Гісторыя Беларусі
Уладзімер Пічэта
Выдавец: Выдавецтва БДУ
Памер: 179с.
Мінск 2005
6. ЗАКАНАДАЎСТВА I СУД
Статут 1566 г. Першы літоўска-беларускі Статут 1529 г., уяўляючы сабой заканадаўчы зборнік, у якім атрымалі юрыдычнае афармленне ўсе палітычныя і грамадзянскія прывілеі магнатаў, не мог здаволіць шырокія шляхецкія колы, якія ўжо ўсвядомілі сваё палітычнае значэнне к палове шаснаццатага сталецця. Шляхецкая ідэалогія, высунуўшая мысль аб раўнапраўі ўсіх членаў шляхецкага стану, не магла пагадзіцца з такім становішчам і, заняўшы ваяўнічую пазіцыю, пачынаючы з 1540—1560-х гг. пачала падаваць вялікім князям «чалабітныя» аб папраўцы Статута. Упершыню з такой просьбай шляхта звярнулася да вялікага князя на Берасцейскім сойме 1544 г. Да гэтае просьбы Жыгімонт I аднёсся прыхільна. Жыгімонту I і літоўскім радным панам прыйшлося пайсці на ўступкі і, прызнаючы просьбу шляхты ў істоце зусім справядлівай, прыйшлося ўтварыць камісію з дзесяці асоб «яко з латінского, так і греческого закона», «людей добрых, поважных». Гэтай камісіі даручалася «тые артыкулы, вод-
луг патребы і водлуг Бога і речы справедлівое, поправіті, а іншыі прічініті і на першом сойме перед паны-радамі іх мілостью і всімі княжаты, паняты і всіх рыцерства іх оказать, где потом через посполітый сойм, на што вся земля зволіт, мают оныі артыкулы быть уфалены і пріняты з его мілості господарскім дозволеньем, што ся іх мілості слушного будет відеті». На Віленскім сойме 1551 г. шляхта зноў звярнулася да вялікага князя з паўторнай просьбай аб зменах у Статуце. На гэты раз Жыгімонт Аўгуст і магнаты былі прымушаны, у сілу гаспадарскага адказу на сойме 1544 г., утварыць камісію з дзесяці з яе месцапрабываннем у Вілый. Праца камісіі пасоўвалася наперад вельмі марудна. Укладаіше праекта новага Статута было закончана ў 1563 г., але канчатковае зацвярджэнне Статут атрымаў у Вільні 11 сакавіка 1566 г. На Берасцейскім сойме 1566 г. і на Горадзенскім 1568 г. у Статут 1566 г. былі ўнесены папраўкі.
Склад і змест Статута 1566 г. Згодна з патрабаваннем шляхты ў Статут 1566 г. былі ўпісаны: а) тэкст агульназемскага прывілея 1551 г.; б) прывілей 8 чэрвеня 1563 г. аб раўнапраўі асоб шляхецкага пахаджэння праваслаўнае рэлігіі з рымска-каталіцкай шляхтай; в) Бельскі прывілей ад 1 ліпеня 1564 г., якім магнаты адмаўляюцца ад асобнай падсуднасці; г) Віленскі прывілей ад 13 снежня 1564 г. аб утварэнні павятовых соймаў; д) акт пацвярджэння Статута ад 11 сакавіка 1566 г. Статут другой рэдакцыі складаецца з 14 раздзелаў, падзеленых на артыкулы. Раздзел першы ахвярован «пэрсоне господарской»; раздзел другі — абароне земскай; раздзел трэці — шляхецкім вольнасцям і памнажэнню Вялікага княства Літоўскага; раздзел чацвёрты — арганізацыі судоў; раздзел пяты датыча пасагу і вена; раздзел шосты — аб апецы; раздзел сёмы — аб запісах і продажы; раздзел восьмы — аб тэстаментах; раздзел дзевяты — аб правах земскіх; раздзел дзесяты — «о ловы, о путы і о дереве бортнех»; раздзел адзінаццаты — «о кгвалтех і о головшчізнах шляхецкіх»; раздзел дванаццаты — «о головшчізнах і о павезках людей посполітых»; раздзел трынаццаты — «о грабежах і навезках»; раздзел чатырнаццаты — «о злодействе всякого стану». Галоўнай крыніцай Статута 1566 г. з’яўляецца Статут 1529 г., старадаўнія звычаі, соймавыя ўхвалы, польскае права, рымскае і нямецкае права. Апошнія крыніцы мелі павярхоўны ўплыў, знаёмілі са спосабамі кадыфікацыі. У Статуце 1566 г. уплыў польскага права ў параўнанні з Статутам 1529 г. больш значны.
