• Газеты, часопісы і г.д.
  • Гісторыя Беларусі  Уладзімер Пічэта

    Гісторыя Беларусі

    Уладзімер Пічэта

    Выдавец: Выдавецтва БДУ
    Памер: 179с.
    Мінск 2005
    62.95 МБ
    Гарадскі гуманізм. Новы культурны рух пачаўся перш за ўсё ў літоўскабеларускіх гарадах, куды пачалі пранікаць новыя рэфармацыйныя ідэі, якія, аднак, не пусцілі глыбокіх карэнняў у асяроддзі гарадскога грамадства. Барацьба паміж гарадскім станам і землеўласнікамі за эканамічныя прывілеі хутка паставіла мяшчанства ў варожыя адносіны да шляхецтва і да каталіцызму і пратэстантызму, паколькі апошнія станавіліся рэлігіяй варожага да мяшчанства стану. Барацьба са шляхецтвам і нападкі католікаў на праваслаўных прыдалі гарадскому гуманістычнаму руху нацыянальна-рэлігійны характар, што атрымала сваё выяўленне ў звязку з царкоўнай уніяй 1596 г. Гарадскі гуманістычны рух меў замкнёны характар і не выходзіў за межы горада. Вёска заставалася па-за сферай уплыву гарадской культуры.
    Друкарні. Паказчыкам культурнага руху на Беларусі можа служыць друкаванне кніг. Першая беларуская друкарня была адчынена ў 1525 г. у Вільні, куды была перанесена друкарня з Прагі, адчыненая там беларускім вучоным Францыскам Скарынам. У палове XVI ст. ужо функцыянавалі друкарні ў Вільні, Нясвіжы, Заблудаве, дзе працавалі рускія друкары Іван Фёдараў і Пётра Мсціславец, уцёкшы з Масквы. Асаблівае значэнне мела друкарня братоў Мамонічаў у Вільні. Дзякуючы пашырэнню друкарскае справы стала даступным Святое Пісьмо, пераложанае на народную мову, а гэтаксама разнастайныя апалагетычныя і дагматычныя творы, спрыяючыя павелічэнню цікавасці да рэлігійных пытанняў і рэлігійнае творчасці.
    Гуманіст Францішак Скарына. Ураджэнец Полацка, Францішак Скарына скончыў Кракаўскі універсітэт, затым вучыўся ў Падуанскім універсітэце ў Італіі. У 1517 г. Скарына быў у чэшскай Празе, дзе і залажыў першую беларускую друкарню. Палажыўшы ў аснову чэшскія пераклады Бібліі і Псалтыра, Скарына задумаў перакласці на беларускую жывую мову і надрукаваць іх. Але не ўсё задуманае магло быць выканана. Біблію Скарына выдаў не поўнасцю (22 кнігі). У 1519 г. Скарына перасяліўся ў Вільню, дзе залажыў друкарню пры падтрыманні бурмістра Якуба Бабіча. Першай кнігай, надрукованай у Вільні, быў Апостал (1525); затым паявілася царкоўнаславянская «Малая подорожная кніжіца». На гэтым і спынялася выдавецкая праца Скарыны. У 1530 г. друкарня згарэла ў часе пажару. Матэрыяльнае становішча Скарыны пагоршала. Культурная дзейнасць мусіла з канечнасці прыпыніцца. Кнігі, выданыя Францішкам Скарынам, хутка разышліся, але наступныя друкары надавалі новавыданым кнігам знадворны выгляд выданняў Скарыны. Перакладаючы Святое Пісьмо на родную мову, Скарына стараўся зрабіць яго даступным, зразумелым
    для шырокіх народных гушчаў. Для Скарыны Святое Пісьмо мае аграмаднае маральна-наўчальнае значэнне як крыніца жыццёвай мудрасці і Боскай праўды.
