• Газеты, часопісы і г.д.
  • Гісторыя цывілізацый старажытнага свету Вучэбны дапаможнік для 5 класа

    Гісторыя цывілізацый старажытнага свету

    Вучэбны дапаможнік для 5 класа

    Выдавец: Народная асвета
    Памер: 318с.
    Мінск 1993
    93.36 МБ
    Сеялі гарох, бабы, гарчыцу. Важнае месца займаў лён, з якога рабілі палатно. Льняное семя выкарыстоўвалася як лякарства.
    Садаводства адносілася да самых ганаровых заняткаў. Садоўнікі лічыліся асабліва руплівымі і ўмелымі работнікамі. Фінікавая пальма была найбольш распаўсюджаным садовым дрэвам. Яна пладаносіла на працягу 50—70 гадоў, даючы ў год да 50 кілаграмаў фінікаў. Свежыя і сушаныя
    фінікі былі звычнай ежай. 3 іх соку рабілі мёд. Размочаныя ў вадзе костачкі скормлівалі жывёле. Лісце ўжывалася для пляцення. 3 кары рабілі вяроўкі і пражу.
    Былі вядомы смакоўніца, гранатавае і тутавае дрэва, вінаград. На агародах садзілі цыбулю, салату, кроп, рэпу, буракі, радыску, агуркі. Займаліся развядзеннем кветак, у садах раслі ружы і лілеі.
    Шырока распаўсюджваецца развядзенне буйной рагатай жывёлы. Яе выкарыстоўвалі пры арашэнні, ворыве, малацьбе як цяглавую сілу. Ялавічыну ў ежу ўжывалі рэдка — яе больш ахвяравалі багам. У якасці мясных і малочных жывёл разводзілі авечак і коз. Ужывалі шмат свінога мяса. 3 хатніх ,птушак былі вядомы куры, гусі, галубы і паўліны. Для перавозкі цяжару і верхавой язды выкарыстоўвалі аслоў.
    Збудаванне арашальных сістэм садзейнічала значнаму павышэнню ўраджайнасці. Жыхары Міжрэчча пачалі збіраць вялікія ўраджаі, з'явіліся лішкі ежы. Гэта адкрывала магчымасць частцы насельніцтва перайсці ад земляробства і жывёлагадоўлі да іншых заняткаў.
    4.	Узнікненне рамяства. Ужо ў V тысячагоддзі да н. э. ганчары пачынаюць рабіць пасуду па заказах іншых людзей. За гэту працу ім плацілі збожжам і іншымі прадуктамі. Каменярэзы навучыліся рабіць каменныя вазы, чашы, кубкі. 3 медзі рабілі кінжалы і долаты.
    Прычынай маруднага развіцця рамяства ў Міжрэччы была адсутнасць сваёй драўніны, каменя і металаў. 3 IV тысячагоддзя іх здабывалі, робячы набегі на тыя краіны,
    дзе было многа таго ці іншага патрэбнага матэрыялу. 3 развіццём гандлю неабходную сыравіну выменьвалі на збожжа, шэрсць ці куплялі за срэбра.
    Галоўнымі матэрыяламі для рамяства служылі, у першую чаргу, тыя, якіх было шмат у Міжрэччы: гліна, трыснёг, шэрсць, лён, скура і іншыя.
    У рэлігіі старажытнага Міжрэчча адкрыццё рамёстваў прыпісвалася богу вады і мудрасці. Яго паважалі як апекуна і заступніка ганчароў, будаўнікоў, ткачоў, караблебудаўнікоў, шаўцоў, кавалёў і чаканшчыкаў.
    Развіццю гандлю ў Міжрэччы спрыяла выгаднае спалучэнне рэк з галоўнымі караваннымі шляхамі. Поспехі ў рамястве і гандлі спрыялі ўзнікненню гарадоў ужо ў IV тысячагоддзі да н. э. Самым вядомым з іх з’яўляецца горад Ур, які ўпамінаецца і ў Бібліі.
    Такім чынам, насельніцтва старажытнага Міжрэчча зрабіла вялікія поспехі ў арашаемым земляробстве, жывёлагадоўлі і рамястве — галоўных умовах узнікнення цывілізацыі.
    Слоўнік.
    Сезам (кунжўт) — паўднёвая травяністая расліна, з насення якой здабываецца алей.
    Смакоўніца — паўднёвае дрэва з сакавітымі салодкімі пладамі, падобнымі на маліну.
    Караван — група ўючных жывёл, якія перавозяць грузы, людзей у пустынях, стэпах.
    !	1. У чым рэкі Тыгр і Еўфрат адрозніваюцца
    ад ракі Ніл? 2. Назавіце галоўныя прыродныя багацці
    старажытнага Міжрэчча. 3. Якія земляробчыя культуры адыгрывалі найбольш важную ролю ў жыцці старажытных жыхароў Міжрэчча? 4. Раскажыце аб развіцці рамяства ў Міжрэччы.
