Быў ён срэбрагаловы і меў ціару на галаве, усыпаную брыльянтамі і ізумрудамі. Самко, што ляжаў на зямлі ў пыле, бачыў усё перад сабою так, нібы перад ім прамільгнулі каметы, прыгожыя і небяспечыя. Бачыў ён усё гэта нібы ў сне, бо хутка пагрузіўся ў цемру ад удара каня. Прабудзіўся ён у цудоўным холадзе, навокал разліваўся пах ад кадзіла. Дзе-нідзе ззялі зоркі: гэта было полымя залатых лямп і шматлікіх васковых свечак, высокіх, нібы калоны. Самко быў у касцёле. Ён не ведаў, як сюды трапіў, пэўна, людская хваля яго сюды зацягнула, нібы мора, якуе амывае бераг. Ён ляжаў сярод жабракоў і калекаў ля высокай бронзавай брамы. Далёка ад яго, ля самага алтара, дзе служылі імшу, ён зноў убачыў візантыйскага імператара з бліскучаю ціяраю на галаве. Сярод дзесяці каралёў з Усходу, яны сядзелі на ўзвышэнні з бронзы. У велічнай песні спевакоў, у гучанні срэбраным аргана патануў плач жабракоў і калекаў, параненых конскімі капытамі. Самко таксама адчуваў боль у баку і ў плячах, але пераносіў яго ціха, бо быў звыклы да гэтага. Ён глядзеў на алтар. Погляд яго прагна шукаў вобраз Хрыста, тое салодкае суцяшэнне пры кожнай пакуце. Але не бачыў яго. Святая гэтая постаць была закрыта цяжкаю пурпуроваю заслонаю, чырвонаю, як кроў, на якой бліскучым золатам і срэбрам былі знакі прысутных гасцей. Перад гэтаю заслонаю з правага боку зіхацела, як сонца, захавальніца дароў, і ў святле яе промняў залатых і дыямантных, як бледны месяц, была белая святая просвірка, бясспрэчна велічная ў сваёй снежнай прастаце сярод гэтых людзей, якім дадзена гэтая раскоша. Самко не адрываў ад яе вачэй, узняўся на калені і схіліў галаву. Да яго вялікага смутку далучаўся прамень салодкага пажадання. Ён узняў галаву і зноў глядзеў на захавальніцу дароў. I тут убачыў, анямеўшы, што яна раптам пачала расці, ператварылася ў нейкі дым у месяцовым святле, хрысціянская брама адчынілася ціха і знутры таго зоркападобнага стану, як вядзьмарка, неслася белая просвірка і вось з’явіўся сам Хрыстос! Ён быў апрануты ў грубае адзенне, але чыстае, нібы са снегу, твар яго быў бледным, чорныя вочы яго былі поўныя міласэрнасці, а ўсмешка сонечнага святла і любові. Самко падумаў, што ён сядзе побач з візантыйскім імператарам, але ён ішоў, не гледзячы на ўзвышэнне, памалу па касцёле, узносіўся ўвысь разам з воблакам ад кадзіла, дымам васкавых свечак і накіраваўся туды, дзе сядзелі жабракі і калекі, і там сеў сярод іх. У гэты момант Самко ўжо не бачыў яго. Але адчуваў дакладна суцяшэнне ад яго святой прысутнасці, душа яго нібы была прасякнута святлом. I твары ўсіх небарак каля яго шчасліва асвяціліся. Ніхто не адчуваў болю ад ран, святло лілося з вачэй усіх і кожнаму здавалася, што нібы ў яго выраслі крылы. Самко ад шчасця быў нібы п’яны. Ён з удзячнасцю ўзняў вочы да неба. У гэты момант на кафедры з’явіўся стары і проста апрануты ксёндз. Ён трымаў у руцэ крыж і віншаваў найперш напачатку імператара і каралёў, а потым і народ. Яго задачаю было ўславіць гасцей. Але ён анямеў, не знайшоў слоў, нейкі страх яго апанаваў, хоць не разумеў чаму. I тут пачулася ў касцёле слабое шчабятанне дразда, гэта Самко ўздыхнуў, напоўнены салодкім шчасцем і ўздых яго быў падобны малітве. Здзіўлена паглядзеў ксёндз па баках, адкуль неслася гэтае птушынае віншаванне, якое, як яму здалося, дадае яму адвагі, і здзівіўся ён яшчэ больш, калі ўбачыў, што ўсе жабракі і калекі асветлены нейкім незямным святлом. Смуткам