Гісторыя Беларусі, канец XVIII — пачатак XX ст
вучэб. дапам. для 9-га кл.
Для сярэдняга школьнага ўзросту
Выдавец: Выдавецтва БДУ
Памер: 199с.
Мінск 2011
Прозвішча дзеяча навукі і культуры
Уклад у развіццё навукі і культуры
§ 30. БЕЛАРУСКІЯ ЛІТАРАТУРАIТЭАТР
У 1860-х гг. ПАЧАТКУ XX ст.
Успомніце. Каго з дзеячаў культуры лічаць першым класікам новай беларускай літаратуры?
Вучэбная задача. Вызначыць, у чым заключаецца запавет дзеячаў беларускай літаратуры, якія жылі на мяжы XIX—XX стст., нам, беларусам XXI ст.
Развіццё беларускай літаратуры. Напярэдадні сялянскай рэформы 1861 г. іпаўстання 1863—1864 гг. пашыраным жанрам у беларускай літаратуры была 156
ананімная (без вызначэння аўтарства) вершаваная гутарка. Такія творы напісаны жывой народнай мовай, у іх ставіліся набалелыя пытанні паўсядзённага жыцця народа ці грамадскай маралі. Найбольш вядомымі з’яўляліся «Гутарка Данілы са Сцяпанам», «Гутарка двух суседаў», «Гутарка старога дзеда».
Вяршыняй беларускай літаратуры другой паловы XIX ст. стала творчасць Францішка Багушэвіча, які нарадзіўся ў фальварку Свіраны Віленскага павета. Ён — аўтар двух паэтычных зборнікаў: «Дудка беларуская» і «Смык беларускі», што выйшлі з дру-
ку ў канцы XIX ст. у Кракаве і Познані пад псеўдаф Багушэвіч німамі Мацей Бурачок і Сымон Рэўка з-пад Барысава. Галоўны герой твораў паэта — беларускі селянін, якога абдзялілі пры скасаванні прыгону, абдзірае казна, крыўдзяць суд і царскія чыноўнікі, але ён не скарыўся, захаваў сваю чалавечую годнасць. Багушэвіч глядзеў на беларускую мову як на мову, «нам ад Бога дадзеную», «для нас святую», лічыў яе асновай існавання нацыі. Ён заклікаў шанаваць і любіць сваю родную мову, папярэджваў народ аб тым, што, страціўшы мову, ён знікне як этнас.
У прадмове да «Дудкі беларускай» Ф. Багушэвіч пісаў: «Братцы мілыя, дзеці Зямлі-маткі маёй! Вам ахвяруючы працусваю, мушу з вамі пагаварыцьтрохі аб нашай долі-нядолі, аб нашай бацькавай спрадвечнай мове, каторую... „мужыцкай“ завуць, а завецца яна „беларускай". Шмат было такіх народаў, што страцілі наперш мову сваю, так, як той чалавек прад скананнем, катораму мову зойме, а потым і зусім замёрлі. He пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!..»
Любоўю да сялян, да «роднай старонкі», імкненнем бачыць свой народ адукаваным і шчаслівым прасякнута паэзія Янкі Лучыны (Івана Неслухоўскага). Дзяцінства паэта прайшло ў Мінску. Беларускія вершы Лучыны ўвайшлі ў зборнік «Вязанка», які выйшаў пасля смерці паэта. Найбольш вядомы яго твор — верш «Роднай старонцы», у якім аўтар выказаў сваю любоў да радзімы.
Буйной постаццю ў беларускай паэзіі пачатку XX ст. з’яўлялася Алаіза Пашкевіч, вядомая пад псеўданімам Цётка. Яна ўдзельнічала ў заснаван-
А. Пашкевіч (Цётка)
ні БСГ. Першыя зборнікі паэтэсы «Хрэст на свабоду» і «Скрыпка беларуская» выйшлі нелегальна. Цётка прапагандавала навучанне на роднай мове. Для дзяцей яна выдала падручнік-хрэстаматыю «Першае чытанне для дзетак беларусаў».
Радкі з публіцыстычных артыкулаў Цёткі «Як нам вучыцца» і «Шануйце роднае слова!» гучаць і сёння як заклік да нас з вамі: «Доўга мы, беларусы, цураліся сваёй мовы і, як кажуць, хаваліся з ёю за печ перад чужымі людзьмі. Вось і злажылася нейкая дурная пагаворка, што наша мова хамская, брыдкая, што на ёй не можна гаварыць з вучоным чалавекам, ані пісаць кніжак, як на іншых „далікатных" мовах. Але гэта толькі выдумка...»
«...На вас — моладзі — ляжыць вялікая павіннасць: развіваць далей родную мову... Толькі не кідайце роднай мовы: бо запраўды для свайго народу тады вы ўмёрлі! Мейце сілу і адвагу дзяржацца роднага слова. Мейце смеласць усюды голасна казаць па-свойму...»
