Гісторыя Беларусі, канец XVIII — пачатак XX ст
вучэб. дапам. для 9-га кл.
Для сярэдняга школьнага ўзросту
Выдавец: Выдавецтва БДУ
Памер: 199с.
Мінск 2011
Сацыяльна-эканамічнае развіццё беларускіх зямель. Эканоміка беларускіх зямель на мяжы XVIII—XIX стст. мела выразны аграрны характар. У сельскай гаспадарцы панавала буйное памешчыцкае землеўладанне. Панская зямля знаходзілася ў карыстанні прыгонных сялян, якія выконвалі за гэта шэраг павіннасцей перад памешчыкамі. Прымусовая праца прыгонных сялян прымянялася на мануфактурах — прадпрыемствах, заснаваных на ручной працы і яе падзеле. Мануфактуры ў асноўным размяшчаліся ў сельскай мясцовасці, і вытворчасць на іх была скіравана на перапрацоўку сельскагаспадарчай сыравіны. 3 узнікненнем першых фабрык, якія належалі мясцовым памешчыкам, у Беларусі пачаўся паступовы пераход ад ручной да машыннай вытворчасці.
Далучэнне Беларусі да Расійскай імперыі адбывалася ў той час, калі там пачынаўся працэс разлажэння феадальна-прыгонніцкай сістэмы і зараджэння новых буржуазных адносін. Нарасталі сялянскія пратэсты супраць прыгону. У заходніх губернях сітуаці ія ўскладнялася барацьбой шляхты за аднаўленне Рэчы Паспалітай. У гэтых умовах царскі ўрад пайшоў на рэформы, якія прадугледжвалі змякчэнне прыгнёту сялян. Адной з іх была рэформа П. Д. Кісялёваўдзяржаўнай вёсцы. Вынікам гэтай рэформы з’явіліся адмова ад фальваркова-паншчыннай сістэмы гаспадарання і перавод дзяржаўных
сялян з паншчыны на чынш (грашовы аброк). Аднак памешчыцкія сяляне засталіся прыгоннымі, а памешчыцкая ўласнасць на зямлю захавалася.
Канфесіянальнае становішча і развіццё культуры ў Беларусі. На мяжы XVIII— XIX стст. беларускае грамадства было шматканфесіянальным. Мясцовыя магнаты і шляхта ў большасці з’яўляліся прыхільнікамі каталіцкай канфесіі. Памешчыкі, якія атрымалі землі ў Беларусі пасля яе далучэння да Расійскай імперыі, былі праваслаўнымі. Большасць беларускіх сялян належала да ўніяцтва, а частка іх — да праваслаўя. У Расійскай імперыі праваслаўе мела статус дзяржаўнай рэлігіі. Уніятаўу Беларусі паступова далучалі да Рускай праваслаўнай царквы. Царскі ўрад узяў курс на ўзмацненне яе ролі і абмежаванне ўплыву каталіцтва, а ўніяцкая царква з цягам часу была скасавана.
Культура Беларусі развівалася ва ўмовах, калі адмаўляліся самабытнасць і адметнасць беларускага народа. Царскі ўрад лічыў беларускую мову дыялектам рускай мовы. На тэрыторыю Беларусі пачала паступова распаўсюджвацца расійская сістэма адукацыі. За ўдзел студэнтаў у паўстанні 1830— 1831 гг. быў закрыты Віленскі ўніверсітэт.
Значным дасягненнем у развіцці культуры Беларусі ў першай палове XIX ст. з’явілася ўзнікненне і станаўленне новага навуковага кірунку — беларусазнаўства. Пачалося вывучэнне гістарычнай, культурнай, канфесійнай, моўнай адметнасці і агульнасці беларусаў, іх узаемаадносін з суседзямі і ролі беларусаў у супольнасці народаў. Беларусазнаўства дазволіла паказаць, што беларусы з’яўляюцца самабытным этнасам, якому ўласцівыя такія прыкметы, як арыгінальная культура, мова, самасвядомасць.
Асноўныя кірункі палітыкі самадзяржаўя на беларускіх землях у канцы XVIII — сярэдзіне XIX ст.
Грамадскапалітычнае становішча
Уваходжанне беларускіх зямель у выніку падзелаў Рэчы Паспалітай у склад Расійскай імперыі.
Падаўленне паўстання 1830—1831 гг. у Польшчы, Літве, Беларусі.
Правядзенне «разбору» шляхты.
Распаўсюджанне натэрыторыю Беларусі расійскага заканадаўства
Сацыяльнаэканамічнае становішча
Захаванне памешчыцкага землеўладання.