    § 16. Старажытнейшыя дзяржавы Міжрэчча
    1.	Узнікненне дзяржавы ў Паўднёвым Міжрэччы. У IV тысячагоддзі да н. э. узнікае не менш дзесяці гарадоў. Кожны з іх меў навакольную акругу з некалькімі вёскамі. Гарады і іх уладары імкнуліся палепшыць сваё становішча. Гэта прывяло да бясконцых ваенных сутычак. У адрозненне ад ErinTa, Міжрэчча з усіх бакоў было адкрыта для пранікнення шматлікіх перасяленцаў. У такіх складаных абставінах узнікаюць гарады-дзяржавы. На чале іх былі правіцелі, якія адначасова з’яўляліся і галоўнымі жрацамі. Сэнс «правіцель» перадаваўся на пісьме словамі «вялікі чалавек».
    Правіцелі імкнуліся пашырыць межы сваіх уладанняў. Захавалася выява перамоганоснага правіцеля з кап’ём, наканечнік якога быў апушчаны ўніз. Перад ім са звязанымі рукамі сядзелі пакораныя ворагі, якім выколвалі вочы.
    У выніку такіх перамог павялічвалася тэрыторыя дзяржавы, расла ўлада іх правіцелей.
    Праца рабоў у гэты час выкарыстоўвалася мала. У рабскае становішча пераўтваралі ў асноўным жанчын. Арашальныя пабудовы рабілі абшчыннікі, як бедныя, так і сярэдняга дастатку.
    2.	Што расказалі знаходкі ў царскіх грабніцах горада Ура. У горадзе археолагі знай-
    шлі каля дзвюх тысяч грабніц, дзе былі пахаваны прадстаўнікі знаці. Побач было адкрыта 13 вельмі багатых царскіх захаванняў. Іх грабніцы ўяўлялі сабой падземныя цагляныя збудаванні з 4—5 памяшканняў. Знойдзенае ў іх дазваляе дакладна ўстанавіць, што адбывалася ў час пахавання цароў. Нябожчыка ўносілі ў склеп у суправаджэнні некалькіх знатных прыбліжаных. Гэтых людзей атручвалі ці забівалі. Пасля гэтага грабніцу замуроўвалі.
    Потым пачыналася другая частка пахавальнай дзеі. Да грабніцы падыходзілі прыбліжаныя, слугі, конюхі, музыканты з інструментамі, жанчыны, салдаты. Заязджалі калясніцы і павозкі. Усе трымалі ў руках маленькія кубачкі. У іх была атрута, якую ўсе адначасова выпівалі. Лічылася, што ўсе яны разам з пакойным царом пераходзяць у замагільны свет. Там яны будуць далей служыць свайму ўладару.
    Затым магільшчыкі клалі арфы на раптоўна памёршых музыкантаў і ўсё засыпалі зямлёй.
    У грабніцы цароў былі пакладзены залатыя шлемы, зброя, срэбраныя і залатыя пасудзіны, музычныя інструменты, пакрытыя каштоўнымі металамі. Добра захаваліся калясніцы і збруя.
    На вялікім драўляным сундуку і дошках захаваліся карціны, выкладзеныя з кавалачкаў лазурыту і ракавін. На іх бачны сцэны вайны: калясніцы, пешыя воіны, статкі прыгнанай жывёлы, палонныя. Намаляваны і карціны прыдворнага жыцця.
    Значыць, улада цароў была вельмі моц-
    най, калі з яго смерцю пазбаўлялі жыцця многіх людзей.
    3.	Узвышэнне Вавілонскага царства. У тым месцы Міжрэчча, дзе рэкі Тыгр і Еўфрат бліжэй за ўсё падыходзяць адна да другой, узнік горад Вавілон. Яго назва азначае «Вароты бога». Ен размясціўся ў цэнтры Міжрэчча. Тут сыходзіліся самыя важныя гандлёвыя шляхі. Таму гэты горад стаў вялікім.
    Самым вядомым царом Вавілона быў Хамурапі, які правіў у 1792—1750 гадах да н. э. Ен быў умелым правіцелем як у справах сваёй краіны, так і ў адносінах з суседнімі дзяржавамі.
    Хамурапі бязлітасна распраўляўся са сваімі ворагамі. 3 маленькага царства ён стварыў вялікую дзяржаву, якая ахапіла ўсю Месапатамію. Пры царстве Хамурапі ўзводзіліся прыгожыя пабудовы, ствараліся доўгія каналы. Але самай галоўнай яго заслугай з’яўляецца выданне вядомых у старажытнасці законаў.
