• Газеты, часопісы і г.д.
  • Гісторыя Беларусі  Уладзімер Пічэта

    Гісторыя Беларусі

    Уладзімер Пічэта

    Выдавец: Выдавецтва БДУ
    Памер: 179с.
    Мінск 2005
    62.95 МБ
    Нс зусім справядліва сцвярджэнне У. I. Пічэты аб Жыгімонту Кейстутавічу як аб «спадручным Польшчы» (с. 124). Наадварот, у апошнія гады княжання ён пачаў шукаць шляхі да збліжэння з германскім імператарам, аддаляцца ад Полыпчы і згубіў яе падтрымку. I ў змову супраць Жыгімонта былі ўцягнуты не толькі «літоўскія» (г. зн. летувіскія) феадалы, але і «рускія» (беларускія і ўкраінскія) — трокскі ваявода Лялюш, Іван і Аляксандр Чартарыйскія, князь Алелька Уладзіміравіч і іх баяры.
    Істотным у працы з’яўляецца і тое, што У. I. Пічэта прывёў дастаткова дэталёвы агляд падзей другой палавіны XIV ст. Асабліва падрабязна ён раскрыў характар узаемаадносін з Масквой пачынаючы ад часоў Казіміра Ягайлавіча. Прычыны канфлікту, на думку гісторыка, не ў «абароне рускай нацыянальнасці і праваслаўнай всры» (с. 129). Гэта была толькі зачэпка для ўмяшання ва ўнутраныя справы ВКЛ і для развязання войнаў. Прычыну аўтар бачыў у імкненні Масквы захапіць усходнія землі ВКЛ, каб кантраляваць прамыя гандлёвыя шляхі на Захад, прайсці да Балтыкі. I выснова У. I. Пічэты пра тое, што барацьба ВКЛ і ВКМ — «гэта барацьба за берагі Балтыйскага мора» (с. 129) і за «гандлёвыя шляхі на Захад» (с. 130), выглядае бясспрэчнай.
    У гэтым жа рэчышчы гісторык разгледзеў прычыны барацьбы паміж ВКЛ і ВКМ за Ноўгарад. На яго думку, праз Ноўгарад можна было «падтрымліваць беспасярэднія гандлёвыя зносіны з нямецкімі купцамі» (с. 129). Неабходна толькі дадаць, што рэальныя магчымасці аказаць дапамогу Ноўгараду ў Казіміра былі. Толькі заходні вектар яго палітыкі амаль заўжды пераважаў над
    усходнім (вайна з Тэўтонскім ордэнам 1454—1466 гг., дынастычная барацьба ў Чэхіі і Венгрыі і г. д.). У знешняй палітыцы Казіміра польскія інтарэсы рэальна пераважалі над інтарэсамі Беларуска-Літоўскай дзяржавы.
    У адрозненне ад папярэднікаў, У. I. Пічэта асвятліў даволі падрабязна, хаця і трохі схематычна, войны паміж ВКЛ і ВКМ канца XIV — пачатку XV ст. Цікава, што аўтар не лічыў пераможную для войскаў ВКЛ бітву пад Оршай (8 верасня 1514 г.) выключнай падзеяй праз адсутнасць значных наступстваў. У параўнанні з падачай падзей, звязаных з гэтымі войнамі, ваенна-дыпламатычныя адносіны двух вялікіх княстваў Русі з Крымскім ханствам выкладзены больш чым сціпла, без усялякіх падрабязнасцей.
    Упершыню ў беларускай гістарыяграфіі У. I. Пічэта ўвёў раздзел, прысвечаны нацыянальнаму складу насельніцтва ВКЛ, паслядоўна разглядаючы розныя этнічныя групы: беларусаў, летувісаў («літвінаў»), палякаў, рускіх («вялікарасійцаў»), яўрэяў, татар, немцаў. Пры гэтым аўтар вызначыў летувісаў, палякаў, рускіх, татар і немцаў як меншасць, адзначаючы, аднак, іх нераўназначны ўплыў на этнічную большасць — беларусаў.
    Вельмі важным з’яўляецца раздзел, у якім разглядаецца развіццё гаспадаркі ў XV — першай палове XVI ст. Менавіта тут аўтар прааналізаваў прычыны слабасці дзяржаўнага (гаспадарскага) скарбу, невялікую даходнасць гаспадарак рознага ўзроўню і малую эфектыўнасць гаспадарчай дзейнасці ўвогуле. Адпаведна гэта вызначала малыя выдаткі на войска, залежнасць гаспадара ад мапіатаў і інш.
    Шмат увагі аўтар надаў праблемам права ВКЛ. Упершыню ў падручнік былі ўведзены для вывучэння прывілеі вялікіх князёў, а таксама раздзел аб грамадскім ладзе ВКЛ. Асабліва падрабязна гісторык асвятляе пануючае саслоўе — шляхту і прыходзіць да важнай высновы: «вузкастанавыя пастановы» шляхецкіх вальных соймаў «падрывалі горад як гандлёва-прамысловую адзінку» (с. 145). Відавочна, што ў гэтым трэба шукаць усе далейшыя прычыны заняпаду дзяржавы.
