Гісторыя цывілізацый старажытнага свету
Вучэбны дапаможнік для 5 класа
Выдавец: Народная асвета
Памер: 318с.
Мінск 1993
Стануць чужымі таварыш таварышу, а гасцям — гаспадар.
Між братамі не будзе любві, як бывала калісьці... Старэнькіх бацькоў хутка зусім паважаць перастануць, Праўду заменіць кулак. Гарады падпадуць разбурэнню... Дзе сіла, там будзе і права.
У гімне працы Гесіёд сцвярджае:
Голад, табе гавару я, заўсёды таварыш ляніўца.
Праца рабоў, батракоў на карысць Гесіёда, якая зрабіла яго заможным селянінам, не ўлічваецца.
Жудасны малюнак барацьбы паміж багатымі і беднымі, неабходнасць трымаць у пакорнасці рабоў, абараняць межы сваёй абшчыны зрабілі неабходным стварыць новую арганізацыю свабодных грамадзян — дзяржаву. Грэкі назвалі яе пдлісам. Яна рэгулявала адносіны паміж беднымі і багатымі, каб яны у барацьбе за зямлю, рабоў і грошы не перабілі адзін аднаго.
5. Грэчаскія пасяленні за межамі Балканскага паўвострава. У VIII ст. да н. э. на востраве Эўбея развітымі цэнтрамі рамяства і гандлю сталі гарады Халкіда і Эрэтрыя. Каля 750 г. да н. э. частка жыхароў Халкіды на караблях пераехала ў паўднёвую Італію і заснавала г. Кумы. Пасяленцы з Карынфа дасягнулі вострава Сіцылія. На поўдні сучаснай Францыі з’явілася Масілія (сучасны Марсель). На поўначы Балкан заснавалі Пацідэю. Жыхары Мегар пабудавалі Візантый на беразе Баспорскага праліва. Гэта быў шлях у Понт Эуксінскі («Добры пуць»). Так грэкі называлі Чорнае мора.
6. Прычарнаморскія пасяленні. Выхадцы з Мілета (размешчаны на ўзбярэжжы Малой Азіі) пасяліліся на сучасным востраве Беразань (Буга-Дняпроўскі ліман). На правым беразе р. Буг з’явілася Ольвія (цяпер вёска Паруціна), Феадосія ў Крыме, Пантыкапей (сучасная Керч). На Каўказскім узбярэжжы вядомы Дыяскурыяда (раён Сухумі), Фасіс (цяпер Поці).
Такія пасяленні грэкі называлі апойкіямі (ад дзеяслова «пасяляць»), а рымляне — калдніямі (ад «апрацоўваць», «насяляць»). Новыя землі каланісты вымушаны былі шукаць таму, што на радзіме, нягледзячы на дасягненні земляробства, яны не маглі забяспечыць сябе хлебам і іншым харчаваннем. У грэчаскіх гарадах-дзяржавах вялася барацьба паміж багатымі і беднымі. Пацярпеўшыя паражэнне пакідалі радзіму. Яны рассылалі ганцоў па другіх полісах, прызываючы малаі беззямельных стаць каланістамі. Горад, які выселіў каланістаў, называўся метраполіей. Ен падтрымліваў з калоніяй пастаянныя сувязі. Кала-
ністы гандлявалі з мясцовым насельніцтвам. Часта яны падпарадкоўвалі плямёны шляхам заваявання.
На рубяжы VI—V стагоддзяў да н. э. грэчаскія калоніі Керчанскага праліва і ўсходняга ўзбярэжжа Азоўскага мора аб’ядналіся ў Баспорскае царства. Пантыкапей стаў яго сталіцай. Гэты саюз супрацьстаяў напору скіфскіх плямён. Ен гандляваў з грэчаскімі полісамі.
Каланізацыя падняла гаспадарку і гандаль полісаў. Востраў Эгіна квітнеў за кошт вывазу ганчарных вырабаў у грэчаскія гарады. Атыка прадавала аліўкавы алей, Карынф — парфумныя пасудзіны.
! 1. Што было намалявана на шчыце Ахіла? 2. 3 да-
памогай якіх прылад працы грэкі ажыццявілі тэхнічны пераварот? 3. Як называецца такая гаспадарка, у якой усё вырабляюць, што спажываюць, і амаль нічога не купляюць? 4. Па якіх прычынах абшчыннік губляў свае правы і станавіўся фетам? 5. Чаму першапачаткова палонных забівалі або рабілі членамі роду? 6. Хто валодаў рабамі ў часы Гамера і Гесіёда? 7. Як самі грэкі называлі дзяржаву?
§ 28. Асаблівасці полісаў Спарты і Афін
1. Спартанцы і ілоты. Пасля захопу Пелапанеса дарыйцамі частка яго жыхароў перасялілася ў Малую Азію, другая змяшалася з заваёўнікамі, трэцяя пакарылася і плаціла даніну. У Лаконіцы дарыйцы заснавалі Спарту, а на поўначы Пелапанеса — самастойны поліс Аргас. Спартанцы ператварылі ахейцаў, якія насялялі Месенскую даліну, а таксама заваяваных лаконцаў у
ілдтаў. Зямля лічылася ўласнасцю спартанскай дзяржавы. Яе раздзялілі прыкладна на 9 тысяч надзелаў. Кожны надзел замацавалі за спартыятам-воінам. Некалькі ілоцкіх сямей сваім інвентаром і валамі апрацоўвалі зямлю, аддаючы гаспадару палову вырашчанай жывёлы, ураджаю. А тое, што засталося, ілоты маглі па ўласнаму жаданню нават прадаць. Грамадзянамі Спарты лічыліся толькі мужчыны 20-гадовага ўзросту і старэйшыя, хаця ілотаў было прыкладна ў дзесяць разоў больш, чым спартанцаў. Асобны гаспадар не меў права забіць ці прадаць ілота. Аднак пяць вярхоўных правіцеляў, эфдраў, перыядычна вырашалі тайна забіваць самых дужых ілотаў, бо баяліся іх выступленняў. Віны ў такога забітага не было, ілотам забаранялі насіць зброю. Рабілі гэта спартанскія юнакі, якія скрыта высочвалі свае ахвяры. Кожнага ілота бязвінна білі палкамі, каб ён памятаў аб рабскім становішчы.
2. Спартанскае выхаванне. Праца ілотаў пазбаўляла спартанцаў ад неабходнасці самім дабываць сабе неабходнае для жыцця. Спартанцы мелі вольны час займацца дзяржаўнымі і ваеннымі справамі. Хлопчыкі з сямі гадоў аддаваліся ў агёлы (літаральна «статкі»), лагеры, у якіх яны праходзілі муштроўку. Іх выхоўвалі вынослівымі, хітрымі, жорсткімі. 3 дваццаці гадоў да шасцідзесяці мужчыны служылі ў апалчэнні. Частку прадуктаў яны аддавалі ў мужчынскія дамы і там штодзённа абедалі. Хто не мог забяспечыць узнос у «дом», таго пазбаўлялі грамадзянскіх правоў. У «доме» яны аднолькава харчаваліся. Усе насілі простае адзенне.
Спартанцы пакінулі свабоднымі частку падпарадкаваных мясцовых жыхароў на граніцах сваёй дзяржавы. Іх сталі называць перыёкамі. Перыекі апрацоўвалі зямлю, займаліся рамяством, плацілі падатак, але грамадзянскіх правоў не мелі.
Прадметы раскошы, гандаль у Спарце былі забаронены. Так спартанцы за кошт працы ілотаў жылі ў абшчыне роўных. Эфоры сачылі за паводзінамі грамадзян.
3. Дзяржаўны лад Спарты. Эфоры маглі выгнаць цара, калі ён парушаў спартанскія законы. Але яны не мелі права адмяняць загады цара ў час вайны. Цароў было два. Пяць эфораў, два цары, 28 старэйшын раіліся аб дзяржаўных справах. Калі яны не маглі вырашыць спрэчкі, то звярталіся да апэлы, сходу грамадзян. Прымалася тая прапанова, за якую сход гучней крычаў. Такое кіраванне дзяржавай, якое ажыццяўлялася «нямногімі» («олігай») людзьмі, самі грэкі называлі алігархічным (грэч. «архэ» — «улада»).
Спартанская фаланга цяжкаўзброеных, трэніраваных, дысцыплінаваных і заўсёды сабраных разам пехацінцаў была непераможнай. Дзякуючы ёй Спарта ў сярэдзіне VI ст. да н. э. падпарадкавала сваёй гегемоніі («панаванню») полісы Пелапанеса Карынф, Сікіён, Мегары.
4. Афіны ў часы Драконта. Дарыйцы не змаглі захапіць Атыку. Тут склалася група афінян з іянійцаў і пелазгаў, якая гаварыла на іянійскім дыялекце грэчаскай мовы. Афіны размешчаны ў 5 км ад мора, маюць прыродную скалу акро-
паль. Па паданню, герой Тэзей аб’яднаў на добраахвотных пачатках і сілай радавыя абшчыны. Спачатку толькі жыхары Афін пакланяліся багіні Афіне, а пасля аб’яднання — усе абшчыны. У 621 г. архант Драконт запісаў вусныя законы. Ен пазбавіў знатных людзей права тлумачыць законы так, як яны самі жадаюць. Драконт забараніў кроўную помсту, па якой родзіч забітага забіваў забойцу. Жорстка ахоўвалася прыватная ўласнасць. Нават за кражу агародніны каралі смерцю.
Радавую ўласнасць не адмянялі, але перадзелы зямлі не рабілі, яна, як пісаў Арыстоцель, была ў пачатку VI стагоддзя ў руках «нямногіх». Абшчыннікі бралі зямлю ў арэнду, пакідаючы сабе за працу адну шостую частку ўраджаю. Пракарміць сям’ю было немагчыма. Шмат афінян папала ў даўгавое рабства. Рамеснікі, гандляры Афін карысталіся працай прывазных, пакупньіх рабоў. Частка такіх выхадцаў з дэмасу («народу») стала багатымі. Але эўпатрыды не дапускалі іх да кіраўніцтва полісам. Земляробы, рамеснікі і гандляры выступілі супраць знаці. Набліжалася грамадзянская вайна.
5. Рэформы Салона. У эўпатрыдаў хапіла мудрасці вылучыць са свайго асяроддзя збяднеўшага, але паправіўшага сваё становішча гандлем Салона. У 594 г. да н. э. яго выбралі архантам. Грэчаскі вучоны Плутарх піша, што Салон прыстасаваў законы да жыцця, а не жыццё да законаў. Гэта выражалася ў тым, што ў часткі земляробаў-абшчыннікаў, рамеснікаў і гандляроў з простага, нязнатнага народу з’явілася прыватная ўласнасць. Тэхнічны пераварот, які адбыўся дзякуючы прымяненню жалезных прылад працы і ўзбраення, вылучыў
на першае месца ў народным апалчэнні цяжкаўзброеных пехацінцаў (гапл'ітаў). Але знаць трымала ўладу, кіраўніцтва войскам, суд, пакланенне багам у сваіх руках. Таму Салон падзяліў усіх грамадзян на 4 разрады не па іх радавітасці, а па колькасці маёмасці. Самыя багатыя, якія валодалі 500 медымнамі і больш зерня, віна ці аліўкавага алею маглі быць выбраны архантам і ваенным стратэгам. Нават людзі другога разраду (ад 300 медымнаў да 500, коннікі) не атрымалі такога права. Але ўсе грамадзяне сталі членамі народнага сходу, які выбіраў арханта, а таксама Савет чатырохсот, ваенных кіраўнікоў (стратэгаў), суддзяў. Усе, багатыя і бедныя, абавязаны служыць у апалчэнні за свой кошт. Членамі сходу былі мужчыны ад 20 год і старэйшыя. Жанчыны такога права не мелі. Нават з’яўленне на сходзе жанчыны выклікала смех. У Савет чатырохсот выбіралі з грамадзян першага, другога і трэцяга разрадаў. Апошнія мелі ад 200 да 300 медымнаў і называліся зеўгітамі. Фетамі называлі тых, хто збіраў ураджай меншы за 200 медымнаў. Яны служылі ў войску ў якасці лёгкаўзброеных і мелі права ўдзельнічаць у судзе. Другі разрад павінен быў служыць у конніцы.
Да рэформы Салона сваю маёмасць бацька меў права перадаць сыну. Калі сына ў яго не было, то дачка і зяць не лічыліся наследнікамі, а толькі ўнук, калі ён нараджаўся. Салон прыняў закон аб свабодзе завяшчання маёмасці. Гаспадар атрымаў права перадаць сваю маёмасць нават чужому чалавеку. Родавая знаць згубіла
права ўмешвацца ў справу перадачы спадчыны.
Салон вызваліў усіх даўгавых рабоў і ў далейшым забараніў даваць грамадзяніну пазыку пад залог яго цела. Прададзеных на чужыну Салон вярнуў дадому. У Атыцы аказалася дастаткова прывазных, купленых рабоў. Аднак Салон не вярнуў зямлю страціўшым яе, не зрабіў перадзелу ўсяго.
Так Салон пачаў ствараць дэмакратычны лад. Гэта адбылося таму, што дзяржава (поліс) зрабіла законнай прыватную ўласнасць. Салон хацеў дабіцца міру ў абшчыне грамадзян усіх чатырох разрадаў. Але ён жа вымушаны быў прыняць закон: «Хто ў час смут у дзяржаве не стане са зброяй у руках ні за тых, ні за другіх, той падвяргаецца ганьбе і пазбаўляецца грамадзянскіх правоў». Салон з жалем і роспаччу пісаў, што ён круціўся сярод сваіх грамадзян, як воўк сярод зграі сабак. Ен на 10 гадоў пакінуў Афіны, наказаўшы не мяняць законы.