    4.	Законы цара Хамурапі. Гэта першыя дасканалыя законы старажытных цывілізацый. Заканадаўца абвясціў у глыбокай старажытнасці высакародныя задачы. Мэтай яго законаў было: «Каб моцны не прыгнятаў сдабага, каб быць справядлівым да сіраты і ўдавы, каб выказаць справядлівасць да прыгнечанага». Але на самай справе законы Хамурапі былі суровымі. Злачынцаў жорстка каралі.
    С л о ў н і к.
    Лазурыт — цёмнаблакітны паўкаштоўны камень.
    !	1. У якіх абставінах узнікалі гарады-дзяржавы
    ў Паўднёвым Міжрэччы? 2. Аб чым сведчаць знаходкі ў царскіх грабніцах Ура? 3. Чаму горад Вавілон зрабіўся вялікім і магутным?
    3 законаў Хамурапі
    Калі ў доме чалавека ўспыхне пажар, а ў гэты час іншы чалавек будзе красці рэчы пагарэльца — злодзея трэба забіць.
    Калі чалавек заб’е чужога вала, ён павінен аддаць вала за вала.
    Калі чалавек мае доўг, яго жонка, сын або дачка павінны быць у рабстве 3 гады. На чацвёрты год іх трэба адпусціць на волю.
    Калі чалавек выбіў зуб іншаму чалавеку, то павінны і яму выбіць зуб.
    Калі чалавек адкрыў ваду з канала, быў неахайны і затапіў палі суседзяў — ён павінен расплаціцца за ўсе страты.
    Калі чалавек украдзе малое дзіця ў іншага чалавека — злодзея трэба забіць.
    § 17. Пярэдняя Азія ў першай палове
    I тысячагоддзя да н. э.
    1.	Пачатак жалезнага веку. Жалеза ў прыродзе намнога больш, чым медзі. Першае жалеза было здабыта чалавекам яшчэ ў III тысячагоддзі да н. э. у краях на паўднёвым захадзе ад Каўказа. Доўгі час яно было вельмі каштоўным металам і выкарыстоўвалася для вырабу дарагой зброі і ўпрыгожанняў.
    У канцы II тысячагоддзя да н. э. рамеснікі вынайшлі добрыя печы для вытворчасці жалеза з руды. У такія печы засыпалі драўняны вугаль і жалезную руду. Вугаль падпальвалі і для лепшага гарэння асобымі
    мяхамі заганялі ў печ паветра. Стваралася высокая тэмпература, і жалеза выплаўлялася з руды і сцякала на дно печы. Кавалі рабілі з яго цвёрдыя прылады працы і зброю.
    Распаўсюджанне вытворчасці жалеза і прылад працы з яго дазволіла апрацоўваць цвёрдыя глебы за межамі рачных далін. Жалезныя лапаты, матыкі, лемяшы для плугоў дазволілі распаўсюдзіць цывілізацыю ў стэпы і перадгор’і Пярэдняй Азіі. Жалезныя прылады працы спрыялі хуткаму развіццю рамяства.
    2.	Узвышэнне Асірыі. 3 пачаткам жалезнага веку ўзрасла магутнасць Асірыі. Яна была размешчана ў паўночным Міжрэччы са сталіцай у горадзе Ніневіі. Асірыйцы стварылі вельмі моцную армію з многімі родамі войск. Яны пачалі ўжываць конніцу. Асірыя ў VIII—VII стагоддзях да н. э. заваявала Вавілонію, Палесціну, Сірыю, Фінікію, перамагла Егіпет. Асірыйцы былі самымі жорсткімі і бязлітаснымі захопнікамі на Пярэднім Усходзе. Яны прыдумалі звыш жорсткія кары для заваяваных народаў: здымалі з жывых людзей скуру, жыватом садзілі на завостраны кол, распаленымі жалезнымі прутамі выколвалі вочы.
    Захопнікі ганарыліся сваімі зверствамі. 3 усімі падрабязнасцямі сцэны расправы распісаны на рэльефах у палацах асірыйскіх цароў. Там бачны горы адсечаных людскіх галоў. Асірыйскія воіны з шаленствам высякаюць сады ў заваёваных краінах, бураць і паляць гарады, засыпаюць пяском арашальныя збудаванні.
    3 такой жа лютасцю яны адносіліся і да жывёл. Гэта бачна ў сцэнах царскіх паляванняў. Ім было прыемна глядзець на звера, прабітага шматлікімі стрэламі, які сцякаў крывёю.
    У канцы VII стагоддзя да н. э. суседнія краіны аб’ядналіся супраць Асірыі. Галоўную ролю ў разгроме Асірыі адыграла Вавілонскае царства, якое зноў узвысілася. У 612 годзе да н. э. была захоплена і спалена Ніневія. Праз некалькі гадоў былі разбіты рэшткі асірыйскага войска.