Гісторыя цывілізацый старажытнага свету
Вучэбны дапаможнік для 5 класа
Выдавец: Народная асвета
Памер: 318с.
Мінск 1993
Раздзел IV.
Культура грэкаў
§ 34. Школа, тэатр і навуковыя веды
1. Пісьменнасць і школа. Дасягненні грэчаскіх дзяржаў-полісаў у земляробстве, жывёлагадоўлі, рамястве і гандлі стварылі матэрыяльныя сродкі для развіцця ўсіх напрамкаў культуры. Частка грамадзян атрымала свабодны час для заняткаў навукай і мастацтвам. Нездарма грэчаскае слова «схоле» мае значэнне «свабодны час», не толькі «разумовыя заняткі». Сярэдневяковыя вучоныя прыдалі слову «схоле» значэнне «школа»,
якое ўжываем і мы. Земляробы, пастухі, рамеснікі, рабы разам з адукаванымі людзьмі і вучонымі забяспечылі раздзяленне працы на фізічную і разумовую. А навучанне грамадзян у школе паскорыла развіццё тэхнікі і гаспадаркі. Апошнія ў сваю чаргу паскаралі развіццё культуры. У Афінах рабаўладальніцкая дэмакратыя аказала жыватворны ўплыў на культуру. Грэчаскі філосаф Ксенафан (гады жыцця 570— 480 гг. да н. э.) пісаў, што культура — не дар багоў, а вынік пошукаў лепшага, якія рабіў сам чалавек. Пратагор (480—410 гг. да н. э.) лічыў, што ўменні і навыкі ўласцівы чалавеку ад прыроды. Анаксагор, сябра Перыкла, падкрэсліў значэнне чалавечай рукі для развіцця культуры. Так вучоныя Грэцыі самі ўсведамлялі ролю чалавека ў развіцці культуры.
Грэкі перадавалі падзеі свайго жыцця, думкі спачатку з вуснаў у вусны, ад аднаго пакалення да другога, як Гамер. Гамер толькі адзін раз упамінае «злавесныя знакі», яму незразумелыя і вядзьмарскія. Гэта былі пісьменныя знакі. Паводле міфа, грэчаскі алфавіт вынайшлі Палмед, пляменнік Агамемнона, ці Кадм, брат багіні земляробства Еўропы. Па другому міфу, Еўропа — дачка фінікійскага цара Агенора.
Гістарычна праўдзіва тое, што грэкі запазычылі алфавіт у фінікійцаў. У грэчаскай мове назвы літар не маюць прадметнага значэння. А ў семіцкіх мовах (арабаў, старажытных яўрэяў, сірыйцаў і інш.) розныя літары абазначалі прадметы: «альфа»— алеф («жывёла»), «бэта» — бэт («дом»), 204
«гама» — гімель ( «вярблюд»), «дэльта» — далет («дзверы») і гэтак далей. У беларускай мове гэта літары: а, б, г, д. Грэкі запазычылі пісьменнасць творча: яны прыдумалі знакі для абазначэння галосных.
Хлопчыкі навучаліся з сямі гадоў у школе, дзяўчынкі — дома, але ў асноўным рукадзеллю і дамаводству. Дзеці рамеснікаў і сялян маглі навучыцца чытанню і пісьму. Дзеці багатых прадаўжалі навучанне ў гімнасіях, слухалі лекцыі вучоных, такіх, як Арыстоцель, прамоўцаў. Вучыліся пісаць на дошчачках, пакрытых воскам. Металічная палачка з вострым і тупым канцом, якой выдзіралі літары, называлася стылем. Хто меў сродкі і час, вучыўся спяваць, іграць на ліры, танцаваць. Многія грэкі ведалі напамяць «Іліяду» і «Адысею». 2. Тэатр. Сапраўднай школай для дарослых былі самыя масавыя арганізацыі: Народны сход, які сабіраўся 4 разы ў месяц, і суд прысяжных. Як адзначалася вышэй, першы ўключаў усіх грамадзян, а другі складаўся з 6 тысяч чалавек. Па прыкладных падліках, у 431 г. да н. э. свабодных мужчын старэйшых за 18 гадоў у Афінах было 33 900 чалавек. Суд выбіралі кожныгод. Адзін раз у 5 год членам суда мог стаць кожны грамадзянін.
