Вочы Абісаіна сталі вільготнымі ад шчасця. I тут нехта пацягнуў яго за рукаў шаўковага каптана. Перад ім стаяў стары. - Будзь здаровы, Мерыбал, сказаў Абісаін, нібы прачнуўшыся. - Як доўга ты тут стаіш нерухома! сказаў Мерыбал. Служба ўжо скончылася, усе выходзяць з сінагогі. Пайшлі. Калі ты не запрошаны нікуды, то наведай мой дом. Абісаін перакрыжаваў рукі на грудзях, усміхнуўся і, дакрануўшыся далонню да ілба, спакойна схіліўся перад старым. - Няма дома ў Таледа, сказаў ён, дзе б мне было б так добра, як пад тваёю. Абодва мужчыны ўзялі адзін другога даверліва пад руку і выйшлі з саду праз адчыненую браму на шэрыя, вузкія, гарбатыя вуліцы. Цёмныя постаці яўрэяў у доўгіх жупанах і белыя іх жанок і дачок, загорнутыя ў белы вэлюм, разыходзіліся, нібы вялікія чароды птушак, цёмных і светлых, і разыходзіліся па горадзе. Абісаіну і Мерыбалу не прыйшлося ісці далёка. Яны прайшлі ў бок гарадскога вала, за якім шум Тайі быў добра чутны, павярнулі ў вузкую, да сёння цёмную вуліцу, утвораную высокімі змрочнымі дамамі амаль без вокнаў. Ля аднаго з іх спыніліся перад дубоваю брамаю, традыцыйна прабітую цвікамі з вялікімі прыгожымі чэканнымі плешкамі, зробленымі арабскімі майстрамі. Мерыбал стукнуў малатком, і цяжкая брама імгненна адчынілася. Яны ўвайшлі. Мерыбал быў адным з найбагацейшых купцоў у горадзе і жыў у сараўдным палацы. Ён прывёў свайго госця ў залу, дзе сцены былі ўпрыгожаны памайстэрску зробленай працай арабскіх мастакоў, здзіўлялі тонкім густам малюнкі, якія зіхацелі золатам, срэбрам і фарбамі, што іх пакрывалі. Столя з кедравага дрэва з Лівана была падобная на цёмныя карункі, настолькі багатаю, дасканалаю, тонкаю была разьба. Праз вузкія вялікія вокны можна было ўбачыць цёмную паміж высокімі берагамі раку, над якою на жоўтым небе памалу з’яўляліся, мільгануўшы то тут то там серабрыстаю іскраю зоркі. Зала была асветлена вялікаю вісячаю латуннаю лямпаю, яе трынаццаць языкоў полымя павялічвала ззянне месяца і распаўсюджвала салодкі і прыемны пах бальзаму. Пад ёю стаяў цяжкі дубовы стол, проста, але багата накрыты. Абісаін не быў адзіным госцем, зала шумела размовамі шматлікіх запрошаных. Усе ўселіся за стол павячэраць. Мерыбал ламаў няквашаны хлеб, наліваў віно і прамаўляў малітву. Калі пасля ежы Мерыбал блаславіў гасцей, калі ўгару ўзнялі сярэбраныя кубкі, ён дрыжачым голасам сказаў: - Сёння мы тут выгнанцы на чужой зямлі, у будучым, магчыма, будзем у Іерусаліме. I калі пасля гэтых слоў надышла глыбокая цішыня, а вочы ўсіх неяк летуценна набожна заблішчэлі, раптам раздвінулася, нібы пад уздзеяннем чараў цяжкая зялёная заслона пры канцы залы, на якой былі вышытыя срэбрам разрэзаныя гранаты, поўныя семак, і прамень белага святла заліў цалкам святочную залу. Усе здзіўлена паглядзелі ў той бок, і тое, што яны ўбачылі, іх проста зачаравала: дваццаць жанчын у белым сядзела ў паўкола пад вісячаю лямпаю з срэбра, сапфіравага і рубінавага шкла, што стварала ансамблі на доўгіх і кароткіх ланцугах, усё гэта нагадвала ззяючыя кансцеляцыі. Дзяўчаты, надзвычай прыгожыя, былі ў падобных пакрывалах, іх чорныя валасы, якія свабодна падалі на плечы, былі надушанымі і пераплеценымі галінкамі мірта і фіялкамі. Яны сядзелі на нізкіх услонах, і кожная трымала пазалочаную арфу. У цэнтры сядзела дачка Мерыбала Рыспа. Яна пакідала ўражанне белай ружы, яе цёмныя вочы ззялі, валасы былі падобнымі на расплаўленае золата. Сярод цёмнавалосых дзяўчат яна здавалася налітаю сонцам, Рыспа пацягнула струны і іншыя дзяўчаты зрабілі тое ж самае. Гукі ліліся ў зале, нібы гучанне велізарнай плыні, нібы шум глыбокай