яму адчыніў і, усміхаючыся ласкава, правёў у майстэрню. Донны Флавіі не было. Плацыда ўвайшла і сказала Квідону:
    -	Пані сказала, каб ты зрабіў тое, што яна табе ўвечары загадала.
    У той жа момант пайшла, а Квідон павярнуўся да Інулта. Ён так хутка зняў з юнака адзенне, што Інултус здзіўлена ўбачыў, што стаіць да пояса голы. Квідон зняў з яго абутак, пазней падвёў да ляжанкі, якую ўчора малады мужчына не бачыў і якая ўяўляла сабою пусты драўляны крыж на подыуме. Квідон узняў Інулта, як дзіця, паставіў на высокую прыступку пад крыжам, узяў вяроўкі, прывязаў моцна яго рукі да доўгіх перакладзін крыжа, пасля вызваліў ногі і прыбраў прыступку. Інултус вісеў на крыжы, падобны да Хрыста. У гэты момант увайшла донна Флавія. У свабодным, цёмным, падперазаным толькі поясам адзенні яна была яшчэ прыгажэйшаю, чым учора, яшчэ халаднейшаю, і выраз яе твару быў строгі і важны. Флавія паглядзела на Інулта, як на прадмет, а не як на чалавека, і без слоў распачала працу і аддалася ёй цалкам. Праз гадзіну Інулт страціў прытомнасць і не разумеў, што з ім адбываецца. Калі свядомасць да яго вярнулася, донны Флавіі ў майстэрні ўжо не было. Квідон і Плацыда развязвалі вяроўкі, якія трымалі юнака, дапамагалі яму апранацца і прынеслі віно і ежу. Ён змог трошкі з’есці, задыхаючыся піў і потым доўга ляжаў на дыване, разасланым на падлозе, паклаўшы галаву на падушку, якую яму Квідон прынёс. Калі ён змог устаць на ногі, то нямы дапамог яму сысці з прыступак і давёў да маста.
    Падобным чынам гэта доўжылася ўвесь час; Інултус праходзіў праз сапраўдныя пакуты. Цяпер голы, прывязаны моцнымі вяроўкамі, ад якіх у яго ўтварыліся ацёкі, бо да крыві ўпіваліся ў цела, ён вісеў штодзень па некалькі гадзін на крыжы, адчуваючы голад і смагу, бо не мог нічога ні есці ні піць, вісеў у хваравітым экстазе, які ўзнік ад уяўлення пра пакуты Хрыста, што ён праходзіў целам і душою. Яго ахапіла нейкае шаленства. У гарачцы ўяўленне падказала яму думку, што Бог паслаў яго ў няшчасную краіну чэхаў, каб пакутаю на крыжы яе выратаваў. Яму здавалася, што дух самога Збаўцы чалавецтва пераносіўся ў яго цела, якое вісела прывязанае да крыжа, сам дух Божы жыў у ім, пранізваючы смяротна яго цела, каб святло часам узнікала ў цёмным кутку душы, пра якую яму апавядала Флавія, у душы таго іспанца, што трымае лёс чэшскай зямлі ў сваіх руках. Ён паміраў шчаслівы з думкаю, што яго радзіма будзе выратавана яго смерцю, бо адчуваў, што такое вялікае шчасце каштуе жыцця.
    Інултус быў шчаслівы, але донна Флавія штодня рабілася больш пахмурнаю. Пакуль яна працавала, ёй здавалася, што справа яе ідзе паспяхова, a
    калі Інултус ішоў з дому і яна заставалася адна, то адчувала цяжар і горыч расчаравання.
    -Гэта зусім не тое, чаго я хачу! казала яна страсна. Калі цела спакутванае, здранцвелае, змардаванае абуджае спачуванне і жах, я задаволеная, але твар! Ён цудоўны і смутны. Смутны, чысты, натхнёны, і гэта праўда. Але для мяне гэтага недастаткова! Я не бачу агонію ў гэтай простай стомленасці і непрытомнасці. Дзе таемны выраз, што яднае цела і душу?
    I раптам у адчаі яна ўзяла кінжал, які заўсёды насіла за поясам, і спаласавала прыгожы, сумны, натхнёны і чысты твар свайго Хрыста. Пазней яна села пад крыжом і заплакала. Флавія не ўмела плакаць, таму слёзы прыносілі ёй боль, а не палёгку, і яе ахапіла пачуццё, нібы яна забіла чалавека.
