лёсу, калі цяжкі цень закрывае святло ў нашым жыцці, і ад гэтага ніхто не зможа выратавацца і да канца з сумам будзе прыгадваць яго. Чорны дзень лёсу! Як і для кожнага, надышоў ён і для Самка. Яму тады споўнілася пятнаццаць гадоў. Тады пад вечар знянацку з’явіліся зноў дзікія коннікі ў лясной самоце ля ракі і сказалі Самко, што не толькі ён, але і гэты божы лес на мілю, залатое поле, гэты белы дом і наогул усё, на чым тут можа затрымацца вока, належыць нейкаму пану. Гэтаму пану Самко патрэбны сёння, і ён з імі пойдзе. Пакуль размаўлялі, пад’ехалі яшчэ коннікі, што гналі перад сабою, як статак, звязаных паміж сабою людзей, над галовамі якіх ляскалі бізунамі. Адзін з коннікаў злез з каня і падышоў да Самко з вяроўкаю. Самко, здзіўлены, заклекатаў, нібы арол і схапіўся за сякеру, гатовы да абароны, як ад ваўка, але яго перамаглі груба са смехам, і калі прабабка пачала лаяць і праклінаць разбойнікаў і кінулася на іх з шалёным адчаем, то падпалілі хату, кінулі старую ў полымя, дзе бедная загінула, а разам з ёю ўсе ластаўкі, якія гняздзіліся на драўляным карнізе дома, ўсіх горлінак, што сяліліся ў сенцах. Звязаны Самко глядзеў скамянелы з жахам на страшную гэту сцэну. Другі дзень распачаўся ў таго, што пачалі высякаць лес на ўзбочынах, і Самко разам з тым, да каго яго прывязалі, павінен быў сячы камлі старых ясеняў і соснаў, хвой і дубоў, тых замшэлых ахоўнікаў зялёнай святыні, сярод якой вырас. Напалоханыя птушкі лёталі вакол дома, ператворанага ў попел, а іх сябар, менш шчаслівы, павінен быў цягнуць дрэвы на круты адхіл, адкуль іх кацілі глыбока ўніз аж на раўніну. Ён чуў, як гэтыя стогадовыя веліканы дрымучага лесу стагналі ад болю, чуў, як трашчалі іх галіны, ламаліся, чуў, як з грукатам ляцелі ўніз, дзе засталіся ляжаць, нібы мерцвякі. Сэрца яго стукала. Ён глядзеў на птушак, што ўзляталі высока, на вяршыні сініх гор, глядзеў на попел дома, дзе бялелі косці яго прабабкі, глядзеў на затаптанае поле, дзе пасвіліся коні гэтых дзікіх гвалтаўнікоў. I ў галаве яго была цемра. Чаму Бог так яго пакараў? Ці, можа, зямля, на якой ён нарадзіўся, была праклятая ад веку? Ці кожны яе сын частка гэтага праклёну? Так яму здавалася. Рабаўнікі яго аднак не далі яму шмат часу для роздуму. Яны пагналі яго разам з іншымі людзьмі перад сабою, нібы статак, сцябаючы бізунамі. Хутка ён зразумеў, навошта ён спатрэбіўся пану, якому належаў. Будавалі велізарную моцную крэпасць, адкуль пагроза павінна была ісці ў іншыя куткі краіны. Яна павінна была стаяць на высокай скале, каб народ гэтай занядбанай краіны ўжо здалёк яе бачыў і ведаў, перад кім патрэбна схіляцца. Самко разам з іншымі небаракамі быў прыгнаны сюды, каб будаваць. Людзі паміралі, стомленыя працаю або ад бізуноў. Пяць гадоў зведаў на сабе гэтае гора Самко, будуючы валы і ламаючы камяні ў каменяломнях. I ўвесь гэты час працаваў, нібы асёл. Сваю юнацкую смілу, сваю вясну жыцця, зямныя радасці пахаваў ён у тых каменяломнях, у тых сценах і валах. Самко працаваў больш, чым усе астатнія, бо не ўмеў абараняцца, a таварышы мучылі яго так, як іх тыранілі паны, і перакладалі частку сваёй працы на яго плечы. Да таго ж бясконца з Самко смяяліся. Ён не ўмеў добра гаварыць, бо больш жыў сярод птушак, чым сярод людзей, і свой сум выяўляў у ціхім шчабятанні дразда, якоё ўзмацнялася сярод нямых камянёў і скал, на якіх засталіся сляды яго крыві, бо нічога не мог знайсці ў сэрцах людзей, жорсткіх ад несправядлівасці і крыўд. 