крыніцы, нібы шэпт ветру ў аліўкавым гаі, і з гэтай аднастайнай, працяглай, цьмянай музыкі вырваўся спеў Рыспы, нібы з шолаху поўных каласоў песня жаўрука. Яна ўслаўляла значнасць і бляск Сіона ў будучым, тое асяроддзе шчаслівага народа, дзе будуць панаваць дабро і справядлівасць, дзе не будзе слёз і крыўд! Яна ўслаўляла Бога, які будзе з’яўляцца, як зорка на небе, ён, прарок і кароль, пастыр народа! Ён прыйдзе ў сваёй славе, памазанік Божы, галінка на дрэве Давіда, большы, чым Давід, большы, чым Саламон, ён, узнёслы Богам, як сум над чалавецтвам! Ён уздымецца на вяршыню Сіона і аднойчы адкрые Ягве сваёю рукою і збярэ рэшткі свайго вызваленага народа, які прыйдзе з Асуру і з Місраіма, з Патру і з зямлі Куш, з Эламу і Сенаару, з Гаммуту і з астравоў у шматлікіх марах, каб стаць сведкаю славы Сіона! Так спявала Рыспа, і сэрцы ўсіх прысутных дрыжалі і хваляваліся ў грудзях. Гукі арфаў і яе салодкага голасу дрыжалі і заміралі ў зале і азываліся ў многіх ціхім, празрыстым хваляваннем, захапленнем, радаснаю надзеяю, бо Рыспа сваімі словамі і сваім мастацтвам іх абудзіла. Абісаін быў уражаны не так глыбока, як астатнія, бо яго нядаўняе трызненне зноў паўстала перад ім, ахапіла сэрца чароўным ззяннем. Дзяўчаты між тым узняліся, адклалі ўбок інструменты, знялі з галоў вянцы і ўвайшлі ў залу. Яны хутка сплялі маленькія букеты з фіялак і галінак мірта, што да гэтага моманту ўпрыгожвалі іх, і раздалі гасцям. Мерыбал узяў за руку сваю дачку і пацалаваў яе ў лоб. Цёмны агонь схіленых уніз вачэй закрылі доўгія вейкі, якія кінулі цень на мармурова белы з прыгожымі рысамі твар. Містычны змест яе спеваў пакінуў у летуценнай яе ўсмешцы сляды невыразных чараў. Яе рукі, у якіх яна трымала букет фіялак, дрыжалі. Мой бацька, — прашаптала яна, каму мне даць гэтыя кветкі? -А каму б ты хацела? спытаў Мерыбал. Яна хвіліну падумала. Яе апушчаныя ўніз вочы ўзняліся і сустрэлі погляд Абісаіна, які свяціўся захапленнем. Ён працягнуў руку дзяўчыне, нібы хацеў сказаць: “Мне належыць гэты букет!” Каму б я хацела даць гэтыя кветкі? паўтарыла дзяўчына пытанне бацькі. Таму, хто ўмее больш за іншых любіць сваіх братоў! Яна працягнула букет Абісаіну, які хутка пацягнуўся за ім, але Мерыбал быў больш шпаркім і, стаўшы паміж дзяўчынаю і маладым мужчынам, сказаў, гледзячы на яго з выклікам: He, Рыспа, не гэтаму, які ўмее найбольш любіць сваіх братоў, кветкі свае дай, а таму, хто ўмее найбольш ненавідзець смяртэльных ворагаў свайго народа! Вочы Абісаіна палалі, а дзяўчына збялела. Але гэтыя кветкі належаць мне! усклікнуў малады мужчына, інакш я ўзненавіджу настолькі таго, каго называюць Збаўцам, як вы не зможаце ніколі! Няхай будзе пракляты той ілжэпрарок, успамін пра якога ў гэтыя святочныя хвіліны з’яўляецца блюзнерствам! Ці зможаш даказаць, што кажаш праўду пра сваю нянавісць? запытаўся Мерыбал. Абяцаю табе, што гэтыя кветкі будуць тваімі, як і рука, што іх трымае. Абісаін агледзеўся імгненна навокал з асцярогаю і сказаў: Тут нельга казаць пра мой намер. Яго прыгожыя вусны гідліва скрывіліся і ўвесь твар стаў куды менш прывабным. Бацька, прашаптала дзяўчына, адвядзі мяне. Абодва мужчыны паглядзелі на яе і ўбачылі, што яна настолькі бледная, што можа страціць прытомнасць. Абісаін хваравіта ўсклікнуў. Усе сталі пытацца, што здарылася з Рыспаю. Я толькі стамілася, сказала, перамагаючы сябе, дзяўчына і нацягнута ўсміхнулася. Калі ласка, адвядзі мяне, паўтарыла яна бацьку сваю просьбу. Госці хутка пачалі разыходзіцца, а Мерыбал з Абісаінам павялі Рыспу доўгім калідорам у яе пакой. Яна абапіралася на іх, бо была вельмі слабою. Каля