    Плацыда ўвайшла ў майстэрню, паглядзела на сапсаваны твар, на Флавію ў слязах, са здзіўленнем падышла і сказала:
    Ты плачаш над ім? Няшчасная!
    -	Над кім? запыталася Флавія, раптам пабляднеўшы.
    -	Над Інултам, адказала смела старая.
    Флавія адчула, нібы яе ўдарыла маланка. Сэрца яе так моцна стукала, што яна чула грукат у грудзях. Пазней яна ашалела кінулася з кінжалам у руцэ на Плацыду.
    -	Ілжэш! крыкнула.
    -	Тым лепш, адказала Плацыда, халодна абараняючыся.
    Флавія раптам паспакайнела. Яна ўзняла велічна руку.
    -	Ідзі! сказала. Я ненавіджу яго..
    Плацыда пайшла. Флавія ўпарта патрэсла галавою і пачала папраўляць спаласаваны твар свайго Хрыста. На другі дзень, калі Інултус з’явіўся, яна зноў пачала цярпліва, вытрымана працаваць, нібы нічога не здарылася.
    Яна ненавідзела прыгадваць тую імгненную слабасць, якую ніколі ў жыцці не ведала і якую Плацыда падлавіла, пранікаючы ў яе сваімі вялікімі, жоўтымі савінымі вачыма. Ненавідзела Інулта і мацней любіла свой твор, які атрымліваўся ўсё лепш і лепш. Было незразумелым, ці шукала Флавія цень смерці на чалавечым целе, але знайшла яго на твары беднага Інулта, які адчуваў набліжэнне смерці, ахоплены сваімі думкамі так, як іншыя каханнем або віном. У тым пекле, у якім ён жыў, нашчадак некалі слаўнага, але знішчанага роду, ён, паэт, які не мог выказаць тыя словы, што ў ім выспявалі, ён, чэх, які бачыў здраджаную сваю айчыну затаптанаю, закіданаю крывавым і мярзотным брудам; у гэтым пекле жыццё не мела нічога прывабнага, а смерць, якая магла быць збавеннем не толькі для яго, але і для цэлага края, для ўсяго народа, здавалася яму самым прыгожым, самым узвышаным, што чалавек у гэтай даліне слёз і працы можа напаткаць. А як ззяла тады яго выратаване, якое ён так ясна і насамрэч перад сабою бачыў, нібы карону з зорак на сваёй галаве, што Флавія магла быць задаволенаю, бо знак таго скону не быў звычайным, a меў арэол вызвалення!
    Аднойчы ён прыйшоў, ззяючы шчасцем, бо нейкі таямнічы голас яму сказаў: “Сёння ты атрымаеш тое, чаго прагне твая душа!” Донна Флавія ўвайшла, калі ён быў ужо прывязаны да крыжа. Быў ён як заўсёды голы, і ад
    усяго яго цела зыходзіла нейкае святло. Яна паглядзела не без здзіўлення на яго твар, і, убачыўшы на ім бязмежнае шчасце, якое пасля доўгіх пакут на імгненне яго разгладзіла, насупілася. Гэта не быў выраз яе Хрыста ў агоніі шчасце знішчала яе твор.
    -	He ўсміхайцеся так салодка, сказала яна няласкава, гэты бляск шчасця ў вашых вачах супярэчыць напружанню вашых рук, што ацяклі і абдзертыя да крыві.
    Пазней дадала больш мякка:
    -	Мне дзіўна, што ў такім стане вы можаце яшчэ цягацца па вуліцах. Чаму вы не пажадалі, каб я па вас паслала людзей з насілкамі або карэту? Я зусім забылася пра гэта.
    Інултус узняў вочы да неба і шчасліва ўсміхнуўся. Ужо не трэба будзе яму карэта, ужо не патрэбна будзе яму рабіць цяжкія крокі па зямлі! Ён усміхаўся яшчэ больш шчасліва і нічога не казаў.
    Донну Флавію ахапіла нейкая злоба.
    -	Хоча зрабіць мне ўсё напоперак? падумала яна. Паклікала Квідона,
    -	Прывяжы яго больш шчыльна, — загадала цвёрда. Ці не бачыш, што вяроўкі свабодныя?
