• Газеты, часопісы і г.д.
  • Гісторыя Беларусі  Уладзімер Пічэта

    Гісторыя Беларусі

    Уладзімер Пічэта

    Выдавец: Выдавецтва БДУ
    Памер: 179с.
    Мінск 2005
    62.95 МБ
    Князь. Значэнне князя і яго адносіны да веча ў значнай меры залежалі ад стопню яго ўплыву і заслуг перад краінай. I ў Полацку, і ў Смаленску княжая ўлада была істотна абмяжована вечам. Князь з’яўляецца знадворным прадстаўніком зямлі. Ён пасылае і прымае пасольствы, прыкладвае пячаці да завязаных дагавораў, вядзе ваенныя справы, суд і ўнутранае кіраўніцтва, назначае ўрадовых асоб — пасаднікаў, якія ў Смаленскай зямлі дзяліліся на гарадскіх і сельскіх, «детскіх» чыноўнікаў для збору гандлёвых і іншых падаткаў, «купоемцев» у Смаленску. Органы ўнутранага кіравання былі прыладдзем княжай
    палітыкі з тоіі мэтай, каб падтрымліваць парадак і супакой на той ці іншай падуладнай князю тэрыторыі. На карысць князю паступалі судовыя зборы: віра і продаж, агульныя натуральныя і грашовыя подаці з усёй зямлі, гандлёвыя падаткі, палюддзе і пагароддзе ў Смаленску. Грамата Расціслава 1150 г. падрабязна пералічвае, што і ў якой колькасці павінен быў кожны горад аддаваць князю натураю, грашамі; апрача гэтага, на карысць князю паступала канфіскованая маёмасць праступнікаў, пастаўленых па-за законам, падарункі чужаземных купцоў і паслоў, даходы з прыватнае гаспадаркі князя.
    Княжая дума. Княжая дума — рада пры князю. У яе склад уваходзілі старэйшыя княжыя дружыннікі — баяры. I ў Полацку, і ў Смаленску ў складзе дружыны былі чужаземцы. Баяры складаюць галоўную ваенную сілу князя. 3 іх асяроддзя назначаліся пасаднікі. Баяры былі прысутнымі, калі князь асабіста разглядаў судовыя справы, падпісвалі з князем дагаворы з суседнімі дзяржавамі, адпраўляліся ў пасольствы па даручэнні князёў. Князь павінен быў лічыцца з думкай баяр-дружыннікаў і без іх рады не мог нічога рабіць. 3 выдзяленнем Полацкай, Смаленскай і Турава-Пінскай зямель са складу Кіеўскай дзяржавы і ўзнікненнем у кожнай зямлі паасобных княжых фамілій — баярствадружына асела на зямлю, пачало займацца ральніцтвам пры дапамозе рабскае працы і гэтым самым займала палажэнне пануючага класа, які з прычыны свайго эканамічнага становішча меў вялікае палітычнае значэнне і вагу.
    5.	ЦАРКВА I ДЗЯРЖАВА
    Арганізацыя Полацкай царквы. Хрысціянізацыя Полацкай зямлі пачала адбывацца больш прыспешаным тэмпам пачынаючы з XI ст. Хрысціянізацыя выйшла за межы ўласна Полацкай зямлі. Пашырэнне палітычнага ўплыву полацкіх князёў на краіны латышоў і ліваў пацягнула за сабою паяўленне хрысціянства паміж апошніх. Хрысціянізацыя чужаземцаў і палачан адбывалася мірным шляхам. Першапачатковыя межы Полацкае епархіі агранічваліся тэрыторыяй аднаго Полацка. У перыяд з XI—XIII стст. межы епархіі значна пашырыліся. Хрысціянства распаўсюдзілася па прыгарадах і пачало пранікаць на вёску. Апрача гэтага ў XIV ст. праваслаўнае насяленне Рыгі знаходзілася ў сферы ўплыву полацкага біскупа. Апошні сам прабываў у Полацку. Зацвярджаў біскупаў кіеўскі мітрапаліт. Абранне кандыдатаў на біскупскую кафедру прыналежала Полацкай зямлі, а не кіеўскаму мітрапаліту. Полацкае біскупства было ў істоце аўтакефальным і толысі ў царкоўна-юрыдычных адносінах залежала ад кіеўскага мітрапаліта. Залежнасць ад апошняга не магла быць значнай з прычыны палітычнага аслаблення Кіеўскай дзяржавы, геаграфічнай аддаленасці Полацка ад Кіева і ўмацавання ў палітычных адносінах полацкіх князёў. Біскупы як асобы, падлеглыя кіеўскаму мітрапаліту, прымалі ўдзел у мясцовых саборах, якія склікаліся мітрапалітам як для вырашэння розных царкоўных пытанняў, гэтак і для назначэння біскупаў для іншых цэркваў. Унут-
    ры сваёй епархіі полацкі біскуп карыстаўся поўнай незалежнасцю, кіруючыся пры гатым царкоўнымі законамі і мясцовымі звычаямі. Першым вядомым біскупам быў Міна (1105—1116) з Кіева-Пячэрскага манастыра; затым успамінаецца ў летапісах Ілля каля 1129 г., Касьма — 1143 г., Дыянісій, памерлы ў 1183 г., Мікалай з 1183 г., Аляксей каля 1231 г„ Сімяон каля 1274 г., паходзіўшы з князёў полацкіх. Агульнапалітычны ўклад жыцця ў Полацкай зямлі адбіваўся на парафіяльнай арганізацыі. Парафіяне арганізоўваліся ў брацтвы, якія, падобліва, карысталіся значным уплывам. Гэтак, у 1159 г. палачане, нездаволеныя з князя Расціслава Глебавіча, заклікалі яго на братчыну пры святыні Багародзіцы, каб аб’явіць яму там сваю пастанову.