    He згубілі сваёй навуковай актуальнасці і сёння раздзелы, прысвечаныя аналізу заканадаўства ВКЛ канца XV — пачатку XVI ст. Каштоўнай падаецца характарыстыка У. I. Пічэтам прынцыпаў Статута 1529 г. — «абарона правоў шляхетнае асобы і індывідуальная адказнасць за праступленні» (с. 152). Аўтар заўважыў таксама, што Статут 1529 г. упершыню ўвёў інстанцыйны парадак разгляду судовых спраў (с. 153).
    Раздзел пра культуру ВКЛ невялікі, але вельмі істотны. У ім У. I. Пічэта падкрэсліў, што ВКЛ «у культурных адносінах з’яўлялася беларускім». Падставай для гэтай высновы аўтара паслужыла тое, што толысі беларуская мова была дзяржаўнай, бо менавіта на ёй пісаліся «гаспадарскія лісты, граматы, соймавыя ўхвалы» (с. 153), яна «ўжывалася ў гаспадарскай канцылярыі», на ёй складаліся «беларускія летапісы, хронікі, жыцці святых, свецкія белетрыстычныя творы» (с. 154). У. I. Пічэта падкрэсліў, што беларуская культура панавала ў ВКЛ, закранаючы без выключэння ўсе слаі грамадства.
    Пяты раздзел кнігі носіць назву «Пачатак шляхецкае феадальнае дзяржавы». У ім разглядаюцца абставіны стварэння Рэчы Паспалітай. Безумоўна, гэта
    быў толькі пачатак даследавання, а працяг планаваўся ў другой частцы «Гісторыі Беларусі», якая, аднак, не пабачыла свет.
    Унутрыпалітычныя адносіны і знадворныя праблемы ВКЛ, напрыклад Лівонская вайна, былі пададзены У. I. Пічэтам вельмі канспектыўна. Для параўнання: праца У. М. Ігнатоўскага ўтрымлівала таксама няшмат звестак, але ўжо М. В. Доўнар-Запольскі ў сваёй «Гісторыі Беларусі», створанай у той жа час, што і праца У. I. Пічэты, падзеі Лівонскай вайны выклаў больш падрабязна.
    Значна больш гаворыцца аб захадах, якія рабіў урад ВКЛ для павышэння абараназдольнасці краіны. Менавіта ў такім кантэксце У. I. Пічэта разгледзеў вядомую аграрную рэформу сярэдзіны XVI ст. I зразумела чаму — найбольшага спецыяліста па гэтай праблеме, як рэктар БДУ, проста не існавала. Яго доктарскае даследаванне «Аграрная рэформа Жыгімонта Аўгуста ў ЛітоўскаРускай дзяржаве» (1917) не страціла свайго значэння і ў наш час.
    Вельмі ўважліва і сур’ёзна падышоў У. I. Пічэта да праблемы асвятлення беларускага Адраджэння XVI ст. Тут ён зрабіў значны крок наперад у тагачаснай беларускай гістарыяграфіі. Пачатак беларускага Адраджэння даследчык звязаў з ростам гандлёвых адносін з Заходняй Еўропай, павелічэннем тавараабмену, са з’яўленнем багатага мяшчанства і багатых землеўладальнікаў (г. зн. з узнікненнем сацыяльных слаёў, падрыхтаваных да ўспрыняцця культуры новага ўзроўню), бо менавіта «гандлёвыя сувязі з Захадам пазнаёмілі літоўска-беларускіх землеўласнікаў з еўрапейскай культурай» (с. 168). Гуманізм на Беларусі У. I. Пічэта ўпершыню падзяліў на дзве плыні: гарадскую і шляхецкую. Пры гэтым аўтар сцвярджаў, што «гарадскі гуманістычны рух меў замкнёны характар і не выходзіў за межы горада» (с. 169). Зыходзячы з тэксту можна меркаваць, што да прадстаўнікоў гарадской плыні гуманізму гісторык адносіў Ф. Скарыну, С. Буднага, В. Цяпінскага і такіх выдатных прадстаўнікоў беларускага Адраджэння, як браты Кузьма і Лукаш Мамонічы, бо ўсе яны займаліся выдавецкай справай менавіта ў гарадах. Згодна з У. I. Пічэтам, істотным «паказчыкам культурнага руху на Беларусі» (с. 169) з’яўляецца кнігадрукаванне.