Значэнне Статута 1566 г. Другі Статут падрахоўвае вынікі палітычнай і юрыдычнай мыслі іпляхецкага стану. Ён сведчыць аб перамозе шляхты над магнатамі, закладвае фундамент пад дыктатуру шляхецкага стану. Новы Статут, з’яўляючыся развіццём праўных інстытутаў першага Статута і ў той жа час адбіваючы ў сабе ўплыў польскага права, уяўляе сабой знакаміты юрыдычны помнік, у якім адбіваецца культурнае становішча літоўска-беларускае шляхты.
Асновы Статута 1566 г. Статут 1566 г. распаўсюджвае сваю дзейнасць на прадстаўнікоў землеўласніцкага стану. Вялікі князь звязан у сваёй дзейнасці юрыдычнымі нормамі, змешчанымі ў другім Статуце. Правы Статута абавязковыя для ўсіх грамадзян Вялікага княства. Ніякія судовыя імунітэты не дзейны. Статут забяспечвае асабовую незачэпнасць і індывідуальную адказнасць за
праступленні. Уласнасць незачэпная. Нерухомая маёмасць падлягае канфіскацыі, калі яе ўласнік учыніць дзяржаўнае праступленне. Дзеці, якія ўладаюць маёмасцю асобна ад бацькі, учыніўшага дзяржаўнае праступленне, а гэтаксама жоны, нічаго не ведаўшыя аб праступках сваіх мужоў, але ўладаючыя асабіста ім прыналежнай нерухомай маёмасцю, захоўваюць сваю нерухомасць у незачэпнасці. Шляхта карыстаецца правам распараджацца сваёй рухомай і нерухомай маёмасцю ў межах статутнага заканадаўства. Права ўладання рухомасцю і распараджэння ёю прыналежыць і жанчынам. Праступленні супроць асобы і ўласнасці падлягаюць адпаведнаму пакаранню. Асоба шляхціца карыстаецца асаблівай апекай закона ў параўнанні з асобай простых людзей. Шляхціцы маюць права прымаць удзел у сойміках дзеля абрання паслоў на сойм і складу земскага суда. Шляхецкі стан карыстаецца правам удзелу ў вышэйшай заканадаўчай установе — вальным сойме праз сваіх паслоў, выбраных на сойміках. Уладанне ўсімі відамі зямельнага карыстання цягне за сабой абавязак вайсковае службы на ўмовах, пастаноўленых на вялікім вальным сойме. Асоба гаспадара незачэпна. Злачынствы, пакірованыя супроць асобы гаспадара і дзяржавы, караюцца асаблівымі спосабамі пакарання. Да дзяржаўных праступкаў адносяцца: змова і бунт супроць асобы гаспадара; фальшаванне манеты; спроба гвалтоўным спосабам захапіць трон; бунт супроць гаспадара і дзяржавы; прывод у дзяржаву непрыяцельскага войска; дапамога непрыяцелю; здача замка; уцёкі з ліхімі замерамі за граніцу.
Судаўніцтва. Статут 1566 г. задаволіў жаданні шляхецкага стану мець суды на ўзор польскіх. Новым Статутам у Літве і Беларусі ўводзіліся тры катэгорыі судоў: земскі, падкаморскі і замкавы.
Суд земскі. Новы земскі суд складаецца з суддзі, падсудка і пісара, якія ў колькасці чатырох кандыдатаў абіраюцца на павятовых сойміках і падаюцца на зацвярджэнне гаспадара. Дзелаводства павінна весціся «по руску літэрамі і словы рускімі, а не іншым языком і словы». Новаму суду падсудны ўвесь шляхецкі стан у яго цэлым. Земскаму суду падсудны ўсе справы грамадзянскага і крымінальнага характару, за выключэннем толькі такіх спраў, якія падлягаюць кампетэнцыі замкавага суда. Суддзямі не могуць быць духоўныя асобы, урадовыя асобы ў павеце. Абранне гэткіх прымушае іх пакідаць адміністрацыйныя абавязкі. Суд адбываецца асабістым складам суда. Заступніцтва дазволена толькі ў выпадку хваробы і асабістай зацікаўленасці суддзяў у падлягаючай суду справе. Пры кожным судзе павінны быць заведзены спецыяльныя кнігі. Шляхціцы падлягаюць юрысдыкцыі суда на месцы знахаджэння іх маёнткаў. Асобы, уладаючыя маёнткамі ў некалькіх паветах, падсудны суду таго павета, у якім знаходзіцца большая частка іх нерухомасці. Судовыя сесіі бываюць тры разы на год. Судовыя сесіі не могуць адбывацца ў часе вялікага вальнага сойма, ваенных падгатаванняў і маравой пошасці. Апеляцыя на пастанову земскага суда падаецца на разгляд гаспадара. Суд вялікага князя адбываецца разам з панамі раднымі выключна на тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага ў часе прабывання тут вялікага князя.