раптам асвяціўся яго твар, прыгадаў ён іх гора, a пасля захапленне змяніла смутак. Бо зразумеў, што падобных людзей любіць Бог. Ён адчуваў, што Збаўца прымушае яго схіліцца перад веліччу людскіх пакут і за гэта яму аддзячыць. Ён схіліў галаву перад тымі, пра каго ведаў, што па іх праехаліся коні, і голасам поўным слёз, гледзячы непасрэдна ў вочы Самко, якія ззялі, нібы зоркі, і калі анёлы заспявалі “Мір людзям добрай волі,” ксёндз ціха сказаў: “Шчаслівы той, хто крочыць па цярновай дарозе, бо дойдзе да раю!” Самко ўсміхаўся, нібы надышоў світанак. Ужо не было цемры ў яго галаве, ужо не было пытання “Куды пайсці?”, таго неакрэсленага жаху, таго велізарнага цяжару! Загадка ўсяго яго жыцця была разгадана! Самко ўзняў галаву і доўга дзякаваў Богу. Самко не кранаўся з месца да таго часу, пакуль касцёл не апусцеў. Потым ён ціха пайшоў у рызніцу, бо хацеў убачыць старога ксяндза, каб падзякаваць яму за яго казанне і параду. Ён знайшоў яго ў рызніцы ў кампаніі некалькіх людзей, з якімі той размаўляў. Самко падышоў проста да яго. Чаго ты хочаш? гучна спытаў ксёндз, наўрад ці ён яго пазнаў. Наіўны Самко не ведаў, як дзякаваць і што насамрэч казаць, таму ціха сказаў: Я пайду да неба. Пачуўся стрыманы смех прысутных, і адзін з іх спытаўся: А як, вар’ят? - Па цярновым шляху, наіўна адказаў Самко. Смех ужо не быў стрыманым, а Самко надзвычай здзівіўся, бо аказалася, што і тут, у гэтым святым месцы, у прысутнасці добрага ксяндза ён сустрэўся з абразлівымі насмешкамі. Вялікі смутак асвятліў яго твар, ён паглядзеў на ксяндза, вочы якога былі настолькі летуценнымі і пранікнёнымі, што нібы бачылі да дна яго душу. Ён паклаў руку Самко на галаву і сказаў шчыра: - Веру, што дойдзеш да неба! Цябе любіць Бог! Успамінай пра яго ў сваіх малітвах. Цяпер смеху не было. - Я так і зраблю, сказаў Самко проста, пацалаваў вопратку ксяндза і выйшаў праз адчыненыя дзверы на плошчу, напоўненую сонцам і рухам. За горадам няцяжка было знайсці дарогу, што парасла калючым кустоўем і чартапалохам, паўсюль бедная славацкая зямля цяпер памалу вярталася да жыцця, бедная славацкая зямля, якую тапталі азіяцкія захопнікі, пад ярмом якіх яна пакуль і знаходзілася. He так даўно пачалі вяртацца людзі са сваіх прытулкаў у скалах да закінутых, наўсцяж зарослых палёў, і распачыналі зноў працу, плады якой належалі і працягваюць належаць туркам. Самко не цяжка было знайсці дарогу, дзе буялі калючае кустоўе і чартапалох, якія ранілі яго ногі, і гэтаю пакутніцкаю дарогаю хадзіў ён шматлікія дні і ночы, цярпеў голад і смагу і на павыпаленых сонцам скалах пакідаў крывавы след. Харчаваўся ён карэннямі і ажынаю, і толькі аднойчы знайшоў ля нейкай закінутай людской сялібы, схаванай у гушчары лесу ля ўзгорка кавалак чорнага хлеба. Людзі давалі яму магчымасць пажыць побач з імі, бедныя і галодныя, як і ён, як міласць, але заўсёды яго адказ на пытанне, з якою мэтаю ён выбраўся ў доўгую і цяжкую дарогу, выклікаў у іх смех. Самко гэта не крыўдзіла, не выклікала ў яго злосць і не збівала са шляху. Вера хавала яму ўпэўненасць і суцяшэнне, бо сёння ён меў тое, пра што так горача тужыў, свабоду! Над ім шумелі дрэвы сваёю пышнаю лістотай, яго авяваў моцны вецер, і атрымліваў асалоду ад салодкага, летуценнага, прыяцельскага спеву птушак, верных сяброў яго маладосці! Шматкроць шчабятанне драздоў выводзіла яго аж на край лесу! Шматкроць віталі яго жаўрукі, трапечучыя крыламі высока пад самымі