дзвярэй пакоя Абісаін спыніўся, а Мерыбал яму кіўнуў на развітанне. Калі цябе ўбачу? спытаў ён. — Праз гадзіну, у святочнай зале, прашаптаў Абісаін і развітаўся з усмешкаю поўнаю замілавання з Рыспаю. -Паведамлю табе пра дзіўныя справы, прашаптаў яшчэ Мерыбалу, адыходзячы. Калі за Мерыбалам з дачкою зачыніліся дзверы пакоя, Абісаін ужо выбег на вуліцу. Абісаін хацеў пайсці дадому, але яму здалося, што ў зачыненым пакоі яму не будзе чым дыхаць, сэрца яго так моцна калацілася, аж перацінала дыханне. Ён блудзіў па горадзе, і дайшоў ажно да вялікай плошчы Закадовер, дзе пад аркадамі, што цягнуліся з усіх бакоў, усё насельніцтва Таледа прагульвалася, дыхаючы свежым вячэрнім паветрам. Але вясёлыя твары хрысціян, якіх ён ненавідзеў, іх усмешкі і бесклапотныя размовы яго абуралі, і калі загучаў звон і ўсе на плошчы агалілі галовы, у яго памутнела ў галаве і ён пабег, як ашалелы, у цемру бліжэйшых вузкіх вуліц. Іх цішыня і прывід золатавалосай Рыспы вярнулі спакой у яго душу і напоўнілі яе нібы пахам бальзама з Ерыха. Вочы яго блудзілі па фасадах дамоў і палацаў, пад брамамі якіх узвышаліся магутныя гербы, выцесаныя з каменю, якімі ганарлівыя рады жыхароў пра сябе апавяшчалі; блудзілі па вокнах, каваныя жалезныя краты якіх уяўлялі сабою пераплеценыя лісты і кветкі; блудзілі па скульптурных фрызах і карнізах, уздымаліся да фантастычных сцёкаў. якія нагадвалі сабою напалову звяроў, напалову дэманаў. Абісаін не разумеў, што бачыць, не бачыў, дзе ходзіць, пакуль не апынуўся ля гарадской брамы. Ён прайшоў яе паспешліва, але яго спакусіў шум ракі. Абісаін спыніўся на даўнім мосце дэ Алкантара. Вячэрняе паветра авявала яму твар, зоркі ўжо ва ўсю сваім бляскам асвятлялі неба над Таледа, а гэты гранітны помнік славы, нібы каралеўскі трон на крутых скалах, уздымаўся да цёмнага блакітнага неба, падперазаны поясам сваіх высокіх валоў, у падножжа якіх каціў свае воды Тайо і з глыбіні спяваў. Квітнеючая на другізм беразе флора ап’яняла пахам садоў, a палі былі падобныя на кадзіла, што святочна дыміцца перад алтаром. Узрушаны ўсім гэтым значным і велічным Абісаін зноў прыгадаў ідэальны Сіон, які ён бачыў у сваіх марах у сінагозе і як пра яго спявала каралева ягонага сэрца Рыспа. Добрая ўсмешка асвятліла яго твар, а ногі, якія імкнуліся вярнуць яму памяць, каб вярнуўся пад страху дома, дзе яна жыве, ішлі самі сабою зноў у горад. Абісаін ішоў, трызнячы пра арэол Сіону і пра падобную да ліліеі чароўную дачку Марыбала, па схіле ўгару ён прайшоў Вальмардонскаю брамаю, потым вузкаю вуліцаю на малую плошчу і там раптам спыніўся. Спевы жаночых галасоў даносіліся да яго слыху, салодкія, ціхія і ўзвышаныя, натоўп людзей заліў плошчу, пранёс яго некалькі крокаў і прыціснуў да сцяны дома, дзе Абісаін нават не мог варухнуцца. Ён глядзеў перад сабою і мімаволі дрыжаў. Абісаін апынуўся насупраць манастыра Крыжа, перад касцёлам Хрыста Светлага. А цяпер тут з’явіліся жанчыны, якія спявалі, у белых намітках, пад белым вэлюмам, кожная з палаючаю свечкаю ў руцэ. Гэта было шэсце манашак. Сярэбраны гук звону касцёла змешваўся з іх яснаю, ціхаю, святою песняю. Псалмы іх несла бальзаміцкае паветра вечара, прасякнутае пахам дрэў, якія шумелі так, як перад сінагогаю, дзе маліліся дзеці ізраілевыя, і падобна як Рыспа спявала пра Сіон і яго караля, так абвяшчалі цяпер манашкі вялікасць Бога і славу вызваленага караля: “З’явілася галінка на дрэве Ізаі, сын з роду Давіда народжаны! А Бог яго ўзвысіў, як сцяг з пурпуру і народы ўсяго свету схіляюцца псрад ім! Асана! Спявайце славу каралю Сіона, Хрысту Езусу, Збавіцелю, Сыну Божаму!”