У пачатку XX ст. раскрыліся паэтычныя таленты заснавальнікаў сучаснай беларускай літаратуры і літаратурнай мовы Янкі Купалы і Якуба Коласа.
Янка Купала (Іван Дамінікавіч Луцэвіч) нарадзіўся ў фальварку Вязынка Мінскага павета. Першы яго верш «Мужык» з’явіўся ў 1905 г. Ужо сваімі першымі паэтычнымі кнігамі «Жалейка» і «Гусляр» паэт прыцягнуў да сябе ўвагу
чытачоў. Зборнік вершаў «Шляхам жыцця» фактычна стаў найвышэйшым дасягненнем тагачаснай беларускай літаратуры. Паэмы Я. Купалы «Курган», «Бандароўна» ўзнялі гэты жанр на якасна новую ступень. Яго п’есы «Паў-
Я. Купала
лінка» і «Раскіданае гняздо» сталі вызначальнай з’явай беларускага тэатральнага жыцця ў пачатку XX ст.
Я. Купала імкнуўся абудзіць у чытачоў пачуццё годнасці і ўдзячнасці да продкаў, якія былі здольныя бараніць зямлю ад ворагаў, развіваць самабытную культуру. У час рэвалюцыі 1905—1907 гг. паэт падтрымаў народ у барацьбе супраць самадзяржаўя.
У адным са сваіх вершаў Я. Купала пісаў: «...К свабодзе, роўнасці і знанню Мы працярэбім сабе след!
I будзе ўнукаў панаванне Там, дзе сягоння плача дзед!»
Набыў папулярнасць сваімі творамі і Якуб Колас (Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч), ураджэнец засценка Акінчыцы Мінскага павета (цяпер у межах горада Стоўбцы). У першым зборніку вершаў «Песні жальбы» Я. Колас апаэтызаваў вобраз беларуса-мужыка, які, нягледзячы на цяжкія ўмовы жыцця, застаецца аптымістам і верыць у адраджэнне роднага краю. У 1911 г. Колас пачаў працу над паэмамі «Новая зямля» і «Сымон-музыка».
Значна ўзбагаціў беларускую паэзію і вывеў яе на еўрапейскі ўзровень Максім Багдановіч. Ён нарадзіўся ў Мінску, у маленстве жыў у Гродне, але большую частку свайго нядоўгага 25-гадовага жыцця правёў за межамі радзімы. Адзіны прыжыццёвы зборнік паэта «Вянок», у які ўвайшлі вершы, напісаныя ім у 17—20-гадовым узросце, быў выдадзены ў Вільні ў 1913 г. Творчасць М. Багдановіча прасякнута любоўю да роднай зямлі, яе народа (**).
У вершы-гімне «Пагоня» М. Багдановіч выказаў трывогу за сваю Радзіму:
«Толькі ў сэрцы трывожным пачую За краіну радзімую жах, — Ўспомню Вострую Браму святую I ваякаў на грозных канях...
У бязмерную даль вы ляціце, А за вамі, прад вамі — гады... Вы за кім у пагоню спяшыце?
Дзе шляхі вашы йдуць і куды?..»
Я. Колас
М. Багдановіч
Станаўленне беларускага прафесійнага тэатра. У пачатку XX ст. мясцовыя артысты праводзілі ў гарадах і вёсках так званыя беларускія вечарынкі. Гэта былі своеасаблівыя тэатральна-канцэртныя паказы, на якіх чыталіся ўголас творы беларускіх аўтараў, выконваліся народныя песні і танцы, ставіліся спектаклі.
На традыцыях беларускіх вечарынак у 1907 г. самадзейны мастацкі калектыў стварыў у сваім фальварку Ігнапг Буйніцкі, якога па праве называюць «бацькам беларускага тэатра». 3 групай аматараў ён пачаў наладжваць кан-
I. Буйніцкі (y цэнтры) з акцёрамі свайго тэатра
цэрты, якія прыцягвалі мноства гледачоў тым, што са сцэны гучала іх родная мова, чаго яны ніколі раней не чулі. Калектыў атрымаў назву «Першая беларуская трупа Ігната Буйніцкага». Яна была прафесійным нацыянальным тэатрам, што дзейнічаў у 1910—1913 гг. Трупа складалася з драматычных акцёраў харыстаў, танцораў (каля 70 чалавек). У гэты тэатральны калектыўуваходзілі дочкі Буйніцкага, А. Пашкевіч і інш. Сам I. Буйніцкі быў і рэжысёрам, і акцёрам, і танцорам. Тэатр гастраляваў па гарадах Беларусі, у Вільні, Варшаве, Пецярбургу і ўсюды карыстаўся вялікім поспехам.