Усіх грамадзян адукоўваў і выхоўваў тэатр. Слова гэта паходзіць ад дзеяслова «тэаомай» — «гляджу». Спачатку тэатральныя паказы праходзілі дзе пажадана. Потым на схілах узгоркаў пачалі будаваць месцы для гледачоў (амфітэатр). На роўнай пляцоўцы падножжа (архёстры) выступалі акцёры і хор. Ззаду архестры размяшчалі 205
палатку (скёнэ), дзе артысты пераапраналіся. Пазней палатку замянілі памяшканнем. На сцяне яго, павернутай да гледачоў, малявалі дэкарацыю. Тэатр, прысвечаны богу Дыянісу ў Афінах, змяшчаў 17 тысяч гледачоў. 3 далечыні гледачы не маглі бачыць міміку акцёра, таму з дрэва, палатна, бронзы рабілі трагічныя і камічныя маскі. Знаёмыя твары герояў арыстафанаўскіх камедый, паэта Еўрыпіда, філосафа Сакрата, Клеона мелі партрэтнае падабенства. Ужывалася прыстасаванне для ўзмацнення голасу.
У Афінах тыран Пісістрат зрабіў дзяржаўным для ўсіх грамадзян свята земляробаў, прысвечанае богу Дыянісу. Сяляне надзявалі маскі казлоў. Хор праслаўляў песнямі бога, які быццам бы дапамагае ім вырасціць ураджай. Пры Пісістраце з’явіўся першы акцёр, які вёў размову з хорам. «Трагедыя» азначае «песня казлоў». 3. Творчасць паэтаў. Тэатральныя спаборніцтвы арганізоўваў архант. Ен падбіраў лепшыя з трагедый. Па дзяржаўнаму закону кожны з паэтаў прадстаўляў на агляд чатыры творы. У першай палове дня ставілі трагедыі, у другой — камедыі, каб гледачы адпачнулі за вясёлым відовішчам. Дзесяць спецыяльна выбраных суддзяў давалі клятву, што ўзнагародзяць аўтара сапраўды лепшага твора. 3 усіх выбіралі толькі тры лепшыя. На наступных Дыянісіях паэт павінен быў прадставіць новы твор, калі хацеў удзельнічаць у спаборніцтвах. На наведванне тэатра дзяржава выдавала бедным «тэатральныя грошы», альбо адпаведны значок.
Эсхіл (525—456 гг. да н. э.) напісаў трагедыю «Персы», у якой расказаў аб сапраўдных падзеях грэка-персідскіх войн. А ў трагедыі «Прыкаваны Праметэй» па-свойму расказаў міф аб гэтым тытане. Тытан — бажаство старэйшага пакалення. Праметэй — брат Крона, бацькі Зеўса. Зеўс — бог неба, маланкі — не хацеў навучыць людзей, як карыстацца агнём. Праметэй украў агонь і перадаў яго людзям. Ен таксама навучыў людзей пісьму, рамяству, усім мастацтвам. Значыць, панавала думка, якая адрознівалася ад поглядаў Ксенафана, Пратагора, Анаксагора. Раззлаваны Зеўс прыкаваў Праметэя ланцугамі да скалы Каўказа. Ен пасылаў арла раздзіраць грудзі Праметэя і дзяўбці яго печань. За ноч раны гаіліся, печань адрастала. А потым арол зноў і зноў, на працягу тысячагоддзяў, прылятаў на крывавуіо трапезу. Зеўс пажадаў славы свайму сыну Гераклу і дазволіў яму забіць арла. У Афінах існаваў дэмакратычны лад. Вось чаму Эсхіл не баяўся паказаць Праметэя барацьбітом супраць тыраніі Зеўса. «Папраўдзе ўсіх багоў я ненавіджу!» — усклікнуў Праметэй.
Сафокл (497—406 гг. да н. э.) адлюстраваў у сваіх трагедыях «залаты век» Перыкла. У трагедыі «Анцігона» паэт паказаў, як яго гераіня выканала маральны закон сям’і, боскі закон. Яна пахавала забітага брата. Тым самым яна парушыла закон поліса. Брат Анцігоны хацеў захапіць царскі трон у другога брата, таму яго забаранілі хаваць. Новы цар пасадзіў Анцігону ў падзямелле, каб замарыць голадам. Яна забіла сябе сама. Сын цара хацеў вызваліць Анцігону, сваю нявесту, але ўбачыў яе мёртвай. Ен таксама пакончыў з сабой. Сафокл услаўляе асобу чалавека, яго веліч:
Многа ў прыродзе дзіўных сіл А мацней чалавека — няма!
Еўрыпід (485—406 гг. да н. э.) стаў на абарону афінскіх жанчын, па-свойму расказаўшы аб адносінах Ясона і Медэі. У час паходу арганаўтаў за залатым руном Медэя супраць волі свайго бацькі дапамагла Ясону авалодаць руном і ўцякла з дому. Яна нарадзіла Ясону двух сыноў. Але Ясон захацеў ажаніцца на дачцэ карынфскага цара. Медэі ён заявіў, што робіць гэта дзеля іх двух сыноў, каб яны сталі багатымі. Тады пакрыўджаная Медэя сама забіла сыноў. Такім крывавым спосабам пры тагачаснай жорсткасці грамадства Медэя даказвала роўнасць жанчын і мужчын. I ў шлюбным праве жанчына не была роўнай з мужчынам. У Афінах муж мог пакінуць жонку, калі пажадае, жонка — толькі са згоды мужа.
