Гісторыя цывілізацый старажытнага свету Вучэбны дапаможнік для 5 класа

Гісторыя цывілізацый старажытнага свету

Вучэбны дапаможнік для 5 класа
Выдавец: Народная асвета
Памер: 318с.
Мінск 1993
93.36 МБ
Са старажытнейшых часоў біблейскі рай змяшчалі ў Міжрэччы, напэўна, таму, што яркая зеляніна пальмавых гаёў, пышныя сады з гранатавымі дрэвамі, урадлівыя палі, перасечаныя шматлікімі каналамі, уяўлялі сабой рэзкі кантраст у параўнанні з суседнімі бязводнымі пустынямі і мёртвымі гарамі.
Па Бібліі тут адбываецца будаўніцтва вавілонскай вежы, «вышынёй да нябёс», з якой звязваюць змешванне людскіх моў. У гэтых краях знаходзіцца адзін з сямі цудаў старажытнага свету — «вісячыя сады».
Міжрэчча не краіна з легенд і казак. Яна радзіма адной з самых старажытнейшых цывілізацый. Тут пісаліся яе першыя старонкі.
Тут выраслі вялікія ўмацаваныя гарады з палацамі і храмамі. Была створана густая сетка каналаў, з гацямі і дамбамі. Тут узніклі і першыя буйныя дзяржавы. Часта іх улада распасціралася далёка за межы Міжрэчча.
У новы час былая жытніца Старажытнага Усходу ператварылася ў стэпы і пу-
стыні, асабліва пасля спусташальных набегаў манголаў.
2.	Першыя археалагічныя раскопкі ў Міжрэччы. Руіны старажытных гарадоў былі засыпаны пяском і пылам, над імі выраслі ўзгоркі. Ужо самыя першыя археалагічныя раскопкі ў XIX стагоддзі адкрылі велізарны палац з раскошна аздобленым уваходам, вялікімі пакоямі і заламі. На іх сценах былі размешчаны каменныя пліткі з выразнымі малюнкамі дзівосных крылатых звяроў, фігурамі барадатых людзей, карцінамі палявання на львоў. Былі створаны вобразы палонных са звязанымі рукамі, паказаны запрэжаныя конямі калясніцы, якія імкліва рухаліся.
У Егіпце нічога падобнага не знаходзілі. Ніколі яшчэ вучоныя не бачылі такіх карцін і ў такой колькасці. Калі гэтыя пліткі выкласці ў адну лінію, даўжыня яе складзе 2 кіламетры.
Былі раскапаны і іншыя палацы. Уражваюць іх вялікія памеры. Некаторыя з гэтых збудаванняў мелі ў даўжыню да 700 метраў, у шырыню — да 500 метраў. У іх было знойдзена шмат розных рэчаў. Больш за ўсё здзівілі велізарныя каменныя скульптуры крылатых быкоў з чалавечымі галовамі. На адной каменнай пліце паказвалася, якім чынам сотні чалавек перавозяць такую скульптуру.
Вельмі каштоўную знаходку зрабілі ў адным з палацаў асірыйскіх цароў, збудаваных 2650 гадоў таму назад. Там было знойдзена прасторнае памяшканне, запоўненае прадметамі з гліны, на якія раней не звярталі ўвагі. Гэта былі дошчачкі з
акруглымі краямі, густа пакрытыя знакамі, якія нагадвалі сляды птушак на мокрым пяску. Выявілася, што гэта «гліняныя кнігі» старажытных жыхароў Міжрэчча, а запоўненае імі памяшканне — самая першая бібліятэка на Зямлі.
3.	Гліна і клінапіс. Чаму жыхары Міжрэчча выбралі такі незвычайны матэрыял для пісьма, як гліна? Як вы памятаеце, старажытныя егіпцяне пісалі чарнілам на папірусе, які вельмі падобны на нашу паперу.
Справа ў тым, што гліна была адным з самых распаўсюджаных прыродных багаццяў Міжрэчча. У першую чаргу з яе рабілі цэглу для ўзвядзення палацаў, храмаў і жылых памяшканняў. Спачатку цагліны сушылі толькі на сонцы. А потым іх сталі абпальваць у спецыяльных пячах. Такая цэгла ў сваёй трываласці не ўступала каменю. Глінай замазвалі шчыліны ў караблях, з яе рабілі пасуду, бочкі, лямпы і нават сярпы з касцяной, каменнай ці металічнай рэжучай часткай. Паводле старажытнай легенды, багі нават чалавека стварылі з гліны. А самі людзі ляпілі з гліны статуэткі багоў, духаў, жывёл.