    Квідон паслухаўся.
    -	Больш шчыльна, болын шчыльна! загадвала Флавія ў нейкай гарачцы, назіраючы, як боль адбіваецца на твары Інулта, як пачала цячы кроў з яго рук і ног. Калі яна глядзела на кроў, то вочы яе свяціліся крыважэрна, як у тыгра. Флавія паківала Квідону, каб адышоў, узяла вялікі цярновы вянок і паклала яго на галаву Інулта, наступіўшы на яго ляжанку. Яна дыхала цяжка, і калі ён паглядзеў на яе з нейкім дакорам, то яна адчула як полымя апаліла ёй сэрца. Нейкая імгла на адзін момант легла на яе вочы, яна ўпарта затрэсла галавою, з нялюдскаю сілаю перамагла сябе і прымацавала жорсткую карону з церну на яго скронях. Ён задрыжаў ад болю ўсім целам, слабы крык прыгучаў з яго вуснаў і ручайкі крыві пацяклі з яго твара на бедныя голыя яго грудзі. Ён быў смяротна бледны.
    -	Вось так будзе лепш, сказала донна Флавія ў нейкім нялюдскім захапленні злобаю і любоўю, гневам і хваравітым задавальненнем і паспяшала ад ляжанкі да сваёй працы.
    Інулт страціў прытомнасць, галава яго схілілася і вочы патанулі ў змрочнай містэрыі, у імгле паміж жыццём і смерцю. Гэта была апошняя агонія! Дзіўнае натхненне ахапіла Флавію, сэрца яе грукатала, але рукі не дрыжалі. Яна цалкам аддалася працы, і ёй здалося, што пад яе пальцамі нараджаецца цуд мастацтва! У майстэрні было ціха, як у труне, толькі моцнае яе дыханне і яго слабыя ўздыхі азываліся ў глыбокай немаце. Але свядомасць паступова вярнулася да Інултуса, ён расплюшчыў вочы і ажыў.
    -	Божа, сказаў, што гэта са мною адбываецца?
    Донна Флавія гучна абурылася.
    -Яшчэ паўгадзіны, усклікнула, і я б дасягнула мэты! Чаму вы апрытомнелі?
    У яе сапсаваўся настрой.
    -	Мадонна, сказаў Інултус, мне здаецца, што я паміраю.
    Яна тузанулася, узяла свой кінжал, яе першая думка была чалавечая, бо хацела вызваліць яго з путаў. Яна ўскочыла на ляжанку, і ён, якога ахапіла прадчуванне блізкай смерці, ужо нічога добра не разумеў, толькі падумаў, што яна хоча яго забіць.
    -	Так, сказаў ён слаба, вашая праўда. Што значыць маё жыццё, калі вы ўсадзіце кінжал у маё сэрца і ўбачыце той сапраўдны выраз твару, які так доўга шукалі, прынёсшы мяне ў ахвяру.
    Ён глядзеў на яе трызнячы. Яна адчула, што нібы лава цячэ ў яе жылах, у вушах звінела, а ў скронях білі малаткі. Крыважэрнае шаленства, падобнае дзікунскай асалодзе, ахапіла яе, і яна імкнулася ўдарыць кінжалам у яго сэрца.
    -	За цябе, мой народ, сказаў яшчэ больш слаба Інултус, я аддаю кроў! Божа, дай мне збавенне!
    -	Ты спакушаеш мяне? Змрочна спытала Флавія, і яе жудасныя вочы ўпіліся ў гэты пасінелы твар, з якога выходзіла святое ззяне.
    Яна адышла на крок, узяла кінжал і ўдарыла яго ў грудзі. Ён задрыжаў, аж затросся ўсім целам і паглядзеў на яе здзіўлена. Імгненна ён пазбавіўся трызнення. Яму так сцебанула па галаве, што сціснула сэрца. Інултус пашкадаваў жыццё, якога не ведаў і якое цяпер губляў, шкада стала маладосці, у якой ніколі не бачыў ніякаў салодкай красы і якая цяпер раптоўна згасала, шкада стала таго слова, якое так і не прагучала горача, а цяпер навекі знікла! Буйная сляза памалу сцякала па яго твары. Але ён узняў вочы на Флавію і ўсміхнуўся ёй.