Гісторыя Беларусі
Уладзімер Пічэта
Выдавец: Выдавецтва БДУ
Памер: 179с.
Мінск 2005
Гістарычныя лёсы Смаленскае зямлі. Смаленская зямля, вылучыўшыся з Кіеўскае дзяржавы, эканамічна развівалася і палітычна ўзмацнялася ў меру таго, як слабела апошняя. Высоўваючы палітычнае існаванне Смаленскае зямлі, князь Расціслаў Мсціславіч (1127—1159) меў на ўвазе гандлёвую сувязь з Ноўгарадам і Кіевам і стараўся гіадтрымліваць самыя блізкія зносіны з гэтымі буйнымі палітычнымі і эканамічнымі асяродкамі. Шчаслівае геаграфічнае палажэнне і развіты гандаль далі князю Расціславу значныя сродкі. Прыплыў насялення з сярэдняга Прыдняпроўя каланізаваў паўднёвую частку Смаленскай зямлі, дзякуючы чаму яе залюдненасць значна павялічылася. Каб умацаваць самастойнасць Смаленскае зямлі, князь Расціслаў імкнуўся падтрымліваць добрасуседскія адносіны са сваімі сваякамі. Дзякуючы свайму геаграфічнаму палажэнню і разумнай палітыцы князя Расціслава Смаленская зямля амаль што зусім не падлягала варожым нападам. Яе эканамічнае развіццё нічым не
прыпынялася. Расціслаў слухаў свайго бацькі і сваіх старэйшых братоў, што сядзелі на кіеўскім пасадзе. Калі апопіні перайшоў да Усевалада Ольгавіча, князь Расціслаў прызнаў і яго вялікім князем. У барацьбе Юрыя Уладзіміравіча з Ізяславам Мсціславічам Расціслаў стаў на бок апошняга, паколькі ён бараніў правы свайго дзядзькі Вячаслава. Уплыў смаленскага князя нагэтулькі быў значны, што без яго згоды ніхто з князёў не мог утрымацца ў Кіеве. Калі Юры Даўгарукі (1154) пасля смерці брата Вячаслава стаў кіеўскім князем, то ён паспяшыў наладзіць зносіны з Расціславам і здабыць яго давер’е. Нарэшце, пасля смерці Юр’я Расціслаў сам апынуўся на кіеўскім пасадзе (1159). Умешваючыся ў кіеўскія адносіны і паступова падгатаўляючы самому сабе шлях на кіеўскі пасад, князь Расціслаў стараўся пашырыць свой уплыў на Полацк і Ноўгарад. Калі полацкія князі вярнуліся на бацькаўшчыну з высылкі ў Грэцыю, тут палітычна ўмацоўваецца сям’я Глеба Усяславіча, які гэтак многа змагаўся за самастойнасць Полацкае зямлі. Гэткая палітыка не магла не выклікаць неспакою ў князя Расціслава. Ён пачаў падтрымліваць Рагвалода Барысавіча. Пачалася барацьба паміж дзвюма сем’ямі пры чынным удзеле князя Расціслава. Палітычныя замыслы яго ўдаліся. Полацкая зямля раздзялілася на два буйныя ўдзелы: Полацкі і Менскі. Абодва князі адчувалі на сабе руку Расціслава. У канцы княжэння Расціслава Віцебск адышоў да Смаленска. У XII ст. Ноўгарад залежаў ад Смаленска ў эканамічных адносінах. Ноўгарад атрымліваў патрэбнае для сябе збожжа са Смаленска. Расціславу ўдалося асталяваць у Ноўгарадзе свой уплыў, пасадзіўшы там сваіх сыноў — Святаслава і Давыда. Палітыка князя Расціслава дала дадатныя вынікі. Hi адзін з суседзяў не з’яўляўся небяспечным для Смаленскае зямлі. Захват Віцебска, ставячы Полацкую зямлю ў залежнасць ад Смаленскай зямлі, аддаваў у распараджэнне апошняй гандлёвы шлях з Захаду на Усход. Расціслаў, пакінуўшы Смаленск дзеля Кіева, пасадзіў у Смаленску свайго сына Рамана (1159—1181). Палітычная еднасць Смаленскае зямлі захавалася і па смерці Расціслава (1168). Яго сыны не атрымалі надзелаў у Смаленскай зямлі. Князь Раман стараўся трымаць Кіеў у палітычнай ад сябе залежнасці. Калі кіеўскі пасад захапіў Мсціслаў Ізяславіч, то князь Раман прыняў удзел у экспедыцыі Андрэя Багалюбскага супроць Кіева (1169). Стаўшы вялікім князем, князь Раман пачуў сваю залежнасць ад Андрэя Суздальскага. Пад уплывам пагроз з боку суздальскага князя князь Раман быў прымушаны пакінуць кіеўскі пасад. Іншыя Расціславічы перасталі слухацца князя Андрэя. Барацьба поўначы з поўднем рабілася няўхільнай. У ёй быў прымушаны прыняць удзел і Раман Смаленскі. У Расціславічаў не было сіл змагацца з такой моцнай кааліцыяй, і яны пакінулі Кіеў. Калі Андрэй быў забіты ва Уладзіміры, то Раман ізноў забраў Кіеў і паспяшыў захапіць кіеўскі пасад, але ўтрымацца на ім не патрапіў. Раман быў прымушаны вярнуцца ў свой Смаленск, адкуль насяленне выгнала яго сына Яраполка і запрасіла яго дзядзысу Мсціслава Ізяславіча. Цікавячыся болып Кіевам, чымся Смаленскам, князь Раман сваёй палітыкай дапамагаў умацаванню народнага веча, ад якога і Раман, і яго сын выносілі шмат «прыкрасцей». Князь Давыд