аблокамі, радаснымі спевамі! Шматкроць суцяшалі горлінкі, якія гняздзяцца ў скалах, радасным, мілым смехам сваім! Дробяззю здаваўся боль яго сэрца ад людскіх насмешак ў параўнанні з шумам дрэў, свістам ветру і спевамі гэтых стварэнняў, якіх несла паветра, якія купаліся ў залатым святле, гэтыя гукі выклікалі вялікую ўдзячнасць, што ў сваю чаргу нараджала салодкія, гарачыя, тужлівыя мары! Праўда, кроў лілася з яго ног, пот цёк з яго ілба, але ўяўляў сябе ён нібы ў раі, які шукаў і дайсці да якога спадзяваўся. Аднойчы ўвечары ён быў настолькі стомлены, што ледзьве перастаўляў ногі. Самко спыніўся на крутым схіле, якім скончыўся малады бярозавы гай. Унізе пад сабою ён убачыў у наступаючай імгле нешта падобнае на белы замак, толькі без валоў і бастыёнаў, вакол якога нягуста раслі старыя дрэвы, а іх вяршыні, азораныя сонцам, калыхаліся. Імгла была светлафіялетавая, прасякнутая вялікімі прамянямі ружовага святла, і белыя сцены будынкаў былі нібы апырсканыя золатам у змярканні. Гэта была надзвычай чароўная карціна. Самко, трымаючыся за куст, з цікаўнасці нахіліўся над далінаю пад нагамі, і тут глеба пад ім пахіснулася, галінка, за якую трымаўся, зламалася, і ён паляцеў кубарам глыбока, глыбока ўніз, прычым настолькі хутка, што ў галаве пацямнела, а з вачэй паляцелі іскры. Нарэшце недзе зваліўся і застаўся ляжаць непрытомна. Дзіўна, што не забіўся. Калі ачомаўся, ужо было даволі цёмна. Перад ім была высокая сцяна, дзе ў некалькіх кроках ад яго зеўрала адчыненая брама. За ім быў высокі схіл, па якім у чароўным святле зорак серабрыліся ствалы бяроз. Ля самай яго галавы бубніў ручай, нібы нешта яму шаптаў. Самко выпіў трошкі вады і ўзняўся на ногі. Яны трэсліся, але трымалі яго. Усе канечнасці ў яго балелі, але нічога не было зламана. Абапіраючыся на сцяну, Самко падышоў да брамы і ўвайшоў. Цяпер ён знаходзіўся ў цудоўным садзе, дзе чуліся прыемныя пахі, што несліся ад кветак, зёлак, дзе душыца разносіла свой водар у ціхай начы! Пырскі белай вады ўзляталі ўгару, нібы хацелі ляцець да зор, і зноў падалі ўніз на бардзюр са светлага, бліскучага каменя. У непралазных кустах заліваліся салаўі. Самко памалу ішоў і пытаўся сам у сябе: “Ці дасягнуў я сваёй мэты? О так, гэта сапраўдны рай!” Сэрца яго грукатала, ён чакаў, што на адной са сцежак сустрэне Госпада, Хрыста або Дзеву Марыю. Але сад быў абсалютна пустым, і Самко дайшоў да вялікага будынка, які бачыў з узгорка. 3 велізарных вокнаў яго на адным баку святло лілося, нібы з месяца. Самко зазірнуў унутр. Ён убачыў вялікую залу, белыя калоны трымалі столь у залатых зорках, сярэбраныя лямпы гайдаліся там на доўгіх ланцугах і ззялі, нібы зоры; прыступкі з белага каменя былі шырокімі, нібы гасцінец, на іх з таго ж белага каменя скульптуры анёлаў на балюстрадзе, белыя, як снег, з залатымі крыламі, прыступкі вялі некуды ўгару, у іншую залу ўглыбіні, шырокую, як лес, яркую, нібы вясёлка, і з той таямнічай прасторы лілася арганная музыка. Далёка ля супрацьлеглай сцяны ў той зале, сцяны, якая зіхацела золатам, сядзела на троне са слановай косці вялікая постаць багародзіцы ў белым адзенні, у блакітным плашчы, з зоркаю на плячах, з зоркаю ў кароне, з вачыма, вялікімі і цёмнымі, з рукамі, узнятымі ў прывітанні. I па прыступках хадзіла шмат старых і маладых мужчьін, аднолькава апранутых у белае адзенне, на нагах іх былі чорныя сандаліі, рукі іх былі счэпленымі, а вочы, нахіленымі ўніз у малітве.