• Газеты, часопісы і г.д.
  • Гісторыя Беларусі  Уладзімер Пічэта

    Гісторыя Беларусі

    Уладзімер Пічэта

    Выдавец: Выдавецтва БДУ
    Памер: 179с.
    Мінск 2005
    62.95 МБ
    3.	Сельскае насяленне
    Нявольнае насяленне. Рабочыя нявольныя людзі — «чэлядзь нявольная», «парабкі», «рабы» — жылі пры гаспадарскіх і прыватнаўласніцкіх дварах, выпаўнялі розныя гаспадарчыя работы, атрымлівалі ўтрыманне ад уласнікаў або былі пасаджаны на невялікія зямельныя ўчасткі. Крыніцы рабства былі замацованы Статутам 1529 г. Чэлядзь нявольная ў XV ст. складала асноўную рабочую сілу гаспадарскіх і прыватнаўласніцкіх маёнткаў, але ў першай чвэрці XVI ст. яна ўтраціла сваё пераважнае гаспадарчае значэнне.
    Сялянства. Сельскае насяленне называлася «мужыкамі» і «падданымі» і дзялілася на дзве групы па сваім юрыдычным палажэнні — на прыватнаўласніцкае і гаспадарскае. Падзел сялянства на групы вызначаўся тымі павіннасцямі, якія адбывалі тыя ці іншыя групы сельскага насялення. Першую групу складалі людзі, адбываўшыя паншчыну і плаціўшыя аброк. Яны называліся цяглымі людзямі. Часамі аброк «дзякла» і «мезлева» пераводзіўся на грошы. Цяглыя людзі адбывалі яшчэ і фурманачную павіннасць. Другую групу складалі сяляне, якія абслугоўвалі патрэбы дворнае гаспадаркі і адбывалі спецыяльныя службы. Да яе адносяцца: конюхі, конюхі-сядзельныя, машталеры, кабыльнікі, стаднікі, пастухі, свінары, бортнікі, падлазнікі, рыбаловы, неваднікі, баброўнікі, асочнікі, лаўцы, мысліўцы, стральцы, псарцы, сакольнікі, пташнікі, буднікі, смаляры, садоўнікі, млынары і інш. Да наступнай групы адносяцца рамеснікі: кухары, пекары, півавары, медасытцы, калёснікі, саннікі, бондары, краўцы, рымары, скурнякі і інш. Сяляне-даннікі складалі значную масу насялення. Да іх адносяцца ўсе тыя сельскія элементы, хто плаціў гаспадару дані з даходаў ад эксплуатацыі мясцовых добр. Дань была мядовая, бабровая, кунічая. Асобную групу складалі асадныя сяляне, што сядзелі на зямельных надзелах і плацілі чынш. Чыншавае сялянства перш за ўсё з’явілася на Падляшшы і Жмудзі. Вышэйшую катэгорыю сельскага насялення складалі слугі путныя, шчытныя, конныя. Яны адбывалі вайсковую службу, выпаўнялі розныя даручэнні, а гэтаксама адбывалі і паншчыну пэўнага характару.
    Юрыдычнае становішча. Прыватнаўласніцкае сялянства дзялілася на дзве групы: перахожых і непахожых. Першыя мелі права пераходу ад аднаго землеўласніка да другога. Да XVI ст. гэта група паступова змяншаецца. Затое павялічваецца лік непахожых людзей. Людзі, утраціўшыя права выхаду, называліся гэтаксама «отчічамі». Гэта падданыя людзі. Паншчына — ранняга пахаджэння. Ужо прывілей 1447 г. «ізвечных людей» выдзяляе ў асобную катэгорыю. Насяленне, што знаходзілася пад паншчынай, падлягала юрысдыкцыі свайго пана, які меў права на працу і на маёмасць свайго падданага. Паншчына ўтварылася на падставе эканамічнай запазычанасці. Эканамічна слабыя, прасядзеўшыя на адным участку зямлі дзесяць год, станавіліся «засядзелымі людзьмі». Статут 1529 г. замацаваў земскую даўнасць. Вотчыцаў можна было купляць без зямлі, перадаваць іх па наследству. Сяляне гаспадарскія не былі прымацованы да сваіх зямельных участкаў. Гэтак званыя гаспадарскія вотчыцы маглі пакінуць свой зямельны ўчастак, пасадзіўшы на сваё месца другога чалавека, з пералажэннем на яго ўсіх сваіх служб. Цяглае сялянства складала асноўную масу сельскага насялення ў гаспадарскіх дварах заходніх воласцей. Усходнія прыдняпроўскія і падзвінскія воласці былі населены даннікамі, якія складалі валасное грамадства і карысталіся самасправаваннем. Выяўнікам волі даннікаў з’яўлялася веча, а старасты, выбраныя на вечах, выпаўнялі пастановы веча, збіралі з насялення дані для перадачы адміністрацыі, якая зносілася з насяленнем беспасярэдна, толькі праз выбарных валасных старцаў. Апошнія сачылі за тым, каб адносіны паміж валаснымі грамадамі і ўрадовымі агентамі будаваліся па-старому, і не дапускалі нарушэння старасвецкіх традыцый.