    Сымон Будны. Ураджэнец Беларусі, Сымон Будны атрымаў адукацыю ў Кракаўскай акадэміі, гаварыў і пісаў на беларускай і польскай мовах. Ён ведаў гэтаксама мовы: чэшскую, лацінскую, італьянскую, а гэтаксама грэцкую і яўрэйскую. Прытрымліваючыся кальвінізму, Сымон Будны быў пастарам у мястэчку Клецку, а затым пачаў схіляцца ў бок сацыніянства. Пакінуўшы сваё пастарства, С. Будны знайшоў прытулак і апеку ў багатага магната Яна Кішкі ў мястэчку Лоску. 3 С. Будным узнаўляецца традыцыя друкавання кніг на беларускай мове. У 1562 г. ён надрукаваў у Нясвіжскай друкарні кнііу «О оправданіі грешного человека перед Богом». 3 мэтай шырокага распаўсюджання пратэстантызму С. Будны друкуе там жа «Катэхізіс для простых людей руского языка в пытаніях і отказах». 3 1579 г. Сымон Будны выдаў Біблію, перакладзеную на польскую мову, празначаную для польскіх сацыніян. Яна была выдана ў Нясвіжы. 3 выданнем Бібліі на польскай мове Сымон Будны перастаў друкаваць кнігі на беларускай мове. Прычыны гэтага дагэтуль не высветлены. Магчыма, што прычынай гэтага была тая няўдача, якая спаткала яго Катэхізіс. Выдаючы на беларускай мове свой Катэхізіс, Сымон Будны меў на ўвазе як інтарэсы рэлігійнай прапаганды, так і развіццё беларускае мовы. Для С. Буднага ўсе мовы раўнапраўны, на ўсіх мовах можна «slowka pod niebiosa wynosic». Адзіную мову ў пытаннях рэлігійных С. Будны называе глупствам.
    Васіль Цяпінскі. Традыцыі Скарыны і Буднага ў далейшым цягу праводзіліся Васілём Цяпінскім, беларусінам па нацыянальнасці. Аб яго асобе мала што вядома. Спачатку ён быў нратэстантам, затым пачаў схіляцца ў бок сацыніянства. Яго сувязь з Будным не падлягае ніякаму сумненню. Абмылковыя погляды тых вучоных, якія лічаць В. Цяпінскага праваслаўным. В. Цяпінскі заканчвае нацыянальна-культурную справу, пачатую Ф. Скарынам і С. Будным. Ён перакладае на родную мову Евангелле. Матывам нацыянальна-культурнай дзейнасці Цяпінскага было замілаванне да свайго «зацного» народа. Перакладчыку Евангелля было цяжка, што беларускі народ у сучасны момант карыстаецца няўвагай. В. Цяпінскі высока ставіць славян, якія «з давного часу» на сваёй мове «слово Божіе выложілі і мелі і нам зоставілі». Заняпад нацыянальна-рэлігійнага пачуцця ў сучасным перакладчыку грамадстве ён тлумачыць адступленнем ад сваёй нацыянальнасці. Грубасць, рэлігійная няразвітасць, умысловы і маральны заняпад правадыроў народа — духавенства — усё гэта вельмі балюча адгукаецца на В. Цяпінскім. Гэта выклікала ў яго гарачае жаданне прыйсці на дапамогу свайму народу і прычыніцца да яго культурнага адраджэння, тым больш што «духоўныя настаўнікі пісьма рускага і слова Божага не знаюць, не разумеюць і не наўчаюцца». Праца, задуманая перакладчыкам, спаткала шмат перашкод на шляху да свайго здзяйснення, як з боку ўладык, гэтак і паасобных асоб, якія ганілі яе і не давалі ніякае дапамогі. He звяртаючы ўвагі на розныя непрыемнасці, Цяпінскі прыступіў да сваёй надзвы-
    чай адказнай і канечнай у культурна-нацыянальных адносінах працы. Знаёмасць з Евангеллем будзе, па думцы Цяпінскага, крыніцай далейшага духоўнага развіцця, бо «Бог пробудіт ку можнейшім наукам в слове своем ку стоточному розсудку і ку умеетності». У сваім перакладзе Цяпінскі стараўся быць дакладным і зразумелым прастатою сваёй мовы. Перакладчык лічыць, што ў яго працы могуць быць абмылкі, але ён просіць чытача не тлумачыць гэтых абмылак «нашой злості, але люцкой крепкості а неумеетності». 3 вялікімі матэрыялыіымі труднасцямі Цяпінскі пабудаваў на свой кошт «убогую друкарню», у якой і надрукаваў Евангелле Мацея, Марка і частку Лукаша. Пакінуты самому сабе і не падтрыманы грэцкімі коламі, варожымі пратэстантызму і яго новасцям, В. Цяпінскі не мог давесці да канца задуманае справы.
    Браты Мамонічы. Кузьма і Лукаш Мамонічы ўяўляюць сабой тып гуманістаў іншага характару. Віленскія мяшчане Мамонічы адчынілі пры дапамозе маскоўскага эмігранта Пятра Мсціслаўца друкарню. Мамонічы былі прадстаўнікамі артадаксальнае царкоўнае асветы. У іх друкарні друкаваліся кнігі на царкоўнаславянскай мове: Евангелле (1574), Псалтыр (1575). Культурная дзейнасць братоў Мамонічаў супала з націскам польскай матэрыяльнай і духоўнай кулыуры ў асобе іезуітаў, якая ў значнай меры змяніла матэрыяльнае становішча беларускага мяшчанства. Прадстаўнікі гэтае артадаксальнае асветы вельмі добра разумелі канечнасць асветы для барацьбы з іезуіцкімі сафізмамі, у паасобку — грунтоўную знаёмасць з кнігамі ўсходніх багасловаў: Дыяніса Арэапагіта, Яна Златавуста, Яна Дамаскіна і інш. Мамонічы падтрымлівалі перапіску з кансерватыўнымі дзеячамі шляхецкага гуманізму, з князем Андрэем Міхайлавічам Курбскім.