    Пабудаванне цэркваў. Полацкія князі падтрымлівалі хрысціянскую царкву і сваім палітычным аўтарытэтам, і матэрыяльна. Гандлёвыя зносіны далі ў рукі полацкім князям значныя матэрыяльныя сродкі, дзякуючы якім з’явілася магчымасць будаваць цэрквы. Брачыслаў Ізяславіч пабудаваў царкву Багародзіцы і мураваны Сафійскі сабор’. Адначасна з хрысціянствам паяўляюцца манастыры, закладчыкамі якіх з’яўляюцца прадстаўнікі княжай фаміліі. Ужо ў XII ст. быў у Полацку жаночы манастыр, куды паступіла Еўфрасіння, унучка князя Усяслава. У прыгараднай мясцовасці «Сельцэ» Еўфрасіння залажыла два манастыры: мужчынскі і жаночы, у якіх былі пабудованы мураваныя цэрквы. У XIII ст. ужо існаваў мужчынскі манастыр у Віцебску, а ў XIV ст. жонка Альгерда, вялікага князя літоўскага, залажыла манастыр Святога Духа. Манастыры, як і ў Кіеўскай зямлі, былі цэнтрамі тагачаснай асветы і духоўнае культуры.
    Царкоўныя прыбыткі. Царкоўны скарб складаўся з ахвяр і спецыяльных падаткаў. Князі давалі ў ахвяру на цэрквы і манастыры грошы, землі. Па прыкладу князёў ішлі багатыя прыватныя асобы. Апрача гэтага як чорнае, так і белае духавенства было абложана спецыяльнымі падаткамі на карысць біскупскай кафедры.
    Вынікі хрысціянізацыі. Да прыняцця хрысціянства ў Полацкай зямлі было моцным паганства. Прадстаўнікі апошняга нават у XI ст. карысталіся павагай у княжай сям’і, ужо фармальна стаўшай хрысціянскай. У XII ст. паганства яшчэ моцна трымаецца ў Полацкай зямлі. Хрысціянства прышчапляецца толькі павярхоўна. Для аўтара «Слова аб палку Ігаравым» Полацкая зямля прадстаўляецца краінай чараўнікоў. Народныя гушчы заставаліся вернымі рэлігіі дзядоў — паганству. Гэтая вернасць прыпыняла ўнутраную і знадворнуіо хрысціянізацыю насялення Полацкае зямлі.
    Арганізацыя Смаленскае царквы. Смаленская зямля доўгі час не мела асобнага біскупа. Яна складала тэрыторыю, падлеглую пераяслаўскаму біскупу. Гэткая залежнасць цягнулася да паловы XII ст. Толькі пры сыну Уладзіміра Манамаха — Мсціславу — Смаленск атрымаў асобнага біскупа ў асобе грэка
    1 Полацкі Сафійскі сабор пабудаваны паміж 1044 і 1066 гг. (паводле іпшых звестак, 1050— 1060 гг.) прьг князю Усяславу Брачыславічу.
    Мануіла, які шмат клапаціўся аб знадворным будаўніцтве свайго біскупства. Узнікненне Смаленскага біскупства звязана з выдзяленнем Смаленскае зямлі са складу Кіеўскае дзяржавы. Смаленская царква прыняла трывалую арганізацыю пры Расціславу Мсціславічу, які выдаў асобную Устаўную грамату (1150). Грамата Расціслава вызначыла як матэрыяльнае, гэтак і праўнае палажэнне Смаленскага біскупства. Біскупы ў Смаленскай епархіі большай часткай былі грэкі па нацыянальнасці.
