Познім вечарам ён вярнуўся ў дом Фауста. Некалькі п’яных прыяцеляў хацела быць побач з ім. Але ён не дазволіў, бо сёння павінен быць у самоце, бо ўночы яго чакае важная праца. Яны назіралі, як ён увайшоў, як за ім зачыніліся дзверы ў цяжкай браме. I больш яго не бачылі. Hi яны, ні хто іншы. He з’явіўся ён больш ні ў калегіі, ні сярод сваіх прыяцеляў па гулянках. Калі некаторыя з яго знаёмых, якія ў доме Фауста ўжо былі, прыйшлі яго наведаць, то не знайшлі. У доме панавалі цішыня і закінутасць. Ад студэнта не засталося ніякіх успамінаў. Толькі ў спальні ўбачылі рассцелены ложак, падушку на зямлі, раскіданую вопратку, парваны плашч, паваленае крэсла, на падлозе раскрытую старую чарадзейную кнігу, а побач падсвечнік з абгарэлаю свячою... Усё выглядала так, нібы нехта тут змагаўся. А ў столі! Дыван ляжаў ўнізе парваны на кавалкі, а чорная дзіра зеўрала свабодна. На яе краях, на столі людзі ўбачылі плямы, нібы туды далятала кроў. I не чорная, а свежая, нядаўна пралітая. Усе перахрысціліся і напалоханыя ўцякалі з дома Фауста. Зразумелі нарэшце, як жудасна сканаў іх прыяцель. Ён хацеў выклікаць злога духа, напышліва яго паклікаў, і злы дух яму праспяваў. Знік з ім праз тую дзіру ў столі, праз якую перад гэтым выляцеў з доктарам Фаустам. Які вялікі скарб даўніх паданняў Ты маеш, матуля Прага! Пра Цябе нашыя першыя ўспаміны. Ты галава і сэрца Айчыны. Твая слава і Тваё прыніжэнне былі славаю і прыніжэннем усяго народа. Мілая Ты і дарагая ўсім верным чэхам. Ад веку стаіш, маці нашых гарадоў, і стагоддзі Табе надавалі прыгажосці. Чароўная Ты і надзвычай прыгожая ў сонечным верасні, чарадзейная нібы з казкі, як цудоўны сон пры святле месяца, а калі стагоддзі Твае прамаўляюць, ажно замірае сэрца. Ну з Богам! Будзь здаровай, Ты -рэзідэнцыя нашых каралёў! Мы пойдзем далей, да іншых мясцін, па слядах стагоддзяў, каб паслухаць іх галасы ў старых звестках. Будзь здаровая, матуля Прага! Залатая, славянская Прага! Прароцтва Сібілы I Сібіла, каралева з Сабы, дасціпная і адукаваная, дазналася, што паўсюль славяць караля Саламона за яго розум. Яна затужыла па ім, і захацелася ёй яго пабачыць і пачуць. Таму і вырашыла, што паедзе да яго ў Ерусалім. Падрыхтаваўшы вялікую колькасць апранутых у дарагую вопратку дзяўчат і ваяроў для суправаджэння, яна даручыла слугам пакласці на вярблюдаў шмат каштоўных падарункаў і рушыла ў дарогу. Каралеўства Сібілы і горад Саба знаходзіліся ад Ерусаліма на адлегласці дзвесце сарака адной мілі на поўдзень, у Афрыцы. I шлях падарожнікаў з горада Сабы і негрыцянскай краіны пралягаў праз Егіпет паўз бераг Чырвонага мора праз арабскую пустыню, пакуль яны не трапілі ў каралеўства Саламона. Калі каралева дасягнула Ерусаліма, то сышла са свайго паланкіна і пайшла басанож, тым самым паказваючы, што гэтае месца для яе святое. Яна дайшла басанож аж да ручая Цэдрона, праз які ляжала дрэва. Каралева з Сабы не стала па ім пераходзіць, як рабілі да яе, але ўкленчыла і пацалавала, а праз ручай перайшла ў іншым месцы. Калі пазней яна спынілася каля гары Кальварыі, то павалілася на зямлю ад гора і ляжала, сашчапіўшы рукі, ажно тры гадзіны. Калі нарэшце ўзнялася, то паглядзела на гару Кальварыю і, заплакаўшы, сказала: Вітаю цябе, о святое месца! Святое ёсць і святым будзеш спрадвеку, аж да сканчэння свету! Саламон, даведаўшыся пра каралеву з Сабы, выйшаў да яе ва ўсім бляску са сваімі прыдворнымі і прывітаў яе з мілаю ўсмешкай і вялікаю