Як пісалі на гліне? Бралі кусок гліны, намочвалі яго вадой і добра ўміналі, каб атрымаць густое, вязкае цеста. Затым яму надавалі такую форму, каб зручна было класці на далонь. Таблічкі былі круглыя, квадратныя ці прамавугольныя, плоскія ці злёгку выпуклыя. Але часцей за ўсё гэта былі прамавугольныя дошчачкі, даўжыня якіх была ў два разы большая за шыры-
ню. Гліна трошкі падсыхала — і можна было пісаць. Але чым?
Для пісьма рабілі з трыснягу палачку. Ролю нашага пяра, ці стрыжня, выконваў выразаны на канцы трохвугольнік. Калі яго прыціснуць да таблічкі з мяккай гліны — атрымаецца адбітак у выглядзе кліна. Таму сам від пісьма называецца клінапіс. 3 асобных кліноў атрымліваліся пісьмовыя знакі. Кожны з іх раней, да вынаходства клінапісу, меў выгляд маленькага малюнка. У Міжрэччы, як і ў Егіпце, самая старажытная пісьменнасць складалася з асобных малюнкаў.
4.	Аб чым апавядаюць клінапісныя тэксты? Сакрэт чытання клінапісу быў забыты ў першыя вякі нашай эры. Адначасова з першымі раскопкамі вучоныя занава навучыліся чытаць клінапісныя тэксты. Асабліва вялікі інтарэс, і не толькі сярод вучоных, выклікаў змест апавядання, напісанага яшчэ ў III тысячагоддзі да н. э. Там быў апісаны сусветны патоп, калі пасля вялікага ліўня вада заліла ўсю Зямлю і загубіла ўсё жывоеЗастаўся ў жывых толькі галоўны герой апавядання.
Вучоных здзівіла тое, што раней гэты расказ, з усімі падрабязнасцямі, быў вядомы з Бібліі. Да адкрыцця клінапісных тэкстаў лічылі, што Біблія з’яўляецца самай старажытнай на Зямлі кнігай. Аднак клінапісныя тэксты больш старажытныя, чым Біблія, і наогул з’яўляюцца аднымі з першых на Зямлі. Яны маюць самы розны змест. Гэта і літаратурныя творы, старажытныя законы, навуковыя працы, летапісы. Іх змест дапамагае вывучыць цывілізацыю старажытнага Міжрэчча.
С л о ў н і к.
Кантраст — рэзка вызначаная процілегласць.
Дамба — вал з зямлі ці каменю, які захоўвае ад затаплення паводкай.
Легёнда — народнае паданне.
Лётапіс — запіс падзей па гадах іх адбыцця.
?	1. Што было вядома аб цывілізацыі Міжрэчча ў
старажытнасці? 2. Раскажыце аб першых археалагічных знаходках у Міжрэччы. 3. Як узнік клінапіс? 4. Аб чым апавядаюць клінапісныя тэксты?
Біблейскае апавяданне аб патопе
Гасподзь быў незадаволены паводзінамі людзей. Усе яны рабілі на зямлі штодзённае зло. Тады вырашыў ён знішчыць чалавечы род, затапіўшы ўсю зямлю вадою.
Адзіны праведны Ной знайшоў міласць у Бога. Вырашыў Гасподзь выратаваць Ноя і сказаў яму:
«Напоўнілася зямля крыўдай. Я знішчу яе разам з чалавекам. Ты ж зрабі каўчэг у трыста лакцёў з трыма ярусамі. Хай на яго ўзойдзе твой род, а таксама па пары ўсіх жывёл рознага полу. Бяры з сабой і ежу на некалькі дзён».
I Ной усё зрабіў, як наказаў яму Бог. Тады пачаўся дождж, які працягваўся сорак дзён і начэй. 150 дзён уздымалася вада. Памерла на зямлі ўсё жывое.
Але ўспомніў Гасподзь аб Ноі, і пачала вада пакідаць зямлю. А каўчэг затрымаўся на Арарацкіх гарах. Каб даведацца, калі вада пакіне зямлю, Ной выпусціў голуба. Двойчы голуб вяртаўся ні з чым. На трэці раз ён прынёс у дзюбе галінку масліны. I даведаўся Ной, што высахла зямля.
I тады сказаў Гасподзь Ною:
«Выхадзі з каўчэга і вывадзі ўсіх. Няхай 76
яны памнажаюцца і рассяляюцца па зямлі».
Зноў Ной зрабіў, як наказаў Бог. А Гасподзь вырашыў не знішчаць чалавецтва, нягледзячы на тое што зло ў ім засталося.
§15. Міжрэчча на зары цывілізацыі
1.	Прыродныя ўмовы і прыродныя багацці. Рэкі Тыгр і Еўфрат пачынаюць разлівацца ад раставання снягоў у гарах Арменіі. Тады вада багата залівае палі і робіць іх урадлівымі. Але часам рэкі раптоўна выходзілі з берагоў і рабіліся жорсткімі ворагамі, змывалі пасевы і бурылі абвадняльныя збудаванні. Яшчэ часцей разлівы рэк былі слабымі і вады не хапала для пасеваў. Надыходзіў голад.
Былі і сапраўдныя катастрофы, калі паводкі пакрывалі значную частку тэрыторыі краіны, бязлітасна губячы ўсё жывое. У такіх выпадках прырода са страшэннай сілай паказвала сваю перавагу над чалавекам.
Зіма тут цягнецца ўсяго 8 тыдняў. Ужо ў лютым зелянеюць лугі. Клімат тут больш гарачы і сухі, чым у любой іншай частцы свету. Улетку спёка даходзіць да 60 градусаў. У гэты час гіганцкія пясчаныя смерчы нясуцца над перасохлымі палямі. Яны пагражаюць жыццю чалавека і жывёл. Дажджы выпадаюць вельмі рэдка. А калі і пойдзе дождж, дык гэта сапраўдны вадзяны паток з неба. Пад блісканне маланкі ён ператвараецца на зямлі ў мора гразі, у якім можна лёгка ўтапіцца.
У Міжрэччы было шмат вельмі ўрадлівай зямлі, якая пры арашэнні давала бага-
цейшыя ўраджаі. Але тут не хапала вельмі важных прыродных багаццяў — драўніны, каменя і металу. Прасторныя гаі фінікавых пальм не давалі неабходнага будаўнічага матэрыялу. Лес, а таксама камень і металы прывозілі з далёкіх краін.
Аб значэнні гліны ў жыцці мясцовых жыхароў мы ўжо казалі. Шырока выкарыстоўвалі трыснёг, які рос тут у неабмежаванай колькасці. Тугія звязкі трыснягу замянялі драўляныя бярвёны. Яны ўжываліся як апоры для стрэх для жылля і іншых збудаванняў. 3 яго плялі кошыкі, міскі, шкатулкі і скрыні, абцягваючы іх скурай.
Пагубны летні лівень у Міжрэччы. (Паводле вавілонскага верша)
«Нікому не спыніць усё губячага патопу.
Калі грыміць неба і здрыгаецца зямля,
Калі матак і дзяцей агарнае страшэнная цемра, Калі зялёны трыснёг гне пад маланкамі свае стромкія сцяблы.
I гіне паспеўшы да жніва ўраджай».
2.	Засяленне Міжрэчча і стварэнне арашальных сістэм. Берагі рэк Тыгра і Еўфрата, як і Ніла, у старажытнасці былі забалочаныя. Першыя жыхары, якія з’явіліся тут у VII тысячагоддзі да н. э., сяліліся па краях далін і на ўзвышаных месцах. Ім ужо былі вядомы земляробства і жывёлагадоўля. Жылі яны стала ў трысняговых хацінах, абмазаных глінай. Для земляробства знаходзілі прыдатныя палоскі зямлі, перад сяўбой апрацоўвалі іх матыкамі. Сеялі ячмень, разводзілі авечак і коз, а потым — свіней. Бліжэй да берагоў рэк былі вялікія балоты
з трысняговымі зараснікамі, дзе вадзілася шмат небяспечных драпежнікаў. Клімат з хмарамі назойлівых насякомых быў нездаровы. Бурныя паводкі рэк Тыгра і Еўфрата губілі жывёлу, пасевы і жыллё.
На працягу многіх стагоддзяў людзі асушалі балоты, стваралі арашальныя збудаванні. Рачная вада была асновай для вытворчасці галоўных жыццёвых прадуктаў. Добра было, калі вады хапала. А ў час вясенніх паводкаў прыходзілася змагацца з яе лішкам.
3.	Земляробства — асноўны занятак жыхароў старажытнага Міжрэчча. Палявыя работы пачыналіся восенню з разрыхлення матыкамі глебы. Сеялі ўручную, потым баранавалі. Усходы рупліва даглядалі, пастаянна палівалі.
Самай распаўсюджанай палявой культурай быў ячмень, хаця сеялі пшаніцу і проса. Ураджаі збожжавых былі вельмі высокімі. У некаторых выпадках з аднаго пасеянага зярняці вырастала 80. 3 алейных раслін вырошчвалі сезам (кунжут). Яго насенне ўтрымлівала '/з частку алею ад агульнай вагі.