Суд замкавы. Стараста судовага павета, дзяржаўшы замак або гаспадарскі двор, які можна было лічыць цэнтральным у павеце, выступаў у якасці замкавага, або «градскага», суддзі; яму былі падсудны: «наезд кгвалтовный на домы шляхецкіе, кгвалт в местах нашіх, о пожогу і разбоі на дарогах, кгвалтованне панен і невест, о злодейство, о фалш, о голову шляхецкое». Апрача гэтага, замкаваму суду падлягалі ўсе чужаземцы, учыніўшыя праступленне ў даным судовым павеце, і мясцовыя шляхціцы па ўсіх справах. Справы, падлеглыя замкаваму суду, судзіў сам ваявода або стараста, а ў яго адсутнасць — намеснік суда разам з «градскім» суддзёю з ліку павятовых аселых шляхціцаў. Нездаволеныя з судовае пастановы намесніка і «градскага» суддзі падавалі апеляцыйную скаргу ваяводзе або старасце. На суд апошніх скарга паступала беспасярэдна гаспадару.
Суд падкаморскі. Межавыя спрэчныя справы падлягалі кампетэнцыі падкаморскага суда ў складзе падкамор’я і каморніка. Падкамор’я прызначаў сам гаспадар з ліку аселых павятовых шляхціцаў. Абавязак падкамор’я быў дажывотным. Каморнікі, у ліку аднаго або двух, выбіраліся падкамор’ем з ліку «шляхтічов в повете оселых людей годных і стотечных», якія, перад тым як прыняць на сябе абавязак, прыносяць адпаведную прысягу перад павятовай адміністрацыяй. Каморнікі маюць права па распараджэнні падкамор’я разглядаць спрэчныя справы. Суд каморніка раўнаважны суду падкамор’я. Апеляцыя падаецца на разгляд гаспадара, які вырашае спрэчную справу тым, што пасылае на спрэчнае месца камісараў з ліку мясцовых павятовых шляхціцаў пры ўдзеле і правінцыяльнае адміністрацыі ў асобе кашталяна або маршалка павятовага, перад якімі падкаморы павінен паказаць усё дзелаводства па спрэчнай справе, якое падлягае або зацвярджэнню, або зменам.
Вынікі судовай рэформы. Новае судаўніцтва зрабіла суд роўным і даступным для ўсяго шляхецкага стану. Ніякія судовыя прывілеі цяпер не мелі месца. Шляхецкі склад суда быў лепшай забяспекай таго, што інтарэсы шляхціцаў будуць захованы пры разглядзе справы. Статут 1566 г. зменшыў судовыя падаткі. Суд стаў значна таннейшым у параўнанні з папярэдняй эпохай, а значыць, і болын даступным.
7. БЕЛАРУСКАЕ АДРАДЖЭННЕ
Агульны характар Адраджэння. Гандлёвыя сувязі з Заходняй Еўропай і паступовае павелічэнне з ёй тавараабмену, з аднаго боку, спрыялі развіццю шэрагу гарадскіх цэнтраў, якія прымалі вельмі выдатны ўдзел у заходнееўрапейскім тавараабмене; з другога боку, яны ўцягвалі ў кола тавараабмену ўласнікаў нерухомасцей і спрыялі награмаджэнню капіталу ў руках прадстаўнікоў землеўладання. Гандаль спарадзіў багатае мяшчанства і багатых землеўласнікаў. Гандлёвыя сувязі з Захадам пазнаёмілі літоўска-беларускіх землеўласнікаў з еўрапейскай культурай. Пранікненне апошняй у гарады і ў асяроддзе земле-
ўласнікаў выклікала ў Літоўска-Беларускай дзяржаве асаблівы гуманістычны рух, было прычынай літоўска-беларускага нацыянальнага Адраджэння. Як і заходнееўрапейскае Адраджэнне, беларускі нацыянальна-культурны рух меў індывідуалістычны характар. Індывідуалістычныя кірункі знайшлі сабе яскравы адбітак у літоўска-беларускім заканадаўстве, у пашырэнні рэфармацыйных ідэй і рэлігійных сект, у паяўленні нацыянальнае літаратуры, ва ўтварэнні літаратурнае беларускае мовы, у фармаванні новае беларускае інтэлігенцыі.