    Шляхецкую плынь у беларускім Адраджэнні гісторык лічыў неаднароднай. У. I. Пічэта падзяліў яе на наступныя кірункі: кансерватыўны, прыхільнікам якога з’яўляўся князь А. Курбскі, і прагрэсіўны, якога прытрымліваліся князі Ю. Слуцкі і Р. Хадкевіч. Асноўнае разыходжанне паміж гэтымі кірункамі, на думку аўтара, у тым, што першыя лічылі новыя рэлігійныя захапленні і скажэнні тэкстаў Бібліі шкоднымі і трымаліся за старую царкоўную адукацыю, а другія выступалі за больш цесныя стасункі з еўрапейскай культурай, імкнуліся «да адраджэння асветы на грунце царкоўнага пісьменства і праваслаўных традыцый» (с. 181) шляхам друкавання кніг. Пры гэтым, як меркаваў даследчык, і тыя, і другія «адносіліся варожа да імкнення наблізіць кнігі Святога Пісьма да народнага ўразумення» (с. 173). Тым не менш У. I. Пічэта падкрэсліваў, што «беларускае Адраджэнне — гэта эпоха росквіту старога беларускага пісьменства, залаты век беларускай літаратуры» (с. 173).
    Разглядаючы праблемы адукацыі, аўтар адзначыў, што ў такой шматканфесійнай краіне, як Беларуска-Літоўская дзяржава, натуральнай з’явай былі і школы розных канфесій. Пры гатым для ўсіх школ было агульным тое, іпто «спачатку школьнае наўчанне мела прафесіянальны характар і павінна было здавальняць разнастайныя запатрабаванні той або іншай царквы» (с. 174). Гісторык паслядоўна разгледзеў праваслаўныя, каталіцкія, уніяцкія і пратэстанцкія школы.
    Адной з самых галоўных, складаных і драматычных па сваіх наступствах падзей гісторыі Беларусі — Люблінскай уніі 1569 г. прысвечаны зусім невялікі апошні раздзел кнігі. Магчыма, аўтар меркаваў вярнуцца да болып падрабязнага разгляду гэтай падзеі і яе вынікаў у другой частцы сваёй кнігі, а тут падаць яе ў выглядзе прэамбулы і завяршыць тым працу. Аб гэтым сёння мы можам толькі здагадвацца. Затое У. I. Пічэта як заўсёды дакладны ў сваіх ацэнках. Асноўную прычыну уніі ён бачыў у шляхетызацыі дзяржаўнага і грамадскага ладу ВКЛ, бо шляхта «глядзела на... унію як на сродак для барацьбы з магнацтвам» (с. 176). Другая прычына, на думку аўтара, у цяжкім становішчы ВКЛ пасля Лівонскай вайны. He пакінуў па-за ўвагай У. I. Пічэта і імкненне палякаў да уніі, бо яны жадалі «інкарпарацыі Вялікага княства Літоўскага» (с. 176). Аўтар пералічыў умовы Люблінскай уніі, але не асвятліў, ці былі яны выкананы. I хаця выснова У. I. Пічэты пра тое, што Люблінская унія «ўстанаўлівала дыктатуру шляхецтва» (с. 177), дастаткова катэгарычная, але відавочна, што ўсеагульнае ўзвышэнне шляхты на Беларусі пачалося менавіта з гэтага часу.
    Да асаблівасцей працы трэба аднесці ўжыванне аўтарам разнастайных тэрмінаў-мадэрнізмаў, напрыклад такіх, як «абрабляючая прамысловасць», «здабываючая прамысловасць» (с. 33) (адносна гаспадарчага жыцця славян у IX— XI стст.), «банкроцтва» (с. 88), «партыя» (с. 90), «інтэлігенцыя» (с. 36). Характарызуючы эканамічныя і грамадскія адносіны XIII—XIV і XV—XVI стст., ён ужывае такія паняцці, як «еўрапейскі капітал» (с. 115), «рабочы клас» (с. 115), «каланіяльныя прадукты» (с. 138), «буржуазія» (с. 145) і інш.
    Напрыкапцы нельга не адзначыць адну цікавую тэндэнцыю дадзенай працы. У сваім творы У. I. Пічэта ўпарта змяшчаў цэнтр беларускай цывілізацыі на Смаленшчыну. Якой бачыў аўтар Беларусь? Гэта амаль выключна землі Полаччыны, Віцебшчыны, Смаленшчыны, Меншчыны. Пад Літвой ён разумеў, верагодна, сучасную Заходнюю Беларусь (Гродзеншчыну, Берасцейшчыну), а таксама Віленшчыну, што вынікае з усяго кантэксту кнігі. Магчыма, гэта тлумачыцца тымі настроямі, якія панавалі ў тагачасным беларускім грамадстве і ў партыйным і савецкім кіраўніцтве БССР. Якраз у гэты час адбывалася вяртанне ўсходніх беларускіх зямель (так званае «ўзбуйненне БССР» 1924 і 1926 гг.) — паветаў і асобных валасцей Віцебскай, Смаленскай і Гомельскай губерняў. Усё гэта патрабавала пэўнага ідэалагічнага абгрунтавання, што і было паспяхова выканана У. I. Пічэтам. Безумоўпа адно — пры ўсіх пэўных недахопах «Гісторыя Беларусі» Уладзіміра Іванавіча Пічэты была значным крокам наперад, і яна не згубіла сваёй каштоўнасці і ў наш час.