Гісторыя цывілізацый старажытнага свету
Вучэбны дапаможнік для 5 класа
Выдавец: Народная асвета
Памер: 318с.
Мінск 1993
На думку Канфуцыя, у старыя часы людзі жылі пад уладай мудрых цароў і прыносілі багам належныя ахвяры. Таму ні ў чым яны не ведалі патрэбы. Зараз жа людзі больш думаюць аб сабе, чым аб багах і краіне, таму і жыццё іх стала цяжкім.
Канфуцый лічыў, што чалавечая мудрасць зможа звярнуць былыя часы. Але для гэтага людзі павінны сумленна выконваць усе абрады багам, прытрымлівацца старых традыцый. Асобнае месца ў канфуцыянстве займае пакланенне продкам.
Дзяржава павінна будавацца так, як і сям’я. Калі ў сям’і галоўным з’яўляецца старэйшы, то на чале дзяржавы стаіць імператар. Калі слова старэйшага — закон для ўсёй сям’і, так і загад імператара — закон для ўсёй краіны.
У імперыі Хань канфуцыянства зрабілася дзяржаўнай рэлігійнай сістэмай.
Заснавальнікам даасізму ў Кітаі лічыцца Лао-цзы, які жыў па паданню ў адзін час з Канфуцыем. Кітайцы малююць яго ў выглядзе дзеда з вялікай сівой барадой,
які едзе на быку. Але ці сапраўды існаваў гэты чалавек, мы не ведаем.
Даасісты лічаць, што жыццё ўсяго свету заключана ў нейкім «дао» — «шляху». Чалавек не ў стане зразумець дао, тым больш змяніць яго. «Дао, якое магчыма выразіць у словах, не з’яўляецца сапраўдным дао». Таму прыхільнікі даасізму лічаць, што паколькі чалавек не ў стане ўздзейнічаць на свет, то лепш для яго і не спрабаваць рабіць гэта.
Як бачна, абедзве рэлігійныя сістэмы патрабавалі ад чалавека безумоўнага падпарадкавання існуючаму дзяржаўнаму ладу.
5. Жыццё простага народа. Цяжкія войны паступова спусташалі імперыю Хань. Паслухаем сучасніка: «Краіна стамілася ад бесперапынных войнаў, людзі засмучаны, запасы вычарпаліся і не ў стане пакрыць расходаў».
Увесь цяжар становішча ў імперыі лёг на плечы простага люду, асабліва земляробаў. Іх праца на рысавых палях, залітых вадою, была ўпартай барацьбой з прыродай: «Калі селянін працуе на полі, тулава яго заліта вадою, ногі ў гразі. Пякучым сонцам выпалены валасы і скура. Да крайнасці напружана цела». Галеча прыходзіла ў сем’і, у якіх мужчын бралі на вайну. Але павелічэнне падаткаў канчаткова знішчала шмат вёсак. Сялянства хутка бяднела.
6. Становішча рабоў. Але як ні цяжка было сялянам, становішча рабоў было яшчэ горшым. А ў гэты час шмат вольных сялян трапляла ў рабства. Дастаткова было не
аддаць пазыку, не заплаціць падаткаў. Голад прыводзіў да таго, што, каб пракарміць сям’ю, бацькі прадавалі ў рабства сваіх дзяцей. Дзяржава рабіла рабамі не толькі самога асуджанага, але і ўсю яго сям’ю.
Колькасць рабоў значна павялічылася. Па ўсёй краіне ўзнікалі новыя рынкі рабоў, дзе іх трымалі як жывёлу. Раба можна было пазнаць па кляйму на твары і голенай галаве.
Галеча вольнага насельніцтва і рост колькасці рабоў-кітайцаў сведчыла аб крызісе ў імперыі Хань.
7. Народныя паўстанні. Адлюстраваннем цяжкага становішча народных мас у імперыі Хань з’явіліся частыя паўстанні.
У I ст. н. э. адбылося вялікае паўстанне «чырванабровых». Назва пайшла ад звычаю сялян фарбаваць бровы, каб адрознівацца ад салдатаў імператара. Паўстанцы змаглі захапіць сталіцу і забілі імператара. Але новыя дзяржаўныя войскі нанеслі ім паражэнне.
Праз стагоддзе Кітай ускалыхнула народнае паўстанне «жоўтых павязак». На чале стаў Чжан Цзяо. Выкарыстоўваючы сродкі народнай медыцыны, ён лячыў простых людзей і быў добра вядомы сярод сялянства. На гэты раз рух ахапіў амаль усю краіну. Паўстанцы пагражалі самому існаванню імперыі. На дапамогу войскам імператара прыйшлі атрады вялікіх землеўладальнікаў. Разам яны нанеслі паражэнне арміі «жоўтых павязак». Па ўсёй краіне зйішчаліся прыхільнікі Чжан Цзяо, нават і тыя, хто толькі лічыўся падазроным. He шкадавалі жанчын і дзяцей.
Але нішто ўжо не магло выратаваць імперыю Хань. Праз некалькі гадоў пасля паўстання «жоўтых павязак» імперыя распалася на некалькі незалежных дзяржаў.
! 1. Якім чынам будавалася кітайскае грамадства?
Як вы зразумелі, што такое рангі? 2. Што пагоршыла становішча простага люду ў імперыі Хань? 3. У чым значэнне народных паўстанняў у Кітаі ў I — II стагоддзях н. э.?
Афарызмы Канфуцыя:
He шкадуй аб тым, што людзі цябе не ведаюць, А шкадуй аб тым, што ты не ведаеш людзей.
Калі ты слушна сябе паводзіш, To за табой пойдуць і без загаду. Калі ж ты вядзеш сябе няслушна, To ніхто не паслухае, нават калі загадаеш.
Чаго сабе не пажадаеш, Таго не рабі і іншым.
Чалавек можа зрабіць шлях вялікім, Шлях не зробіць вялікага чалавека.
Толькі тое памылка, Што нельга выправіць.
Ці памылка гэта:
He памятаць аб сваім целе
і сваіх бацьках
3-за выбуху злосці?
He гавары непатрэбнага, Ніхто не ўстрымае твой язык, Слова не ў стане памерці.
§ 25. Культура Старажытнага Кітая
1. Пісьменнасць. Першыя звесткі аб кітайскай пісьменнасці адносяцца да XIV ст.
да н. э. Прынцыповай розніцы паміж надпісамі таго часу і сучасным кітайскім пісьмом няма. Кітайская пісьменнасць выкарыстоўвае іерогліфы, як гэта было і ў старажытным Егіпце. Кожны пісьмовы знак азначае цэлае слова.
Гэта вельмі цяжкая сістэма пісьма, і трэба было некалькі гадоў вучыцца, каб яе засвоіць. Таму ў Кітаі пісьменнасцю валодалі толькі багатыя.
Першыя кітайскія надпісы былі зроблены на касцях жывёлы. На іх пісалі пытанні да багоў. Напрыклад: «Калі галовы людзей прынесці ў ахвяру, цар атрымае дапамогу?» Потым гэтыя косці кідалі ў агонь і па трэшчынах вешчуны чыталі адказ багоў.
Потым пачалі пісаць на дошках з бамбуку. Дошкі звязвалі вяроўкамі і, каб падняць нават малую кнігу, трэба было быць сапраўдным волатам.
У імперыі Цынь ужо ведалі пісьмо на шоўку. Але гэта быў вельмі дарагі матэрыял.
Праблема была вырашана, калі ў I стагоддзі да н. э. зрабілі паперу. Яе выраблялі з ануч, бамбуку і кары дрэў. Дзякуючы таннасці паперы пачалі карыстацца толькі ёю.
2. Сыма Цянь. Мы добра ведаем падзеі ў Старажытным Кітаі дзякуючы працам кітайскіх гісторыкаў. Да гэтага маюць дачыненне таксама і тыя, хто збярог нам гэтыя кнігі на працягу тысячагоддзяў.
Найбольш вядомым гісторыкам з’яўляецца Сыма Цянь (145—90 гг. да н. э.) і яго праца «Гістарычныя запіскі». Сыма Цянь
аб’ехаў увесь Кітай, сабраў многа паданняў, гістарычных звестак і пісьмовых крыніц. Абапіраючыся на вялікі матэрыял, ён напісаў гісторыю Кітая.
3. Навуковыя веды. Старажытнакітайская цывілізацыя дасягнула значных поспехаў у развіцці розных навук.
Найбольш патрэбнай у штодзённым жыцці была матэматыка. Быў нават зроблены агульны зборнік, які меў назву «Матэматыка ў дзевяці кнігах». 3 яго мы даведаліся, што кітайцам былі вядомы, напрыклад, тэарэмы Піфагора і рашэнне ўраўненняў.
Блізка да матэматыкі стаяла астраномія. Кітайскія навукоўцы даволі добра вылічылі час сонечнага года — 365,25 дня. Яны ведалі 783 зоркі.
Астраномія таксама выкарыстоўвалася ў сельскай гаспадарцы. Былі напісаны спецыяльныя кнігі, у якіх сельскагаспадарчыя работы падпарадкоўваліся каляндарным перыядам. Былі і агранамічныя трактаты аб паляпшэнні ўраджайнасці розных культур.
Зараз ва ўсім свеце вялікую папулярнасць набывае кітайская медыцына. Яе пачаткі знаходзяць у сярэдзіне I тысячагоддзя да н. э., а мабыць, і яшчэ раней. У медыцыне карысталіся метадам іголкаўколвання. Кітайскім медыкам мы павінны падзякаваць і за знаёмства з чаем. Спачатку ён быў адным з лекаў, якія падтрымлівалі сілы хворага. Потым яго пачало ўжываць усё насельніцтва.
Шмат кітайскіх гандляроў вандравалі па суседніх краінах. Іх звесткі далі пача130
так геаграфіі. Усе гэтыя веды былі сабраны ў «Кнізе гор і мораў». Старажытным кітайцам быў ужо вядомы компас.
4. Літаратура і мастацтва. Добрай крыніцай да вывучэння жыцця старажытных цывілізацый з’яўляецца мастацтва.
Старажытныя кітайцы вельмі любілі паэзію. Да нас дайшло шмат паэтычных зборнікаў. Кожны адукаваны кітаец павінен быў памятаць вялікую колькасць вершаў. Таму нават найбольш старажытныя дайшлі і да нашых дзён.
Вершы чыталіся пад музыку. «Словы могуць ашукаць, людзі могуць прыкідвацца, толькі музыка не ў стане хлусіць»,— так выказвалася павага да музыкі.
Дамы і палацы не дайшлі да нас, бо былі зроблены з дрэва. Але па гліняных ці бронзавых мадэлях мы ведаем, якімі яны былі. Яшчэ больш даюць археалагічныя даследаванні імператарскіх палацаў. Яны будаваліся на каменным фундаменце, які ўздымаўся над зямлёй. На ім ставіліся слупы, якія трымалі дах. Паміж слупамі рабілі сцяну з гліны, пазней з цэглы. Дах пакрывалі чарапіцай.
У палацах пачаў узнікаць і кітайскі жывапіс.
5. Асаблівасці развіцця кітайскай цывілізацыі. Ад Бліжняга Усходу і Індастана, дзе фарміраваліся іншыя старажытныя цывілізацыі, Кітай быў вельмі аддалены. Да таго ж існавалі прыродныя перашкоды — высокія снежныя горы і бязводныя пустыні. Толькі ў II стагоддзі да н. э. быў пракладзены Вялікі шаўковы шлях. Але гэты гандаль так і не прывёў да сустрэчы з ін-
шымі цывілізацыямі, бо шлях быў працяглы і цяжкі.
Вось чаму кітайская цывілізацыя мае вялікія своеасаблівасці развіцця. He маючы культурнага ўзаемаўплыву, цывілізацыі Еўропы і Кітая ішлі ў развіцці навукі і вытворчасці асобнымі шляхамі. Некаторыя адкрыцці кітайцаў, напрыклад компас, еўрапейцы пазней зрабілі самастойна. Іншыя дасягненні потым прыйшлі з Кітая і зрабіліся ў Еўропе роднымі, напрыклад вытворчасць шоўку і паперы, выкарыстанне рысу і чаю ў ежы. А некаторыя метады лячэння, напрыклад іголкаўколванне, так і засталіся толькі кітайскімі дасягненнямі. Зараз імі карыстаецца ўвесь свет.
Кітайцы выпрацавалі своеасаблівую духоўную культуру, сваю іерагліфічную пісьменнасць. Яны і сёння прытрымліваюцца сваіх традыцый, што робіць непаўторнай гэту краіну.
Пад уплывам кітайскай цывілізацыі пачалі развіццё і суседнія народы: в'етнамцы, японцы, карэйцы.
Кітайская цывілізацыя ўнесла значны ўклад у сусветную культуру.
! 1. Што ў кітайскай пісьменнасці агульнае з пісь-
меннасцю іншых краін і што адметнае? 2. Якія навукі ўзніклі ў старажытным Кітаі? Чаму ў Кітаі ўзніклі тыя ж навукі, што і ў іншых старажытных краінах? 3. Чаму культурнае развіццё Кітая ішло сваім уласным шляхам? Што дала кітайская цывілізацыя свету?
Кітайскі верш.
Жыццё для кожнага падуладна лёсу.
Ніхто не ў стане пазбягаць памылак.
I, няспынна ўмацоўваючы душу, Я не палохаюся набліжэння смерці.
Ўвесь час я пакутую і сумую