Расціславіч (1180—1197) усю ўвагу звярнуў на Кіеў, дзе сядзеў вялікі князь Святаслаў Усеваладавіч Чарнігаўскі. Спачатку барацьба за Кіеў закончылася для Давыда няўдачна. Толькі тады, калі князь Давыд завязаў блізкія зносіны з Усеваладам Юр’евічам, ён мог распачаць барацьбу з чарнігаўскімі князямі, захапіўшымі кіеўскі пасад, і ўмацавацца ў Кіеве, аддаўшы апопіні свайму брату Рурыку. Барацьба з чарнігаўскімі князямі за Кіеў прымушала смаленскіх князёў трымацца збоку ад барацьбы з полаўцамі. Апошнія беспасярэдна не пагражалі Смаленску. Тым часам іх напады на Чарнігаўскую зямлю аслаблялі яе князёў і гэтым самым былі на руку смаленскім Расціславічам. У 1185 г. смаленскае войска адмовілася ісці на полаўцаў і вярнулася назад дамоў разам са сваім князем. Смаленская зямля, падпаўшы пад уплыў ростава-суздальскіх князёў, утраціла свой уплыў і ў Ноўгарадскай зямлі, на якую рабіў моцны націск Усевалад Юр’евіч. Дынастычная палітыка Давыда Расціславіча прывяла да таго, што смаленскі князь утраціў уплыў і ў Полацкай зямлі. Святаслаў Усеваладавіч Чарнігаўскі завязаў зносіны з групай полацкіх удзельных князёў. На баку Давыда застаўся толькі друцкі князь (1186). Пры такіх суадносінах сіл Полацкая зямля была ўтрачана для Давыда. Але ў 1196 г. уплыў Смаленска ў Полацкай зямлі часткай аднавіўся. Віцебск зноў адышоў да Смаленскае зямлі. Трымаючы ў сваіх руках вышнявіны Заходняй Дзвіны, смаленскі князь меў поўную магчымасць выяўляць свой уплыў і на сярэдні бег Заходняй Дзвіны.
Аднаўленне палітычнага аўтарытэту Смаленскае зямлі. 3 канца XII ст. Смаленская зямля паволі аднаўляе ўтрачанае палітычнае становішча. Князям Мсціславу Раманавічу (1197—1214) і Усеваладу Рурыкавічу (1214—1219) удалося перамагчы суздальскую партыю і падняць свой уплыў. Мсціславу Раманавічу ўдалося падчыніць сабе Кіеў, дзе ён і застаўся. Дамовая вайна ў князёўскай сям’і, якая распачалася пасля смерці Усевалада Юр’евіча (1216), дазволіла вызваліць Ноўгарад і Смаленскую зямлю з-пад уплыву суздальскіх князёў. Смаленскія князі становяцца галоўнымі абаронцамі Ноўгарада ў яго барацьбе з немцамі і фінамі. Палітычнае пяршынства перайшло да Смаленска. Нарэшце Мсціслаў Давыдавіч (1219—1230) зрабіў пачатак новай палітыцы смаленскіх князёў. Яго цікавілі толькі справы Смаленскай зямлі. Умацаваўшаяся Літва робіць напады на Смаленск, разбівае купцоў і нарушае правіловы гандаль. Літоўскаму націску падлягала і Полацкая зямля, тэрыторыя якой зменшылася пад уплывам немцаў, што аселі ля вусця Заходняй Дзвіны. У 1215 г. сам Мсціслаў Давыдавіч наведаўся ў Полацкую зямлю і выратаваў яе ад нямецкіх нападаў. Канечнасць абароны гандлёвых шляхоў прымушала смаленскіх князёў прыняць чынны ўдзел у барацьбе з немцамі і гэтым самым аблегчыць цяжкае становішча Полацкае зямлі. Смаленскія князі энергічна падтрымліваюць гэтаксама Пскоў і Ноўгарад у іх барацьбе з немцамі. Літоўска-нямецкія напады аслабілі Полацкую зямлю. 3 стратэгічнага боку аслабленне апошняй было вельмі небяспечным і для Ноўгарада, і для Смаленска. Гэта прымусіла Мсціслава Давыдавіча прыняць самыя рашучыя крокі. Смальняне ў 1229 г. узялі По-
лацк, дзе быў пасаджаны князем Святаслаў Мсціславіч. 3 гэтага моманту палітыка полацкіх і смаленскіх князёў, пакірованая супроць немцаў, становіцца супольнай. Уся гандлёвая налітыка дыктуецца выключна адным смаленскім князем. Яго загады абавязковыя і для Полацка, і для Віцебска.