    К) Палітычны ўклад
    Вялікі князь. Увасабленнем дзяржаўнай улады быў вялікі князь. Акт Гарадзельскай уніі 1413 г. прызнаў за Вялікім княствам права на самастойнае ўнутранае кіраўніцтва і пры існаванні уніі з Полыпчай. Спачатку вялікі князь быў толькі намеснікам польскага караля, але з паловы XV ст. Літва мае асобных вялікіх князёў, якія з’яўляюцца ў той жа час і польскімі каралямі. Гарадзельская унія 1413 г. устанавіла парадак абрання вялікага князя, але гэты парадак ніколі не быў ажыццёўлены. Вялікі князь абіраўся аднабочна — толысі Вялікім княствам Літоўскім. Такімі абраннікамі былі: Казімір, Аляксандр, Жыгімонт I і Жыгімонт II Аўгуст. Да канца XV ст. улада вялікага князя юрыдычна была не абмяжована, але фактычна яна знаходзілася ў сферы ўплыву літоўскіх магнатаў. Прывілеі 1492 і 1506 гг. замацавалі за радай яе фактычнае палажэнне. Улада гаспадара была абмяжована арыстакратычнай установай. У адносінах да зямель-анексаў улада вялікага князя абмяжоўвалася мясцовымі канстытуцыямі. У адносінах да іншых зямель вялікі князь з’яўляецца княземайчыннікам. Кола дзейнасці вялікага князя абымае ўсе праявы дзяржаўнага жыцця як у галіне загранічнае, так і ўнутранае палітыкі. Вялікі князь клапаціцца аб абароне краю, выдае заканадаўчыя акты, прызначае на ўрады, вырашае
    спрэчныя справы, наглядае за кіраўніцтвам дзяржаўных маёнткаў, вырашае пазямельныя спрэчкі, справы аб рабаваннях, гвалтах, вядзе дыпламатычныя зносіны, абвяшчае вайну і завязвае мір.
    Гаспадарская рада. Гаспадарская рада — установа старажытнага пахаджэння. Кожны ўдзельны князь меў каля сябе ўласную раду. Вітаўт у барацьбе з Полыпчай заўсёды абапіраўся на мясцовых землеўласнікаў. Пры Вітаўту рада складалася з каталіцкіх біскупаў, прыдворных вяльможаў, краінных уладароў. У канцы XV ст. склад рады канчаткова вызначыўся. У яе ўваходзілі каталіцкія біскупы, вышэйшыя земскія і дворныя ўраднікі, ваяводы і старасты. Членамі рады маглі быць толькі католікі. 3 XVI ст. у раду пачынаюць пранікаць і праваслаўныя вяльможы. Рада знаходзіцца пры гаспадару. Яна працуе разам з ім. У палове XV ст. яна адасобнілася ад гаспадара. 3 прычыны частых ад’ездаў Казіміра ў Польшчу рада вырашала самастойна шмат якія дзяржаўныя справы. Правы рады былі азначаны прывілеямі 1492 і 1506 гг., надаваўшымі ёй заканадаўчыя функцыі. Дзейнасць рады была разнастайнай. 3 прычыны разнастайнасці і складанасці спраў была ўтворана пры вялікім князю і радзе канцылярыя з канцлерам на чале і скарб з падскарбіем земскім. Рада ў поўным складзе магла збірацца параўнаўча рэдка. 3 XV ст. функцыянуе асобная «передняя рада», цуды ўваходзілі асобы, найбольш блізкія да гаспадара, з ліку вяльмож, меўшых права засядаць у гаспадарскай радзе.