    Пабудаванне цэркваў. 3 утварэннем асобнай Смаленскай епархіі шпаркім тэмпам будуюцца святыні і закладваюцца манастыры. Пры Расціславу і яго сынах былі пабудованы цэрквы імя святых апосталаў Пятра і Паўла, апостала Іаана Багаслова, архістратыга Міхаіла. Самым старажытным манастыром можна лічыць Барыса-Глебскі на Смядыні (1138). Каля Смаленска быў пабудован Успенскі манастыр і Крэставаздзвіжанскі, якія мелі вялікае значэнне ў духоўным жыцці Смаленска. Следам за князямі цэрквы будавалі і біскупы, якія распараджаліся даволі значнымі сродкамі. Смаленскія святыні вызначаліся вялікай аздаблёнасцю. У царквах чулася царкоўнае казанне, якое датычыла недахватаў грамадзянскага жыцця. Знакамітым прамоўцай быў Аўраам, іераманах Успенскага манастыра, які меў вялікі ўплыў на духоўнае развіццё смаленскага грамадства. У часе набажэнства прыгожа пяялі царкоўныя хоры. Смаленская царква высунула шэраг адукаваных дзеячаў: біскупа Мануіла, іераманаха Аўраама, «кніжніка» і філосафа Клімента, які быў чалавек вельмі асвечаны ва ўсіх галінах даступнага пазнання.
    Становішча духавенства. Духавенства ў Смаленску карысталася вялікім уплывам. Біскупы прымаюць удзел у палітычным жыцці зямлі, адпраўляюцца ў пасольствы, прымаюць удзел у княжай думе. Духавенства мела вялікі ўплыў на грамадскую думу, але ў масах было малаадукаваным, не наўчала народ і не ўмела пасвіць свой статак, адносячыся з зайздрасцю да прадстаўнікоў запраўднае асветы (Клімент Смаляціч, Аўраам). Звычаёвае (маральнае) жыццё духавенства і манахаў знаходзілася ў стане заняпаду. Чорнае і белае духавенства вельмі было прывязана да свайго грамадскага становішча, да матэрыяльных выгод, вызначалася пагардлівасцю, зайздрасцю, пышлівасцю, хцівасцю, бывала пастаяннымі ўдзельнікамі баляў і банкетаў, наладжваных князямі і багатымі баярамі.
    Юрыдычнае становішча царквы. Правы і прывілеі смаленскага біскупа былі азначаны Устаўной граматай князя Расціслава Мсціславіча (1150). Паводле гэтай імунітэтнай граматы біскуп атрымліваў права чыніць суд у справах: 1) аб разводзе, 2) аб двужонстве, 3) аб шлюбе паміж сваякамі, 4) аб зладзействе, 5) аб паядынку паміж жанчынамі, 6) аб праступленнях духоўных асоб, 7) аб «умыканні» жанчын. Што датычыць спраў аб спадчыне, аб спрэчках паміж сваякамі, а гэтаксама суду над царкоўнымі людзямі, то гэта не падлягала біскупскаму суду. Гэтаксама Грамата вызначала царкве дзесяціну ад усіх «даней смоленскіх» і рад зямельных уладанняў з насялешісм, на іх «седяшчім, сеножаті,
    огороды, бобровые гоны». У выпадку далучэння Смаленскае зямлі да Пераяслаўскае епархіі ўсе царкоўныя прывілеі трацяць сілу. Значэнне біскупа ў Смаленскай зямлі было надта вялікім. Біскупская пячаць была прыложана да дамовы 1229 г.
    Арганізацыя Тураўскай царквы. Тураўская царква стала самастойнай епархіяй яшчэ пры Уладзіміру Першым. Нягледзячы на блізкасць да Кіева і залежнасць ад апошняга, асобная епархія ўтрымалася і пасля смерці Уладзіміра Першага. Месцам прабывання тураўскага біскупа быў Тураў. Як глыбока пранікла хрысціянізацыя ўнутр Тураўскае зямлі, за адсутнасцю даных няма магчымасці ўстанавіць.
    Вынікі хрысціянізацыі. Народныя гушчы, прымаючы хрысціянства павярхоўна, заставаліся вернымі традыцыям паганства. Яно жыве ў глыбіне народнае свядомасці. Само хрысціянства апаганьваецца, прыстасоўваецца да прымітыўнага светаразумення. Царква з надворнага боку перамагла народную масу, але светаразуменне гэтае масы засталося незачэпленым. Царква, нават апіраючыся на свецкую ўладу, не мела магчымасці зрабіць што-колечы ў гэтым кірунку, за выключэннем царкоўных пракляццяў і павярхоўна фармальных забарон. Дваістасць веры складала істоту народнай рэлігіі. Хрысціянства стала рэлігіяй толькі пануючых класаў. He дарма царква атрымлівае права разглядаць справы аб двужонстве, хапанні жанчын, шлюбе паміж сваякамі і інш. Усё гэта былі рэшткі паганства, якое жыло ў свядомасці народнае масы. Вера ў чараўніцтва, паганскія святы, «бубны», «сопелі» і «плясанія» былі шырока распаўсюджаны ў тагачасным двухрэлігійным грамадстве.