Заняпад Смаленскае зямлі. Унутраныя няладзіцы, якія пачаліся пасля смерці Мсціслава Давыдавіча, прычыніліся да палітычнага аслаблення Смаленскае зямлі. Святаславу Мсціславічу, што княжыў у Полацку, удалося супроць жадання народнага веча заняць Смаленск. Апіраючыся на прыйшоўшых з ім палачан, Святаслаў гаспадарыў у Смаленску як хацеў. Полацк паспеў выкарыстаць такое становішча і выдзеліцца. Літва ў далейшым цягу рабіла набегі. Нейкаму літоўскаму князю ўдалося нават захапіць Смаленск, які быў вызвалены ў 1239 г. Яраславам Усеваладавічам. Умяшанне апошняга ў смаленскія справы прывяло да таго, што партыі, якія змагаліся ў Смаленску, пагадзіліся. На княжы пасад быў пасаджаны брат Святаслава Усевалад, а затым вялікакняскі пасад перайшоў да Расціслава Мсціславіча, у сям’і якога ён захаваўся аж да самага канца смаленскае незалежнасці. Няладзіцы ў Смаленску прывялі да таго, што Расціславічы ўтрацілі Ноўгарад. Пасля смерці Расціслава Мсціславіча Смаленская зямля дзеліцца паміж яго трыма сынамі — Глебам, Міхайлам і Тодарам. Пачынаецца ў Смаленску ўдзельная сістэма: Глеб і Міхайла выдзелілі Тодару Мажайскі ўдзел, рэшту тэрыторыі падзялілі між сабою.
Смаленск і татары. Смаленск ухіліўся ад татарскага пагрому, хаця ў 1242 г. татары і зрабілі спробу захапіць Смаленск. У 1274 г. смаленскі князь падлягае загадам татарскага хана і разам з іншымі князямі адпраўляецца на Літву. У Смаленску жывуць татарскія чыноўнікі, якія грабяць і здзекваюцца над насяленнем. Але нямецкія купцы былі свабодны ад усякіх пастояў, якія адводзіліся для прыезджых у дамах купцоў. Захват Ростава-Суздальскае Русі татарамі і эканамічнае зруйнаванне апошняй цяжка адгукнуліся на загранічным гандлі. Гандлёвыя сувязі з Усходам павінны былі спыніцца. Набегі ліцвінаў перашкаджалі прыязджаць у Смаленск загранічным купцам. Гандаль скараціўся. Выдзелены Мажайскі ўдзел па свайму геаграфічнаму палажэнню выразна цягнуўся да Паваложжа і быў далучаны да Маскоўскага княства пры Юрыю Данілавічу. У канцы XIII ст. выдзяляецца асобны Вяземскі ўдзел. Дарагабуж і Бранск, які адышоў ад Чарнігава-Северскай зямлі, імкнецца да свабоды ў сваім унутраным кіраўніцтве. Літва робіць на Смаленск лютыя набегі. У Смаленску ўтварыліся партыі — маскоўская і літоўская, якія змагаліся паміж сабой. Гэта барацьба аслабляла Смаленск і паступова падрыхтоўвала грунт да запяпаду яго палітычнае незалежнасці і да пераходу пад уладу Літвы (1404), калі Полацка-Віцебская зямля ўжо ўвайшла ў склад новае Літоўскае дзяржавы.
Смаленск. Цэнтральным пунктам усёй зямлі быў Смаленск, які ў XIII ст. дасягнуў поўнага росквіту. Смаленск быў цэнтрам для прыязджаўшых сюды балгарскіх, хазарскіх, персідскіх, а затым і нямецкіх купцоў. Ён быў абгароджаны даволі высокім земляным валам з частаколам наверсе. Непраходныя