    Вялікі вальны сойм. Зараджэнне вялікага вальнага сойма можна аднесці да моманту завязання трэцяй уніі з Полыпчай (1401). Спачатку на з’ездах прымалі ўдзел толькі літоўскія князі і паны. На сойме 1413 г. была прысутна і шляхта, але пануючая роль засталася за магнатамі. У выніку нацыянальна-палітычнае барацьбы пры Казіміру на соймах паяўляюцца беларускія і ўкраінскія землеўласнікі. На соймах прымалі ўдзел князі і паны пагалоўна, а з шляхты — толькі «старшыя шляхцічы». На соймах XV ст. займаліся пытаннямі замежнай палітыкі, завязаннем уніі з Польшчай, абраннем гаспадара. У XVI ст. кампетэнцыя вялікага вальнага сойма пашыраецца. Соймы прымаюць меры па абароне дзяржавы, вырашаюць пытанні аб вайне і міры, назначаюць новыя налогі, выдаюць новыя законы, укладаюць Статут 1529 г., крытыкуюць дзейнасць бягучае адміністрацыі. На соймах першай чвэрці XV ст. змяняецца склад шляхецкага прадстаўніцтва. На сойме ў 1512 г. прысутнічалі прадстаўнікі па 2 ад кожнага павета. Разам з пасламі прыязджалі на сойм знатныя асобы па запрашэнні гаспадара. Сойм падзяляўся на два колы: рыцарскае ў складзе дэпутатаў ад паветаў і асоб, атрымаўшых запрашэнне ад гаспадара, і паноў-рады. Умацаванне палітычнага значэння сойма памяншала аўтарытэт рады, а гэта сведчыла аб тым, што значэнне сярэдняга і дробнага землеўладання павялічваецца. Пастановы сойма не звязваюць волі гаспадара, але фактычна яны з’яўляліся абавязковымі.
    Цэнтральная адміністрацыя. Пахаджэнне органаў цэнтральнае адміністрацыі злучана з пашырэннем урадовай дзейнасці вялікага князя і размежаваннем паміж інтарэсамі прыдворнае гаспадаркі і інтарэсамі дзяржаўнымі. Новыя
    заданні ў галіне замежнай і ўнутранай палітыкі былі невыканальны без пасярэдніцтва адпаведных урадовых асоб. Такім чынам, з ліку прыдворных ураднікаў выдзяляліся ўрадовыя асобы, якім падлягалі пытанні дзяржаўнага характару. Да агульназемскіх органаў адносіцца: падскарбі земскі, які загадваў усімі даходамі ў гаспадарскі скарб; канцлер — начальнік дзяржаўнай канцылярыі; гетман найвысшы, які камандаваў арміяй у часе вайны, калі армія не знаходзілася пад беспасярэдным камандаваннем вялікага князя. У руках гетмана быў суд над вінаватымі ў нарушэнні службовай дысцыпліны, а гэтаксама над усімі, што знаходзіліся пад яго камандай, па жалабах адзін на другога і па жалабах на іх з боку мясцовых грамадзян. Усе гэтыя ўрадовыя асобы падлягалі прыказам гаспадара. Яны не маглі праяўляць ніякай ініцыятывы ў сферы іх ведамства.
    Прыдворныя ўраднікі. Спачатку колькасць прыдворных ураднікаў была нязначнай, але з працягам часу лік іх павялічыўся. Да іх адносяцца: маршалкі земскі і дворны, якія загадвалі прыдворным цырыманіялам, прыёмам гасцей, прыязджаўшых да гаспадара, назначалі кватэры станам сойма, прыехаўшым на сойм, публікавалі абавязковыя пастановы на месцы прабывання гаспадара; падчашы, у веданні якога знаходзілася пітво; чашнік, які наліваў пітво; кройчы, які разрэзваў стравы; стольнік і падстолі, якія загадвалі накрываннем стала; кухмістр, які загадваў кухняю; канюшы — прыдворнымі стайнямі; лоўчы — паляўніцтвам; падкаморы — абсталяваннем унутраных пакояў; ложнічы — гаспадарскай супачывальняй; мечнік, які трымаў гаспадарскі меч у часе цырымоніяў; падскарбнік дворны, загадваўшы спецыялыіа гаспадарскімі даходамі.
    Правінцыяльнае кіраўніцтва. У пачатку XV ст. Вялікае Літоўскае княства дзялілася на два ваяводствы: Віленскае і Трокскае. 3 пачатку XVI ст. ваяводствамі пачалі называцца і паасобныя землі: Кіеўская, Полацкая, Віцебская і Смаленская. Жмудская і Валынская землі называліся староствамі. Ваяводства дзялілася на паветы і дзяржавы. У краінах-ваяводствах сядзелі намеснікі, з часам — ваяводы і старасты. Гэта прадстаўнікі вялікакняскае ўлады. На свае ўрады яны назначаліся вялікім князем, згодна адпаведным артыкулам краіннай канстытуцыі. Урады былі дажывотныя. У руках адміністратараў была вышэйшая судовая ўлада. Яны з’яўляліся начальнікамі над ваеннаю сілаю краіны. Кіравалі гаспадарскімі маёнткамі, клапаціліся аб абароне краіны, раздавалі пустую зямлю пры ўмове, што дзяржаўцы павінны адбываць земскую службу. Прадстаўнікі ніжэйшае правінцыяльнае адміністрацыі называліся намеснікамі, дзяржаўцамі і цівунамі. Дзяржавы раздаваліся «до волі і ласкі господарской» або «до жівота». Дзяржаўцы карміліся коштам сваіх дзяржанняў. У іх карысць паступалі і некаторыя судовыя падаткі.