Пасля выступлення тэатра I. Буйніцкага ў Пецярбургу адзін з гледачоў адзначыў: «Як выйшаў... са сваімі танцорамі і сялянамі — дударом, цымбалістам і скрыпачом — беларусамі, — па-прастому паварочваючыся, дык гэта адразу прынялі ўсе з захапленнем... А калі... пайшоў „Лявоніху", а за ім чарада хлопцаў з дзяўчатамі, як пачалі прытупваць, падскокваць, дык уся публіка, тысяч восем народу — як ударыла ў далонькі, як закрычала „брава, брава, беларусы“. Ніколі і нідзе не бачыў, каб гэтак што спадабалася... пецярбуржцам, як беларускія танцы... Потым публіка распытвалася... скуль і якія гэта беларусы з’явіліся? Бо раней іх не чуваць было!»
Аднак тэатр I. Буйніцкага працаваў у нялёгкіх умовах. Мясцовыя ўлады часта забаранялі яго выступленні. Трупу ўзялі пад паліцэйскі нагляд. У кожным слове Буйніцкага на сцэне і па-за ёй шукалі вальнадумства. Так, пасля пастаноўкі ў Слуцку камедыі К. Каганца «Модны шляхцюк», у якой высмейваліся і развенчваліся пагарддівыя адносіны шляхты да простых людзей, мясцовая шляхта, убачыўшы сябе ў п’есе як у люстэрку, дамаглася забароны гастроляў тэатра ў сваім павеце.
Пад уплывам трупы Буйніцкага набыў шырокі размах аматарскі тэатральны рух. Так, з 1910 г. у Вільні на аматарскіх пачатках дзейнічаў Беларускі музычна-драматычны гурток, якім кіраваў А. Бурбіс. Ён ажыццявіў першую пастаноўку камедыі Я. Купалы «Паўлінка». Створанаеў 1917 г. у Мінску Фларыянам Ждановічам пры ўдзеле 1. Буйніцкага Першае беларускае таварыства драмы і камедыі ўпершыню паставіла на сцэне драму Я. Купалы «Раскіданае гняздо».
ГІаняцці і тэрміны, якія трэба засвоіць: беларускія вечарынкі.
Культурна-гістарычнае асяроддзе
** У 1972 г. у Мінску быў узведзены помнік Я. Коласу на аднайменнай плошчы. Сядзіць на камені дзядька Якуб, задумаўся аб нечым, падпёр рукою галаву, а ў другой руцэ — кніга. Побач размешчаны дзве кампазіцыі — «Дзед Талаш» і «Сымон-музыка», у якіх увасоблены коласаўскія літаратурныя героі.
У тым жа годзе ў мінскім парку каля Свіслачы ўзвялі помнік Я. Купалу. На вялікім гранітным пастаменце стаіць манументальная фігура з сукаватай палкай у руцэ. Каля падножжа — крынічка і папараць-кветка.
У 1981 г. насупраць будынка Дзяржаўнага тэатра оперы і балета БССР у Мінску (цяпер Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь) паўстаў помнік М. Багдановічу. У 2008 г. помнік перанесены бліжэй да вуліцы, якая носіць імя М. Багдановіча. У бронзе адлюстраваны вобраз паэта — рамантыка і лірыка.
У 1998 г. у Шчучыне, на радзіме беларускай паэтэсы-рэвалюцыянеркі А. Пашкевіч (Цёткі), ёй пастаўлены помнік.
У 2009 г. у Дзень беларускага пісьменства ўСмаргоні быў адкрыты помнік Ф. Багушэвічу. Названыя помнікі — знак нашай памяці і ўдзячнасці дзеячам беларускага нацыянальна-культурнага адраджэння пачатку XX ст.
Пытанні і заданні
1. Як вы лічыце, чаму галоўным героем твораў Ф. Багушэвіча і Я. Коласа з’яўляўся селянін? 2. Чаму прадстаўнікі беларускай літаратуры такую вялікую ўвагу надавалі пытанню захавання роднай мовы? 3. Растлумачце, які сэнс мелі псеўданімы I. Неслухоўскага, I. Луцэвіча, К. Міцкевіча. 4. Вы-
Помнік Ф. Багушэвічу ў Смаргоні
11.3ak.1457.
значце, якія літаратурныя творы і тэатральныя пастаноўкі садзейнічалі абуджэнню нацыянальнай самасвядомасці беларусаў. 5. Дакажыце, што творчасць М. Багдановіча прасякнута пачуццём патрыятызму. 6. Растлумачце прычыны пытання жыхароў Пецярбурга «Скуль і якія гэта беларусы з’явіліся?» пасля выступлення трупы I. Буйніцкага. 7. Прадоўжыце запаўненне ў сшытку табліцы «Дасягненні ў развіцці навукі і культуры Беларусі ў другой палове XIX — пачатку XX ст.».