пашанаю, сказаўшы: — Вітаю цябе, міласцівая госця! Сібіла пайшла з ім у двор, і там адчыніла свае скарбонкі, дзе ляжалі падарункі каралю: золата ў вялікай колькасці, каштоўныя камяні і цудоўны посуд па-мастацку выраблены, былі таксама там вострыя прыправы і кавалкі духмянага дрэва, што пацела бальзамам. I засталася каралева ў Ерусаліме дзевяць месяцаў, а кароль, пасяліўшы яе ў самых прыгожых пакоях палаца, напоўненых паветрам і цудоўнымі пахамі, заходзіў да Сібілы, калі адпачываў у Садзе Раскошы, каб з гэтаю незвычайнаю каралеваю пагаварыць. 3 частых размоў даведаўся кароль, што каралева надзвычай разумная і мудрая, а калі зразумеў, што яна можа прадбачыць будучыню, то пажадаў, каб яна яму нешта адкрыла. Яны сядзелі ў садзе, напоўненым пахамі старых ксдраў, аліў і кіпарысаў. Сібіла зазірнула ў цёмную будучыню караля і пачала аповед. Найперш яна сказала каралю пра яго дзяржаву, пра тое, што пасля яго смерці каралеўства будзе падзелена на дзве часткі, што люд і каралі аслухаюцца Госпада, пасля чаго прыйдуць чужынцы і ўсіх зробяць рабамі і пагоняць на вавілонскую зямлю. Знікне ерусалімская слава, а храм, які ён, Саламон, пабудаваў, будзе разбураны, як і ўвесь горад. Праз шмат гадоў, калі народ ізраільскі, бядуючы, будзе асыпаць сябе праклёнамі і звяртацца да адзінага Бога, то настане лепшы час: народ вернецца на радзіму, адновіць Ерусалім і яго храм. - Але ўласных каралёў ужо мець не будзеце, толькі чужынцаў, а пазней рымлян. Тады, ведаеш, кароль, народзіцца Месіаш, які будзе здзіўляць і рабіць цуды. Свае яго не прызнаюць, ён будзе асуджаны на смерць. 1 памрэ ён на драўляным крыжы, які сам панясе на Кальварыю, журботную гару. Той крыж будзе з дрэва Адама, якое расло ў раі, а цяпер гэтая дрэва ляжыць праз ручай Цэдрон. I будуць пасля смерці Месіаша многія месцы святымі, як гара Кальварыя, на якой Збаўца аддаў Госпаду свой дух. Пасля пакутніцкай смерці Месіаша прыйдзе на Ерусалім помста Бога, а дарагі посуд, які ты паставіў у храме, будзе адвезены ў Рым. Але паганскі Рым пераможа Хрыстос, а яго вучні разыдуцца па ўсім свеце і так будзе працягвацца аж да скону. Сібіла змоўкла з таго дня і больш нічога не сказала. Кароль, калі яна пайшла, нагадаў у памяці ўсё, пра што яна казала, загадаў паклікаць свайго пісара і пераказаў яму аповед Сібілы, а пісар запісаў. Кароль схаваў гэтыя запісы ў сваіх кнігах. II Калі на другі дзень кароль Саламон зноў сядзеў з Сібілаю ў Садзе, ён папрасіў, каб яна яму сказала, што будзе з рознымі краінамі, калі настане судны дзень. I апавядала Сібіла, як пашырыцца хрысціянства, як складзецца лёс імператараў і каралёў, што яўрэяў стане менш і ўлады ў іх не будзе, што хрысціяне з цягам часу сапсуюцца і аддадуцца распусце. -He будзе паміж імі веры і даверу, вусны будуць па-іншаму казаць, a сэрца па-іншаму чуць. Права будзе прадажным, бедны чалавек прыніжаным, закатаваным і самотным. I пашле Бог шмат знакаў людзям, каб палепшалі! Калі не паслухаюць, то трэцюю частку бязбожнікаў Гасподзь знішчыць з твару Зямлі, і Сібіла паведаміла, якія гэта будуць знакі, а калі скончыла аповед, пайшла ў свае пакоі. Саламон зноў загадаў усё, што пачуў, запісаць і схаваць. На трэці дзень прыйшла Сібіла ў Сад Раскошы і сустрэла там караля Саламона пад тамарыскамі, кіпарысамі і алівамі. Была раніца, сонца ўзыходзіла з-за гор. Кароль зноў пачаў размову пра будучыню, і тут Сібіла сама папрасіла, каб ён паклікаў свайго пісара, і той