3 пагардаю называлі яго Самко Птах, але ён і такому звароту бьіў рады, бо бясконца сніў пра шчасце ў мінулым, пра сваіх верных сяброў дзяцінства ў пер’і з дрымучага лесу, і ўспаміны гэтыя дапамагалі яму пераносіць гора, якое цяпер спазнаў. Яны, спяваючы ў сонечнай прасторы, былі заўсёды вольнымі і шчаслівымі! А хто ведае, ці не вернецца ён калінебудзь да іх? I шмат разоў ён шчабятаў у сне, калі, здавалася, што ў яго ёсць крылы, і ён ляціць да сініх вяршынь Татраў, уздымаючыся да неба, да сонца, да тых вяршынь, дзе гняздзяцца арлы і адкуль льюцца сярэбраныя тыя промні, якія п’юць дразды і вяхіры! Але нягледзячы на тое, што яго будзілі грубымі словамі і гналі да цяжкай стамляючый працы, было ў мянушцы “Птах” нейкае салодкае суцяшэнне, а разам з тым слова гучала груба і жорстка. Так прайшлі для яго пяць доўгіх, страшных гадоў і крэпасць была пабудаваная. I што рабіць з гэтым народам, які яе будаваў? Нічога не прыдумалі, акрамя таго, што разагналі яго. Хай шукаюць месца, дзе галодны можа памерці. Раз’юшаныя гайдукі з доўгімі бізунамі на дзікіх конях давілі народ, што сабраўся ля крэпасці і чакаў загаду свайго пана. Коні білі людзей капытамі, а бізуны, лётаючы ў паветры, наносілі глыбокія раны. Самко атрымаў жорсткі ўдар па твары і на памяць пра рабства яму застаўся крывавы след. “Чаму мяне б’е гэты чалавек?” пытаўся Самко, звіваючыся ад болю і выціраючы кроў і слёзы. Ён узняў вочы да нямога неба, і тут прыгадаў Хрыста і яго дарагія раны і супакоіўся. I пазней нават адчуў нейкую радасць. Яго выгналі! Значыць можа ісці, куды хоча? Пойдзе туды, у тую самотную мясцовасць, дзе нарадзіўся. Яму сказалі, што на старым месцы стаіць іншы дом і ўсё, што належала яму, пан аддаў іншым людзям. Але ці магло так быць? Безумоўна, хацелі сказаць яму нешта жорсткае і ўбачыць, як ён напалохаецца. Ён дайшоў да месца, дзе стаяла белая хата, дзе яго прабабка сядзела і прала, слухаючы размовы лясных птушак. Дайшоўшы, знайшоў двор, ад брамы якога яго прагналі камянямі! I цяпер ляжаў, схаваўшыся ў пячоры, і пытаўся: “Куды пайсці?” I на гэтае пытанне не меў адказу! У яго галаве была імгла і толькі як бляск ён бачыў вяршыні Татраў, вакол якіх кружылі арлы, а з гор лілася сярэбраная вада. “Туды!” сказаў ён, слаба ўсміхнуўшыся. Шум дажджу скончыў сваю аднастайную музыку, і Самко ціха заснуў. Слова “туды” прагучала з яго вуснаў нібы кароткі, слабы свіст хворага птаха. Першыя ружовыя промні сонца абудзілі Самко ў яго парослай мохам пячоры. Ён устаў і ўмыўся ў рацэ. Пазней знайшоў некалькі спелых чарніц у траве, а так асабліва есці яму не хацелася. I пайшоў туды, куды неслі ногі. Ішоў ён паўз чорнай рэчкі ў супрацьлеглы бок ад сядзібы, дзе ўчора ў яго шпурлялі камяні. Ішоў доўга, цэлы дзень, ноч ён правёў пад квітнеючым кустом, а на другі дзень, калі сонца было дастаткова высока, убачыў невялікі горад, над якім узвышаўся магутны касцёл з высокімі прыгожымі вежамі, дзе калоны ўтваралі паветраны паверх; чым вышэй ад зямлі, тым танчэйшымі былі калоны, што трымалі аркі, а тыя, што знаходзіліся на самай верхатуры, пад самым дахам, утваралі велізарную нейкую клець, дзе віселі званы, якія ў тую хвіліну якраз і адзначалі свята, напаўняючы сваімі магутнымі гукамі чыстае, залатос паветра. Самко, напэўна, абышоў бы гэтае месца, ведаючы, што там, дзе