Перавод дзяржаўных сялян з паншчыны на чынш (рэформа П. Д. Кісялёва).
З’яўленне першых фабрык
Заканчэнне
Канфесіянальнае становішча
Аб’яднанне ўніятаў з Рускай праваслаўнай царквой. Абмежаванне ўплыву каталіцкай царквы
Стан культуры
Распаўсюджанне на тэрыторыю Беларусі расійскай сістэмы адукацыі.
Узнікненне беларусазнаўства
Паняцці і тэрміны, якія трэба засвоіць: дзяржава, саслоўе, мяшчане, шляхта, фальварак, паншчына, фальваркова-паншчынная сістэма гаспадарання, чынш, рэформа, мануфактура, фабрыка, этнас, канфесія.
Пытанні і заданні
1 . У выніку якіх гістарычных падзей беларускія землі апынуліся ў складзе Расійскай імперыі? 2. 3 дапамогай слоўніка дайце азначэнні наступных паняццяў: паншчына, чынш, мануфактура. 3. Вызначце, за што выступала мясцовая шляхта. 4. Растлумачце, у чым заключалася своеасаблівасць канфесіянальнага становішча ў Беларусі на мяжы XVIII—XIX стст. 5. Ахарактарызуйце, карыстаючыся табліцай, асноўныя кірункі развіцця беларускіх зямель у канцы XVIII — сярэдзіне XIX ст.
§ 2. ПАЛІТЫКА ЦАРСКАГА ЎРАДА Ў БЕЛАРУСІ Ў КАНЦЫ XVIII ПАЧАТКУ XIX ст.
Успомніце. Што такое саслоўе?
Вучэбная задача. Вызначыць характар саслоўнай палітыкі царскага ўрада і яго сацыяльна-эканамічных мерапрыемстваў на далучаных тэрыторыях.
Адміністрацыйна-тэрытарыяльнае ўладкаванне беларускіх зямель у складзе Расійскай імперыі. Да пачатку XIX ст. беларускія землі былі ўключаны ўсклад Расійскай імперыі. Яны былі падзелены на Віцебскую, Магілёўскую, Мінскую, Віленскую і Гродзенскую губерні. Гэтыя губерні былі аб’яднаны ў два генерал-губернатарствы: Літоўскае (Віленская, Гродзенская і Мінская губерні) і Беларускае (Віцебская, Магілёўская і Смаленская губерні). Паводле Тыльзіцкага міру 1807 г. паміж Францыяй і Расіяй да Расіі адышла тэрыторыя Беластоцкай акругі, якая была ўключана затым у склад Гродзенскай губерні.
Першапачаткова царскі ўрад быў вымушаны лічыцца з істотнымі адметнасцямі прававога становішча насельніцтва далучаных зямель. У якасці заканадаўства ў судова-прававой сферы ў беларускіх губернях працягваў дзейнічаць Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588 г. Мясцовыя жыхары мелі магчымасць працаваць у губернска-павятовай адміністрацыі. Але пасады губернатараў (начальнікаў губерняў) і асабліва генерал-губернатараў (царскіх намеснікаў на далучаных землях) займалі толькі чыноўнікі, якія верай і праўдай служылі самадзяржаўю.
Саслоўная палітыка расійскага ўрада. У сваёй саслоўнай палітыцы расійскі ўрад імкнуўся перш за ўсё задобрыць шляхту. Для гэтага ёй даваліся правы расійскага дваранства. За шляхтай, пры ўмове прынясення прысягі на вернасць Расіі, захоўваліся маёнткі. Яны ўяўлялі сабой памешчыцкія землеўладанні з жылымі і гаспадарчымі пабудовамі, прадпрыемствамі і сялянамі. Клапоцячыся аб захаванні сваіх уладанняў, дваранства і духавенства ў Беларусі ў большасці сваёй адразу прысягнулі Кацярыне II. Ухіляліся ад прысягі толькі буйныя магнаты, якія мелі зямельныя ўладанні і займалі высокія пасады за мяжой.
Пачуцці жыхароўбылога Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай, асабліва шляхты, былі супярэчлівымі. Кіраўнік маёнткамі графа Храптовіча ўАршанскім і Лепельскім паветах пісаў: «Нам пагражаюць (адчужэннем) маёнткаў у выпадку непрынясення прысягі на працягу месяца, а ў прысязе сказана, што мы добраахвотна, без прымусу хочам і жадаем знаходзіцца пад уладай Расіі».