запісаў усё, што пачуе, і гэтыя запісы хай будуць захаванымі на вечныя часы. Калі пачала апавядаць, то змяніўся твар маладой каралевы, ён стаў белым, а вочы на ім свяціліся рознакаляровымі агнямі. Стоячы на прыступках палаца пад дрэвамі, яна натхнёна казала: - Кароль! Гасподзь адарыў цябе мудрасцю, і да цябе і пасля цябе не будзе чалавека, роўнага з табою, колькі б ні было імператараў і каралёў. А новыя дзяржавы будуць створаны. Адна з такіх краін будзе каралеўствам славутым і моцным, урадлівая хлебам. Гэта краіна чэхаў, і будзе ў ёй у дастатку хмелю і віна. Народ гэтай краіны пабудуе шмат гарадоў, адзін з якіх будзе настолькі вялікім, што ў ім будзе звыш тысячы дамоў. Будзе гэты горад славутым, і будзе сталіцаю гэтай краіны, таму што ў ім будуць знаходзіцца каралі. Але ад яго разыдуцца бясчынствы і шматлікія грахі. Так доўга будзе чыніцца несправядлівасць, пакуль Бог не забярэ караля, a іншага, чужынца, пасадзіць на трон. Той будзе правіць так, каб нарэшце зразумеў народ у пакутах, што патрэбна мець свайго караля. На чэшскую зямлю ўладары прывядуць чужынцаў, якія шмат зла з сабою прынясуць. А кароль за каралём будуць работамі катаваць люд, на прыслужнікаў караля народ будзе працаваць чатыры дні на тыдзень, а на сябе толькі два дні. Адзін з каралёў пачне нечуваныя абнаўленні, якія спачатку будуць падабацца заможнаму люду, але пад абалонкаю законаў будзе знішчана старое права. Вясковы люд караля за гэтыя абнаўленні будзе хваліць, але гараджанам гэта зусім не будзе падабацца. За час яго кіравання краінай будзе агучана, што кожны мае права выбіраць сабе веру, а ён не будзе падтрымліваць духавенства і шмат духоўных каштоўнасцяў і касцёлаў за яго панаваннем будзе знішчана. Кароль гэты загадае ўсю зямлю перамераць, і людзям будзе зроблена палёгка ў працы. Караля ў хуткім часе спасцігне смерць, памрэ ён на сваім ложку, а не ў баі. Смерць будзе людзям дзіўнай, таму што мёртвы будзе правіць за жывога. Пасля яго прыйдзе кароль, які многае з папярэдніх новаўвядзенняў знішчыць. Пасля кароткага яго панавання прыйдзе кароль малады, на час праўлення якога прыпадуць вялікія войны. I будзе вясковы люд прымушаны задарма аддаваць збожжа і амаль увесь сабраны ўраджай. Будуць забіраць народ на вайну, у краіне будуць размешчаны чужыя арміі, і люд будзе змушаны карміць іх і апранаць. У гэты час пачнуцца на чэшскай зямлі неўраджаі і Бог пашле на яе шмат агню, буры, град, шмат снегу і вялікую ваду. Год ад году будзе ўсё горш і горш, і не захочацца старому і маладому жыць на свеце, а больш за ўсё тады, калі прыйдуць вялікія войны, і многіх гаспадароў возьмуць на вайну, аж да апошняга сына. Але ўсё гэта жыццё народа не палепшыць. Застанецца ў сваіх пароках і адсталасці і пачнуцца вялікія перамены ў норавах. I тут Гасподзь гневам сваім напалохае і пакарае так, што ўсе гарады загінуць. Толькі Табар, Усці, Сабеслаў і Мельнік пазбегнуць разбурэння, калі за праўду і закон будуць змагацца. Кутна Гора прападзе. Плзень, Жацец, Градзец Кралове, Коўржым і Часлаў і іншыя гарады каралеўства будуць ворагамі знішчаны. Найбольш сваім гневам Гасподзь пакарае Прагу. Агонь і вялікае навадненне пачнуць, а вораг знішчэнне завершыць. Яе разваліны зарастуць сасоннікам і глогам, куніцы і лісы будуць рыць тут свае норы. Славуты горад спусцее настолькі, што калі туды заедзе фурман на кані і спыніцца на каменным мосце, то бразне бізуном ад мёртвай цішыні і скажа свайму сыну: