Гісторыя цывілізацый старажытнага свету
Вучэбны дапаможнік для 5 класа
Выдавец: Народная асвета
Памер: 318с.
Мінск 1993
Каля 3000 г. да н. э. паўднёвы цар Міна захапіў Ніжнеегіпецкае царства. Так узнікла адзіная егіпецкая дзяржава.
На поўдні дэльты ён пабудаваў сталіцу — горад Мёмфіс. Ад другой назвы гэтага горада — Хет-ка-Птах — і паходзіць слова «Егіпет».
Паводле ўяўленняў егіпцян, іх цар быў жывым богам. Таму асабовае імя цара лічылася святым і вымаўляць яго ўголас забаранялася. Цара звалі пер-о, што значыць «Вялікі дом», ці «Царскі палац». Ад пер-о і ўтварылася слова «фараон». Так звычайна тытулуюць старажытнаегіпецкіх цароў.
Фараоны мелі бязмежную ўладу. Іх загады выконвалі тысячы чыноўнікаў розных рангаў.
3. Будаўніцтва пірамід. Нямымі сведкамі незвычайнай магутнасці егіпецкіх уладароў з’яўляюцца піраміды. Гэта збудаванні, дзе хавалі памершых фараонаў. Кожны старажытнаегіпецкі фараон пачынаў будаваць піраміду адразу пасля прыходу да ўлады. I будаваліся яны дзесяцігоддзямі. Да нашага часу ў добрым стане захаваўся першы цуд старажытнага свету — вялікая піраміда фараона Хеопса. Гэта самае вялікае збудаванне з каменю, зробленае за ўсю гісторыю чалавецтва. Піраміда мае вы-
шыню 146 м і складзена з 2300 тысяч велізарных гранёных глыб. Самыя лёгкія з іх важаць не меней чым 2,5 тоны. Вага самых цяжкіх дасягае 15 тон.
Уражвае не толькі сама велізарнасць гэтага гмаху, але і дасканаласць працы будаўнікоў. Камяні так шчыльна падагнаны адзін да аднаго, што паміж імі немагчыма прасунуць і ляза нажа.
I ў наш час дакладна невядома, як толькі з дапамогай медных, каменных і драўляных прылад працы егіпцяне будавалі піраміды.
Старажытны гісторык Герадот напісаў аб тым, як будавалі піраміду Хеопса. Узводзіць піраміду прымусілі ўсіх егіпцян. Былі нават зачынены храмы і спынены службы багам. Камень, здабыты ў каменяломнях на ўсходнім беразе Ніла, людзі павінны былі цягнуць да ракі. Там яго грузілі на караблі і перавозілі на другі бераг Ніла. Адтуль іншыя людзі дастаўлялі будаўнічы матэрыял да месца ўзвядзення піраміды. Пастаянна ў будоўлі працавала 100 тысяч чалавек. Праз кожныя тры месяцы іх мянялі на новых.
Толькі дзесяць гадоў будавалі дарогу, па якой дастаўлялі камень ад каменяломень. Саму піраміду складалі 20 гадоў.
У наш час па вузкаму ходу можна прайсці да памяшкання, дзе быў пахаваны Хеопс. Зараз там пуста. Амаль усе піраміды былі абкрадзены яшчэ ў старажытнасці.
Побач з пірамідай Хеопса высечаны з адной скалы сфінкс — статуя льва з галавой чалавека. Ен мае твар аднаго з фараонаў. Вышыня сфінкса большая за 20 мет-
раў, даўжыня тулава — 57 метраў. Ен мае жудасны выраз твару. 3 глыбокай старажытнасці яго завуць «бацькам жаху».
Будаўніцтва пірамід прынесла шмат пакут простым егіпцянам. Таму тысячагоддзямі трывала захоўвалася ў памяці народа самае нядобрае ўяўленне аб Хеопсе.
С л о ў н і к.
Чындўнік — чалавек, які знаходзіцца на службе па кіраванню дзяржавай.
Піраміда — вялікае каменнае збудаванне з чатырохвугольнай асновай і зыходзячыміся ўверсе трохвугольнымі гранямі.
! 1. У якіх абставінах складаліся сельска-суседскія
абшчыны? 2. Якімі былі самыя першыя дзяржавы на тэрыторыі Егіпта? 3. Калі ў Егіпце ўзнікла адзіная дзяржава? 4. Што сведчыць аб высокім развіцці будаўнічых уменняў егіпцян?
Успаміны вяльможы аб удзеле у будаўніцтве піраміды для фараона.
«Яго высокасць фараон загадаў мне прывезці вялікую каменную пліту з поўдня Егіпта. Усяго за 17 дзён я здалёку дацягнуў яе з каменяломні да берага Ніла. Там яшчэ за 17 дзён я збудаваў карабель даўжынёй у 30 і шырынёй у 15 метраў. Праз 17 дзён я давёз пліту да месца будаўніцтва піраміды».
§ 10. Росквіт старажытнаегіпецкай цывілізацыі
1. Егіпет пасля будаўніцтва вялікіх пірамід. Будаўніцтва пірамід дрэнна адбілася на жыццяздольнасці краіны. Дзяржава пача-
ла слабець з кожным годам, а потым і зусім развалілася. Жыццё краіны непасрэдна залежыць ад абваднення палёў вадой Ніла. Цяпер яна не магла туды папасці. Разбурыліся абвадняльныя сістэмы. На некалькі стагоддзяў перастала існаваць самая вялікая дзяржава свету.
Вельмі марудна Егіпет вяртаўся да жыцця. Потым дзяржава ажыла, але на кароткі час. Пачаліся народныя паўстанні. I ў гэты ж час краіну заваявалі моцныя ворагі, якіх завуць гіксдсы. Справа ў тым, што да гэтага часу егіпцяне не ведалі аб існаванні коней. А гіксосы, як каняводы, мелі значную ваенную перавагу. У той час баявыя калясніцы, запрэжаныя конямі, былі галоўнай ударнай сілай.
У перыяд пасля будаўніцтва пірамід у егіпцян былі і поспехі. У гэты перыяд жыло многа таленавітых пісьменнікаў і паэтаў. Яны напісалі шмат цікавых твораў, у якіх адлюстравана жыццё простага народа: сялян, ткачоў, будаўнікоў і інш. Часта ў іх творах Хеопс выступае як сапраўдны губіцель народа, крывапівец. «Бацька гісторыі» Герадот піша: «Налічваюць 106 гадоў, у якія егіпцяне цярпелі ўсялякія беды... 3 нянавісці да гэтых цароў егіпцяне нехаця называюць іх імёны». У гэты час запісаны творы народнай творчасці, якія потым не будуць забывацца тысячагоддзямі.
У гэты час было пабудавана вялікае штучнае вадасховішча — Мерыдава возера («Вялікае возера»). 3 яго дапамогай у пустыні адваявалі шмат урадлівай зямлі.
2. Навакольны свет пасля будаўніцтва пірамід. За межамі Егіпта, у Пярэдняй Азіі,
за гэты час наступілі вялікія змены. 3 поўначы сюды прыйшлі народы, якім было вядома каняводства. Утварыліся новыя дзяржавы.
Адбыліся перамены ў гаспадарчым жыцці. Стала шырока ўжывацца бронза (сплаў медзі з волавам). А ў Егіпце не было свайго волава. У некаторых краінах навучыліся выплаўляць жалеза і рабіць .жалезную зброю.
3. Вызваленчая барацьба супраць гіксосаў. У час іх гаспадарання егіпцяне нацярпеліся вельмі многа. Прыйшлі ў заняпад абвадняльныя сістэмы. Гіксосы проста рабавалі народ, не думаючы аб краіне. Народ падняўся на вызваленчую барацьбу, на чале яе сталі правадыры з горада Фівы на поўдні Егіпта. Ім дапамагалі прадстаўнікі афрыканскіх плямён. Захопнікі былі выгнаны з краіны. 3 1600 г. да н. э. пачынаецца эпоха росквіту старажытнаегіпецкай цывілізацыі.
4. Ператварэнне Егіпта ў сусветную дзяржаву. Правадыры з Фіў, пад кіраўніцтвам якіх былі выгнаны захопнікі, пачалі аднаўляць краіну. Сталіцай краіны становяцца Фівы, вельмі вялікі і прыгожы горад. Усё новыя фараоны паходзяць з той сям’і, якая вярнула краіне незалежнасць. Яны ведалі аб тых пераменах, якія адбыліся ў навакольным свеце.
Фараоны сталі купляць і разводзіць коней. Рамеснікі навучыліся рабіць бронзу і баявыя калясніцы. Гэта лёгкія двухколавыя вазкі, у якія запрагалі пару коней. У калясніцу станавіліся два воіны: адзін правіў конямі, а другі страляў з лука ці меў
доўгае кап’ё. Для тых часоў гэта быў новы від зброі.
Каля 1500 г. да н. э. фараон Тутмас III пачаў свае ваенныя паходы ў Пярэднюю Азію, дзе можна было заваяваць багатыя краіны. Ен быў вельмі здольным палкаводцам і атрымаў шмат бліскучых перамог. Ен на поўначы заваяваў краіну Мітанні, якая была размешчана па берагах ракі Еўфрат. А таксама Палесціну, Сірыю і Фінікію, краіны на ўсходнім беразе Міжземнага мора. Яны славіліся лесам, тут было шмат багатых гандлёвых гарадоў.
Егіпцяне захапілі вельмі багатыя краіны, якія плацілі Егіпту золатам, лесам, тканінамі, табунамі коней. У Егіпет прыгналі і тысячы палонных, якіх ператварылі ў рабоў.
Найвышэйшага росквіту старажытнаегіпецкая цывілізацыя дасягнула пры першых пераемніках Тутмаса III. Яны не ваююць, а, карыстаючыся працай соцень тысяч рабоў, шмат будуюць. У іх час пабудаваны велізарныя палацы, храмы. Высякаюцца тысячы сфінксаў. Скульптуры фараонаў дасягаюць вышыні 20 метраў.
Потым пачынаецца барацьба за ўладу, у якую ўмешваюцца святары і храмавая знаць. Карыстаючыся гэтым, заваяваныя краіны вяртаюць незалежнасць.
Бяднее сярэдні пласт свабоднага люду. Многія з іх пападаюць у рабства за даўгі.
Пачынаюцца народныя хваляванні. Для барацьбы з імі фараоны сталі наймаць воінаў з ліку прадстаўнікоў афрыканскіх народаў.
У гэты час на Егіпет пачынаюць паспя-
хова нападаць іншыя народы. На поўдзень ад Егіпта ўтвараецца моцнае Эфіопскае царства. А ў гэты час ў арміі колькасць наёмнікаў перабольшыла лік егіпцян. Выкарыстаўшы такія абставіны, да ўлады прыходзіць звычайны наёмнік з ліку лівійцаў Шашонк. Ен нават захацеў вярнуць Егіпту былую моц, арганізаваўшы ваенны паход у Пярэднюю Азію.
Нягледзячы на перамогу ў Палесціне над Ізраільскім і Іудзейскім царствамі, Егіпет распадаецца на асобныя часткі, са сваімі незалежнымі царкамі. Надыходзіць KaHep незалежнасці краіны.
Старажытнаегіпецкая цывілізацыя праіснавала тры тысячы гадоў, зрабіла вялікі ўклад у культуру чалавецтва.
С л о ў н і к.
Гіксдсы. — у перакладзе з егіпецкай — «правадыры пастухоў з Азіі».
Лабірынт — палац са шматлікімі пакоямі і заблытанымі хадамі.
Наёмнік — воін, наняты за плату ў іншых краінах.
Скульптура; скульптар — майстар, які лепіць з гліны, выразае з дрэва або каменю, адлівае з металу мастацкія творы; скулыгтура — майстэрства ствараць такія вобразы.
! 1. Чаму Егіпет быў хутка заваяваны гіксосамі?
2. Чаму Фівы сталі новай сталіцай Егіпта? 3. За што Тутмаса III называюць першым сусветным захопнікам? 4. Што здарылася са Старажытнаегіпецкай дзяржавай пасля Тутмаса III?
Урывак з летапісу часоў Тутмаса III
Успрамянеў цар зранку. Яго Вялікасць паехаў на залатой калясніцы, упрыгожаны сваёй баявой зброяй. Яго Вялікасць пераадолеў ворагаў на чале свайго войска. Жах перад Яго Вялікасцю ўвайшоў у іх цела, іх рукі зрабіліся слабымі. Яны пакінулі сваіх коней, залатыя ды срэбраныя калясніцы. Быў захоплены шацёр галоўнага ворага. I ўсё войска ўзрадавалася. Яны ўсхвалялі Яго Вялікасць.
I вось уладальнікі той краіны прыпаўзлі на сваіх жыватах, каб схіліцца перад магутнасцю Яго Вялікасці ды спытаць дазволу дыхаць сваімі насамі. Бо велізарна моц Яго Вялікасці над усімі краінамі. I ўсе іх уладальнікі былі прыцягнуты да Яго Вялікасці з іх данінай срэбрам, золатам, каштоўным каменнем, збожжам, віном, быдлам і шмат чым іншым. Пасля гэтага Яго Вялікасць прызначыла новых уладальнікаў.
§ 11. Асноўныя рысы старажытнаегіпецкай рэлігіі
1. Жывёлы-багі. Іншаземных падарожнікаў у Егіпце вельмі здзіўлялі адносіны мясцовых жыхароў да дзікіх і хатніх жывёл, a таксама да розных птушак, рыб і насякомых. Амаль усе яны лічыліся багамі, некаторыя толькі ў пэўнай мясцовасці, а некаторыя па ўсёй краіне. 3 вялікай павагай адносіліся да кошкі, нельга было яе крыўдзіць. Забойства кошкі каралася смерцю.