Нягледзячы на лаяльныя (паблажлівыя) у цэлым адносіны царскага ўрада да пануючага саслоўя ў Беларусі, у шляхты ўсё ж заставаліся прычыны для незадавальнення. Шляхта былога Вялікага Княства Літоўскага марыла пра аднаўленне страчанай дзяржаўнасці.
Сацыяльна-эканамічныя змены. Частка беларускага сялянства пасля падзелаў Рэчы Паспалітай трапіла ва ўласнасць рускага дваранства. На тэрыторыі Беларусі расійская імператрыца Кацярына II і імператар Павел I падаравалі ў прыватнае спадчыннае ўладанне больш за 200 тыс. рэвізскіх (мужчынскіх) душ сялян. Да 15 тыс. душ атрымаў у Крычаўскім старостве фаварыт імператрыцы Р. А. Пацёмкін, амаль 17 тыс. — генерал-фельдмаршал П. А. Румянцаў-Задунайскі ў Гомельскім старостве і Пружанскай воласці Брэсцкай эканоміі, 12 тыс. — буйны чыноўнік С. Г. Зорыч у мястэчку Шклоў (**), да 7 тыс. — генерал-фельдмаршал A. В. Сувораў у Кобрынскай воласці Брэсцкай эканоміі.
3 распараджэння Кацярыны II ад 1782 г.: «Мы, Кацярына II... аб’яўляем гэтым, што мы ўсяміласціва падаравалі нашай статс-даме княгіні Кацярыне Дашкавай у вечнае і спадчыннае ўладанне з вёсак у Магілёўскай губерні, што знаходзяцца ў казённым ведамстве, мястэчка Круглае з сёламі і вёскамі, якія прыналежаць да яго і ў якіх паводле ведамасці налічваецца дзве тысячы пяцьсот пяцьдзясят чатыры душы мужаска полу...»
Прававы і маёмасны стан дзяржаўных сялян, якіх перадавалі ў памешчыцкую ўласнасць, пагаршаўся. Новыя ўладальнікі маглі іх прадаць, перасяліць у іншае месца, сяляне не мелі права скардзіцца на паноў, маёмасць іх не была абаронена. Прыгонніцтва ў Беларусі ўзмацнялася і пашыралася.
Царскі ўрад доўга не ўмешваўся ва ўзаемаадносіны сялян з прыватнымі ўладальнікамі, практычна аддаючы апошнім поўныя правы на працу, маёмасць і асобу селяніна. Таму ў нечым нязвыклым і нават сенсацыйным з’явіўся маніфест імператара Паўла 1 ад 5 красавіка 1797 г. аб трохдзённай паншчыне. Сяляне афіцыйна атрымалі права тры дні на тыдзень працаваць на сваіх памешчыкаў, а тры дні — на сябе і адпачываць у нядзелю. Маніфест, відавочна, быў прыняты пад уплывам масавых сялянскіх хваляванняў 1796— 1797 гг., што ахапілі акрамя некаторых расійскіх губерняў і Віцебшчыну. Аднак ён насіў рэкамендацыйны характар і меў малое практычнае значэнне.
Аб адносінах Паўла I да сялян сведчыць яго прадпісанне мінскаму губернатару ад 1797 г.: «...У час, калі я спыніўся дзеля начлегу ў в. Начы, жыхары якой у многім ліку мужаска і жаноча полу, сабраўшыся гуртам і змоваю, насуперак законам падавалі мне нейкую паперу ва ўласныя рукі. 3 чал. з гэтага зборышча я загадаў узяць капітану-спраўніку пад варту і адправіць да суда, а вам прадпісваю адсачыць, каб справа імі неадкладна вырашаная была і вінаватыя на страх іншым пакараныя былі на месцы злачынства».
У Беларусі скасоўвалася магдэбургскае права. На гарады, якія яго мелі, і мястэчкі, прызнаныя цэнтрамі паветаў, пашыралася сістэма расійскага гарадскога кіравання (з пэўнымі формамі самакіравання). Жыхары астатніх мястэчак прыраўноўваліся да сялян і нават раздаваліся прыватным уладальнікам.
Уключэнне Беларусі ў агульнарасійскую гаспадарчую сістэму вызначыла кірункі яе далейшай гаспадарчай спецыялізацыі на вытворчасці пэўнай прадукцыі. У хуткім часе ўзніклі новыя палатняныя, парусінавыя, канатныя, суконныя мануфактуры. У Крычаве была заснавана суднаверф, дзе будаваліся лёгкія судны для Чарнаморскага флоту. Павялічваліся пасяўныя плошчы, пераважна пад тэхнічныя культуры. Збыт сельскагаспадарчых прадуктаў пад-