4. Навуковыя веды. Гіпакрат з вострава Коса (460—370 гг. да н. э.) выхадзец з сям’і патомных урачоў. Існуе зборнік 58 медыцынскіх твораў, якія складаюць «Корпус Гіпакрата». Але невядома, ці Гіпакрат іх напісаў. Болыпасць твораў напісана ў V— IV стагоддзях да н. э. Раней людзі думалі, што здароўе і хваробы чалавека пасланы багамі. Гэтыя творы сведчаць, што прычыны хвароб залежаць ад навакольнага асяроддзя, ад стану крыві ў арганізме. Назвы твораў «Аб паветры, вадзе і мясцовасці», «Аб прыродзе чалавека» сведчаць, што вучоныя перасталі тлумачыць стан здароўя чалавека ўмяшаннем непрыродных сіл. Гіпакрат вучыў, што трэба падняць сілы самога чалавека, арганізма, каб яго вылечыць. Раілі прытрымлівацца дыеты ў харчаванні, прымянялі лекавую гімнастыку. «Клятва Гіпакрата» і зараз лічыцца асновай паводзін урача.
Хірургія, пачынаючы з часу Гіпакрата, у III ст. да н. э.— I ст. н. э. дасягнула значнага развіцця. Да нашага часу захаваліся не толькі назвы інструментаў, але і іх формы (клешчы, пілы, нажы, скальпелі). Хірургі ўмелі выдаляць катаракту (памутненне хрусталіка), камні з мачавога пузыра, грыжу, ампуціравалі канечнасці.
Біялагічнай навукі, якая аддзялілася ад медыцыны і рэлігійных абрадаў, не існавала. Аднак пачатак яе быў закладзены.
Па міфалагічнаму вучэнню раней уся зямля была пакрыта вадой. Існавалі толькі рыбы. Калі некаторыя рыбы выйшлі на сушу, іх скура высахла, лопнула і з яе выйшлі людзі. Значыць, людзі задумваліся аб сваім паходжанні. Гэта думка не супадала з тым, што гаварылі жрацы: Зеўс стварыў людзей.
Новыя высновы зрабіў Дэмакрыт з Абдэры (горад у Фракіі, 460—371 гг. да н. э.). У доме багатага бацькі ён атрымаў адукацыю. Ен доўга жыў у Егіпце, Вавілоне, знаёмячыся з навуковымі дасягненнямі. Потым пераехаў у Афіны. Слава Дэмакрыта і Гіпакрата ў старажытныя часы стала такой, што аб іх узаемаадносінах напісалі раман. Дэмакрыт сядзеў на камні. Вакол яго ляжалі скруткі кніг, забітыя жывёлы з вынутымі вантробамі. Дэмакрыт то разглядаў вантробы, то чытаў ці раздумваў і нешта запісваў. Дэмакрыт сцвярджаў, што першапачаткова людзі выйшлі з вады і гразі, таксама, як чарвякі. Тварца людзей і мэты іх стварэння не было. Дэмакрыт даказваў, што спачатку з’явіліся жывёлы, а пасля — людзі. Яны навучыліся жыць дзякуючы ўласнаму вопыту. I гэта думка супярэчыць міфалагіч-
най, паводле якой людзей усяму навучыў Праметэй. Спачатку людзі жылі так, як звяры. Шмат часу прайшло, пакуль патрэба, імкненне выжыць, навучылі людзей рабіць харчаванне.
Арыстоцель, упамянуты намі, шляхам назірання зразумеў паступовы пераход у прыродзе ад нежывога рэчыва да жывых арганізмаў.
Геаграфія (грэч. «землеапісанне»). У гамераўскі час грэкі лічылі Зямлю круглым дыскам сярод Акіяна. Яны ведалі землі ад усходняга ўзбярэжжа Чорнага мора да Атлантычнга акіяна. Каля 550 г. да н. э. Анаксімандр саставіў карту. Гекатэй Мілецкі напісаў трактат «Апісанне Зямлі» (каля 500 г. да н. э.). Парменід (540—480 гг. да н. э.) лічыў Зямлю шарам. Арыстоцель аддзяліў Іспанію ад Індыі вузкім морам. Улічым, што Арыстоцель — настаўнік Аляксандра Македонскага, які зрабіў паход супраць Індыі, ідучы на ўсход. Эратасфен (282— 202 гг. да н. э.), загадчык Александрыйскай бібліятэкі, даволі дакладна падлічыў даўжыню акружнасці зямнога шара.