    Шляхецкія гуманісты. Гуманістычныя тэндэнцыі праніклі і ў шляхецкае асяроддзе. Развіццё народнае гаспадаркі спрыяла награмаджэнню капіталу ў руках землеўласніцкага саслоўя. Гэта дало магчымасць падарожнічаць па Еўропе паасобным асобам са шляхты. Шляхціцы не толькі падарожнічалі, але і вучыліся ў германскіх і італьянскіх універсітэтах, адкуль прывозілі з сабой нахіл да асветы, замілаванне да навукі і пазнання, імкненне да прышчаплення новых рэлігійных ідэй. Новая культура змяніла быт шляхецтва. Яна спрыяла пашырэнню тут роскашы. Новыя культурныя павевы і настроі выклікалі ў часткі шляхецтва кансерватыўную рэакцыю, якая, аднак, усведамляла канечнасць шырокае асветы, хоць бы і ў старацаркоўным духу.
    Гуманіст-кансерватар князь Курбскі. Цэнтрам кансерватыўнага кірунку ў беларускім гуманізме быў князь A. М. Курбскі, эмігрант з суседняй Масковіі. Курбскі — прыхільнік стараправаслаўнай традыцыі і абаронца арыстакратыі ў Маскве. На Літве-Беларусі маскоўскі ўцякач быў прыняты гасцінна і атрымаў ад вялікага князя Ковельскае староства (1564). Стыкаючыся з прадстаўнікамі беларускае шляхты, князь A. М. Курбскі аднёсся адмоўна да новае асветы. Начытаны ў Святым Пісьме і кнігах айцоў царквы, князь Курбскі быў з боку інтэлектуальнага выдатнай фігурай. Ён вядзе разнастайную перапіску. У ліку яго карэспандэнтаў былі князь К. Астрожскі, браты Мамонічы, княгіня Чарта-
    рыйская, вучань старца Арцёма нейкі Макар і інш. Курбскі пратэстуе супроць розных рэлігійных захапленняў, перасцярэі'чы ад якіх можа толькі грунтоўная знаёмасць са Святым Пісьмом і айцамі царквы. З’яўляючыся прыхільнікам асветы, без якое немагчыма змаганне з сафізмамі іезуітаў, князь Курбскі патрабуе, каб асвета мела нацыянальна-рэлігійны характар, угрунтованы на навуцы праваслаўнае царквы. 3 гэтага боку Курбскі абураны ўсялякімі нападамі на праваслаўную царкву, асабліва калі пашыраныя каталіцкім касцёлам новыя догматы стараліся апраўдаць «філонізмамі Арыстотэлеўскімі». Гэтаксама адмоўна адносіўся князь Курбскі да г. зв. «вольномыслій», у выніку якіх шмат якія «апостольскіе словы преврашчают, разврашченно толкуют і на святых хулу возлагают». I пераклад Скарынін Святога Пісьма выклікае з боку маскоўскага ўцекача адмоўныя адносіны. Новым перакладам Святога Пісьма, вельмі блізкім да перакладу Бібліі Лютэра, нельга карыстацца, каб ухіліцца спакушэння. Прыхільнік старое царкоўнае асветы, князь Курбскі лічыць канечным бараніць ад нападаў з розных бакоў праваслаўную веру. Дзеля гэтай мэты з’яўляецца канечна патрэбным пераклад царкоўна-наўчальных твораў на славянскую мову, хаця ўсе труднасці гэткае справы зусім дакладна разумеў Курбскі. З’яўляючыся прыхільнікам усходнеславянскае культуры, князь Курбскі не быў безумоўным ворагам польска-еўрапейскае культуры. Ён толькі баяўся, што моладзь, пападаючы ў новыя школы, адкінецца ад праваслаўя. Гэткім быў Курбскі. Яго праграма, занадта прымітыўная, не спаткала шырокага спачування ў шляхецтве. Феадальны кансерватар, прапавядаўшы феадальную культуру ў абставінах іншых гаспадарчых адносін, не меў паслядоўцаў. Кансерватараў у шляхецкім асяроддзі было занадта мала.