людзі, будуць насмешкі, гвалт і несправядлівая сляпая нянавісць, але гэтыя гукі, што чуліся ў сінім небе, яго клікалі. Для Самко звон быў, нібы велізарны металічны арол з голасам анёла, звон быў для яго нібы птах, што высока ўзвышаецца над людской нянавісцю, суседам аблокаў, сябрам ветру, і быў няшчасным птахам, бо быў падвешаным, прывязаным, і песня яго, глыбокая і сумная, была вялікаю скаргаю. Самко накіраваўся да горада, куды клікаў яго голас звона. Ён увайшоў у касцёл і там убачыў выяву Хрыста ў белым на ззяючым залатым фоне, Хрыста з вялікімі і цёмнымі вачыма, якія глядзелі са светлай вышыні ўніз на яго, без насмешкі, з дабрынёю, без пагарды, без жорсткасці. Вусны яго ўсміхаліся кожнаму і Самко таксама, а Самко не памятаў, каб нехта пасля смерці яго прабабкі яму ўсміхаўся! I ў той руцэ, якой Хрыстос вітаў яго, не было бізуна! Погляд быў напоўнены любоўю, напоўнены суперажываннем! Як стала цёпла сэрцу Самко ад гэтай думкі. I ён пайшоў у горад. Вуліцы былі запоўненыя людзьмі па-святочнаму апранутымі, дамы былі ўпрыгожаны вянкамі, а з высокіх дахаў калыхаліся доўгія сцягі. Самко ніхто не заўважаў, і без здзекаў, без сваркі, без грубых слоў дайшоў бядак, надзвычай здзіўлены такою нязвыклай ласкавасцю, да вялікай плошчы, дзе знаходзіўся той чырвоны касцёл, які бачыў здалёк, і спыніўся. Таўкатня там была такая, што праз хвіліну Самко трапіў у цесны натоўп, што не мог зрабіць нават крок і ледзьве дыхаў. 3 размоў людзей навокал ён зразумеў, што гэта ўсё азначала. Візантыйскі імператар і дзесяць каралёў з Усходу прыедуць туды пасля візіту да рымскага імператара, бо шлях іх ляжаў да Дуная, па якім яны паплывуць на пазалочаных караблях з пурпуровымі сцягамі, расшытымі срэбрам і жамчугом. Праз гадзіну яны павінны з’явіцца ў горадзе, і ўжо бачылі пыл з-пад капытоў іх коней. Кароль венгерскі ехаў наперадзе са сваімі прыдворнымі. У храме будуць служыць імшу і будуць дзякаваць Богу за тое, што магутныя валадары дзяржаў праехалі праз іх горад. На памяць пра гэты візіт на дошцы ў касцёле залатымі літарамі будзе пазначана гэтая пгідзея. Так апавядаў народ і весяліўся. Аднак гэтая весялосць хутка змянілася на страх. Венгерскія дзікуны на шалёных конях раптам запоўнілі плошчу і прыбілі народ да зямлі. Іх кароль ехаў па гэтым жывым дыване з сваіх рабоў, пасцеленым для сябе і сваіх гасцей, каб коні не датыкаліся да пылу і бруду ў горадзе. Памазанік Божы і яго прыдворныя і па мосце па чалавечых спінах даляцелі да партала храма. Страшныя раны ад плоскіх мячоў і доўгіх бізуноў, з жалезным дротам, падалі на спіны і галовы тых, хто сваім целам брукаваў дарогу важным асобам, якія акгізвалі Богу гонар тым, што наведалі яго дом. Надрыўны плач жанок, праклёны мужчын зліваліся з гучаннем званоў, поўным жалю і велічы. Ад гарадской брамы ўжо ляцела на ўпрыгожаных конях калона коннікаў. Наперадзе ехала стража венгерскага караля, уся ў брудзе і золаце, цюркскія, напалову звярыныя твары гэтай шляхты былі дрэнна ўмытыя, але вусы іх былі пераплецены жамчутом і з разрэзаў іх шаўковай вопраткі сыпаліся каштоўныя камяні. За імі ехаў венерскі кароль з вялікім жэзлам у руцэ, а далей на белых, як малако, конях рыцары візантыйскага імператара, відовішча выключнае і прыгожае, падобныя ў сваіх даспехах са срэбра на хоры анёлаў; пазней паказаўся візантыйскі імператар сам, вакол якога ехала дзесяць каралёў у пурпуры.